Каманда ВДМУ праводзіць гемікалэктамію. Фота аўтара.

У Беларускім дзяржаўным медыцынскім універсітэце прайшла Рэспубліканская алімпіяда студэнтаў і маладых вучоных па вучэбнай дысцыпліне «Тапаграфічная анатомія і аператыўная хірургія».

 

Майстэрства у розных напрамках

 

Удзельнікамі спаборніцтва сталі студэнты 3–6 курсаў БДМУ, ГрДМУ, ГомДМУ і ВДМУ. Будучыя хірургі дэманстравалі тэхніку выканання аортакаранарнага шунтавання, пункцыі ярэмнай вены і правабаковай гемікалэктаміі.

 

— Алімпіяда — вельмі важны этап у падрыхтоўцы добрага спецыяліста. Мы ўключылі ў праграму конкурс па анестэзіялогіі, што раней не рабілася ў краінах бліжэйшага замежжа, — заўважыла адзін з арганізатараў спаборніцтва старшы выкладчык кафедры аператыўнай хірургіі і тапаграфічнай анатоміі БДМУ Наталля Анісава. — Падзеі такога кшталту чарговы раз падкрэсліваюць важнасць зладжанай работы анестэзіёлагаў і хірургаў. А тое, што ў якасці суддзяў у нас — вядучыя спецыялісты краіны, дазваляе ўдзельнікам пераймаць вопыт старэйшых медыкаў. Акрамя таго, па выніках алімпіяды з лепшых фіналістаў будзе сфарміравана каманда для ўдзелу ў Маскоўскай міжнароднай студэнцкай хірургічнай алімпіядзе імя акадэміка М. І. Перэльмана.

 

Першы дзень спаборніцтва прынёс студэнтам-старшакурснікам іспыты на макрапрэпаратах. Канкурсантаў чакалі заданні па пяці секцыях — «Лапараскапія», «Сардэчна-сасудзістая хірургія», «Абдамінальная хірургія», «Таракальная хірургія» і «Пластычная хірургія». Для ўсіх этапаў алімпіяды арганізацыйны камітэт падрыхтаваў асобныя чэк-лісты. Так, напрыклад, ацэньваліся даўжыня шыўка, адлегласць паміж імі, герметычнасць швоў, зладжанасць каманды, час, затрачаны на працэдуру, ды інш.

 

cffcr5x65z6565

Студэнты БДМУ выконваюць катэтарызацыю ярэмнай вены пад ультрагукавой навігацыяй.

 

Фінал алімпіяды складаўся з двух этапаў. На першым старшакурснікі выконвалі катэтарызацыю ярэмнай вены пад ультрагукавой навігацыяй. На другім — праводзілі гемікалэктамію трусу. Ацэньванне канкурсантаў пачыналася з моманту падрыхтоўкі да аперацыі.

 

Лабараторныя жывёлы пад унутрывенным наркозам накіроўваліся ў кабінет ультрагукавой дыягностыкі, дзе будучыя анестэзіёлагі ставілі катэтар у ярэмную вену, а пасля гэтай працэдуры «пацыента» перавозілі ў аперацыйную, дзе павінна было адбыцца выдаленне часткі тоўстай кішкі. Дарэчы, уваход у аперацыйную на падобных спаборніцтвах, па словах выкладчыкаў, — самы «лятальны» этап, паколькі за яго здымаецца шмат балаў.

 

Пяцікурснік педыятрычнага факультэта Павел Гарбатоўскі — капітан каманды БДМУ і вядучы хірург на гемікалэктаміі. Са сваім асістэнтам Аленай Грышуковай ён працуе галава да галавы. Па ходзе ўмяшальніцтва Павел асцярожна накіроўвае калег, час ад часу пытае, ці ім зручна, а таксама адказвае на пытанні журы: што ён зараз выконвае, для чаго гэта маніпуляцыя патрэбна ды інш. «Калі будзем баяцца — нічога не зробім», — кажа будучы доктар, працягваючы аперацыю.

 

— Паша Гарбатоўскі — вельмі сціплы хлопец, — кажа пра маладога чалавека старшы выкладчык Наталля Анісава. — Ён кіруе студэнцкім гуртком і паралельна з’яўляецца прэпаратарам нашай кафедры, выконвае вялікую работу па загатоўцы матэрыялаў, часта прыходзіць па выхадных, працуе па начах. А яшчэ ўдзельнічае ў падрыхтоўцы сваіх аднакурснікаў у гуртку і пастаянна трэніруецца сам.

 

Новыя ўражанні для кожнага

 

На алімпіядзе ўдзельнікам ва ўсім спрыяюць студэнты-валанцёры: накіроўваюць інфармацыйна ці тэхнічна суправаджаюць конкурсы. Сярод добраахвотнікаў — студэнтка БДМУ Валерыя Няборская. Алімпіяда стала для дзяўчыны пляцоўкай, дзякуючы якой яна даведалася, як практычна можна прымяняць навыкі, атрыманыя на занятках. Валанцёрскі вопыт дазволіў пазнаёміцца з таленавітай моладдзю іншых ВНУ, абмяняцца парадамі для падрыхтоўкі да экзаменаў.

 

— Найбольш уражвае тое, як каманды выконваюць фінальнае заданне. Удзельнікі працуюць зладжана і хутка, быццам яны кожны дзень знаходзяцца ў аперацыйнай. Цікава назіраць за тым, як хірургі выбудоўваюць ход аперацыі, як канкурсанты валодаюць інструментамі і прымаюць рашэнні літаральна за секунды! — адзначыла дзяўчына.

 

Паралельна ў прэс-цэнтры, куды выведзены відэатрансляцыі аперацыйных сталоў, за ходам конкурса назіраюць зацікаўленыя студэнты. Прысутнічаюць нават замежныя навучэнцы, якім некаторыя нюансы тлумачаць выкладчыкі. Да экрана прыцягнута і ўвага студэнта ГрДМУ Уладзіслава Пракопіка, які прымаў удзел у аперацыях першага дня. На лапараскапічнай гастрастоме хлопец быў аператарам, а на анастамозе выконваў функцыі медыцынскай сястры. Як і многія яго аднагодкі, далучыцца да спаборніцтва студэнт вырашыў, каб выпрабаваць сябе, абмяняцца вопытам і меркаваннямі з будучымі калегамі.

 

— Першы раз удзельнічаю ў такой падзеі. Арганізатары прыдумалі вельмі складаны і цікавы фармат. Уразіла аперацыйная: тэхнічнае забеспячэнне на высокім узроўні, — падзяліўся ўражаннямі студэнт. — Я вынес шмат новага датычна тэхнічных нюансаў аперацый, у якіх быў задзейнічаны.

 

А па выніках алімпіяды першае месца заняла каманда БДМУ. Срэбра падзялілі зборныя Гродна і Віцебска, а тройку лідараў замкнулі студэнты ГомДМУ.