подписка ерип

Выціснуты лімон?

08 августа 2017


Фото носит иллюстративный характер. Из открытых источников
Фото носит иллюстративный характер. Из открытых источников


Андрэй Ільніцкі,
старшыня праўлення Беларускага рэспубліканскага геранталагiчнага грамадскага аб'яднання,
загадчык кафедры тэрапіі, герыятрыі і антыўзроставай медыцыны
Інстытута павышэння кваліфікацыі Федэральнага медыка-біялагічнага агенцтва Расii;

Кірыл Прашчаеў,
дырэктар навукова-даследчага медыцынскага цэнтра «Геранталогія» (Расiя).

У кожнага з нас на прыёме неаднойчы былі людзі маладога і сярэдняга ўзросту, у якіх пры абследаванні не выяўлялася падстаў для пастаноўкі дыягназу, аднак яны паведамлялі, што адчуваюць сябе нібыта выціснуты лiмон.

Акрамя таго, такія пацыенты могуць прад’яўляць разнастайныя скаргі — ад зніжэння фізічных нагрузак і непрыемных пачуццяў у сэрцы да запораў і галаўных боляў, але амаль ніколі на сапраўдную дэпрэсію: яны прагнуць быць энергічнымі ды імкліва рухацца па жыцці. Нягледзячы на адрознасць скаргаў, некалькі момантаў з’яўляюцца падобнымі: няспынная ўвага да гаджэтаў ды іншых электронных прыладаў, празмерныя рэакцыі на падзеі ў сацыяльных сетках і актыўнае жыццё ў іх. Фармiруецца інфармацыйная перагрузка з адпаведнымі адчуваннямі выціснутага лімона. Да таго ж гэта спалучаецца з гiпадынамiяй, якая суправаджае сучаснага чалавека. Можа мець месца і занадта высокі ўзровень кагнітыўнай дзейнасці, што прыводзіць да парушэнняў вегетатыўнай рэгуляцыі. А вымушаная поза пры карыстанні электроннымі прыладамі — да фарміравання паталагічных зменаў з боку хрыбта і перыферычнай нярвовай сістэмы.

Уплыў фрагментарнай эмацыянальна афарбаванай інфармацыі СМІ (т. зв. пастпраўды) прыводзіць да псіхалагічнай дэзадаптацыі і хваробы сусветнага маштабу. Мы прапанавалі назваць гэта сіндромам хранічнага інфармацыйнага знясілення, а асяроддзе, якое спрыяе, — асяроддзем інфармацыйнага знясілення. А вось на англійскай мове мы вырашылі выкарыстоўваць слова «выціснуты» — squeezed: squeezed-асяроддзе і squeezed-сіндром (дарэчы, англамоўныя калегі нас падтрымалі).

Здавалася б, зрабі перапынак, выпраўся на тыдзень у вёску — і ўсё міне. Аднак не ўсё так проста. Пры працяглай экспазіцыі squeezed-асяроддзя назіраецца развіццё цэлага комплексу вегетатыўных, біяхімічных ды іншых змен ажно да дысбалансу нейраiмуннаэндакрыннай рэгуляцыі і далучэння шэрагу саматычных захворванняў, што адпавядае працэсам заўчаснага старэння.

Што ж рабіць, калі сёння немагчыма адмовіцца ад гаджэтаў, інфармацыйнага патоку і віртуальных сяброў? Навукоўцы працуюць над патагенезам sqeezed-сіндрому, распрацоўкай крытэрыяў яго дыферэнцыяльнай дыягностыкі з іншымі станамі, якія маюць падобныя праявы, над пошукам біялагічна актыўных сродкаў прафілактыкі і лячэння. Аднак давайце не забываць і пра простыя рэчы. Мы ж з вамі не электронныя прылады, а людзі. І акрамя ранішняга смайліка замежнаму сябру давайце пажадаем добрага дня суседу па лесвічнай клетцы, замест рассылкі СМС са штампаванымі віншаваннямі тысячам знаёмым патэлефануем і павіншуем самых блізкіх і родных, замест бясконцага электроннага падліку калорый і абмеркавання з сябрамі ў сацсетках праблемы лішняй вагі паклічам іх у бліжэйшыя выходныя ў лес у ягады, а запаўняючы электронныя медыцынскія карты — давайце хаця б на некалькі секунд адарвем вочы ад манітора і ўсміхнёмся пацыенту і калегам.


Комментировать


comments powered by HyperComments