Фота з архіва І. Варановіч.  
Фота з архіва І. Варановіч.  

Паставая медсястра тэрапеўтычнага аддзялення Ашмянскай ЦРБ Ірына Варановіч, здаецца, нічым не адрозніваецца ад калег: такая ж руплівая, зычлівая, уважлівая. Але калі пачынаеш з ёй размаўляць, адчуваеш яе багаты ўнутраны свет, здольнасць бачыць незвычайнае ў звычайным, ствараць прыгажосць сваімі рукамі, радаваць сябе і навакольных. Дарэчы, Ірына Варановіч — пастаянны падпісчык «Медыцынскага весніка». З самага першага нумара! 

 

Гульні ў бальніцу

 

…Той летні дзень далёкага дзяцінства ў роднай вёсцы Палужжа Карэліцкага раёна застаўся ў памяці на ўсё жыццё. Ірыне ішоў чацвёрты гадок. Разам са старэйшымі братам і сястрой яны ў полі: бацька касіў коневай касілкай гарох, а дзеці гулялі ў густой траве ў хованкі. Малую Ірыну зачаравалі прыгожыя блакітныя матылькі. Адзін з іх, здавалася, быў зусім побач, і дзяўчынка пацягнулася да яго, каб злавіць, але раптам страшэнны пякучы боль паласнуў па нагах. Малая закрычала і зайшлася плачам…

 

Ірына Варановіч:

 

Бацька не заўважыў мяне ў траве. Нажы касілкі секанулі мяне па нагах. На правай былі перарэзаны сухажыллі… Пасля гэтага здарэння бацька пасівеў, а мяне доўгі час лячылі ў нашай Карэліцкай раённай бальніцы. Была доўгаю і рэабілітацыя…

 

А калі Ірыну выпісалі, яна палюбіла гуляць у бальніцу: хуткая дапамога прывозіла «пацярпелых», а яна іх ратавала: рабіла лялькам уколы, перавязкі, выдавала таблеткі… 

 

Калі пайшла ў школу, актыўна займалася спортам і рыхтавалася паступаць у Слонімскае медвучылішча. Паспяхова скончыла яго і была размеркаваная ў Ашмянскую ЦРБ.

 

Ірына Варановіч:

 

Разам са мной накіравалі сюды яшчэ шэсць маіх аднакурсніц. Пачыналі працаваць у старым бальнічным памяшканні. Было цесна: у палатах па 6–8 чалавек. Хворыя ляжалі і ў калідоры, і нават пад лесвіцай. Я працавала ў тэрапеўтычным аддзяленні, якое было паяднана з неўралагічным. Шмат было цяжкіх неўралагічных пацыентаў, і я вельмі перажывала за кожнага…

 

Калі пачалася пандэмія, Ірына Варановіч адной з першых пачала працаваць у чырвонай зоне. Першую хвалю інфекцыі ўзгадвае, як вельмі няпросты перыяд, калі не ведалі, што чакае, як лячыць. Калі пачалася другая хваля, было ўжо больш упэўненасці, але і больш цяжкіх пацыентаў. Вярталася дахаты з перажываннямі, надарылася дэпрэсія: нічога не хацелася рабіць, нічога не радавала… Але потым вырашыла, што так жыць нельга. Трэба знаходзіць радасць у жыцці!

 

Ад дэпрэсіі — конь!

 

Яны жылі спачатку ў кватэры ў Ашмянах, дзе ў іх нарадзіліся дзве дачушкі — Марта і Насця. Потым вырашылі памяняць яе на вясковую хату. Адшукалі такую непадалёк — у вёсцы Будзёнаўка Кальчунскага сельсавета. З агародам, садам. Насадзілі кветак і разам з мужам вырашылі завесці на падворку… каня! Іван Уладзіміравіч часта дапамагае жонцы ў творчасці, падказвае сюжэты. Гэтым разам знайшоў будаўнічыя блокі, якія падгаблявалі, пафарбавалі. Атрымалiся і конь, і вазок… Калі нехта шыбуе паўз іх кветнік, абавязкова прыпыніць крок. Калі з дзецьмі ідуць, часцяком просяць дазволу на двор зайсці, каб бліжэй паглядзець.

хобби воронович 2Потым з’явіліся яшчэ тры вясёлыя мядзьведзі з гумавых колаў, чарапаха…

 

Ірына Варановіч:

 

Мая ўнучка Ксюша — самая маленькая: ёй толькі восем месяцаў, але ёй даспадобы цацкі, якія мы робім уласнаруч. А нядаўна падыйшоў да мяне пяцігадовы ўнучак Максімка і папрасіў: «Бабуля, зрабі мне Сірэнагаловага». Я паглядзела ў інтэрнэце, узялі новыя шкарпэткі, медыцынскія маскі, вату, іголку з ніткай — і пачалася работа. Тулава зрабілі як у чалавека, а галаву — як дзве сірэны. Сірэнагаловы Максімку вельмі спадабаўся, ён нават з ім спаў, а потым забраў з сабой у Мінск.

 

Некалькі гадоў таму Ірына Варановіч захапілася незвычайнай тэхнікай пляцення з папяровых трубачак.хобби воронович

Ірына Варановіч:

 

Аднойчы ў дзіцячым аддзяленні нашай бальніцы я ўбачыла жанчыну, якая пляла з папяровых трубачак вазу. Мяне гэта зацікавіла. Зайшла ў інтэрнэт і даведалася, што ў такой тэхніцы можна рабіць нават мэблю. Паспрабавала. Атрымалася. Так з’явіліся кошык для бялізны, гаршчок для кветак, хлебніца… Хачу навучыцца плесці з папяровых  трубачак дзіцячыя цацкі. Каб усё атрымалася, трэба быць вельмі ўважлівай, засяроджанай. Гэта дапамагае адключыцца ад негатыўных эмоцый.

 

А яшчэ разам з унукамі робяць маленькія вазачкі для букетаў з галінак ды каласкоў. Цяжка адвесці позірк ад гэтага хараства.хобби воронович 4

Замест шкарпэтак — гастранамічны букет

 

Асобная тэма творчасці Ірыны Варановіч — фуршэтныя сталы і гастранамічныя букеты. 

 

Ірына Варановіч:

 

Вельмі люблю ўпрыгожваць фуршэтныя сталы. Той жа ананас можна не проста паставіць на стол, а зрабіць з яго, скажам, гарэзу-папугая. З морквы ды бурака атрымліваюцца сімпатычныя кветкі.

хобби воронович 3

У бальніцы, дзе праходзілі кулінарныя конкурсы, работы Ірыны Варановіч заўсёды звярталі на сябе ўвагу. Усім запомнілася яе незвычайная кампазіцыя «Лебядзінае возера». Лебедзі — з яблыкаў, лілеі — з цыбулі…

 

А яшчэ Ірына Уладзіміраўна ўпэўнена, што замест банальнага прэзенту, накшталт шкарпэтак ці пены для галення, лепш скласці арыгінальны мужчынскі гастранамічны букет, улічваючы тыя прадукты, якім аддае перавагу ваш мужчына. Тут і каўбаскі, і рыбка, і сыр, і перчык, і часнычок… Прыгожа і апетытна.

 

Ірына Варановіч:

 

Хутка з’явяцца клубніцы, якія аздабляю невялікімі духмянымі ружамі, што пачынаюць цвісці ў нашым гародчыку… Такія букеты дару жанчынам.

 

Галоўнае, лічыць Ірына Варановіч, разумець, што душа — істота крылатая, яна павінна ўвесь час быць у палёце.