Фота з адкрытых крыніц.
Фота з адкрытых крыніц.

«Аўтар гэтай кнігі ў нашай літаратуры зусім невядомы», — пісаў прафесар Казімір Ажэхоўскі ва ўступным слове да першага тома першага ў новай Польшчы акадэмічнага падручніка па неўралогіі. На дварэ стаяў 1924 год, шосты па ліку пасля абвяшчэння Уладзімірам Леніным дэкрэта аб незалежнасці польскага народа.

 

Назваўшы аўтара падручніка «адным з тых шматлікіх, хто вярнуўся ў лона Айчыны, захапіўшы з сабой шчырую прагу да працы, падмацаваную шырокім досведам і глыбокімі ведамі», Казімір Ажэхоўскі даводзіў, што ў асобе прафесара Дзяржынскага (так звалі аўтара) польская неўралогія атрымлівае спецыяліста неабмежаваных магчымасцей.

 

А сам прафесар Уладзіслаў Дзяржынскі (на фота) тым часам лічыў сваёй радзімай сядзібу Дзяржынава ў Ашмянскім павеце, а яго іменем былі ўжо пазначаны не менш як дзевяноста навуковых прац не толькі па неўралогіі, але і па эндакрыналогіі, выдадзеных спачатку ў Расійскай імперыі, а потым у савецкай Украіне.

 

Прарок у любой айчыне

 

«У якасці асобнай навукі неўралогія з другой паловы прамінулага стагоддзя развіваецца ў хуткім тэмпе», — пісаў у прадмове да кнігі яе аўтар. Ён і быў адным з будзіцеляў гэтага тэмпу.

 

Учарашні заснавальнік клінікі нервовых хвароб пры ўніверсітэце ў Екацярынаславе, ініцыятар стварэння там гістапаталагічнай лабараторыі і бібліятэкі, першы загадчык кафедры нервовых і душэўных хвароб, потым дэкан медыцынскага факультэта, потым прарэктар, член Бюро камітэта садзеяння вучоным Екацярынаслаўскай губерніі і старшыня навуковага камітэта пры губернскім аддзяленні прафесійнай адукацыі, перш чым пераехаць у Екацярынаслаў і дасягнуць пералічанага літаральна за чатыры гады, быў прыват-дацэнтам кафедры сістэматычнага і клінічнага вучэння аб нервовых і душэўных хваробах медыцынскага факультэта Харкаўскага ўніверсітэта, членам праўлення Харкаўскай губернскай земскай бальніцы — лепшай установы для лячэння псіхічна хворых, дзе ён і кансультаваў, і выкладаў акрамя нервовых і псіхічных хвароб анатомію і хірургію, займаўся навукай. Гэта там пасля шэрагу сур’ёзных даследаванняў ён апісаў сіндром, названы яго іменем…

 

Атрымалася, што сіндром Дзяржынскага — гэта не толькі спадчынная эндакрынная паталогія dystrophia periostalis hyperplastica familiaris, звязаная з заўчасным зрашчэннем касцей чэрапа і некаторымі асаблівасцямі целаскладу. Гэта яшчэ і такі набор акалічнасцей, пры якім ты з усяе моцы ўласнага таленту намагаешся быць патрэбным там, дзе ты ёсць, а цябе адтуль вырываюць, каб ты пачынаў з нуля.

 

Да таго як трапіць у 1913 годзе ў Харкаў, выпускнік 1906 года медыцынскага факультэта Маскоўскага ўніверсітэта Уладзіслаў Эдмундавіч Дзяржынскі, толькі атрымаўшы дыплом урача, выправіўся ў сяло Бурашова Твярской губерніі, дзе па ўзоры прытулкаў, арганізаваных для псіхічна хворых у Аўстрыі, Швейцарыі, Германіі і Францыі, ужо 20 гадоў існавала псіхіятрычная калонія.

 

Набраўшыся там клінічнага вопыту, праз тры гады ён вярнуўся ў Маскву і пачаў працаваць на кафедры нервовых хвароб alma mater і адначасова ардынатарам у клініцы легендарнага неўролага Уладзіміра Рота. Сур’ёзна захоплены эндакрыналогіяй, ён абараніў дысертацыю па онта-, філа- і гістагенезу наднырачнікаў, стаўшы ў 1911 годзе доктарам медыцынскіх навук. На працягу двух наступных гадоў паміж іншымі справамі быў яшчэ і рэдактарам маскоўскай «Псіхіятрычнай газеты». Потым — Харкаў. пачынаецца вайна, якая кідае яго на Карпацкі фронт і ў шпіталь у Пензе, у 1915-м ён вяртаецца ў Харкаў, але зноў ненадоўга: у Екацярынаслаўі арганізуецца ўніверсітэт з медыцынскім факультэтам, дзе ён патрэбен не толькі як даследчык і выкладчык, але і як арганізатар.

 

І вось цяпер, калі на дварэ стаіць 1924 год, шосты год незалежнасці Польшчы, ён, ураджэнец беларускага краю, — «зусім невядомы» рэзервіст медыцынскай службы Войска Польскага, урач акружнога шпіталя ў Перамышлі, які ў вольны ад пацыентаў час узяў і за год напісаў першы том «Неўралогіі» і ўжо піша другі. Да таго часу ў Польшчы не было ніводнага падручніка па гэтай галіне медыцыны, які ўяўляў бы сабой «сціслае цэлае». Даводзілася збіраць інфармацыю па шматлікіх, пераважна замежных выданнях, і калі б не Уладзіслаў Дзяржынскі, невядома, колькі б яшчэ чакалі студэнты такое выданне — «прарыў у традыцыйнай кампаноўцы падручнікаў», «навінку ў выдавецкай канцэпцыі», «каштоўнасць і для студэнтаў, і для ўрачоў-практыкаў», «кнігу, асобныя главы якой з прыемнасцю і карысцю чытаюцца нават дасведчанымі неўролагамі»...

 

Галаваломкі

 

«У сераду 17 чэрвеня 1881 года а 3-й гадзіне ночы павінен быў выйсці са станцыі А цягнік, каб вечарам каля 11-й прыбыць на станцыю В, але ў час адпраўкі атрымана распараджэнне, каб цягнік прыбыў на станцыю В а 7-й. Пытанне: хто кахае даўжэй — мужчына ці жанчына?». Такога кшталту галаваломкамі, назваўшы іх задачкамі звар’яцелага матэматыка, забаўляўся студэнт-медык Чэхаў, які за гадоў сем да гэтага вучыўся ў Эдмунда Дзяржынскага, калі той выкладаў матэматыку ў мужчынскай гімназіі Таганрога.

 

Ці было гэта навеяна выкладчыцкай методыкай Эдмунда Іосіфавіча (Антон Чэхаў вучыўся ў яго на выдатна), ці чым-небудзь іншым — невядома. Потым у настаўніка фізікі і матэматыкі Эдмунда Іосіфавіча Дзяржынскага, надворнага саветніка, узнагароджанага за шматгадовую плённую працу на ніве адукацыі ордэнам Святой Анны ІІІ ступені, істотна пагоршылася здароўе — далі пра сябе знаць сухоты, і ён з сям’ёй выехаў з Таганрога, вярнуўся ў сядзібу продкаў Аземблава на Ашмяншчыне, пасаг Антаніны Азямблоўскай, бабкі па маці.

 

sa3vgh76

 

Дадзеная сядзібе новая назва — Дзяржынава — павінна была сімвалізаваць новае жыццё. У перабудаваным доме ў Эдмунда і Хелены, дачкі прафесара Ігнація Янушэўскага, нарадзілася яшчэ некалькі дзяцей. На згаданую ў задачцы «сераду 17 чэрвеня 1881 года» малодшаму, восьмаму ў сям’і, Уладзіславу, было два з паловай месяцы.

 

А праз год ён страціў бацьку. Хелена з дзецьмі засталася адна. Але яна была з тых жанчын, якія не скардзяцца на акалічнасці, а дзейнічаюць па сітуацыі, не наракаюць на лёс, а вырашаюць праблемы. Праўда, гэта патрабуе сіл і выдаткаў — маральных, фізічных, эканамічных. Здароўе пані Хелены не вытрывала. Ва ўзросце 15 гадоў Уладзіслаў стаў сіратой.


hbv65df87

 

На гэты час ён ужо быў далёка ад Вільні, куды сям’я перабралася, каб быць разам з бабкай Казімірай, матчынай маці, якая шмат у чым дапамагала, і каб дзеці маглі ха-дзіць у гімназію. Старэйшы за Уладзіслава на чатыры гады Фелікс гімназію ў Вільні пакінуў, не давучыўся, — яго закруціла ў віхурах сацыял-дэмакратычных гурткоў.

 

А выдатнік Уладзіслаў пайшоў вучыцца далей — паступіў у гімназію ў Пецярбургу. Чаму выпускнік Пецярбургскай гімназіі вырашыў вучыцца на ўрача не ў Пецярбургскай імператарскай ваенна-хірургічнай акадэміі, якая давала найлепшую на той час медыцынскую адукацыю, а паехаў паступаць на медыцынскі факультэт Маскоўскага ўніверсітэта, — загадка.

 

Такіх галаваломак у яго біяграфіі шмат. Некаторыя з іх логіка звязвае з братам Феліксам.

 

На час студэнцтва і першых гадоў бліскучай урачэбнай практыкі Уладзіслава Фелікс Дзяржынскі: арыштаваны, высланы, беглы, эмігрант, арыштаваны, адпушчаны па амністыі, арыштаваны, вызвалены пад залог, арыштаваны, асуджаны на пажыццёвае пасяленне ў Сібіры, беглы, арыштаваны, прыгавораны да катаржных работ, вызвалены дзякуючы лютаўскай рэвалюцыі 1917 года.

 

З перамогай наступнай, ужо кастрычніцкай рэвалюцыі малодшы Дзяржынскі займеў процьму прафесійных і асабістых праблем, звязаных і з рэарганізацыяй універсітэцкай адукацыі, і з тым, што яго дачка Соф’я, народжаная ў 1906 годзе, загарэлася ідэямі дзя-дзькі Фелікса і разам з маці, таксама Соф’яй, падалася да яго ў Маскву, пакінуўшы бацьку ў Харкаве.

 

У сваім маладым узросце яна выбірае шлях палымянай рэвалюцыянеркі і напіша пра дзядзьку кнігу. Па слядах бацькі, стаўшы ўрачом-педыятрам, пойдзе яе сястра Вера, народжаная ў другім шлюбе. З яе маці Кацярынай, удавой пракурора акружнога суда, расстралянага махноўцамі, Уладзіслаў Дзяржынскі пазнаёміцца ў Екацярынаславе. У 1922-м яны пажэняцца і ў той жа год будуць вымушаны пакінуць краіну.

 

Яго перасяленне ў Польшчу — яшчэ тая галаваломка. Існуе некалькі версій прычын, і нешта падказвае, што ўсе яны правільныя. Першая — пагроза, навіслая над Кацярынай як былой «пракуратаркай». Другая — акурат у 1920-х пачалася процьма розных рэарганізацый. Трэцяя — выкарыстанне псіхіятрыі з палітычнымі мэтамі: менавіта ў 1922-м адбыўся першы і вельмі паказальны выпадак такой стратэгіі. Чацвёртая…

 

Адны лічаць, што Фелікс Дзяржынскі дапамог Уладзіславу як брату перабрацца ў Польшчу і што стасункі ў іх былі досыць цёплыя, іншыя сцвярджаюць, што гэта былі стасункі не братоў, а ідэйных ворагаў, што на незадаволенасць Уладзіслава Фелікс як існы чэкіст адказваў пагрозамі, і што быў нават арышт ды смяротны прысуд, і калі б не ўмяшаўся Ленін, нішто б Уладзіслава не выратавала...

 

Зрэшты, гэта была толькі адтэрміноўка…

 

Заўтра была вайна

 

Кожны прыстойны горад усходняй часткі Еўропы ў першай палове 20-га стагоддзя меў вуліцу Элізы Ажэшкі: яе слава тады гучала паўсюль і тым абавязвала. Была такая вуліца і ў Лодзі. У маі 1939 года доктар Дзяржынскі пасяліўся там на шыкоўнай віле, збудаванай у модным функцыянальным стылі з яго фірмовай стужкай аконных ніш.

 

hgf542ds6 

Пяць гадоў таму ён перанёс цяжкую аперацыю, у выніку якой вымушаны насіць штучнае паднябенне, і пакінуў вайсковую службу. Пасля Перамышля ён працаваў у Кракаве ў вайсковым шпіталі і як прыватны практык, потым, у 1930-м, пераехаў з сям’ёй у Лодзь, каб прыняць удзел у адкрыцці там клінікі новага тыпу, у якой урачы дзеляцца на ўчастковых — для ажыццяўлення візітаў да хворых — і спецыялістаў, якія аказваюць дапамогу адпаведна ўрачэбнай кваліфікацыі. Ідэя паўстала на базе ўніверсітэцкага шпіталя, які быў ператвораны ў бальніцу сацыяльнага страхавання…

 

Усё гэта ва ўспамінах. Цяпер у прафесара Дзяржынскага застаюцца членства ў неўралагічным таварыстве, праца ардынатарам у неўралагічным аддзяленні той самай бальніцы, кіруючая пасада ў вайсковым шпіталі і прыватная практыка дома. Пры гэтым грошай ад малазабяспечаных пацыентаў прафесар зусім не бярэ. Адпачываць ездзіць у Дзяржынава, дзе паспявае паміж паляваннямі прымаць мясцовы люд. Прыём часта зацягваецца дапазна, гэта бачаць усе суседзі — па вокнах, якія свецяцца ўначы, але і тут ніводнага гроша ў сваіх пацыентаў пан Уладзіслаў не бярэ.

 

Тым часам набліжаецца верасень, з якім Лодзь ператворыцца ў Litzmannstadt, вуліца Ажэшкі — у Nelkenweg, вайсковы шпіталь — у Reservelazarett I, бальніца імя прэзідэнта Масціцкага — у August Bier-Krankenhaus. Са сваіх пасад у шпіталі і бальніцы Уладзіслаў Дзяржынскі будзе зняты, неўралагічнае аддзяленне ў апошняй узначаліць яго нядаўні падначалены, немец па нацыянальнасці Оскар Вінтэр.

 

Першая вялікая хваля распраў гестапа з інтэлігенцыяй горада, якая пракоціцца ў 1939-м, Дзяржынскага не закране. Прафесар працягвае прымаць пацыентаў дома, але ў той самы час сузіральнікам сітуацыі не застаецца, а пад мянушкай Владысь супрацоўнічае з падпольнай арганізацыяй. Разам з іншымі падпольшчыкамі яго арыштуюць у лютым 1942 года…

 

Апошні сеанс

 

Оскар Вінтэр не быў здраднікам. У 1942 годзе ён ужо лячыў вязняў. І калі прафесара Дзяржынскага прывезлі ў Радагошч — лагер на месцы аднаіменнай вёскі паміж Лоддзю і Згежам, — ён дабіўся перамяшчэння свайго былога кіраўніка ў памяшканне для хворых, дзе ўмовы былі трохі лепшыя. Доктар Вінтэр дапамагаў прафесару чым мог. Толькі магчымасці яго былі вельмі абмежаваныя.

 

Прафесар трымаўся годна, перад «вахманамі» галаву не схіляў. Іншым такое не даравалі. Што ратавала яго? Можа, статус прафесара, а можа, той факт, што ён брат «жалезнага Фелікса»... 20 сакавіка 1942 года адбылося адно з самых буйных публічных пакаранняў за час акупацыі Польшчы. Сто чалавек былі выведзены на плошчу ў горадзе Згеж. Карны атрад склалі трыццаць гестапаўцаў з Лодзі.

 

Вязняў з пастрыжанымі галовамі, апранутых у лёгкія кашулі або ў адну бялізну, у кепскім абутку, некаторых без шкарпэтак выводзілі з машын звязанымі ў групы, у якіх былі і старыя мужчыны, і маладыя, а ў апошняй звязцы з мужчынамі ішлі і чатыры жанчыны. Ішлі ўсе годна. Спатыкаліся, бо былі фізічна слабыя і да таго ж звязаныя. Але на твары кожнага быў невытлумачальны спакой. «Спакой не для апісання», — так пра яго сказаў сведка. Ніхто не спрабаваў вырвацца, ніхто не крыкнуў.

 

Кожны раз пасля стрэлаў па чарговай звязцы людзей урач у мундзіры СД пальцам паказваў на недабітых, і афіцэр гестапа ўласнаручна па іх страляў. Потым выводзілі новую звязку. Сведкі паведамлялі, што доктар Дзяржынскі ішоў ці ў перадапошняй, ці ў той апошняй, з жанчынамі. Целы былі закапаныя побач з дарогай. Цяпер там стаіць помнік.

 

А ў 1943 годзе ў Беларусі падчас карнай аперацыі «Герман» фашысты спалілі Дзяржынава. Ад сядзібы застаўся фундамент. Побач узведзены новы дом — як музей.