Фота з архіва А. Гражынскай.
Фота з архіва А. Гражынскай.

Загадчыца Жамыслаўльскага ФАПа Iўеўскай ЦРБ Ала Гражынская працуе на гэтай пасадзе толькі паўтары гады, але па выніках агляду-конкурсу ўстаноў аховы здароўя за мінулы год ФАП, які яна ўзначальвае, стаў лепшым на Гродзеншчыне.

 

Ала Уладзіміраўна лічыць сябе мясцовай, бо маці родам адсюль.

 

Ала Гражынская:

 

Жыццё нас крыху пакідала, але ўрэшце мы зноў вярнуліся на родную зямлю: я тады была ў шостым класе. Пасля школы паступіла ў Мінскае медвучылішча № 2. Па размеркаванні трапіла сюды, у Суботнікі, акушэркай. Наш ФАП адносіцца да Суботніцкай амбулаторыі ўрача агульнай практыкі. На пасадзе загадчыцы я нядаўна. І сама была здзіўлена, што наш ФАП трапіў у прызёры…

 

На пачатку работы мне вельмі дапамагала галоўная медсястра Iўеўскай ЦРБ Наталля Пясецкая. Адчуваю падтрымку і ад супрацоўнікаў Суботніцкай амбулаторыі, асабліва яе загадчыка Ігара Мацвейчыка. Калі трэба, яны і параду дадуць, і дзеяннем дапамогуць.

 

Пад патранажам Алы Гражынскай 13 вёсак у радыусе 5–7 кіламетраў. Усе вёскі, як праменьчыкі ад сонейка, бяруць пачатак ад ФАПу. Каб патрапіць з адной у другую, трэба вярнуцца ў Жамыслаўль.Grazhinskaya 2Ала Гражынская:

 

Мне выдалі скутар, але калі бярэцца на холад, іду пешшу альбо еду на сваім аўто — я ўжо 16 гадоў за рулём! І да Іўя сама езжу па лекі. На ФАПе — аптэчны кіёск. Пад маім наглядам 545 чалавек. У асноўным пенсійнага ўзросту. 14 чалавек адзінокіх. Толькі 51 дзіця. Два гады ў нас не было цяжарных. Вёска, на жаль, пусцее…

 

Фельчар ФАПа павінен быць добрым псіхолагам, упэўнена Ала Уладзіміраўна. Кожнага трэба выслухаць, многіх слова лечыць больш эфектыўна, чым таблетка.

 

Ала Гражынская:

 

Шмат было клопатаў у час пандэміі. Але я старалася не забываць і пра дыспансерызацыю. У мужчын брала аналізы на ПСА, жанчын накіроўвала на мамаграфію…

 

 Ёсць на ўчастку Алы Гражынскай і доўгажыхары, якім больш за 90 гадоў. 24 інваліды, з якіх 9 — першай групы: іх наведвае кожны месяц.

 

Ала Гражынская:

 

Многія вёскі маланаселеныя. У Навасядах, напрыклад, хаты пустуюць. Жыве толькі адзін чалавек. У Жамыслаўлі і Шаркуцях яшчэ шматлюдна, а ў астатніх — мала: па пяць, шэсць, дзесяць жыхароў. Больш за ўсё ўзроставыя пацыенты маюць праблемы з артэрыяльным ціскам. У халодны сезон ідуць у наступ вострыя рэспіраторныя інфекцыі.

 

Ала Гражынская:

 

Людзі на маім участку харошыя. Скажаш, што трэба здаць аналіз альбо абследвацца, абавязкова паслухаюць і прыйдуць на ФАП. Ведаюць, што я ім таксама не адмоўлю. Калі трэба, і лекі падвязу, і ўкол зраблю.

 

Калі еду на патранаж, абавязкова пытаюся ў пацыентаў з аддаленых вёсак, што ім прывезці. Жывём як адная вялікая сям’я! Нядаўна ўначы патэлефанавалі: у пацыенткі перадынсультны стан. Кропельніцу паставіла, выклікалі «хуткую», выратавалі…

 

У Алы Гражынскай трое дзяцей і двое ўнукаў. Дарослыя сыны жывуць у Мінску. Дачушка яшчэ школьніца. Вольнага часу практычна няма. Свая гаспадарка: свінкі, куры. А яшчэ яна дужа любіць кветкі, асабліва ружы і рамонкі. Калі ёсць хвілінка, з задавальненнем чытае медыцынскую літаратуру…