Фото носит иллюстративный характер. Из открытых источников.
Фото носит иллюстративный характер. Из открытых источников.

Мабыць, самая распаўсюджаная тэма ў народнай медыцыне — гэта збіранне і выкарыстанне лекавых раслінаў. Да зёлак нашыя продкі ставіліся з павагай здаўна, імі вельмі цікавімся і мы, асабліва калі хварэем. Ды і проста папіць гарбаты з чабору, святаянніку, мяты, ліпы — асалода! Вашай увазе — гутарка з даследчыкам народных традыцый і народнай медыцыны Таццянай Валодзінай.

 

Спадарыня Таццяна, не сакрэт, што лекавымі раслінамі карыстаецца вельмі шмат беларусаў усіх узростаў. І падаецца, што гэта проста. Знайшоў рэцэпт, сабраў альбо набыў у аптэцы ці ў бабуляў зёлкі — і лячыся сабе. А як да гэтай справы падыходзілі нашыя продкі?

 

Пачну з таго, што я ўсё ж такі філолаг, фалькларыст. І не магу ўзяць на сябе смеласць сцвярджаць, на якіх мікраэлементах заснаваная моц той ці іншай расліны. Затое з уласных шматлікіх запісаў магу сказаць, што нават сам збор зёлак уключаны ў светапоглядную сістэму беларусаў. Гэта свайго роду таямнічы рытуал, бо ён вымагае выканання пэўных правілаў. Тут дакладна абумоўлена біялагічна, што асаблівая насычанасць раслінаў гэтымі памоцнымі элементамі забяспечваецца ў пэўныя часы.

 

Думаю, многія чулі, што найбольшая моц некаторым зёлкам даецца на Купалле…

 

Народныя традыцыі сапраўды прымеркавалі асаблівы збор зёлак да Купалля. І тлумачыцца гэта не толькі натуральным буяннем раслінаў, а і тым, што Купалле, як і Каляды, — гэта час адкрытых межаў, які абумоўлівае прысутнасць на Зямлі чагосьці пазазямнога.

 

А яшчэ існуе такі жалезны закон, які называецца «дар за дар». Мы сёння кажам: «Я — табе, ты — мне», «Не падмажаш — не паедзеш», «За ўсё трэба плаціць». Гэта, так бы мовіць, правілы 21-га стагоддзя. Але ў пэўным сэнсе па гэтых правілах нашыя продкі выбудоўвалі свае стасункі з прыродай.

 

Калі збіралі асабліва рэдкія зёлкі альбо карані раслінаў, на якія, да ўсяго, проста так і не патрапіш, дык, выкапаўшы іх, у ямку клалі кавалачак хлеба. Ці прамаўлялі пэўныя фармуліроўкі. Альбо ішлі натуральна з малітвай. І, зрываючы раслінку, таксама прамаўлялі штось.

 

Ёсць такая траўка — дзіванна. Дык з ёй наогул адбываўся цэлы дзівосны рытуал. Да яе ішлі, казалі: «Дзіванна, мая панна, ты хлеб-соль прымі, а мне здароўе вярні». Вось гэта абсалютна ўкладваецца ў паняцце «Ты — мне, я — табе».

 

Сапраўды, уражвае…

 

Дарэчы, калі збіралі зёлкі на Купалле («Сёння Купала, а заўтра — Ян»), дык на Яна вельмі часта хадзілі ў царкву іх асвячаць. І гэта таксама ўкладвалася ў светапогляд беларусаў.

 

І таму такая фітатэрапія напаўнялася дзеяннямі. Калі ты не проста прыйшоў у аптэку і накупляў траў… Ты ўклаў сваю душу, заручыўся дапамогай прыроды, боскіх персанажаў… Ты заклікаў у дапамогу ўвесь свет! І толькі тады ты можаш спадзявацца на выніковасць. А не толькі таму, што расліны багатыя на цынк, калій і г. д.1 926711 scaledА ці ёсць сярод вашых запісаў узгадкі пра якія рытуалы ці традыцыі пры зборы лекавых раслінаў?

 

Ну вось крыху з запісанага мной і не мной. Глядзіце:

 

«Мая баба ўсё хадзіла там, дзе цяпер башня, там расла трава. Панна нейкая. Яна ўсё эту панну рвала. Яна эту панну ідзе рваць, адзяецца ў сьвяточнае, хвартушок белы падвязвае, хустачку беленькую завязвае і бярэ. 2012, Смыковічы Акцябрскі, ад Лукашэвіч Яўгеніі Фёдараўны, 1929 г. н., Валодзіна Т.».

 

«Нада, як зямля зацьвіціць, станеш, рукі назад, і нада стаць і ротам сарваць і зьесь эту ягадзінку. Тады ня будзець балець спіна. Сама первую. Земляніку. Эта ў старіну было. 2011, Двор Таронкавічы Гарадоцкі, Багданава Марыя Сцяпанаўна, 1934 г. н., Т. Валодзіна і У. Лобач».

 

«Да, гэта ж сягодня Купалка і песні ж такія піялі «Сягодня Купалка, заўтра Іван». Ну вот на Святога Івана дзеўкі зёлкі збіралі, гэта нада было абязацельна на Купалку збіраць усе зёлкі. Цяпер называецца зверабой, а даўней гэта трава, гэтыя зёлкі называлісь свентаян. Ён очэнь быў лячэбны ад усяго веку, ад пакуль вякоў, вот ён і называўся свентаян, патаму што празднік жа Іван. Вот па польску гэта свентаян, а па нашаму Іван. Дык вот гэта самае на Купальскую ноч сабіралі ўсе зёлкі, а на наўтро на Івана ішлі свяціць. Хто ішоў у касцёл вот свяціць, хто ішоў у цэркву, но абязацельна. Гэты зёлкі очэнь шчаталіся лячэбныя, вот када там дзеці балеюць, пугаюцца там када там, якая сабе… Цяпер жа ж лечуць таблеткамі ды ўколамі, а даўней жа лечылі. 2006, Матырына Ушацкі, ад Рудзёнак Зінаіды Аляксееўны, 1932 г. н., У. Лобач, У. Філіпенка».

 

А ці ёсць штосьці ў пісьмовых крыніцах пра тое, як чалавек вырашыў упершыню скарыстацца лекавымі раслінамі?

 

Наконт упершыню… Ну, хіба там хто першым паляцеў у космас, можам сказаць пэўна. А калі браць гісторыю, дык такога адліку, пра які вы пытаецеся, натуральна няма. Але калі браць наогул сусветную гісторыю, дык сапраўды нават падчас археалагічных раскопак знаходзілі сведчанні таго, што чалавек скарыстоўваў для той ці іншай мэты пэўныя расліны. Для чаго — гэта ўжо іншая справа.

 

Напрыклад, у Заходняй Еўропе захавалася вялікая колькасць пісьмовых помнікаў, дзе распісаны цэлы блок выкарыстання лекаў расліннага, жывёльнага, мінеральнага паходжання. І ўжо ў часы самай ранняй гісторыі ствараліся пісьмовыя помнікі.

 

Калі ж казаць канкрэтна пра тэрыторыю Беларусі, дык нашы першыя лячэбнікі (зельнікі — будзем іх так называць) — гэта зборнікі, дзе сустракаліся звесткі не толькі ўласна пра расліны, а і самыя шырокія. Пэўныя філасофскія парады, пераказы, так бы мовіць, чутак… Словам, ішоў такі летапіс жыцця. І побач з гэтым ствараліся цэлыя падборкі рэцэптаў расліннага ці жывёльнага паходжання.

 

Для тэрыторыі Беларусі важна тое, што гэта былі першыя помнікі, створаныя на польскай мове. Прынамсі, трэба назваць Спічыньскага і яго зельнік 1542 года.

 

Але я тут мушу зазначыць, што ў нас ніхто з беларускіх даследчыкаў не займаўся так шчыльна пытаннем зельнікаў, каб перабраць архівы ці аддзелы рукапісных кніг у Вільні, Варшаве, Санкт-Пецярбургу…

 

Пачынаючы ад 18-го стагоддзя такой літаратуры даволі шмат. Яна была па ўсёй Еўропе. Натуральна, была і ў нас. Таму выкарыстанне траў, кветак, дрэў для лекавання чалавека — традыцыя вельмі даўняя і добра прапісаная, у адрозненне ад магічнай практыкі.

 

І яна ж дайшла да нашага часу?

 

Так, яна мае вялікі працяг у сучаснасці. Нават трэба сказаць, што гэта, можа, і даволі кансерватыўная такая сістэма, калі мы можам адны і тыя ж парады знайсці праз некалькі стагоддзяў.

 

Той жа Спічыньскі літаральна на пачатку кнігі піша пра палын. І сярод іншага адзначае, што палын вельмі добры для сістэмы стрававання. І што ён жа выкарыстоўваецца як абарончы сродак супраць розных нячысцікаў. Палын звычайна закладвалі дзесьці каля дзвярэй ці над імі.

 

І гэтую параду я сама запісвала гады два таму. Жанчына казала, што трэба, каб галінка палыну была. У яе — на шафе. Але фактычна побач з уваходам. Я папыталася:

 

— Гэта ад мышэй?

 

— Ну, не толькі ад мышэй. Вось калі зойдзе хтось злы… Павінна бараніць.

 

Такая даўняя традыцыя.

 

А яшчэ палын — ад молі! І самае цікавае, што ў нас дома палын звычайна знаходзіцца таксама побач з уваходам! Вось не ведалі іншай сутнасці глыбокай, а так рабілі мама з татам…

 

Ну вось бачыце…
df4d8a053f4aa35bb8bac5c4c4aee552Атрымліваецца, што гэтак жа, як і замовы, рэцэпты выкарыстання лекавых раслінаў перадаюцца з пакалення ў пакаленне?

 

Але мы ўсё ж такі ў адрозненне ад замоў, якія на 90–95 % існуюць у вуснай форме, у адносінах да лекавых раслінаў можам сказаць — 50ґ50. А што тычыцца сённяшняй сітуацыі, дык пісьмовыя помнікі значна пераважаюць.

 

А вусныя веды пра расліны… Яны займаюць сваё, вядома ж, месца, існуюць, нікуды не зніклі. Але іх непараўнальна меней. Зараз існуе вялікая колькасць друкаваных выданняў — часопісаў, газет, брашураў… А ў інтэрнэце колькі ўсяго!

 

І калі супаставіць надрукаванае з вуснай формай перадачы, дык пабачым шмат агульнага. Там таксама пішуць людзі, дзеляцца сваім досведам. І не заўсёды (а лепей сказаць — даволі рэдка) напісанае суправаджаецца кваліфікаваным каментаром спецыяліста. Таму ў пэўнай ступені мы можам лiчыць, што падобная літаратура дзесьці прыраўноўваецца да традыцыйнага спосабу перадачы ведаў.

 

Але давайце вернемся да нашых традыцый і рытуалаў збірання лекавых раслінаў…

 

Увогуле, неаднаразова даводзілася чуць у экспедыцыях, што бабулі свой выхад па зёлкі суправаджалі малітваю. Яны, як вы зразумелі ўжо з запісаў, выпраўляліся не на будзённую справу… Не, гэта было такое сакралізаванае дзеянне, якое патрабавала пэўнага духоўнага настрою.

 

Прычым выкананне гэтых рытуалаў вельмі добра ілюструе такі важны для народнай культуры прынцып, як прынцып дыялогу. Чалавек, асабліва гарадской культуры, часцяком не задумваецца, што размаўляць можна не толькі з чалавекам.

 

А чалавек з вёскі, які жыве ў традыцыях, звяртаецца да той жа раслінкі, да каменя, месяца, зорак, сонца, вады… Не тое што да жывой істоты, а як у пэўнай ступені да існасці, якая цябе можа чуць і адпаведна тваім словам і тваім дзеянням адказваць.

 

Можа, і былі якія спецыяльныя малітвы, але мне не трапілася ў свой час іх запісаць. А можа, пры зборы травак прасілі сваімі словамі: «Дапамажы мне…», «Няхай мне дапаможа…», «Ты расці далей здаровенькай…» А можа, нават не абавязкова гэта было выказваць услых словамі…

 

А чым тыя, хто збірае лекавыя расліны, тлумачаць іх моц?

 

Прызнацца, такога пытання я не задавала — у параўнанні з замовамі. Але неаднаразова сустракала, што побач з раслінкамі ці разам з імі ўсё роўна дапамагае Бог.

 

Вось ірвеш ты тую траўку, прыносіш, пачынаеш яе сушыць. І ўвесь час сама сабе думаеш: «Божа, дапамажы!», «Няхай Бог дапаможа». Таму мы не можам вылучыць цалкам лекавыя расліны з таго вялікага светапогляднага комплексу народнай медыцыны, дзе ажыццяўляецца такая просьба, зварот і, адпаведна, блаславенне з боку вышэйшай сілы.

 

Дарэчы, калі браць проста замовы… Неаднаразова праходзіць такі замоўны матыў: «Божая Маці па полі хадзіла, траўкі збірала, такому і такому… помачы давала». Бачыце? Сам матыў збірання зёлак прыпісваўся вышэйшаму персанажу. У адным з першых замоўных тэкстаў Хрыстос навучае чалавека лекаваць з дапамогай раслінаў. Гэта вельмі паказальна.

 

І ў нашых замовах гэта таксама ёсць. Вось яшчэ цікавы замоўны сюжэт. «Святы Ілля гэтую траўку садзіў, а Ісус Хрыстос паліваў, а Божая Маці зрывала і такому-такому… помачы давала». Мы бачым тут, так бы мовіць, цэлы камплект сакральных персанажаў, якія робяць дабро чалавеку з дапамогай раслінаў. Таму лекаванне травамі — яно ў народных традыцыях.

 

Спадарыня Таццяна, а збіральнікі зёлак, з якімі вы зараз сустракаецеся, сталага веку ці маладыя?

 

Я раней гэтым слаба цікавілася. А калі пачала больш, дык убачыла, што зёлкамі займаюцца і мужчыны, і жанчыны. Так што нельга казаць адназначна — бабулі. Ёсць вельмі цікавыя мужчыны, досыць вядомыя, і гэта не старыя людзі. Яны з вясковымі каранямі, штосьці ўзялі ад сваіх продкаў. Але да ведаў далучылі і кніжную мудрасць. Гэта людзі начытаныя.

 

І яно і добра, і дрэнна. Добра ў тым плане, што чалавек ужо валодае пэўнымі ведамі. Усё ж такі веды ў такой сістэме патрэбныя. А дрэнна таму, што літаратура тая часцяком руская. Не, не для здароўя дрэнна, а для стану традыцыйнай народнай беларускай культуры. Размываюцца беларускія назвы зёлак, пэўныя нашы асаблівасці.

 

З аднаго боку, новыя веды — яно і нядрэнна. Вось зараз асабліва моднае ферментаванне. І не толькі скрыпень ферментуюць, а і вішню, напрыклад. Гэта неверагодна смачна і, напэўна ж, карысна. Але ўласна для культурнага фонду — страты.

 

Бо калі тая ж бабуля вясковая мае ў арсенале 7 зёлак альбо 10… Яна іх культывуе, дзесьці назірае, штосьці ўдакладняе. А калі чалавек прыйшоў начытаны, у яго з’явілася вялікае раздолле, і гэты касцяк размыўся.

 

А што тычыцца разнастайнасці рэцэптаў?

 

У цэлым вясковыя рэцэпты вельмі простыя. Што трэба ўзяць пажадана гаршчок. Не «люміневы», як кажуць. Не заліваць траўкі кіпнем, а проста гарачай вадой. Альбо каб яны настойваліся, альбо вельмі часта даводзілася чуць, што ставяць гэты гаршчок у негарачую печку.
dried herbs with essential oils using lavender and chamomileТак, і я неаднаразова такое чула!

 

Гэта стварае эфект тэрмасу, хаця і дыхае — у адрозненне ад яго. І вось стаіць той гаршчок за засланкай. Вельмі часта кажуць: «Зёлкі запарваюцца».

 

Я нават задавала пытанні:

 

— А колькі браць?

 

— А на вока. Вазьму там у пальцы, усыплю…

 

Звычайна ж — сталовую лыжку травы на шклянку гарачай вады.

 

Такой строгай меркі няма? Цікава…

 

Ну, напэўна, ёсць, калі гэта спецыяльны рэцэпт. Але для шырокага карыстання — няма. Сталовая лыжка на шклянку — звычайна для мяты, чабору, ліпы, святаянніку, трыпутніку, мацярдушкі… Для таго, чым мы не баімся лячыцца самі.

 

А яшчэ варта зазначыць, што апрача саматужных нарыхтовак у нас ёсць некалькі беларускіх фірмаў, якія ў густоўных пакунках па даволі прымальных цэнах прадаюць такія хадавыя гарбаткі. І сустракаюцца вельмі цікавыя камбінацыі. Я сама набывала. Густоўна спакаваныя. Хочацца набыць. Не тое што ты думаеш пра лекаванне, але ўсе гэтыя тэхналогіі і самі практы-кі — яны культывуюць у нас давер да травяных напояў.

 

Што гэта смачна, карысна, правільна. Што не трэба купляць якіясьці напоі з фарбавальнікамі. Памятаеце, якім папулярным калісьці быў той жа «Юпі», шыпучка?!

 

Ой, так… Дзіва ж было тады!

 

А цяпер калі аграсядзібы ў дадатак да сваіх паслуг частуюць гасцей уласнымі травянымі зборамі… І яшчэ калі іх там можна набыць па нястрашных цэнах… А там якраз-такі свае рэцэпты і скарыстоўваюцца… Я лічу, што гэта вельмі добра, калі мы граматна вучымся піць не хімію.

 

А датычна выкарыстання травак для пазбаўлення ад пэўных праблемаў са здароўем… Тут, мне падаецца, больш пытанняў. Трэба веды, трэба шмат усяго. Кансультацыя з урачом. Такое выкарыстанне не бяскрыўднае. І таму ёсць шмат прыкладаў. Ажно да выкліку хуткай дапамогі. Гэта ўжо не забаўка! І калі не проста ад кашлю ці прастуды, дык бабуліных рэцэптаў і не заўсёды бывае дастаткова. Пра гэта трэба памятаць…a06k6gtpkiwo488w0s4wskw804wc8g