Юлiя Шаўковіч: «Сусвет дае нам шанец…»

07 июля 2020

Автор(ы):
Светлана Хорсун


Фота з архіву Ю. Шаўковіч.
Фота з архіву Ю. Шаўковіч.
Асістэнт 2-й кафедры ўнутраных хваробаў ГрДМУ Юлія Шаўковіч медуніверсітэт скончыла сем гадоў таму. Яна лаўрэат Рэспубліканскага конкурсу навуковых работ студэнтаў і маладых вучоных (2013), лаўрэат Спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па сацыяльнай падтрымцы адораных навучэнцаў і студэнтаў (2014), лаўрэат стыпендыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь таленавітым маладым вучоным у галіне медыцынскіх навук (2018). Брала ўдзел у конкурсе маладзёжных інавацыйных праектаў «100 ідэй для Беларусі» (2019–2020), а таксама ў шматлікіх рэспубліканскіх і міжнародных навуковых форумах. А яшчэ Юля піша вершы, гуляе ў шахматы і збірае калекцыю навагодніх цацак з розных краін свету. 


Юлiя, як вы зразумелі, што медыцына — ваш лёс?

Гэтае разуменне прыйшло не адразу. У нашай сям’і не было медыкаў. У школе цікавілася астраноміяй, геалогіяй, збірала розныя пароды камянёў, навучалася ў музычнай школе па класе фартэпіяна, захаплялася рок-музыкай, любіла чытаць фэнтэзі. У старшых класах сур’ёзна зацікавілася біялогіяй, якую выкладала цудоўны педагог Вялікабераставіцкай школы Зоя Аляксандраўна Анішчанка, пастаянна ўдзельнічала ў школьных алімпіядах, была пераможцай раённых і абласных спаборніцтваў. 

Гэта матывавала мяне паступіць у Гродзенскі медыцынскі ўніверсітэт. Праўда, на пачатку мне не дужа падабалася вучыцца, хоць і скончыла ўстанову з чырвоным дыпломам. Да 4-га курса сумнявалася ў прафесійным выбары, не магла вызначыцца са спецыялізацыяй, але калi ў пачатку верасня на кафедры факультэцкай тэрапіі (цяпер гэта 2-я кафедра ўнутраных хваробаў) пачала чытаць цыкл «Унутраныя хваробы» Валянціна Снітко, якая нядаўна, на вялікі жаль, пайшла з жыцця, урэшце зразумела, кім хачу быць. 

На пасяджэнні студэнцкага навуковага таварыства кафедры Валянціна Мікалаеўна пазнаёміла мяне з тагачасным загадчыкам кафедры Віталем Iосiфавiчам Шышко (сёння ён прарэктар па вучэбнай рабоце ГрДМУ і навуковы кіраўнік маёй кандыдацкай дысертацыі). Яна падвяла мяне да яго і сказала: «Мы павінны ўзяць гэтую дзяўчынку на кафедру». 

І з таго часу пачалі займацца навукай?

Спачатку выступала на ўніверсітэцкіх студэнцкіх канферэнцыях. Прымала ўдзел у замежных форумах, неаднаразова была прызёрам міжнародных студэнцкіх канферэнцый у Польшчы. У 2013 годзе ў рэспубліканскім конкурсе навуковых студэнцкіх работ мая праца была адзначана дыпломам лаўрэата. Пасля мяне ўключылі ў Банк дадзеных адоранай моладзі. У кастрычніку 2017 года брала ўдзел у Сусветным кангрэсе самнолагаў у Празе, была адзіным дакладчыкам ад Беларусі. Вясной 2019-га ўдзельнічала ў Еўрапейскай гастраэнтэралагічнай канферэнцыі ў Амстэрдаме: ад імя маладых вучоных прамаўляла ўступнае слова, працавала мадэратарам секцыі. Сёлета атрымала запрашэнне на міжнародную гастраэнтэралагічную канферэнцыю ў Куала-Лумпур (Малайзія) у якасці дакладчыка і мадэратара. 

Які праект вы прэзентавалі на конкурсе маладзёжных інавацыйных праектаў «100 ідэй для Беларусі»?

Мой праект — «Метад прафілактыкі раку стрававода ў пацыентаў з парушэннем дыхання ўва сне». Згодна з распрацаванай намі матэматычнай мадэллю, пацыенты з індэксам апноэ/гіпапноэ, роўным ці большым за 7 у гадзіну, па выніках самналагічнага даследавання маюць высокую рызыку мала- ці безсімптомнага паражэння ніжняй траціны стрававода і павінны быць накіраваны на эзафагагастрадуадэнаскапію нават пры адсутнасці скаргаў для папярэджання развіцця ўскладненняў — перадракавых захворванняў і раку стрававода. 

Праект быў адзначаны дыпломам пераможцы на гарадскім этапе конкурса, дыпломам «Лепшая ідэя на карысць Гродзеншчыне» — на абласным этапе і дыпломам фіналіста на рэспубліканскім. 

Над чым цяпер працуеце?

Маё дысертацыйнае даследаванне  прысвечана вывучэнню асаблівасцей гастраэзафагеальнай рэфлюкснай хваробы ў пацыентаў з сіндромам абструктыўнага апноэ/гіпапноэ сну. Калі мы пачыналі даследаванне, інфармацыі пра ўзаемасувязь паміж гэтымі захворваннямі было няшмат, і яна была дужа супярэчлівай. У апошнія гады гэтай тэмай пачалі актыўна цікавіцца расійскія і замежныя навукоўцы, з’явіліся працы, высновы якіх у многім сугучныя з нашымі меркаваннямі. Цешыць, што мы былі адны з першых. Дальнабачнасць майго навуковага кіраўніка Віталя Шышко вызначыла тое, што мы цяпер знаходзімся ў топе актуальных навуковых прац не толькі ў нашай краіне, але і ў Еўропе. 

Спрабавалі сябе ў практычнай медыцыне?

З жніўня 2014 года па ліпень 2016 года адпрацоўвала размеркаванне ўчастковым тэрапеўтам у Гродзенскай цэнтральнай гарадской паліклініцы. Гэта быў няпросты, але цікавы вопыт: даводзілася працаваць на 3–4 участкі з раніцы да позняга вечару. Сапраўдная школа жыцця і праверка сумлення: прасцей адмахнуцца ад праблем пацыента, чым раздзяліць з ім яго праблемы. Я зразумела, што арганізм чалавека — цэлы сусвет, які дае нам шанец спазнаць яго таямніцы праз любоў да сваёй справы і да чалавека.