«Вось такія былі ў мяне бацькі…»

07 июля 2020


Фото носит иллюстративный характер. Из открытых источников.
Фото носит иллюстративный характер. Из открытых источников.
Светлай памяці  бацькоў Ірыны Галубовіч  і Мікалая Давідоўскага (успаміны).


Толькі адгрымелі выпускныя балі ў школах, як з усіх тагачасных рэпрадуктараў пачуўся голас Левітана, які паведаміў: 

«Сегодня в 4 часа утра без объявления войны гитлеровская Германия вероломно напала на Союз Советских Социалистических Республик…»

Для маёй маці вайна пачалася 22 чэрвеня 1941 года, калі пачалі бамбіць Мінск. Разам з сяброўкай Лізай Дукар і атрадам самаабароны яны выйшлі ў бок горада Бярэзіно. Там пабачылі шмат параненых і забітых, войскі Чырвонай Арміі адступалі... 

Пайшлі ў ваенкамат, папрасіліся на фронт, але семнаццацігадовых дзяўчат браць не хацелі. Урэшце пагадзіліся накіраваць іх санітаркамі ў шпіталь, што знаходзіўся ў паўразбураным будынку сярэдняй школы. Галоўны ўрач даў ім алоўкі, каб яны перапісалі параненых. Пісалі наступным чынам: «Иванов, ст. сержант ранен миной в голову…» Параненых грузілі ў цяплушкі санітарнага цягніка і везлі ў Маскву. Маці працавала ў вагоне з пацыентамі, у якіх былі цяжкія раненні, сяброўка Ліза Дукар — з лёгкапараненымі. 

Калі немцы бамбілі санітарны цягнік, хворыя з мамінага вагона не маглі скрануцца з места. А яна заставалася з імі: рабіла ін’екцыі, бінтавала раны… Так даехалі да Масквы, дзе размеркавалі параненых па шпіталях, а мама пайшла дапамагаць капаць супрацьтанкавыя акопы. Там атрымала і першую ўзнагароду — медаль «За аборону Масквы». 

Потым лёс закінуў яе ў горад Мурам, дзе яна паступіла на двухгадовыя курсы медсясцёр. Экзамены здала экстэрнам і ў красавіку 1942 года пайшла на фронт аперацыйнай медсястрой у 343-ю стралковую дывізію. 

Аперацыйная прыфрантавога медсанбата — вялізная брызэнтавая палатка, брыгада — хірург і старшая аперацыйная сястра. Калі хірурга забівалі, ёй даводзілася выконваць і яго работу.

Самы жах быў у 1942-1943 гадах, калі было вельмі шмат параненых. Хірургі і медсёстры суткамі не адыходзілі ад аперацыйнага стала, засыналі стоячы, седзячы… 

Маці расказвала, што калі не было чым рабіць наркоз, салдатам перад умяшаннем давалі выпіць спірту, а потым аперыравалі. Часам даводзілася ўводзіць спірт унутрывенна, калі ў час аперацыі выяўлялі сур’езнае пашкоджанне ўнутранных органаў. У прыфрантавых медсанбатах не было рэнтгенапаратаў, і дактары кіраваліся прафесійнай інтуіцыяй…

Пасля вайны маці доўгі час працавала ў НДІ анкалогіі і медыцынскай радыялогіі. Аднойчы яе пацыента прыйшоў адведаць сваяк. Калі даведаўся прозвішча доктара, вырашыў з ім сустрэцца… Ад нечаканасці аслупянеў, калі пабачыў тую самую Ірынку, якая ў 1942 годзе выратавала яму жыццё. Маці прыгледзелася… і пазнала свайго былога пацыента: тады хірурга забілі і ёй давялося аперыраваць самастойна… Потым доўга яшчэ прыгадвалі тыя ваенныя дні, медсанбат, маладосць… 
Калі мы ў маці пыталіся, як прайшоў яе чарговы працоўны дзень, яна, стомленая шматгадзіннай аперацыяй, адказвала: «Ай, на вайне як на вайне!» І сапраўды, яе аперацыі доўжыліся па 8-10 і болей гадзін, але ніколі мы з сястрой не чулі, каб яна скардзілася. Кожнае пасляаперацыйнае ўскладненне або смерць хворага прапускала праз сваё сэрца, што ніколі не было раўнадушным. 

Маці была ўзнагароджана ордэнам Чырвонай Зоркі, медалями «За оборону Москвы» і «За взятие Кенигсберга».
Пасля яе смерці мінула каля двух гадоў. Але, бывае, і цяпер яшчэ часам патэлефануе хтось з былых пацыентаў і, пачуўшы сумную навіну, расчуліцца да слёз… 

Бацька мой Давідоўскі Мікалай Апанасавіч трапіў на фронт толькі ў ліпені 1944 года. Яго родная вёска Русакі была ад пачатку вайны акупаваная немцамі. Толькі ў канцы чэрвеня 1944 года паўторна былі адчынены пункты мабілізацыі, і бацька пайшоў добраахвотнікам. За дзесяць месяцаў ён быў узнагароджаны медалямі «За отвагу», «За взятие Кенигсберга» і «За победу над Германией». 

Жорсткія баі разгарнуліся каля польскай вёскі Рынек. Вызваліць яе не даваў нямецкі мінамётны разлік. Мой бацька ўзяў з сабой некалькі гранат і папоўз у яго напрамку. Яму ўдалося падабрацца незаўважаным і знішчыць разлік трапным кідком гранаты. За гэты по-дзвіг ён і атрымаў медаль «За отвагу». 

Пасля вайны бацька выкладаў вышэйшую матэматыку ў Інстытуце механізацыі сельскай гаспадаркі (цяпер Беларускі дзяржаўны аграрна-тэхнічны універсітэт). Яго паважалі і студэнты, і калегі-выкладчыкі. Аднойчы бацька на некалькі тыдняў трапіў у шпіталь з хваробай нырак. Замест яго лекцыі па вышэйшай матэ-матыцы чытаў загадчык кафедры. Калі бацька выйшаў на працу, студэнты пайшлі да рэктара інстытута і папрасілі, каб бацька перачытаў усё тое, што ў яго адсутнасць начытаў іншы лектар. Бацька тады прыходзіў дамоў толькі паабедаць — прападаў у інстытуце, выконваючы пажаданне студэнтаў і загад рэктара. Канспект па вышэйшай матэматыцы з яго лекцыямі студэнты з павагай называлі «закон божий по высшей математике».

Вось такія былі ў мяне бацькі…

Дзмітрый Давідоўскі,  Мінск.