Згадайма пра Дзяды

04 ноября 2019


Фота Віталя Гіля, "МВ"
Фота Віталя Гіля, "МВ"
У першую суботу лістапада беларусы адзначаюць Дзяды — дзень памінання продкаў, адно з самых старажытных святаў, вядомае з часоў паганства. Дзяды — дзень, калі душы памерлых продкаў спускаюцца на зямлю, каб наведаць жывых нашчадкаў. На Дзяды прыбіраюць дом, накрываюць святочны стол, ідуць на могілкі.

Вайсковыя могілкі — старэйшыя пасля Кальварыі ў сталіцы. Яны дзейнічалі з 1840 да 1958 года, зараз для пахаванняў закрытыя, але маюць статус гістарычна-культурнай каштоўнасці 2-й катэгорыі і, паводле закону, мусяць ахоўвацца і даглядацца. 

Сапраўды, тут што не помнік — гістарычны пласт. Апроч палеглых у часе руска-турэцкай (1877–1878) і Вялікай Айчыннай (1941–1945) войнаў, на Вайсковых могілках пахавана шмат выбітных беларусаў — літаратараў, навукоўцаў, артыстаў, вайскоўцаў. Тут знайшлі апошні прытулак народныя паэты Янка Купала і Якуб Колас, першы прэзідэнт АН БССР Усевалад Ігнатоўскі, Аляксандр Чарвякоў — адзін з кіраўнікоў-заснавальнікаў БССР… А таксама — дактары, чые імёны ўпісаныя ў гісторыю беларускай медыцыны.

У першым шэрагу каля цэнтральнай дарожкі — пахаванне Максіма Львовіча Выдрына (14.08.1870 — 31.05.1951), знакамітага беларускага вучонага, доктара медыцынскіх навук, прафесара, заслужанага дзеяча навук БССР, заснавальніка і кіраўніка першай у Беларусі кафедры акушэрства і гінекалогіі. Распавядаючы пра гэтага чалавека, экскурсаводы кажуць, што ён палову мінчукоў на свае рукі прыняў. І вось жа лёс: пры жыцці першым чуць крык немаўлятак, а праз шмат гадоў пасля пахавання першым здрыгануцца на тым свеце ад віску пілы-балгаркі, калі прыйшлі руйнаваць агароджу на месцы яго пахавання. І стаць першым, праз каго на Вайсковых могілках распачаўся валанцёрскі рух і быў арганізаваны грамадскі догляд.

Расказвае Павел Каралёў, гісторык, экскурсавод, каардынатар валанцёраў у абарону Вайсковых могілак:

«У 2017 годзе я быў на жальбінах па Купалу і звярнуў увагу, што на шмат якіх могілках прымацаваныя шыльды: «калі не ўпарадкуеце,  будзем зносіць». Тэрмін, адведзены ў тры гады, заканчваўся акурат у 2017 годзе.

Я спецыяліст па ахове помнікаў. На той час быў сакратаром грамадскай назіральнай камісіі па помніках пры Мінкульце, таму ў тэме разбіраюся. Мяне шакавала пастаноўка пытання: усё ж могілкі прызнаныя гісторыка-культурнай каштоўнасцю, а сярод пазначаных на знос шмат якія ў добрым стане!

Сярод «асуджаных» быў і помнік Выдрыну. Я забіў трывогу, звяртаўся і ў Мінкульт, і да кіраўніцтва спецкамбіната КПА. Падалося, што маю трывогу пачулі, бо запэўнілі, што, прынамсі, помнік Выдрыну чапаць не будуць. 

І вось чэрвень 2018-га. Я ехаў праводзіць экскурсію ў музей Янкі Купалы, дзе на той час працаваў. Спяшаўся, але мяне быццам магнітам цягнула на Вайсковыя. Падумаў, што хвілін дзесяць забегчы на могілкі перад працай усё ж маю. Здалёк пачуў гук балгаркі — ён даносіўся з боку пахавання Выдрына! Я рынуўся туды — рабочыя пілавалі агароджу на яго магіле. І ніхто не хацеў мяне слухаць, пакуль я не пачаў здымаць іх на тэлефон».

Дзеянні Паўла Каралёва ўратавалі помнік доктара Выдрына. І Павел усклаў на сябе апеку над гэтым пахаваннем. Давялося заліць падмурак, бо быў крыху развалены, пафарбаваў агароджу, палоў, прыбіраў смецце…

Справа набыла грамадскі розгалас. Пра «дабраўпарадкаванне» Вайсковых шмат пісалі розныя СМІ. А ў 2018 годзе каля трохсот старых помнікаў знеслі, а на іх месцы ўсталявалі так званыя «падгалоўнікі» — аднолькавыя таблічкі. Аднак у дзеяннях камунальшчыкаў пракуратура знайшла парушэнні…

Валанцёры ж, імкнучыся захаваць помнікі, арганізавалі грамадскі догляд. У чым яго сэнс?

На Вайсковых могілках каля 3 000 пахаванняў. Сярод іх, сапраўды, шмат якія няма каму даглядаць. А помнікі патрабуюць рэгулярнага паднаўлення, прыборкі, праполкі. Калі гэта робіцца, чапаць магілу, «добраўпарадкаваць» яе нельга! 

Вось, напрыклад, пахаванне Рут  Уолер, амерыканкі, супрацоўніцы ААН, жонкі Тэадора Уолера, кіраўніка місіі ААН у Мінску ў 1945–1949 гг. Рут шмат зрабіла для Беларусі пасляваеннай: займалася арганізацыяй пастаўкі адзення, харчавання, медпрэпаратаў… Яна ўратавала трох беларускіх хлопчыкаў, якія танулі ў возеры. Пры гэтым застудзілася сама, захварэла на пнеўманію, пасля пачаўся менінгіт, з прычыны якога і памерла. Магіла Рут Уолер дагледжаная, на ёй часта з’яўляюцца жывыя кветкі.

Пахаванні Выдрына і Уолер — недалёка адно ад аднаго… 

А вось магіла Сяргея Мікалаевіча Урванцова (1863–1937) — мінчукі яму абавязаны з’яўленнем у горадзе хуткай дапамогі. Ён нарадзіўся ў Казані, у 1907 годзе прыехаў у Мінск. 

Дзесяць гадоў быў інспектарам, а пасля загадваў лячэбным і санітарна-эпідэмічным аддзеламі Мінскага губздароўя і НКАЗ БССР, узначальваў шэраг бальніц. Ганаровы сябра 
Таварыства мінскіх урачоў, напісаў больш за 15 навуковых прац па медыка-санітарнай справе, барацьбе з інфекцыйнымі захворваннямі… Разам з жонкай пахаваны на Вайсковых. 
Іх пахаваннем ад нядаўняга часу апякуецца журналістка Марыя Грыц.

«У савецкі час могілкі былі падзелены на сектары, а сектары размеркаваны сярод школ, — кажа пісьменніца, настаўніца, валанцёрка Вайсковых могiлак Ганна Севярынец. — Тут сапраўды шмат працы, рукі патрэбныя! Радуе, што на заклік да творчых саюзаў забраць пад апеку «сваіх» адгукнуўся Саюз кампазітараў. Засмучае, што толькі ён…»  
айсковыя могілкі —  гарадскі некропаль, такі ж, як Лычакаўскія могілкі ў Львове, Ваганькаўскія ў Маскве, Рускія ў Парыжы... Абязлічаныя аднолькавыя падгалоўнікі, на якія заменена частка помнікаў, не перадаюць подыху часу. Хаця, несумненна, аблегчаць прыбіранне для спецкамбінату. 

Да гонару медыкаў зазначу: Мікалай Шумін, загадчык Музея гісторыі медыцыны БДМУ, напісаў пра Вайсковыя могілкі артыкул («Весенний реквием», «Медицинский вестник», 24.04.2018), у якім расказваў пра асобы пахаваных медработнікаў і даваў справаздачу па даглядзе за магіламі. Паводле публікацыі, з 2015 года Мінскі гарадскі камітэт прафсаюзаў работнікаў аховы здароўя і навучэнцы Мінскага і Беларускага медкаледжаў займаюцца добраўпарадкаваннем месцаў пахавання медработнікаў. Але, як зазначае сам аўтар публікацыі, патрабуецца сістэматычная работа па захаванні памяці пра асоб, што стаялі ля вытокаў сучаснай беларускай медыцыны.

Магілам Выдрына і Урванцова, можна сказаць, пашчасціла  — яны пад падвойным наглядам: і з боку медыкаў, і з боку грамадскасці. Як зрабіць, каб службы-даглядчыкі за могілкамі ведалі гэта і лічыліся з дзейнасцю медпрафсаюза? Магчыма, выйсцем сталася б устаноўка на пахаванні таблічак з QR-кодамі, якія давалі б магчымасць даведацца пра асобу нябожчыка і пра тое, хто пахаваннем апякуецца. 

Гісторыя — не набор фактаў і датаў. Гісторыя прамаўляе да нас галасамі папярэднікаў, становіцца часткай уласнага лёсу і лёсу роднай зямлі. Мажліва, штогод на сутыку кастрычніка і лістапада Дзяды, прыходзячы да нас, нагадваюць: быць чалавекам — значыць мець Памяць.

P. S. Ад гэтай восені наша сям’я таксама даглядае магілкі  на Вайсковых. Дзіўная трансфармацыя адбылася з маёй свядомасцю, з адчуваннем свету пасля першага прыбірання на «нашых» магілах. Дзве трэці свайго жыцця жыву ў Мінску, а горад родным не стаў, пакуль не павырывала я дасужы лілейнік, якім зацягваюцца-зарастаюць пахаванні, не пазграбала лістоту, не прынесла кветкі… І Мінск нарэшце напоўніў маё сэрца. 

Алена Масла, Мінск.



Комментировать


comments powered by HyperComments