Фото носит иллюстративный характер. Из открытых источников.

Старшыня Мінскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі Леанід Крыванос і яго намеснік Рагнед Малахоўскі напярэдадні прафесійнага свята медыкаў наведалі супрацоўнікаў Мінскай абласной клінічнай бальніцы. Прыехалі з падарункамі ад творцаў.

 

 — Мы ведаем, што ў абласной бальніцы ёсць бібліятэка. Наша калега-пісьменніца не так даўно праходзіла лячэнне ў МАКБ і была вельмі ўражана прафесіяналізмам тутэйшых супрацоўнікаў, вельмі добрым стаўленнем да пацыентаў, а яшчэ тым, што ў палаты да хворых прыносяць кнігі. Яна распавяла пра гэта нам і прапанавала дапамагчы бібліятэцы з абнаўленнем фондаў, — гаворыць Леанід Міхайлавіч. — Вось мы і прывезлі каля сарака асобнікаў: вершы, прозу розных жанраў нашых беларускіх аўтараў.

 

Бібліятэкар абласной бальніцы Вольга Дземідовіч расказала, што пацыенты даволі ахвотна карыстаюцца паслугамі бібліятэкі, але, канечне, для гэтага трэба працаваць з чытачамі, заахвочваць іх. Зараз кніжны фонд складае больш за пяць тысяч асобнікаў, пры гэтым абнаўленне ніколі не бывае лішнім.

 

Госці з абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў сустрэліся з калектывам бальніцы. Леанід Крыванос прачытаў некалькі сваіх вершаў, прысвечаных перамозе ў Вялікай Айчыннай вайне, яе героям. Пісьменнікі і медыкі дамовіліся сустракацца і далей, тым больш, што сярод медработнікаў нямала людзей, якія пішуць уласныя творы, і, безумоўна, шмат аматараў чытання.