Вышыўка як хуткая дапамога для душы

11 марта 2020

Автор(ы):
Виталий Гиль (фото),   Светлана Хорсун


У галоўнага спецыяліста па рабоце з сярэднім медыцынскім персаналам Галоўнага ўпраўлення аховы здароўя Гродзенскага аблвыканкама Святланы Антановіч ёсць хобі — вышыванне крыжыкам. 

— Гэты незвычайны рэлакс з’явіўся ў мяне гадоў дванаццаць таму, — расказвае Святлана Фёдараўна. — Пасля Слонімскага медыцынскага вучылішча і Гродзенскага медінстытута я рабіла у 2-й стаматалагічнай паліклініцы абласнога цэнтра, потым у бальніцы хуткай медыцынскай дапамогі. Працавала з павышанай эмацыйнай нагрузкай: патрабавала аддачы і сям’я… Нехта з калег параіў заняцца вышыўкай. Прыслухалася. І не пашкадавала. Адчула супакой і асалоду ад зробленага. 

Сярод работ Святланы Антановіч — абраз «Княгіня Вольга».

—  Маю дачку таксама завуць Вольга, — распавядае майстрыха. — Яна ўрач-акушэр-гінеколаг, як i зяць. Жывуць і працуюць у Мінску. Спачатку меркавала зрабіць ім такі падарунак, але потым вырашылі аддаць абраз Святой Вольгі ў царкву. А вось шэсць карцін з калекцыі «Стары горад» прапісаліся ў зале нашай кватэры. На кухні — нацюрморты. Я зразумела, што любімы занятак можа не толькі супакоіць душу, але і дом упрыгожыць.

Святлана Антановіч з задавальненнем займаецца і фларыстыкай, працуе з прыроднымi матэрыяламi: пяском, лісцем, кветкамі… А калі надарыцца вольная хвіліна, бярэ томік паэзіі Сяргея Ясеніна — і нараджаюцца новыя сюжэты. 

Абраз Святой Вольгi Святлана Антановiч аддала  ў царкву.