Хто лячыў класіка беларускай літаратуры?

19 июля 2019


Фотаздымкі прадастаўлены аўтарам.
Фотаздымкі прадастаўлены аўтарам.
На старонках «Медвесніка» ўжо гаварылася пра стасункі дактароў і класіка беларускай літаратуры Якуба Коласа. Аднак даследаванні ў гэтым накірунку прыводзяць да новых адкрыццяў і знаходак.


«Мілая Ціна…» агэтуль невядомым быў дарчы надпіс Якуба Коласа, прысвечаны дакторцы, з якой ён пазнаёміўся ў Грузіі ў 1941 годзе, калі адпачываў там разам са сваім сябрам Янкам Купалам. Аўтограф-прысвячэнне змешчаны на адваротным баку фотаздымка, які захоўваецца ў Дзяржаўным літаратурным музеі Янкі Купалы. Ён адрасаваны Ціне Дзмітрыеўне Джавахішвілі: 

Міламу, дарагому Доктару, 
Ціне Дзмітрыеўне.
Мілая Ціна, сэрца Цхалтубо!
Прыміце падзяку Вы ад Якуба.
За Вашу увагу, за ласкі і лекі
Я буду насіць Вас у сэрцы навекі.
Якуб Колас, благадарный пацыент.
14.ІІІ.1941 г. Цхалтубо.

Ціна Дзмітрыеўна нарадзілася 15 сакавіка 1915 года ў сяле Ахтала ў Грузіі ў сям’і дактароў: маці Анета Магалашвілі — медсястра, бацька Дзмітрый Джавахішвілі — доктар-курартолаг. Вышэйшую адукацыю Ціна Дзмітрыеўна атрымала ў Тбіліскім медінстытуце, які паспяхова скончыла ў 1937 годзе. Працавала тэрапеўтам у розных медустановах, у тым ліку ў эвакашпіталі ў Цхалтуба, які на той час з’яўляўся ўсесаюзным курортам. Там яна і пазнаёмілася з класікамі беларускай літаратуры Янкам Купалам і Якубам Коласам.
Пра гэту сустрэчу Якуб Колас напіша ў лісце да Ніны Нагіной, знаёмай сям’і паэта: «Со второго марта я нахожусь в Цхалтубо. Я не один: со мной и Янка Купала. Он уже третий раз здесь, и человек, можно сказать, свой. Поэтому мы окружены вниманием со стороны медицинского персонала. Наша докторша, Тина Дмитриевна, грузинка, очень милый человек и прекрасная девушка, которой можно только восхищаться…». 

У 1930-х гадах у Цхалтуба намеснікам галоўнага ўрача працавала сяброўка Ціны Дзмітрыеўны, 26-гадовая Эліко Метэхелі. Яе называюць грузінскай музай Янкі Купалы, менавіта яна натхніла беларускага паэта на напісанне грузінскага цыклу вершаў. Ёй ён прысвяціў верш «Генацвале»:
Ты лячыла ўсмешкай мілай, 
Твае лекі чаравалі,
Сны чароўныя будзіла,
Ты, грузінка, генацвале.
Эліко, маё світанне,
Смутна зоркі мне міргалі…
«Суліко» на адвітанне
Праспявай мне, генацвале! 

Эліко Метэхелі выйшла замуж за Гіві Джавахішвілі, брата Ціны Дзмітрыеўны, інтэлігентнага чалавека, інжынера-геолага, які стаў аўтарытэтным палітыкам і доўгі час займаў пасаду старшыні Савета міністраў Грузінскай ССР.

Памяць аб класіках беларускай літаратуры захоўваецца ў сем’ях Атара Шаматава, сына Ціны Джавахішвілі, і Гіві Курашвілі, унука Эліко Метэхелі.
Творы грузінскай тэматыкі ёсць і ў Якуба Коласа, які прысвяціў верш грузінскаму паэту Шата Руставелі, аўтару паэмы «Віцязь у тыгравай шкуры»:

У чыстых крыніцах 
натхнёнага слова,
У песеннай трэлі,
Для вечнасці, спетай 
баянам сурова,
Жыве Руставелі.
У ясных зарніцах 
пяснярскага дару,
Што ў далях ірдзелі,
У гуках дзівосных, 
у казачных чарах
Жыве Руставелі…
Сімпатычная Соф’я…

Так атрымалася, што ў 1951 годзе наведаць Грузію яшчэ раз у Якуба Коласа не атрымалася. Яму не дазволіла доктар крамлёўскай бальніцы Соф’я Анатольеўна Козырава, якой Якуб Колас паведаміў аб сваім намеры. У лісце ад 7 мая 1951 года да Таісіі Ганчаровай, знаёмай сям’і Якуба Коласа, класік піша: «Я мобилизовал себя на поездку в Цхалтубо: мне хотелось подлечить ноги. Цхалтубо я знаю с 1941 г.: в этом году, в марте, я был там вместе с Янкой Купалой. Попали мы туда случайно — использовали свое пребывание в Тбилиси как участники делегации, посланной из Белоруссии в Грузию, чтобы отметить ее 20-летие. Цхалтубо мне очень понравилось… Случилось же так, что мою поездку в Цхалтубо пришлось отменить: я получил телеграмму от моего лечащего врача по кремлевской больнице, Софьи Анатольевны Козыревой: «Убедительно прошу Вас отказаться от поездки в Цхалтубо, подробности письмом». Оказывается, что по состоянию моего здоровья мне нельзя использовать Цхалтубо в целях лечения. С ее аргументами согласились и наши минские врачи…».

З Соф’яй Козыравай Якуб Колас пазнаёміўся, калі знаходзіўся на лячэнні ў крамлёўскай бальніцы ў Маскве ў лютым 1949 года. У Маскву Колас паехаў разам з беларускімі творцамі на святкаванне дэкады беларускай літаратуры, але неўзабаве захварэў на запаленне лёгкіх. У 1950 годзе Коласу зноў не пашанцавала, 13 кастрычніка ён едзе ў Маскву на Другую Усесаюзную канферэнцыю прыхільнікаў міру, але вярнуцца ў Мінск не дазваляе стан здароўя. На гэты раз хвароба надоўга падарвала самапачуванне класіка беларускай літаратуры, тры доўгія месяцы ён знаходзіўся ў крамлёўскай бальніцы (з 17 кастрычніка 1950-га па 10 студзеня 1951-га), лячыў запаленне лёгкіх, непакоіла сэрца: 
«Мае лёгкія — гнілая торба, на якой то там, то сям тады-сяды загараюцца вандроўныя балотныя агні. Да гэтага далучылася сэрца, і ў ім зараз самая найбольшая небяспека». «Ляжу я адзін у палатцы № 19, IV паверх. Мой цяперашні адрас — Москва, ул. Грановского, 2… Каб ты ведаў, як моташна мне тут, — піша Якуб Колас свайму сябру Пятру Броўку. — Мімаволі прыгадваю свае астрожныя гады. У гэтай бальніцы я адчуваю сябе нявольнікам». 

На той момант Якубу Коласу было 68 гадоў. Натуральна, доўгае знаходжанне ў бальніцы не прыносіла радасці, ды і вытрымаць усе прызначэнні дактароў было няпроста:

«Я ўжо не чалавек, а рэч, над якой робяць эксперыменты. А колькі тут усякіх доследаў!.. Заўтра зноў будуць ставіць клізмы, даваць пабел на галодны жывот, будуць мясіць, таўчы і мяць жывот, спіну, падымаць на неба і апускаць на зямлю, рабіць мёртвыя петлі». «Спіна мая так зрэзана банкамі, усё роўна як бы мяне ссеклі бізунамі», — скардзіцца творца. Але Якуб Колас імкнуўся не падаць духам і часам з гумарам пісаў сябрам пра сваё знаходжанне ў бальніцы: «Божа мой, чаго толькі не перацярпела маё цела! Калі б усе гэтыя працэдуры прарабілі над вярблюдам, то ён даўно ўжо здох бы». 

Да Соф’і Козыравай Колас ставіўся з павагай, гэта вынікае з яго эпісталярнай спадчыны. «Дакторка мая, дарэчы сказаць, вельмі мілая жанчына — стараецца як можа, каб паставіць мяне на ногі», — піша ён Пятру Броўку. А ў лісце да Яўгеніі Пфляўмбаўм, жонкі Максіма Лужаніна, беларускага пісьменніка і асабістага сакратара Якуба Коласа (ад 25 лютага 1949 года), паэт адзначае: «Лечыць мяне доктар-жанчына. Вельмі добрая кабета. Як святыню я захаваю яе ў сваёй памяці». Яўгену Сямёнавічу Мазалькову, перакладчыку твораў паэта на русскую мову, Якуб Колас скардзіцца: «Как на беду, заболел мой лечащий врач, единственный человек, которого я очень уважаю, прекрасной души и сердца женщина, к тому же еще и очень симпатичная». 

Калі Якуба Коласа збіраліся выпісаць і адправіць у падмаскоўны санаторый, ён чакаў выздараўлення свайго доктара: «Быў сягоння прафесар. Выслухаўшы, сказаў, што з яго боку няма пярэчання ехаць к новаму году ў «Барвіху». Але я хачу параіцца з маёю дакторкаю, якой я давяраю болей, чым прафесарам», — пісаў ён Міхасю Лынькову і яго жонцы. У лістах да сяброў і знаёмых Якуб Колас называў Козыраву «вельмі мілай», «разумнай і тактоўнай жанчынай», «сур’ёзнай і ўважлівай», «слаўным чалавекам», «моцнай у медыцыне», «чуткім чалавекам і наслаўнейшай жанчынай, дасканалым доктарам», «милым человеком, прекрасным и внимательным врачом».

Якуб Колас і Соф’я Анатольеўна працягвалі кантактаваць і пасля выпіскі паэта з бальніцы. У асабістым архіве беларускага песняра захаваліся некалькі лістоў і дзве тэлеграмы ад доктара, у якіх яна цікавіцца станам здароўя свайго былога пацыента, дзеліцца сваімі дасягненнямі ў прафесійнай сферы — яна абараніла дысертацыю па медыцыне ў 1949 годзе, была ўзнагароджана ордэнам «Знак пашаны». 

У знак удзячнасці Якуб Колас падарыў ёй сваю кнігу — паэму «Рыбакова хата» ў перакладзе на рускую мову, а яе сыну Льву — гадзіннік. З просьбай купіць ручны гадзіннік паэт звяртаецца ў лісце да сваіх сыноў і нявестак: «Хацелася б мне зрабіць нейкі падарунак сыну мае дакторкі. Яму гадоў 13. Можа не кепска было б купіць для яго ручныя часікі, але добрыя? Пытацца ў маткі не выпадае. Словам, гэта трэба прадумаць». Просьба бацькі была выканана, бо Соф’я Анатольеўна дзякуе беларускаму песняру за цудоўны падарунак: «А Лёва теперь ежедневно спрашивает, когда я могу разрешить ему носить его собственные часы (это его первая крупная собственность)».

…і прафесар Вінаградаў

У крамлёўскай бальніцы беларускага паэта кансультаваў яшчэ адзін доктар. Уладзімір Мікітавіч Вінаградаў (1882–1964) — тэрапеўт, акадэмік АМН. У 1929–1942 годзе — загадчык кафедры тэрапіі 2-га Маскоўскага медінстытута, з 1943-га і да канца сваіх дзён узначальваў кафедру факультэтскай тэрапіі 1-га Маскоўскага медінстытута імя Сечанава, адначасова быў галоўным тэрапеўтам лячэбна-санітарнага ўпраўлення Крамля. Ён быў доктарам Сталіна, лячыў і іншых партыйных кіраўнікоў. Вінаградаў стаў адным з галоўных фігурантаў судовай расправы, якая атрымала назву «справа дактароў» або «забойцы ў белых халатах». Яго разам з іншымі медыкамі (па гэтай справе праходзіла больш за 20 дактароў і членаў іх сямей) абвінавачвалі ў смерці партыйнага і дзяржаўнага дзеяча Андрэя Жданава. Справа была сфабрыкавана па загадзе Сталіна, які асабіста сачыў за яе ходам, а прычына арышту прафесара Вінаградава была ў тым, што ў медыцынскай карце хворага ён зрабіў пазнаку аб неабходнасці прытрымлівацца строгага рэжыму са спыненнем усялякай дзейнасці, а гэта, напэўна, было ўспрынята Сталіным як спроба адлучэння ад палітычнай улады. Уладзімір Вінаградаў быў арыштаваны ў 1951 годзе, вызвалены і рэабілітаваны толькі праз месяц пасля смерці Сталіна — 3 красавіка 1953 года. 

Вінаградаў вярнуўся ў медыцыну. Пад яго кіраўніцтвам у бальніцы былі створаны кардыярэўматалагічны кабінет, першае ў краіне спецыяльнае аддзяленне для лячэння пацыентаў з інфарктам міякарда, кабінет функцыянальнай дыягностыкі сардэчна-сасудзістай сістэмы, уведзены ў клінічную практыку гастраскапія, бронхаскапія, радыяізатопная дыягностыка ды інш. У 1969 годзе яму пасмяротна было нададзена званне лаўрэата Дзяржаўнай прэміі СССР. 

Цікава, што яго сын Уладзімір Вінаградаў (1920–1986) прадоўжыў справу бацькі, стаў хірургам, доктарам медыцынскіх навук, прафесарам, з 1963 па 1986 год працаваў загадчыкам кафедры хірургіі Маскоўскага ўніверсітэта дружбы народаў імя Патрыса Лумумбы. З мая 2017 года Гарадская клінічная бальніца № 64 Масквы носіць імя У. У. Вінаградава, там праводзяцца Вінаградаўскія чытанні, прысвечаныя хірургіі брушной поласці.

Малодшы сын Якуба Коласа Міхась Міцкевіч успамінае, што менавіта прафесар Вінаградаў сказаў бацьку, што калі той хоча жыць, дык трэба кінуць паліць. І Якуб Колас адмовіўся ад цыгарэт. А курыў  пісьменнік з юнацкіх гадоў. У лісце да сваёй сястры Алены Лойка (16 красавіка 1956 года) класік скардзіўся, што за апошнія дзесяць год ён 26 разоў хварэў на запаленне лёгкіх. Пра тое ж клапацілася і Соф’я Козырава: «Помню, в больнице Вы бросили курить — а сейчас? Не начали снова?» — цікавіцца яна ў адным з лістоў. Аднак прафесар Вінаградаў пераканаў класіка беларускай літаратуры адмовіцца ад дрэннай звычкі назаўсёды.


Васіліна Міцкевіч, кандыдат сацыялагічных навук,  праўнучка Якуба Коласа.



Комментировать


comments powered by HyperComments