У Мазырскiм дзяржмедкаледжы правялi фальклорны фестываль

21 апреля 2017


Далучаць да родных вытокаў

У Мазырскiм дзяржмедкаледжы правялi фальклорны фестываль «Ад вытокаў да сучаснасцi».

Гэта лагiчны працяг справы, распачатай у мiнулым навучальным го­дзе на факультатыўным курсе «Беларуская мова (прафесiйная лексiка)». 



Дэвiз сёлетняга фестывалю — «Любi, даследуй, вывучай сваю зямлю, свой родны край». Восем каманд зрабiлi падарожжа па народных святах i абрадах, якiя адзначаюць беларусы на працягу каляндарнага года. Яны паспрабавалi паўтарыць тыя магiчныя дзеяннi, якiя многiя стагоддзі выконвалi нашы продкi. Сваё бачанне пэўных свят удзельнiкi, апранутыя ў нацыянальныя касцюмы, прадставiлi ў народных песнях i танцах.



На фестываль былi запрошаны дацэнты кафедры беларускай i рускай фiлалогii Мазырскага дзяржпедунiверсiтэта iмя I. П. Шамякiна Тамара Нуждзiна i Алена Сузько, загадчык аддзела рамёстваў раённага цэнтра культуры i народнай творчасцi Наталля Харашкевiч. Яны адзначылi, што, нягледзячы на спецыфiку ўстановы адукацыi, навучэнцы медкаледжа добра валодаюць беларускай мовай, творчая моладзь дэманструе даволi высокi ўзровень тэатральнага выканання i сцэнiчнай культуры.

Незалежныя эксперты вызначылi пераможцаў. У намiнацыi «Лепшая тэатральная пастаноўка» ўзнагароду атрымала каманда «Каляды», якую прадстаўлялi першакурснiкi вучэбных груп М-11, М-12, М-13 (куратары Галiна Вiтоўская, Галiна Голуб, Тамара Мельнiк).




«Грамнiцы» (групы М-31, М-32, куратары Ларыса Шуканава, Юлiя Дзяцел-Каперзава) сталi лаўрэатамi за вакальна-харэаграфiчнае суправаджэнне. Прадстаўнiкi каманды «Купалле» (групы МДд-21, МДд-31, куратары Наталля Бойка, Алена Бараўнёва) прызнаны лепшымi за сцэнiчнае афармленне.


У iндывiдуальных намiнацыях за лепшае выкананне жаночай i мужчынскай роляў перамогу атрымалi Наталля Рэпiнава i Артур Ганчарык (каманды «Каляды» i «Вяселле»).


Арганiзатары фестывалю нiкога не абышлi ўвагай: дыпламанты атрымалi салодкiя прызы, а астатнiя ўдзельнiкi — запрашальныя бiлеты на канцэрт.

Вера Марцынкевiч
метадыст МДМК.


Комментировать


comments powered by HyperComments