Мінскае капішча з каменем Дзед.

З даўніх часоў у народнай традыцыі на бясплоднасць глядзелі як на вынік сурокаў, псоты, бацькоўскага праклёну або парушэнняў нормаў паводзінаў, а таксама звязвалі з нараджэннем на маладзік або ў безмесяцовыя дні. У надзеі зацяжарыць жанчыны час ад часу выкарыстоўвалі магію.

 

На дзяжы  сядзела,  да шаптухі хадзіла…

 

Магічныя дзеянні па збаўленні ад бясплоддзя складаюць асобны раздзел народнай медыцыны. Многія прыёмы прадухілення гэтай з’явы ўваходзяць у склад вясельнага абраду. Маладых абсыпалі збожжам, нявесце ў чаравік насыпалі жменю пшаніцы, садзілі яе на дзяжу, а маладых на аўчыну, дакраналіся да жаніха хлебнай лапатай, білі маладых мехам з-пад мукі. У гомельскім Палессі маладая за пазухай трымала сырое яйка, якое потым наўмысна разбівала перад вясельным сталом.

 

На Віцебшчыне існавала павер’е — калі будзе скрадзены кавалак вясельнага каравая, то маладыя застануцца бяздзетнымі.

 

Бясплоднасць амаль заўсёды прыпісвалі выключна жанчыне. Тым кабетам, якія не маюць дзяцей, забаранялі ўдзельнічаць у каляндарных і сямейных абрадах (асабліва вясельным), быць кумой, збіраць ураджай першых пладоў. Лічылі, што пасля смерці яны не могуць патрапіць у рай, што на тым свеце вужы будуць смактаць іх грудзі і г. д.

 

Часцей за ўсё бяздзетныя жанчыны звярталіся да знахараў ці шаптух, па іх парадзе пілі замоўленую ваду або адвары з розных зёлак, з кары плодных дрэў, травы руты, баравой маткі, шалфею, насення трыпутніку, спарыша, мар’інага кораня, а таксама з вузлоў нітак, якія застаюцца ад халста пры яго вырабе. У некаторых вёсках пілі малако свінні, якая карміла парасят, выпівалі яйка з двума жаўткамі, стараліся пасядзець на месцы, дзе адбываліся роды. Рэкамендавалі абкурваць памяшканне, дзе спіць жанчына, адварам святаянніка.

 

На Мазыршчыне дабывалі ў бабак-павітух парашок з высушанага «дзіцячага месца» і чвэрць лыжачкі распускалі ў кілішку гарэлкі ці вады, пілі гэта раніцай і на ноч.

 

Да каменя  па дапамогу

 

Многія жанчыны хадзілі на багамоллі, каб пакланіцца пэўным цудатворным абразам. З малітвамі і просьбамі звярталіся да прыродных сакральных аб’ектаў — камянёў, дрэў, крыніц.

 

Верылі, што ад бясплоддзя лекаваў камень Дзед, які да канца 1980-х гадоў ляжаў у Мінску на беразе ракі Свіслач насупраць сучаснага стадыёна «Дынама». Яшчэ ў пачатку 20-га стагоддзя тут захоўвалася месца былога капішча, якое называлі Малельня ля каменя. І хаця жыхары Мінска хадзілі ў хрысціянскія храмы, але з просьбамі пра патаемнае ішлі таксама да каменя і дуба. Кабеты, якія прагнулі зацяжарыць, апярэзвалі валун фартухамі, а потым тры ночы запар сядзелі на камені і пры гэтым прамаўлялі адмысловую замову. Цяпер гэты камень знаходзіцца ў Музеі валуноў у сталічным мікрараёне Уручча.

 

Каля вёскі Гарадзішча ў Воранаўскім раёне Гродзеншчыны бясплоднасць лячыў камень Вільціс. Па звестках мясцовых старажылаў, камень цяпер перасунуты на 250 метраў. Наверсе яго невялікае паглыбленне. На ранейшым месцы камень з усіх бакоў быў абкладзены невялічкімі каменьчыкамі. Спрадвеку валун лічыўся жаночым. Ён не толькі лячыў бясплоднасць, але і дапамагаў цяжарным нарадзіць здаровае дзіця, а дзяўчатам спрыяў у тым, каб пабрацца шлюбам і жыць з нарачоным доўга і шчасліва. Спачатку да каменя трэба было дакрануцца і пацалаваць, а затым звярнуцца з просьбай. За «паслугі» ахвяравалі лён, палатно, ручнікі, хусткі, вяночкі з кветак, грошы.

 

Ад бясплоддзя, верылі, лячыў і камень-следавік на ўзгорку каля вёскі Сянежыцы Навагрудскага раёна. Асабліва да яго звярталіся на Пакроў — 14 кастрычніка. Каменю за такую просьбу таксама ахвяравалі палотны, лён ды інш.

 

Да пня — па мужа!

 

На Палессі бясплодныя жанчыны хадзілі да Святых дубоў, абыходзілі іх, маліліся і прасілі дзяцей.

 

Шчаслівым дрэвам дзеля такой справы лічылі і бярозу — спрадвечны жаночы сімвал. Каля вёскі Заазер’е Бялыніцкага раёна жанчына, якая не магла зацяжарыць, пралазіла праз «вілку», якую ўтваралі дзве вершаліны бяроз. Потым здымала старое адзенне, пакідала яго на галінках і ўскладала новае, каб жыццё пачыналася нанова.

 

На Бабруйшчыне дзеля такой мэты знаходзілі ў лесе бярозавы пень са спарахнелай сярэдзінай, з якога пачыналі расці тры адросткі. З гэтых маладзенькіх бярозак лупілі кару, высушвалі, настойвалі на вадзе і пілі.

 

У вёсцы Шалавічы Слуцкага раёна ў лесе была лекавая асіна. Па парадзе знахара бяздзетныя муж і жонка ішлі ў лес і каля гэтай асіны здымалі бялізну, вешалі яе на дрэва і надзявалі новую. Верылі, што дзякуючы такому дзеянню асіне перадаецца бяздзетнасць, а самі муж з жонкай набяруцца лясной плоднасці. 

 

Вера ў дапамогу прыродных аб’ектаў дзе-нідзе захавалася і па сёння. На прошчы ва ўрочышчы Барысаў Гай паблізу вёскі Шчыткавічы Старадарожскага раёна каля паклоннай сасны праглядаецца ямка, з якой бяруць пясок у якасці лекаў ад жаночых хвароб. З такой жа мэтай бяруць  пясок і каля паклоннага каменя на полі паблізу вёскі Сорагі Слуцкага раёна.

 

За чатырнаццаць кіламетраў ад Навагрудка, у вёсцы Каменка, расце дуб, які «дае» дзяцей. Асаблівасць дрэва ў тым, што ў яго ёсць нарасты на кары, якія формай нагадваюць мужчынскія палавыя органы. Мясцовыя ўпэўнены, што жанчына, якая хоча дзяцей ці не можа зацяжарыць, павінна пацерці адростак на дубе рукамі, і ў хуткім часе яна прынясе папаўненне ў сям’ю.

 

З крыніцы  нап’юся вадзіцы…

 

Бясплоднасць, былі ўпэўненыя нашыя продкі, лечаць і святыя крыніцы. Традыцыйна ў беларускай культуры крыніца або калодзеж заўсёды мелі адносіны да жаночай сімволікі. Калодзеж адыгрываў важную ролю ў вясельным абрадзе. Маладых палівалі вадой з калодзежа, што, згодна са старажытнымі вераваннямі, дапамагала нявесце ўвайсці ў новы род. Маладая, якая ўпершыню прыйшла да калодзежа па ваду, павінна была пакласці каля яго кавалак вясельнага пірага, сыр і грошы. Вадой з новага калодзежа паілі бяздзетных жанчын.

 

Крыніцу пад Божай Гарой каля вёскі Бяседа Лепельскага раёна нават завуць Апладняючай Крыніцай. Па павер’ях, крыніца каля вёскі Сарочына Ушацкага раёна раней нібыта палягчала роды. Янаўская крыніца каля вёскі Чарневічы Глыбоцкага раёна  7 ліпеня збірае паломнікаў. Каб вылекавацца, трэба перахрысціцца і тройчы акунуцца ў купелі. Па павер’ях, бясплоднасць лечаць таксама крыніцы каля вёскі Пеніца Калінкавіцкага, Палыкавічы Магілёўскага, Старыя Стайкі і Заходы Шклоўскага раёнаў.

 

Бясплоддзе лячылі нават старыя могілкі. Каля вёскі Сіняўка Клецкага раёна ў 19-м стагоддзі знаходзіўся стары мусульманскі могільнік з каменнымі надмагіллямі. Лічылі, што ён дае цудадзейную дапамогу ў нараджэнні дзяцей. Сюды ішлі не толькі мусульманкі, але таксама іўдзейкі і хрысціянкі. На кусціках ядлоўцу яны завязвалі ручнікі або чырвоныя стужкі...