Фота Арцёма Гусева, Петрыкаў.
Фота Арцёма Гусева, Петрыкаў.

Калі паспяховы доктар з кандыдацкай дысертацыяй вырашыла паехаць працаваць у вёску, многія здзіўляліся. Маўляў, як можна прамяняць РНПЦ на сціплы кабінет у сельскай амбулаторыі! Але Тамара Аляксееўна кахае свайго мужа, які марыў пра ўтульны ўласны дом, і дужа любіць сваю працу, якая патрэбна ўсюды, дзе жывуць людзі. І вось ужо 9 гадоў яна працуе сельскім доктарам, з годнасцю прымаючы радасці і цяжкасці гэтай высакароднай прафесіі. Па выніках 2021 года Тамара Стакан, загадчыца Капцэвіцкай амбулаторыі ўрача агульнай практыкі Петрыкаўскай ЦРБ, прызнана пераможцай y намінацыі «Урач агульнай практыкі».

 

Незвычайная кар’ера

 

Кар’ера Тамары Стакан неардынарная. Інтэрнатуру праходзіла па педыятрыі. Потым абараніла кандыдацкую дысертацыю на тэму «Клініка-патагенетычныя механізмы ў фарміраванні хранічнага бронхалёгачнага запалення ў дзяцей». Калі перайшла на працу ў РНПЦ радыяцыйнай медыцыны і экалогіі чалавека ў Гомелі, атрымала кваліфікацыю «урач-імунолаг-алерголаг» у Інстытуце імуналогіі (Масква). А ў Капцэвіцкай амбулаторыі была патрэбна кваліфікацыя «урач агульнай практыкі», таму прайшла адпаведныя курсы ў БелМАПА.

 

Тамара Стакан:

 

РНПЦ насычаны найноўшай апаратурай, там ёсць вузкія спецыялісты, якія заўсёды могуць пракансультаваць, вялізныя магчымасці лабараторыі. А тут, калі я прыехала ў 2013 годзе, былі толькі я ды фанендаскоп. У Гомель да нас прыязджалі людзі з рэгіёнаў, мы разам з камандай выстаўлялі складаныя дыягназы. А на вёсцы я фактычна адна.

 

Вельмі цяжка было да гэтага адаптавацца. Але паступова рэалізоўвалася Дзяржаўная праграма агульнай медыцынскай практыкі, і нашу амбулаторыю цалкам абсталявалі. Сёння ў мяне ёсць усё, што трэба ўрачу агульнай практыкі. Ёсць кардыёграф, я магу на месцы дыягнаставаць ці выключыць інфаркт або іншы востры стан. Ёсць атаскоп, глюкометр, пікфлоўметр, спірометр, апарат для вымярэння ўнутрывочнага ціску, акушэрскія інструменты ды іншае.

 

У Капцэвіцкай амбулаторыі разам з Тамарай Аляксееўнай працуюць тры медсястры, лабарант, санітарка, вадзіцель. Да 16 гадзін хуткая дапамога з Петрыкава ў іх зону не выязджае. У гэты час усе выклікі прымае амбулаторыя.

 

Тамара Стакан:

 

У нас тры ложкі дзённага стацыянара, і яны вельмі запатрабаваныя, працуюць у дзве змены. Асабліва быў загружаны дзённы стацыянар падчас каранавіруса, калі людзі баяліся ехаць у бальніцу і імкнуліся трапіць менавіта да нас. Дапамагалі і дапамагаем усім. На шчасце, персанал выстаяў у перыяд эпідэміі і за два гады ніхто не захварэў.

 

Мясцовыя жыхары вельмі ўдзячныя свайму доктару і часта кажуць: «Тамара Аляксееўна, да нас сюды вас Бог паслаў». Яе працу бачыць і цэніць кіраўніцтва. Імя Тамары Стакан занесена на Дошку гонару Петрыкаўскага раёна. А летась яна атрымала Ганаровую грамату Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь.Stakan Tamara 2

Квітнеючы сад і тры кані

 

Як жа супрацоўніца РНПЦ, урач з навуковай ступенню, карэнная мазыранка апынулася ў вёсцы?

 

Гэта здарылася пасля нараджэння трэцяга сына. Са старэйшымі Тамара Стакан нават не сыходзіла ў дэкрэтны адпачынак, працавала. Але са з’яўленнем трэцяга дзіцяці вырашылі, што варта зрабіць перапынак. Муж Ігар, дарэчы ўрач-хірург, на той час працаваў у Мінску, і ўся сям’я пераехала да яго. Год жылі ў сталіцы, сыны падрасталі, і ўсё часцей дома заходзілі размовы пра тое, што ў вёсцы будзе лепш…

 

Тамара Стакан:

 

Калі мы з’язджалі сюды, большасць знаёмых круцілі пальцам ля скроні, бо кідаем кар’еру і іншыя выгоды. Адзіны чалавек, хто нас падтрымаў, — мой навуковы кіраўнік, доктар навук, прафесар Элеанора Кузьмінічна Капітонава. Яна сказала: «Тамара, якое правільнае рашэнне вы прынялі! Калі б я магла павярнуць сваё жыццё назад, то, напэўна, паступіла б гэтак жа».

 

Дом будавалі самі. Як ва ўсіх у вёсцы, у Тамары Аляксееўны ёсць сад і агарод. Козачкі — як жа без іх? А муж Ігар нават завёў коней. Даглядаць гаспадарку дапамагае малодшы сын (старэйшыя дзеці жывуць і працуюць у Гомелі).

 

У вёсцы ўсе ведаюць дом, дзе жыве доктар, а таму могуць паклікаць і ўдзень, і ўначы, у выхадны ці падчас адпачынку. Тамара Стакан не адмаўляе нікому, успрымаючы магчымасць дапамагаць як частку свайго жыцця.Stakan Tamara

Тамара Стакан:

 

Я люблю сваю працу, а таму не заўважаю цяжкасцей.  Адзінае, што мяне крыху хвалюе, — гэта стаўленне вяскоўцаў да свайго здароўя. Калі я працавала ў РНПЦ, людзі звярталіся да ўрачоў з канкрэтнымі праблемамі. А тут мы займаемся дыспансерызацыяй усяго насельніцтва. І часта бываюць сітуацыі, калі доктар зацікаўлены ў здароўі чалавека больш, чым ён сам.

 

Мы неаднаразова просім зрабіць флюараграфію, прайсці анкалагічны агляд, здаць аналізы. Самі выязджаем на дом, угаворваем. Часам, калі бачым, што мужчына зусім ужо безадказны, запрашаем яго прыйсці разам з жонкай. Просім яе прасачыць, каб муж набыў і прымаў неабходныя лекі.

 

Я стараюся на ўсіх бацькоўскіх сходах у школе, на пасяджэннях сельскага выканкама даносіць людзям, што іх здароўе трэба не нам «для птушачкі», а найперш ім самім.

 

За гады працы Тамара Стакан стала сапраўдным сямейным доктарам для сваіх пацыентаў. Яна знаёмая з жыццёвай сітуацыяй кожнай сям’і. Бывае, даводзіцца не толькі палячыць, але і наведацца ў сям’ю з дзецьмі ў разгар святаў, каб «вясёлыя» бацькі не забыліся пра свае абавязкі. А гісторыі хранічных хворых Тамара Аляксееўна ведае на памяць.

 

Тамара Стакан:

 

Я тут усіх знаю, і гэта вельмі спрашчае працу. Часам, выпраўляючыся на выклік да пацыента, магу загадзя ўявіць, што ў яго можа здарыцца.

Stakan Tamara 3 

Мары спраўджваюцца

 

Цікава, што ў прафесію Тамара Стакан прыйшла… амаль выпадкова. У дзяцінстве марыла стаць то настаўнікам, то доктарам, то артысткай. Але ніякіх канкрэтных планаў не было. Пасля заканчэння 9 класа пайшла паступаць у Мазырскае медвучылішча за кампанію з сяброўкай. У выніку сяброўка не прайшла па конкурсе, а вось Тамару прынялі. І вучоба дзяўчыне вельмі спадабалася.

 

Пазней яна ў складзе каманды Мазырскага медвучылішча прыняла ўдзел у рэспубліканскім конкурсе медыцынскага майстэрства. Палескія дзяўчаты абышлі паўтара дзясятка каманд з іншых устаноў і занялі першае месца. Тады ж ім прапанавалі на льготных умовах паступіць у Гомельскі дзяржаўны медыцынскі ўніверсітэт.

 

Тамара Стакан:

 

Падчас вучобы я 6 гадоў кіравала студэнцкім педыятрычным гуртком. Потым, ужо працуючы ў РНПЦ, выкладала студэнтам. Зараз у Капцэвіцкай школе вяду ў старшакласніц «Асновы медыцынскіх ведаў». Акрамя таго, мы арганізавалі тут Школу здароўя для дзяцей. Многія дзяўчынкі, якія наведвалі мае заняткі, выбралі для сябе медыцынскія спецыяльнасці.

 

Дарэчы, у РНПЦ Тамара Аляксееўна з задавальненнем удзельнічала ў мастацкай самадзейнасці. Таму можна сказаць, што ўсе яе мары — быць настаўнікам, доктарам, артысткай — так ці інакш увасобіліся ў жыццё.

 

Тамара Стакан:

 

Я не кар’ерыстка, даўно адаптавалася тут, ціхенька сабе працую. Мне добра ў вёсцы. Толькі часам крыху настальгую па РНПЦ, вельмі цёплыя ўспаміны пра той перыяд жыцця. Але і ў Капцэвічах я адчуваю сябе не менш патрэбнай.

 

Так, у сельскага доктара і праца, і побыт — усё па-іншаму, але сутнасць прафесіі не змяняецца. Людзі ўсюды маюць патрэбу ў дапамозе. І я рада быць тут, дапамагаць, рабіць жыццё кожнага вяскоўца лепшым, здаравейшым.

 

Так атрымалася, што акрамя асноўнай работы Тамара Аляксееўна часова, пакуль няма доктара, працуе яшчэ і ў Ляскавіцкай сельскай участковай бальніцы. А яшчэ ў Капцэвічах ёсць псіханеўралагічны дом-інтэрнат, і там таксама часта просяць дапамагчы. Так што спраў у Тамары Стакан багата!

 

Тамара Стакан:

 

Напярэдадні прафесійнага свята хачу пажадаць калегам найперш цярпення. Мы працуем з жывымі людзьмі, а яны вельмі розныя. Да кожнага варта ставіцца як да блізкага сваяка. Моцнага здароўя ўсім і, вядома, удзячных пацыентаў. Калі людзі папраўляюцца і кажуць табе «дзякуй» — гэта самае галоўнае для ўрача.

 

Фота Арцёма Гусева, Петрыкаў.