Леў Іванавіч Кураш

Дом яго, аздоблены карункамі ліштваў, стаіць у зацішным куточку вёскі Лявонпаль, што на Міёршчыне. Доктар даўно не жыве, дом мае новых гаспадароў, але гэту гісторыю трэба пачаць менавіта адсюль…

 

Doktar Kurash2

 

Doktar Kurash3На гарышчы гэтага дома былі знойдзены і адпраўлены ў музей тры прадметы: чайнік, кубачак і падсвечнік. Самыя звычайныя рэчы, якія належалі не самаму звычайнаму чалавеку. Праз апошнюю акалічнасць, а таксама праз тое, што гаспадар займаўся лячэннем людзей, чайнік стаў сімвалам нястомнасці ды ўнутранай сілы, кубак ператварыўся ў гіпакратаву чашу, а падсвечнік мае сімвалізаваць той факел, якім асвятляецца ў медыцыне шлях ведаў. «У Лявонпалі жыў такі ратаўнік, які лячыў не толькі звыклымі сродкамі, але і чароўнымі лекамі сваёй шчырай душы і натхненнем сэрца», — так пра героя гэтай гісторыі адгукнуўся яго зямляк і хрэснік Сяргей Панізнік.

 

На самой справе Леў Іванавіч Кураш быў фельчарам. Але фельчар у вёсцы — той самы ўрач. Так паэт пра яго і піша ў сваім успаміне: урач Лявонпальскай участковай бальніцы.

 

«Не было ў яго ніякай апаратуры, як цяпер ёсць, але ён адразу вызначыў, што са мной»

 

— Ён фельчар, так. Але ў яго быў дар. Ён быў доктар ад Бога. Так, бывае, гавораць і пра сённяшніх урачоў. Пра такіх, якія хочуць у сваёй справе ўсё ведаць, да ўсяго дакапацца, каб толькі здолець чалавеку памагчы. Вось ён быў такі: хацеў памагаць лю-дзям і для гэтага ведаць усё, — гаворыць жыхарка Лявонпаля Лідзія Уладзіміраўна Качан.

 

Яна больш за ўсіх памятае гэтага доктара, што «як доктар у вёсцы рабіў усё — і роды прымаў, і лячыў».

— Ад мамы помню: калі нешта ў некага баліць, трэба бегчы да Кураша — выратуе толькі ён. Гэта была наша хуткая дапамога. Быў выпадак, калі ён мяне паставіў на ногі. Я тады была яшчэ школьніцай, мне гадоў пятнаццаць было.

 

У канцы жніўня, напярэдадні навучальнага года выбраліся мы з сяброўкай у Дрысу (так тады Верхня-дзвінск называўся) купляць падручнікі. Аўтобусы ў нас не хадзілі, мы пайшлі пешшу. Напрамкі ад нас гэта каля дзесяці кіламетраў.

 

А лета было цёплае-цёплае! І ў жніўні стаяла яшчэ цеплыня. Купілі мы падручнікі і назад пайшлі. Разгарачымся, успацеем, стомімся — ляжам, на зямлі паляжым і далей ідзем. Сяк-так дайшлі. Дома я легла адпачыць, а падняцца не змагла: ногі не трымалі і рукі не дзейнічалі. Як паралізаваная. Мама напалохалася і пабегла да Кураша. Ён адразу прыйшоў, агледзеў мяне, распытаў. Не было ў яго ніякай апаратуры, як цяпер ёсць, але ён адразу вызначыў, што са мной. Сказаў, што я магла зусім не дайсці да дому, бо нельга, разагрэўшыся, класціся на сырую зямлю. І прыходзіў да мяне штодня цэлы ты-дзень. Прыносіў з сабой у паперцы шэранькі парашок, казаў, каб я абавязкова яго піла. А я яго як вып’ю — усё вакол мяне пачынае круціцца. Так непрыемна... Ён настойваў, што трэба піць, іначай не ўстану. Потым ужо мама пачала да яго па гэтыя парашкі хадзіць. І так пакрысе, паступова я паднялася на ногі. І цяпер яшчэ добра на іх стаю. А мне 90 гадоў.

 

Лідзія Уладзіміраўна ўспамінае, як у 1944-м (ёй было тады 8) пасля вызвалення Беларусі ад фашыстаў у Лявонпалі засталіся пустыя дамы. Гэта былі хаты яўрэяў. У адной з такіх хат абсталявалі бальніцу. Таццяна Кліманская, загадчыца Лявонпальскага цэнтра культуры і вольнага часу, гаспадыня музея радзімазнаўства (таго самага, дзе захоўваюцца цяпер прадметы з гарышча дома доктара Кураша), гаворыць, што была там і аперацыйная, і радзільная зала. І цяпер гэты дом стаіць…

 

Леў з Лявонпаля

 

Ён быццам названы ў гонар мясціны, якой усё жыццё праслужыў. На самай справе, Лявонпаль названы ў гонар іншага «льва» — Леона ці Лявона Лапацінскага, які тут ніколі не жыў, бо памёр за трыццаць гадоў да таго, як яго сын, брэсцкі ваявода Мікалай Тадэвуш Лапацінскі, купіў у Полацкім ваяводстве, на беразе Дзвіны маёнтак Чурылавічы і даў яму новую назву. Ён і па сёння тут стаіць, захоўваючы барочную веліч і, як прынята казаць, сляды былога хараства — палац 18-га стагоддзя, акружаны маляўнічым паркам з ліпавымі прысадамі і рэшткамі брам. Іх тут было расстаўлена не менш як паўтузіна — «для зручнасці перамяшчэння па саду і парку». Апошні ўладальнік палаца Эўзебіуш Лапацінскі быў рамантычным збіральнікам даўніны і даследчыкам нашай гісторыі. Вялікая яго заслуга — у захаванні дакументальнай спадчыны. У 1911 годзе ён паехаў адсюль, з Лявонпаля, каб займацца гістарычнай навукай, учытвацца ў рукапісы бібліятэчных калекцый і стаць ратавальнікам нашых старых папер з Віленскага архіва, якія, калі б не ён, былі б незваротна страчаны.

 

Сусвет часам любіць дражніцца ўсялякімі супадзеннямі. У тым жа 1911 годзе пакінуў Лявонпаль і 17-гадовы юнак Леў Кураш — каб за-своіць у Вільні медыцынскія веды і стаць ратавальнікам для землякоў.

 

«Каб ну хоць трошачкі быць падобным»

 

Ва ўспамінах Сяргея Панізніка сцэнка, у якой яго бацька Сцяпан запрашае доктара Кураша стаць хросным для нованароджанага сына, выглядае як маляванка — нават нягледзячы на тое, што падзея адбывалася ў 1942 годзе, калі гэтыя землі праз акупацыйны рэжым называліся Остландам.

 

«Рашучы бацька Сцяпан, — піша Сяргей Панізнік, — запрог каня і адправіўся ў Лявонпальскую царкву Святой Тройцы». Ехаў туды ён з Бабышак. Прамінуўшы вёску Смулькі і рэчку Волту, на якой стаяў млын Юзіка Пяткевіча, ён прыкмеціў мужчыну, які нёс з млына невялічкі мяшэчак з мукой.

 

Паводле народнага звычаю чалавека, які сустрэўся па дарозе ў царкву, просяць быць хросным бацькам. «Кураш Леў Іванавіч, урач Лявонпальскай участковай бальніцы, адразу згадзіўся», — піша Панізнік. Прамінулі гады — і хрэснік «лявонпальскага хвельчара» паступіў на фельчарскае аддзяленне Магілёўскага медыцынскага вучылішча.

 

Старэйшая на дзесяць гадоў сястра Сяргея Панізніка Ніна расказвала маленькаму браціку пра падзеі, якія адбываліся ў іх сям’і да яго нараджэння і ў якіх героем быў доктар Кураш: сястрыца Валя пражыла паўгода, памерла ў канцы 1938-га, а сястрыцы Лізы, народжанай у 1939-м, не стала праз няпоўныя два гады. Доктар Кураш мог бы яе выратаваць, але ў калгасе ішла пасяўная кампанія і бацьку не далі каня, каб адвезці дзіця ў Лявонпаль.

 

«І лекар не змог дапамагчы: у яго ровар канфіскавалі. А калі бацька выпрасіў каня, Лізу павезлі, але каля мельніцы ў Смульках яна памерла. Сястра Ніна была ў роспачы. У яе пачаўся дыфтэрыт, пакуты ад удушша. Спрытны бацька рознымі спосабамі дамогся каня. Завезлі Ніну ў Лявонпальскую лякарню. Кураш ратаваў яе жыццё. Ніна прыпамінала яго ўколы, увагу, супакаенні... Вось чаму пасля заканчэння Лявонпальскай школы я апынуўся ў Магілёве, каб вывучыцца на фельчара, каб ну хоць трошачкі быць падобным да хроснага бацькі — Кураша Льва Іванавіча».

 

Фельчар Кураш і фельчар Панізнік як калегі сустрэліся толькі раз ды і тое не пры прафесійных абставінах. Сяргей Панізнік напісаў у раённую газету артыкул пра свайго хроснага, а потым наведаўся ў Лявонпаль да далёкай радні — цёткі Лесцініхі, чыя сядзіба акурат суседнічала з домам Кураша. Тады Леў Іванавіч і падзякаваў хрэсніку за такую ўвагу і памяць.

 

«Хавалі яго ўсім Лявонпалем»

 

У музеі ёсць яшчэ два партрэты — мужа і жонкі Курашаў. Пры ўзіранні ў першы чуюцца словы яго колішняй пацыенткі Лідзіі Ула-дзіміраўны Качан: «Высокі хударлявы мужчына. Гаварыў спакойна, акуратна, даступна — каб чалавек яго разумеў. Сельскі інтэлігент». На другім партрэце — прыгожая маладая жанчына, жонка Льва Іванавіча. Яе звалі Марыя, але «за польскім часам» гэта была, відаць, «пані доктарава».

 

— У іх былі дзве дачкі, — расказвае Таццяна Кліманская. — Валянціна Львоўна працавала тут, у Лявонпалі, настаўніцай пачатковых класаў. Яна і мяне вучыла. Помню, што былі ў яе козачкі. Яна прывучыла іх кожную раніцу плысці ў лодцы на востраў. У нас на Дзвіне ёсць вялікі востраў, і вось яна іх туды адвозіла ў лодцы на цэлы дзень, каб яны там да вечара пасвіліся. Да апошняга гадавала коз. А другая дачка працавала ў Мінску, яе звалі Марыя Львоўна.

 

— Сям'я ў яго была вельмі харошая, — гаворыць Лідзія Ула-дзіміраўна Качан. — І людзі яго хвалілі і паважалі. Без яго на вёсцы ніякай жа не было дапамогі — ён адзін тады быў на ўсіх. Памёр у 1975-м, перад гэтым ужо не працаваў, было яму шмат гадоў. І былі тады ў нас ужо дактары. Не адзін, не тое, што раней, як пры ім — што ўсе да яго толькі беглі… Але для вёскі яго смерць была трагедыяй. Хавалі яго ўсім Лявонпалем.

 

Расказвае фотаздымак

 

У музеі захоўваецца фотаздымак 6-га (гады вучобы — з 1911-га да 1914-га) выпуску Віленскай цэнтральнай фельчарскай школы. Здымак, натуральна, варты ўвагі.

 

Doktar Kurash4

Наш Кураш — злева ўнізе, акурат над правым крылом шпіталя. Спакойны юначы твар. У адрозненне ад многіх бязвусы. Прычоска сціплая, не ў прыклад некаторым фацэтам з праборамі, начосамі і кучаравымі шавялюрамі. Відаць, што хлопец сур’ёзны, з дому выехаў па навуку.

 

У самым цэнтры яго — папячыцель Вяроўкін, віленскі губернатар, яго раставы партрэт у паўабарота, у мундзіры з крыжамі і зоркамі — сведчаннямі статуса і прызнання. Пётр Уладзіміравіч Вяроўкін у маладосці служыў у адной брыгадзе з будучым імператарам Мікалаем ІІ і потым выкарыстаў такое знаёмства дзеля добрых спраў на карысць людзей. Гэта з яго пратэкцыі была адменена забарона пісаць лацінкай.

 

Па баках ад Вяроўкіна ў буйных авалах — урачэбны інспектар Стружэнскі і дырэктар Турчанінаў. За імі ў меншых авалах — выкладчыкі: лекары, правізары, святар («законоучитель»), дазорца і наглядчык («смотритель» і «надзиратель»).

 

Пошук у памятных кніжках губерніі даводзіць, што ўсе выкладчыкі працуюць у разнастайных шпіталях, казённых і прыватных лячэбніцах, інфекцыйным бараку і санітарнай камісіі, а многія нешта і ўзначальваюць. Атрымліваецца даволі цікава: дырэктар фельчарскай школы Пётр Пятровіч Турчанінаў, доктар медыцыны, стацкі саветнік, загадвае клінікай Савіч (такая дзіўная нескланяльная назва — ад вуліцы, а вуліца — ад імя Сава, якое належала аднаму з жыхароў), ардынатар па прозвішчы Савіч (Яўстахій Кліменцьевіч, таксама выкладчык) — працуе ў шпіталі Святога Якава, а шпіталем Святога Якава, у будынку якога на Казанскай вуліцы і размяшчаецца школа фельчараў, кіруе не яе дырэктар Турчанінаў, а зусім іншы доктар — Іван Іванавіч Тур.

 

«Падвал» фотаздымка займаюць дзве цікавыя выявы: злева — будынак шпіталя Святога Якава і фельчарскай школы, справа — інтэр’ер вучэбнага кабінета, абстаўленага шкілетамі і лабараторнымі прыстасаваннямі.

 

А ўсіх вучняў на здымку — 22. Усе маладыя, усе хлопцы.