Анкета

«Нават падчас камандзіроўкі бяру ў машыну гіры

09 января 2018

Автор(ы):
Марина Веселуха,   Олеся Лазарева (фото)




Пры сваёй вазе 63–64 кілаграмы за трэніроўку ён падымае каля 12–13 тон. Мае ўласную справу, якую сумяшчае з заняткамі спортам на ўзроўні майстра спорту Беларусі міжнароднага класу, з’яўляецца членам зборнай краіны па гіравым спорце. Сёння сакрэты дасягнення поспеху нам адкрывае чатырохразовы чэмпіён свету Ігар Сігневіч. Карэспандэнт «МВ» схадзіла на трэніроўку да спартсмена і запыталася пра штодзённы рацыён, стаўленне да «качкоў» і ахвяры, якія давялося зрабіць дзеля высокіх вынікаў.

Вы толькі што завяршылі пачатковы этап трэніроўкі. Раскажыце, якія практыкаванні звычайна выконваеце, каб разагрэцца.

Базавая трэніроўка ўсіх атлетаў стартуе з размінкі, каб пульс стаў крыху часцейшым, а арганізм перайшоў ва ўзбуджаны стан. Далей пачынаецца непасрэдна трэніровачны працэс.

Спачатку лёгкая прабежка ад 5 да 10 хвілін, якая дазваляе павялічыць пульс да 90–100 удараў. Потым раблю размінку з гімнастычнай палкай, каб прывесці ў працоўны стан суставы: некалькі прысяданняў дазваляюць размяць каленныя, верхні плечавы пояс. Затым раблю разміначныя практыкаванні з гірай. Пачынаю з адной, якая мае невялікую вагу — 16 кілаграмаў, а пасля, калі адчуў нагрузку, бяру большую вагу — дзве гіры па 24 кілаграмы. За 5 хвілін — 60 пад’ёмаў. Задача — напрацоўваць аб’ём, каб трэніраваць сілавую вынослівасць, узняць агульны функцыянальны стан арганізма.


Трэніруецеся часта?

Чатыры разы на тыдзень. З іх 2–3 разы ў трэнажорнай зале, дзе ёсць як спартыўныя гіры, штанга, так і комплекс трэнажораў, якія дапамагаюць павялічыць сілавую і функцыянальную падрыхтоўку арганізма. Абавязкова бегаю крос 7–8 км двойчы на тыдзень. Калі выпадае снег, катаюся на лыжах. За трэніроўку пераадольваю 10–12 км. У летні сезон абавязкова езджу на веласіпедзе.


Так многа!

Калі паўгода займацца, то цяжка. Але калі ты празаймаўся палову жыцця, гэта абсалютна нармальна. Мне зараз 37, з іх 20 гадоў трэніруюся.


Гэта ўжо проста як паветра?

Бывалі перапынкі, калі не было фізічнай магчымасці трэніравацца. Але зараз нават падчас камандзіроўкі бяру з сабой у машыну гіры. І калі па дарозе бачу месца, якое мне падабаецца, то спыняюся, раблю комплекс практыкаванняў цягам
1,5–2 гадзіны і еду далей. З гірамі працаваць з аднаго боку зручна: няма абавязковай прывязкі да трэнажоркі, але ў зале, дзе ты не адзін і гучыць музыка, трэніравацца псіхалагічна лягчэй.


Многіх цікавіць рацыён спартсменаў. Якія прадукты можна пабачыць на вашым стале?

Харчуюся правільна. Абавязкова снедаю, абедаю, палудную, вячэраю. Рацыён прыкладна такі. На сняданак аўсяная каша і какава з высокім утрыманнем бялку. Гэта дазваляе арганізму паўнавартасна функцыянаваць цягам насычанага працоўнага дня. На абед суп, рыба, тварог, салаты з агародніны ці морапрадуктаў. Палудную, як правіла, таксама тварагом — ён насычае арганізм кальцыем. На вячэру сокі, садавіна, цяляціна. Таксама абавязкова прымаю мультывітаміны, каб усе мікра- і макраэлементы паступалі ў арганізм. Вельмі важныя вітамін C, група вітамінаў В. Пажадана, каб вітаміны ўтрымлівалі кіслату амега-3, або рыбін тлушч.


Як рыхтуецеся да спаборніцтваў?

Напярэдадні, як правіла, скідваю ад 6 да 8 кілаграмаў, каб трапіць у сваю вагавую катэгорыю. Дзеля гэтага крыху абмяжоўваю рацыён харчавання. Не пазбаўляюся ад ежы, але за 10 дзён да старту прыбіраю некаторую частку
ад кожнага прыёму. Калі мой звычайны полудзень лічыць за 100 %, то ем 70 % ад порцыі. Вячэру магу скараціць да 20 %.


Часта наведваеце дактароў?

Кожныя паўгода праходжу планавы ўрачэбны кантроль. Наведваю РНПЦ спорту. Падчас такіх аглядаў правяраецца агульны стан арганізма. Таксама хаджу да профільных дактароў — кардыёлага, эндакрынолага і іншых.


Існуе стэрэатып: раз чалавек працуе са штангай, гірамі, ён абавязкова павінен мець аб’ёмныя мышцы… Але мяркуючы па знешнасці, вас не назавеш «качком». Складана нават уявіць, што настолькі худзенькі чалавек можа падымаць такую вагу.

Гіравы спорт не прадугледжвае вялікіх прапрацаваных мышцаў, гэта перадусім сілавая, магутная функцыянальная падрыхтоўка арганізма. Візуальна шчуплы чалавек, які працуе з гірамі і паказвае высокія вынікі, зусім не нонсэнс. Наадварот, гэта ўказвае на тое, што ў яго моцна развітая сардэчна-сасудзістая сістэма, вялікі аб’ём лёгкіх, які ён натрэніраваў кросамі, прабежкамі на лыжах.


Як ставіцеся да людзей, якія імкнуцца павялічыць аб’ём мышцаў?

Цяжкая гэта праца. Але кожнаму сваё. Проста яны імкнуцца вылучыцца целам, прыгажосцю, фактурай мышцаў. Мая ж мэта — вынік, які выражаецца спартыўным званнем і занятым месцам. Важна, колькі ты падняў, колькі ў катэгорыі было сапернікаў, якая была твая вага на момант спаборніцтваў і які ты нарматыў выканаў.


Якой перамогай найбольш ганарыцеся?

Першымі месцамі на чэмпіянатах свету. У 2015 годзе атрымаў перамогу ў Венгрыі, потым у Славеніі, у 2016-м узняўся на п’едэстал як пераможца ў італьянскім Мілане і вось сёлета ў кастрычніку перамог у Грэцыі, у Лутракі.


Ваш родны брат Вадзім Сігневіч таксама спартсмен-гіравік. Ці існуе паміж вамі канкурэнцыя?

Не. Таму што мы выступаем у розных вагавых катэгорыях. Ён прадстаўляе краіну ў катэгорыі да ці больш за 90 кг. Я — да 60 ці да 65 кг. Прызнаю, што па сваіх спартыўных выніках ён лепшы за мяне. У свой час Вадзім нават паўтарыў рэкорд свету 2003 года. Па сёння ў Беларусі гэтага дасягнення ніхто не пераўзышоў. Уявіце: 91 пад’ём 2 гіраў па 32 кг цягам 10 хвілін. За гэта яму прысвоеная найвышэйшая дзяржаўная спартыўная ўзнагарода «Заслужаны майстар спорту». У нашай краіне толькі два спартсмены сярод гіравікоў маюць такія званні. Гэта мой брат і Аляксандр Воўк.


Чым давялося ахвяраваць дзеля таго, каб стаць чэмпіёнам?

Менш у клубы хадзіў. Калі ідзе падрыхтоўка, ты максімальна сабраны, сканцэнтраваны на трэніровачным працэсе. Вельмі важны момант — аднаўленне. Таму падчас падрыхтоўчага працэсу, які доўжыцца 3–4 месяцы, я зусім не ўжываю алкаголь. Але самае галоўнае тое, чаго ты хочаш ад жыцця. Я імкнуўся стаць майстрам спорту Беларусі міжнароднага класу і дасягнуў гэтага.


Комментировать


comments powered by HyperComments