Вынаходнікі. Мысляры. Шукальнікі.

10 января 2018

Автор(ы):
Марина Веселуха


Фото взято из открытых источников
Фото взято из открытых источников

Любіць пісьменніца Людміла Рублёўская вандроўкі ў часе. Любіць сутыкаць, чароўным чынам сплятаць лёсы розных герояў, звязваць часы, пакаленні. Як заўсёды, не абышлося ў яе новым рамане «Пантофля Мнемазіны» без містыфікацый, без вобразу загадкавага доктара-эксперыментатара, які дзеля медыцынскага вынаходніцтва здольны нават памерці. Хай толькі для грамадства, інсцэніраваўшы ўласную смерць.

Разам з героямі твора мы падарожнічаем у часе. Перадваенныя гады. Малады настаўнік, а насамрэч даследчык-медык Люцыян Корвус, па сакрэтных прычынах засланы ў вясковую школу, гуртуе вакол сябе школьнікаў і засноўвае Ордэн Захавальнікаў. Ён валодае таемнымі ведамі, майстэрствам гіпнозу і здольны дзіўным чынам лячыць нават самыя складаныя хваробы. Школьніца Жэнька, кіруючыся прыкладам настаўніка, таксама вырашае стаць доктарам. Вайна накладае цяжкі адбітак на лёсы кожнага з герояў, але вырашальнымі (на іх робіцца найбольшы акцэнт у рамане) становяцца гады пасляваенныя.

Тут мы ўжо сустракаем не проста Жэньку, а Яўгенію Міхайлаўну — галоўнага ўрача Апошняга Прытулку. Знешне гэта інфекцыйная бальніца, лепразорый (каб страшнымі хваробамі адпалохваць непажаданых гасцей), а насамрэч прытулак для тых, каго пасля вайны лічаць праціўнікамі савецкай улады і ўрачамі-шкоднікамі. Трапляе сюды і паўжывы Корвус, якому Жэнька «састаўляла паламаныя косці і месяц сузірала амаль труп у ложку».

— Дык пацыентка ад фашыста дзіця чакае? — чуем мы голас аднаго з найбольш падазроных пацыентаў.

— Кожнае дзіця мае права на жыццё! — мудра прыкмячае Корвус.

Ён ужо вылекаваўся і дапамагае былой вучаніцы.

— Для доктара ўсе хворыя маюць роўныя правы, — строга адказвае Яўгенія Міхайлаўна на заўвагу пра тое, што ў Прытулку знаходзіцца некалькі былых паліцаяў.

— Нельга саромецца хваробы і нельга яе замоўчваць, — разважае Люцыян Станіслававіч, які лечыць посттраўматычны сіндром Яўгеніі.

Страшныя ваенныя выпрабаванні, муж, які пасля вайны перажывае некантралюемыя прыступы агрэсіі і збівае жонку, наклалі на яе жыццё і ўспрыманне рэчаіснасці цяжкі адбітак. Знешне строгая і спакойная Яўгенія Міхайлаўна, здольная кіраваць Прытулкам і суцішваць нават самых нязгодных і гучных пацыентаў, у душы разламаная і разбітая. «Свядомасць не магла прымірыцца з перажытым. Чалавек не хоча ўспамінаць страшны момант, заганяе ўспамін глыбей… Але калі трапляе ў падобную сітуацыю —  пра яе можа нагадаць гук, дотык, пах — прыступ панікі. Некантралюемы», — так апісвае псіхалагічны стан Яўгеніі Корвус.

Мы сустракаем герояў на Поўначы, куды яны высланыя пасля доўгіх і пакутлівых допытаў па справе ўрачоў-шкоднікаў і прызнаныя вінаватымі. Корвус і ў высылцы здолеў атрымаць павагу і прызнанне, не пагаджаецца пакідаць лагер да прыезду калег-медыкаў. Яўгенія, пасівелая, але маральна няскораная, страчвае магчымасць мець дзяцей…

Хопіць больш спойлераў! Згадаю толькі, што Люцыяна чакае выдатная навуковая кар’ера (праўда, друкавацца ён будзе пад іншым іменем), Яўгенія не народзіць уласных дзяцей, але стане біялагічнай маці для адной з нашых сучасніц (загадкава, праўда?). А ў Старавежску, дзе знаходзіцца Апошні Прытулак, і ваколіцах яшчэ доўга будуць хадзіць показкі пра надзвычай таленавітага доктара Корвуса, здольнага сумясціць дасягненні медыцыны і народныя звычаі, лячыць як традыцыйнымі лекамі, так і з дапамогай уласных адкрыццяў. А яшчэ вынайсці… Але пра гэта чытайце самі.



Комментировать


comments powered by HyperComments