Тамара Антановіч
Злева направа:  Вольга Калечыц, урач-тэрапеўт (загадчык); Тамара Антановіч, урач-неўролаг; Юрый Даніловіч, урач-эксперт; Аліса Малістава, урач-отарыналарынголаг; Валянціна Самалюк, урач-тэрапеўт; Валянціна Махнач, старэйшая медсястра аддзялення па агляду кіроўцаў. Фота Таццяны Сталяровай, «МВ».

На чацвёртым паверсе 24-й гарадской паліклінікі спецмедаглядаў горада Мінска гучыць беларуская мова. У аддзяленні па агляду кіроўцаў працуе беларускамоўны неўролаг Тамара Антановіч. З кабінета 409 чуваць яе словы: «Сталі роўненька, галава роўненька. Вочы ў левы бок павярнулі, у правы, угару. Добра. Заплюшчылі вочы. Ногі разам, рукі ўперад выставілі, пальцы растапырылі. Вочы расплюшчылі. На дыбачкі сталі. На  пятачках прайшліся некалькі крокаў»…

 

Тамара Мікалаеўна,  адкуль пачаўся ваш шлях  да беларускай мовы?

 

З Ленінскай бібліятэкі! Там я захапілася Энцыклапедыяй беларускай архітэктуры. Калі працавала ў шпіталі інвалідаў Вялікай Айчыннай вайны ў Бараўлянах, мяне пазнаёмілі з гісторыкам і літаратуразнаўцам Адамам Мальдзісам. Я прапанавала яму з’ездзіць з намі на экскурсіі па гістарычных месцах. І мы паехалі! Стоўбцы, Жыровічы, Маламажэйкава… З вандровак прывозілі чорна-белыя плёнкі. Праяўлялі фотаздымкі і рабілі з іх выставы ў холе, каб дактары і пацыенты паглядзелі. Да вандровак мы не ведалі ні пра Мірскі замак, ні пра Нясвіжскі…

 

У сценах шпіталя ладзілі творчыя вечары з пісьменнікамі Ула-дзімірам Караткевічам, Васілём Быкавам, Янкам Брылём, Галінай Каржанеўскай, Яўгеніяй Янішчыц. Яны размаўлялі па-беларуску, а я па-руску, і мне было сорамна. Я ўсвядоміла, што дыскрыдытую беларускую мову, і вырашыла размаўляць толькі на ёй, было гэта ў 1970-я гады. Месяц хадзіла са слоўнікамі і размоўнікам, канспектавала, рыхтавалася. Даклад на паталага-анатамічнай канферэнцыі зрабіла па-беларуску. У залі шумелі, а галоўны ўрач, Пётр Іосіфавіч Ашурка, супакойваў незадаволеных…

 

Акрамя пісьменнікаў ладзілі выставы мастакоў… І дагэтуль памятаю кнігу з ілюстрацыямі Яўгена Куліка да паэмы Міколы Гусоўскага «Песня пра зубра» (доктар малюе пальцамі на стале ўяўны  памер той самай вялікай кнігі з ілюстрацыямі, каб паказаць маштабнасць працы. — Ад аўт.).

 

Тамара Мікалаеўна,  у вас шырокае кола знаёмстваў у творчым асяродку  Беларусі…

 

І не толькі! Я была старшынёй таварыства «Беларусь — Бельгія», куды ўваходзілі вельмі адукаваныя людзі. Аптэкар Клыбік, напрыклад, быў паліглотам, валодаў беларускай, рускай, чэшскай, французскай, англійскай і нямецкай мовамі. У яго кабінеце вісела карта Беларусі з пазнакай яго малой радзімы, дзе ён жыў, дзе жылі яго бацькі. І ўсім, хто прыходзіў, расказваў пра Беларусь. Бельгію я наведвала па запрашэнні беларусаў-бельгійцаў. Але ж і мы, беларусы, паказвалі бельгійскім студэнтам Беларусь, вадзілі іх у тэатры і нават рэстараны, вазілі да гістарычных помнікаў, ім падабалася…

 

А як пацыенты сёння  ставяцца да вашай беларускай мовы?

 

Вельмі добра! Заходзіць чалавек, у яго святлеюць вочы. Гэта трэба бачыць. Мне цалавалі рукі, пісалі падзякі, выходзячы з кабінета, казалі: «Вялікі дзякуй вам за мову». Праўда, аднойчы мужчына сказаў: «Не рабіце мне тут дэманстрацыю». Але я нічога не адказала, працягнула весці прыём па-беларуску.

 

А калі ён выходзіў, то сказаў: «Да пабачэння» (Тамара Мікалаеўна шчыра смяецца, узгадваючы гэты эпізод. Яе смех такі заразлівы, што і я пачынаю смяяцца разам з ёю. — Ад аўт.). Відаць, мой пацыент зразумеў, што ён жа беларус, мінчук. Калі чалавек не разумее, перакладаю, каб не было няёмка. Напрыклад: «на дыбачкі сталі» — «на носочки встали», «вочы ў левы бок» — «глаза в левую сторону». З пацыентамі  не сваруся…

 

А калі трапляюцца вам пацыенты-замежнікі, на якой мове размаўляеце з імі?

 

Аднойчы на прыём прыйшоў хлопец усходняй знешнасці. Я кажу, каб не хваляваўся, перакладу яму на рускую. А ён мне: «Спадарыня доктарка, не турбуйцеся, я цэлы год вывучаў беларускую мову». Юнак прыехаў у Беларусь з Азербайджана і вучыўся на факультэце інфарматыкі.

 

Ці практыкуюць беларускую мову вашыя  калегі з паліклінікі?

 

Тут, на жаль, не практыкуюць. Але ёсць дактары, якія размаўляюць са мной па-беларуску. Ведаю, што гучыць мова і ў іх дома. Мне здаецца, у беларусаў ёсць пэўны моўны комплекс. Але я ўжо не баюся размаўляць…

 

А якія вашыя любімыя беларускія словы?

 

«Немаўлятка», «валошка», «калі ласка».

 

Ці ёсць у вашай сям’і дактары акрамя вас?

 

Бабуля была акушэркай, у час Першай сусветнай вайны працавала медсястрой. Дачка выкладае ў Беларускім дзяржаўным медыцынскім універсітэце на кафедры паталагічнай фізіялогіі.

 

Вам не надакучвае штодзённая руціна?

 

Не надакучвае. Проста трэба ведаць сваю мэту. Калі я была доктарам і вяла прыём, мне было складана зразумець важнасць маёй сённяшняй працы ў складзе камісіі па медаглядзе кіроўцаў. Тут трэба папярэдзіць, не дапусціць. Мы баімся, каб чалавек не трапіў у аварыю, каб не забіў іншых людзей. Гэта вельмі важна — жыццё чалавека.

 

А ці здараліся забаўныя выпадкі ў вашай  практыцы?

 

Здараліся! Калі працавала ў шпіталі інвалідаў Вялікай Айчыннай вайны. Там, найперш, былі кантужаныя людзі, якія дрэнна чулі, таму дактарам даводзілася гучна размаўляць. Пры выпісцы запытвалі пацыента, як ён сябе пачувае, ці спадабаліся нашыя адносіны да яго. Адзін мужчына сказаў: «Усё добра. Толькі чаго вы крычалі на мяне ўвесь час?» Так атрымаўся анекдот. Я і зараз з вамі гучна размаўляю. Гэта практыка адтуль, са шпіталя.

 

У музеі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны нядаўна адбылася цырымонія пасвячэння маладых медыкаў у прафесію. Ці было такое свята ў вас асабіста?

 

Так, было. У сценах старога медінстытута ў Мінску. Урачыстасць добра запомнілася, а вось фотаздымкаў няма. 

 

Што пажадаеце маладым спецыялістам, якімі словамі блаславіце ў працоўны шлях?

 

Што б я пажадала? Праўдзівасці. Сярод пацыентаў сустракаецца шмат падманшчыкаў (смяецца), таму даводзіцца шукаць праўду: удакладняць, рабіць запыты. Напрыклад, у чалавека сутаргі, а ён наўмысна маўчыць пра іх, каб атрымаць дазвол сесці за руль. Чалавеку трэба верыць, але і правяраць яго словы. Хлусіць — гэта грэх. Людзі ведаюць пра гэта, але хлусяць.

 

Таксама жадаю маладым не баяцца. У доктара вельмі складаная праца. Здараецца, чалавек не хоча прыслухацца да мяне, хоць мае пытанні са здароўем. Кажа, прыдзіраюся. Але мая задача — мякка, спакойна зрабіць усё неабходнае, каб не нашко- дзіць, каб чалавек не захварэў, не загінуў. Патрэбна прафілактыка.

 

Тамара Мікалаеўна, вы веруючы чалавек?

 

Так. Калі была школьніцай і спрачалася з бацькам, ён сказаў мне: «Томачка, Бог ёсць. Мы яго не бачым, але ён ёсць. І ён бачыць усё, што мы робім». Словы таты вельмі падзейнічалі на мяне, камсамолку-атэістку. «Перамагай зло дабром», «Наперадзе няхай будзе думка, а потым слова» — біблейскія запаветы, якіх прытрымліваюся і па сёння.

 

А які ў вас дэвіз па жыцці?

 

Не рабі нічога дрэннага людзям. Рабі тое, што ты хочаш, каб табе рабілі. І стаўся да людзей так, як хочаш, каб адносіліся да цябе. Так мяне вучылі бацькі…

 

Tamara Antanovich06 171022