Уладзімір Крываблоцкі: Не маю права быць слабым

05 января 2018

Автор(ы):
Светлана Хорсун,   Сергей Мицевич (фото)




Вядомаму беларускаму мастаку Уладзіміру Крываблоцкаму, майстру манументальнага роспісу, мазаікі, вітражу і станкавага жывапісу, ёсць што распавесці сваім сучаснікам і нашчадкам. Урэшце многае ўжо сказана яго шматлікімі творамі. Уладзімір Васільевіч у выдатнай фізічнай і творчай форме. У чым сакрэт здароў’я? Што дапамагае яму не адчуваць узросту? Мастак падзяліўся сваімі развагамі з карэспандэнтам «МВ».


Асоба дзіцяці, яго здароўе фарміруюцца ў сям’і?

Цалкам згодзен: усё ўбіраецца з малаком маці. Я нарадзіўся ў вёсцы Хвалава, што ў Пружанскім раёне. Бацька Васіль Паўлавіч ваяваў на фронце, маму Соф’ю Уладзіміраўну вывезлі ў Нямеччыну. Пасля вайны бацькі пабраліся шлюбам, стварыўшы дружную сям’ю, дзе расло трое дзетак. Мы змалку былі прывучаны да сялянскай працы. Я, напрыклад, умею і сена касіць, і дровы сячы, і нават зрабіць бандарку. Бацька быў бондарам: майстраваў для вяскоўцаў розныя бочачкі ды вядзёркі. А яшчэ ў нас рос вялікі сад. Вясной у пяшчотнай духмянай квецені шчыравалі пчолы: бацькі трымалі вялікую пасеку — больш як сорак вулляў. Круглы год быў свой мёд. З таго часу я аддаю перавагу гэтаму гаючаму прыроднаму прадукту і рэдка хварэю на прастуду. Да таго ж у дзяцінстве шмат гулялі на вуліцы. Не было ў нас ні тэлевізараў, ні камп’ютараў, якія, на жаль, не дадаюць здароўя нашым дзецям ды ўнукам. І цяпер у свае 65 не маю сур’ёзных праблем са здароўем. Нават абыходжуся без акуляраў. Няма і лішніх кілаграмаў…

Змалку любіў маляваць. У нядзелю разам з маці, якая заўсёды вучыла нас трымацца Божых запаведзяў, ха-
дзілі ў царкву. Гэта спрыяла духоўнаму станаўленню, якое дапамагае годна ісці па жыцці.


З 12 гадоў вы ўжо вучыліся ў Рэспубліканскай мастацкай школе-інтэрнаце па музыцы і выяўленчым мастацтве імя І. Ахрэмчыка ў Мінску. Ці былі ўмовы для фізічнага і духоўнага развіцця навучэнцаў?

Вядома ж! Мы не толькі вывучалі мастацтва, шмат працавалі за мальбертам, але і займаліся фізічнай культурай. У нас быў вельмі добры настаўнік фізкультуры Міхаіл Храмцоў, які дбаў пра наша здароўе. Працавалі гурткі юных хакеістаў і футбалістаў, якія наведваў і я.

Займаўся спортам, калі вучыўся ў Мінскім тэатральна-мастацкім інстытуце. Пасля яшчэ тры гады хадзіў на заняткі ў прафесійны клуб па культурызме. З таго часу не перастаю трэніравацца. У майстэрні ужо даўно «прапісаліся» гантэлі ды штанга.


Уладзімір Васільевіч, як вядома, над паліптыхам «Рэквіем» вы працавалі больш за тры гады. Дзе бралі духоўныя і фізічныя сілы?

Праца была доўгай і маральна цяжкай. Цэнтральная тэма твора — лёс малалетніх вязняў канцлагера смерці «Азарычы», таму даводзілася прапускаць праз уласнае сэрца пакуты людзей. Голад, холад, смерць… На мастацкім палатне памерам 33 м2 змесціліся 2,5 тысячы персанажаў. Яго галоўны герой — беларускі народ, здольны прайсці праз нечалавечыя выпрабаванні і перамагчы. Тэма для мяне не новая. Мае бацькі, якім выпала вайна, не скарыліся лёсу: не толькі выжылі, але і пражылі доўга і шчасліва. А яшчэ для мяне добры прыклад — шлях майго 96-гадовага настаўніка народнага мастака Беларусі Леаніда Шчамялёва, які на 90-годдзе прызнаўся, што ён і ў гэтым узросце працуе з маладым імпэтам, бо займаецца любімай справай. Я сам працую, як кажуць, да сёмага поту: работа ў вялікай прасторы вымагае шмат духоўных і фізічных высілкаў. Таму я не маю права быць слабым.


Ці ёсць у вас пэўны рэжым працы і адпачынку?

Калі пачынаю працаваць над новым творам, межы паміж днём і ноччу сціраюцца. Апантаны новай ідэяй, якую імкнуся хутчэй увасобіць на мастацкім палатне, магу спаць па тры-чатыры гадзіны ў суткі. Не засяроджваюся і на харчаванні. Потым, калі справа зроблена, можна і выспацца.


Як адпачываеце?

Спецыяльна не адпачываю ніколі. Для мяне ўвогуле не існуе такого паняцця «куды-небудзь паехаць, каб адпачыць». Калі, напрыклад, гасцюю ў дачкі Ганны ў Анталіі (Турцыя), плаваю ў моры. Але тое між іншым. Люблю бавіцца з унукамі. У старэйшай Ганны, таксама мастачкі, трое дзетак. У малодшай Ірыны, дызайнера, — пакуль адзін маленькі прыгажун. Дарэчы, жонка Галіна Пятроўна — майстар габелена.

А потым зноў за працу, бо менавіта яна дае пачуццё гармоніі душы і цела.


Творчая скарбонка

У 1986 годзе за роспіс «У імя жыцця на зямлі» ва Ушацкім музеі народнай славы імя У. Е. Лабанка Уладзімір Крываблоцкі атрымаў прэмію Ленінскага камсамола Беларусі, за стварэнне карціны-паліптыха «Рэквіем», што знаходзіцца ў Беларускім дзяржаўным музеі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, — памятны медаль «Нескароныя» (за падтрымку ахвяр нацызму і захаванне памяці пра загінулых у вайне 1941–1945 гг.). Мазаічныя пано Уладзіміра Васільевіча аздабляюць шматпавярховыя дамы гарадоў Беларусі. Яго напольная фларэнтыйская мазаіка захапляе гледачоў Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета. Сем манументальных роспісаў па разным ляўкасе «Дзеячы беларускай культуры» знаходзяцца ў атрыуме Нацыянальнай бібліятэкі. Манументальныя пано ўпрыгожваюць Палац Незалежнасці.


Комментировать


comments powered by HyperComments