Мікалай Сямашка.
Мікалай Сямашка. Фота прадастаўлены аўтарам.

Мікалай Сямашка сёння найперш успрымаецца як аўтар лепшай у свеце мадэлі арганізацыі аховы здароўя. Ніхто яе іначай як яго іменем не называе. А што на гэта сказаў бы ён сам? Сказаў бы, што «толькі савецкая ўлада здолела стварыць такую адзіную, строга прадуманую, выстраеную на планавай аснове дзяржаўную арганізацыю аховы здароўя насельніцтва на чале з магутным кіруючым цэнтрам, які, абапіраючыся на вучэнне Леніна і Сталіна, арганізацыйна аб’ядноўвае ахову здароўя СССР, ажыццяўляючы метадалагічнае адзінства ўсёй работы па ахове здароўя».

 

Што на гэта сёння скажам мы?

 

Заплюшчыўшы вочы на таўталогію, якая ёсць, несумненна, нязбыўным пабочным эфектам рэвалюцыйнай рыторыкі, мусім пад гэтымі словамі канстатаваць найперш сціпласць яго легендарнай асобы. А па-другое, абавязкова адзначым, што мова яго не такая шурпатая, якой падаецца з-за гэтых слоў.

 

Дыферэнцыяцыя функцый і галубы

 

З трынаццацігадовага ўзросту, страціўшы бацьку, які быў адзіным кармільцам у вялікай сям’і, Мікалай Сямашка пасля гімназічных заняткаў не толькі галубоў па ялецкіх стрэхах ганяў, але і працаваў рэпетытарам. З гэтых цалкам процілеглых заняткаў другі меў больш поспеху: вельмі хутка па горадзе пайшла пра хлопца слава як пра добрага настаўніка, і бацькі, якія жадалі падвучыць сваіх дзетак, выстройваліся да яго ў чаргу.

 

У гімназіі Мікалай вучыўся заўзята, і гэты факт быў тым больш паказальны (і парадаксальны таксама), што «першую палову выкладчыкаў складалі ў ёй п’яніцы і псіхапаты, а другую — перакананыя чарнасоценцы».

 

Paradaksalnaya muzhchynskaya gimnaziyaў Yalcy

Парадаксальная мужчынская гімназія ў Яльцы.

 

На пару гадоў раней за Сямашку там вучыўся Іван Бунін, які да светлых успамінаў пра «сіненькі мундзірчык з сярэбранымі гузікамі», «прастор і гулкасць калідораў і светлых класаў, залаў і лесвіц» дадае гісторыю пра «пляшывага дырэктара з завостраным чэрапам», які за неразуменне алгебры назваў Буніна тупагаловым. Бунін знайшоў што яму адказаць: назваў яго вострагаловым. Скандал спрабавалі замяць, але Бунін вяртацца ў гімназію не пажадаў. Яшчэ адзін будучы літаратар, Міша Прышвін, вучыўся ў адным класе з Сямашкам. Аднаго разу ўзбунтаваўся супраць непаважлівага выкладання і ён, але гэтым толькі зрабіў сабе горш. 

 

На лета Мікалай з’язджаў да цёткі Сафіі. Жыла яна небагата, а побач размяшчалася вёска, якая яго так прываблівала, што да юначага ўзросту ён паспеў засвоіць усю сялянскую працу. Потым пісаў: ні на што ў новым часе яго ўменні не прыдаліся б па той прычыне, што цяжкую працу даверылі тэхніцы.

 

У доме цёткі, нягледзячы на сціпласць побыту, у чай дадавалі вяршкі, а на абед гатавалі «розную смажаніну», але пляменнік пад цётчыну незадаволенасць прысмакі ігнараваў — харчаваўся ў кухні ў кампаніі з фурманам, пастухом і дваровым работнікам, якія на абед елі рэдзьку з квасам. А як было смачна глядзець на тое, як фурман Іван, прыціснуўшы да грудзей бохан хлеба, адразае ад яго духмяную скібку! Ад так званай арганічнай тэорыі развіцця грамадства, якая тады была моднай у пэўных колах і атаясамляла чалавецтва з арганізмам і яго дыферэнцыяцыяй функцый — мозг мусіць думаць, а рукі працаваць, — юная душа Сямашкі ажно кіпела, адчуваючы ўвесь яе ўнутраны фальш: значыць, капіталістам належыць раскашаваць, а Фількам, Фомкам і Сцешкам — іх абслугоўваць?!

 

«Фількі, Фомкі і Сцешкі, якімі бязлітасна распараджаліся, былі маімі лепшымі сябрамі», — пісаў ён пасля, ва ўспамінах. Калі твой бацька — нашчадак паўстанца з заходніх зямель, то хіба можна іначай?..

 

Атэстат выдатніка выпускнік Ялецкай гімназіі Мікалай Сямашка не атрымаў толькі таму, што незадоўга да выпускнога экзамена быў выкрыты яго ўдзел у нелегальным гуртку, дзе чыталі розную забароненую літаратуру — Бялінскага, Чарнышэўскага, Дабралюбава, Герцэна… Калі твая маці — родная сястра Георгія Пляханава, то іначай і немагчыма.

 

А галубы… Адно птушанятка, якое выпала з гнязда, Мікалай закарміў мокрым хлебам — памерла. Другое карміў ужо так, як падказвалі назіранні: браў зерне, а да зерня дадаваў каменчыкі і гліну. Гэтае птушаня вырасла ў гожага птаха, які пражыў у Сямашкаў дзесяць гадоў. Жыў бы і больш, але трапіў у кіпцюры ястраба. А як Мікалай плакаў, калі развітваўся з гэтай птушкай, пакідаючы Ялец! Бо ехаў вучыцца ў Маскву.

 

Калі сава глядзіць на сонца

 

Уявіце сабе, што разбіўся барометр. Што вы з ім зробіце?..» Гэта прафесар Аляксандр Сталетаў прымае экзамен па фізіцы. Ніякі адказ студэнта не можа яго задаволіць. Неўзабаве прафесар, не вытрымаўшы, крычыць: «Выкінуць! Выкінуць трэба такі прыбор! Больш нічога!»

 

Прафесар Сталетаў — мастак задаваць пытанні, на якія ніхто не здольны знайсці адказ. Хто ведае, калі блыха не можа скокнуць? А гэта таксама пытанне сталетаўскага экзамена, хоць і яго ў экзаменацыйным білеце не знойдзеш. А ўсё таму, што фізіка — навука для кемлівых. Правільны адказ: з ідэальна роўнай паверхні.

 

Студэнты лічаць Сталетава самым страшным з выкладчыкаў. А самы добры ў іх разуменні швейцарац Фрыдрых Эрысман, якога называюць тут Фёдарам Фёдаравічам. Прафесар кафедры гігіены, ён яшчэ да нараджэння Сямашкі і яго аднакурснікаў сканструяваў такія спецыяльныя парты, за якімі цяпер усе яны вучацца, бо нельга, як ён казаў, каб веды дзіця выменьвала на здароўе. Эрысман чытае лекцыі ціха, а ў дадатак скорагаворкай, але ўсе яго слухаюць, затаіўшы дыханне, бо важны не голас, а змест.

 

А хірургію чытае ім Скліфасоўскі! А фізіялогію — Сечанаў! Васілій Ключэўскі, натуральна, гісторыю, мінералогію — сам Вярнадскі!

 

Псіхіятрыю выкладаў знакаміты прафесар Корсакаў, перакананы нервіст, як тады называлі прыхільнікаў ідэі вяршэнства нервовай сістэмы над усімі працэсамі ў арганізме. Тэрапію — Грыгорый Захар’ін, чые лекцыі за некалькі гадоў да Сямашкі слухаў Чэхаў і назваў музыкай, операй, а яго самога — Львом Талстым медыцыны. «Урач павінен быць незалежным, — гаварыў Захар’ін, — як паэт ці мастак». «Каб не пагразнуць у руціне, — павучаў ён, — трэба звяртаць увагу на ўсе асаблівасці кожнага клінічнага выпадку — індывідуалізаваць». «Хто засвоіў метад і навык індывідуалізаваць, той знойдзецца ў любым новым выпадку, дзе не будзе бачаных раней асаблівасцей, а такіх новых выпадкаў заўсёды хапае нават і ў самых дасведчаных урачоў», — гаварыў заснавальнік маскоўскай тэрапеўтычнай школы, з якім, калі верыць Чэхаву, і «проста пазнаёміцца цікава: тып».

 

Anatamichny teatr Kazanskaga ўniversiteta

Анатамічны тэатр Казанскага ўніверсітэта.

 

Не выкладчыкі — спрэс легенды. Нездарма, успамінаючы першыя месяцы ва ўніверсітэце, Сямашка параўноўваў сябе з савой, якую з цёмнага закутка выцягнулі на сонца. І да ўсяго гэта быў пачатак 1890-х гадоў, калі «за перадсвітальным туманам 80-х пачалі з’яўляцца заранкі рэвалюцыі». Здаецца, ён нарадзіўся з гэтым агнём унутры. Але «марксістам-ленінцам назаўсёды» яго зрабіла чытанне працы Леніна «Што такое «сябры народа» і як яны ваююць супраць сацыял-дэмакратаў». Ніколі нішто раней так яскрава і проста не паведамляла яму, што трэба рабіць: трэба ссунуць з дарогі бервяно, якое залегла ўпоперк, — скінуць самадзяржаўе.

 

Гэтых «Сяброў народа», як ён называў перапісаны ад рукі артыкул Леніна, ён перачытваў штодня і хаваў ад жандараў, спускаючы сшытак на вяроўцы ў дымаход. Калі чарговы раз прыйшлі з вобыскам у яго пакой, ён не паспеў такім спосабам схаваць свае іншыя запісы, і пакуль суседзі цягнулі час, дурачы прыхадням галаву, ён парваў паперкі на шматкі і кінуў у вядро, над якім незадоўга да гэтага паласкаў растворам берталетавай солі хворае горла: чарнільныя літаркі паплылі па паперы няўцямнымі плямкамі — не прачытаць.

 

І ўсё ж яго арыштавалі. Разам з мноствам іншых студэнтаў асудзілі за рэвалюцыйную дзейнасць. За іх заступіўся той самы прафесар Эрысман, Фёдар Фёдаравіч. І быў, натуральна, звольнены, і вярнуўся ў сваю Швейцарыю, хаця да Масквы прырос душой. Сечанаў сказаў, што да Эрысмана гігіена ў Расіі існавала адно намінальна, а ў яго руках стала сродкам супраць многіх недахопаў і язваў.

 

Сямашку адлічылі з Маскоўскага ўніверсітэта без права ўзнаўлення. Дыплом урача ён атрымаў ужо ў першы год 20-га стагоддзя, давучыўшыся медыцыне ў Казані — там, дзе вучыўся на юрыста старэйшы за яго на чатыры гады Уладзімір Ульянаў, кумір.

 

А першай яго пацыенткай была старэнькая з падвязанай шчакой. Доктар Сямашка не толькі палячыў ёй зуб, але і пасадзіў яе з сабой піць гарбату.

 

Па ленінскім прадпісанні

 

Праца ўрачом у Самарскай і Арлоўскай губерніях суправаджалася рэвалюцыйнай дзейнасцю, таму, канечне, новы арышт быў непазбежны. Потым Сямашка пераехаў у Швейцарыю і пасяліўся ў Жэневе, дзе нарэшце асабіста сустрэўся з Уладзімірам Леніным. У верасні 1917-га ён у Маскве — рыхтуецца да рэвалюцыі і забяспечвае медыцынскую дапамогу яе ўдзельнікам.

 

Калі ў ліпені 1918-га будзе стварацца Наркамздраў РСФСР, Ленін прапануе Сямашку пасаду наркама. Сямашка адмовіцца. Ленін адмову не прыме.

 

«Успомнім, што ідэя стварэння Народнага камісарыята аховы здароўя сустракала месцамі халоднае, а месцамі і варожае стаўленне, — прамаўляе Сямашка на адным з юбілейных сходаў. — На гістарычным для савецкай аховы здароўя паседжанні Савета народных камісараў, калі абмяркоўвалася такое пытанне, з самымі рэзкімі выпадамі супраць мяне выступалі і партыйныя таварышы, і беспартыйныя. Якіх толькі страшных і едкіх слоў не было тут гаворана! І тое, што я ствараю бюракратычную ўтопію, і што мяне заразіла рэйнаўская адрыжка…»

 

Успомнім і мы, што прафесарам Георгіем Рэйнам, які ў пачатку 1917 года ўзначальваў камісію царскага ўраду па пераглядзе ўрачэбнага заканадаўства, быў прапанаваны такі праект, што страх асацыяцыі з ім у першыя месяцы рэвалюцыі не дазваляў ніякіх аб’яднаўчых рухаў, датычных аховы здароўя. Не баяўся такой асацыяцыі хіба што Міхаіл Барсукоў, які кіраваў медыка-санітарным аддзелам Петраградскага ваенна-рэвалюцыйнага камітэта і пытанне стварэння асобнага камісарыята паставіў рубам адразу. Ленін разумеў яго парыванні, але трымаў паўзу.

 

Стварэнне наркамата ішло, як пасля ўспамінаў Сямашка, «па ленінскім прадпісанні». «Ніколі ва ўсёй гісторыі Наркамздрава «аб’яднанне ў што б ні стала» не было фетышам», — пісаў ён. «Пытанне не ставілася фармальна», таму што «salus populi заўсёды быў suprema lex».

 

Mikalaj Syamashka2

М. Сямашка на 10-годдзі Дзяржаўнага цэнтральнага інстытута фізічнай культуры, 1928 г.

 

Ці сацыялізм, ці вошы

 

«Арганізацыя створана. Пагражаюць эпідэміі», — піша Сямашка.

 

І тут, таварышы, нельга сабе ўявіць той жах, які апаноўвае мясцовасці, заражаныя сыпным тыфам, калі насельніцтва абяссіленае, аслабленае, няма матэрыяльных сродкаў, — тады любое жыццё і ўсялякая грамадскасць знікае. Тут мы гаворым, таварышы, уся ўвага гэтаму пытанню. Вошы перамогуць сацыялізм або сацыялізм павінен перамагчы вошаў», — прамаўляе Ленін на з’ездзе Саветаў.

 

«Помніце, грамадзяне, што барацьба не цяжкая, трэба быць уважлівымі ў момант эпідэміі, трэба праявіць максімум энергіі ў гэта барацьбе», — гаворыць у дзень барацьбы з халерай мінскі доктар Эдэльштэйн.

 

«Асобы, якія ўхіляюцца ад абавязковага прышчэплівання воспы, якія не паклапаціліся своечасова прарабіць абавязковае прышчэпліванне воспы дзецям, што знаходзяцца пад іхняй апекай, а таксама ўстановы, у чыім распараджэнні знаходзяцца групы насельніцтва, якія падлягаюць абавязковаму прышчэпліванню воспы, будуць адказваць перад Народным судом», — папярэджвае бабруйская газета «Камуніст».

 

«Войны людзей між сабой вядуць да бясконцых пакутаў і вялізных стратаў жыццяў; вайна з нябачным ворагам — мікробамі — вядзе да шчасця і зберажэння жыццяў многіх мільёнаў людзей, а таму далоў войны людзей між сабой і няхай квітнее вайна з мікробамі», — заклікае газета «Звязда».

 

Мендэлісты-марганісты і Карл Маркс

 

Эпідэмічная сітуацыя стала самым дзейсным каталізатарам выстройвання той сістэмы, якую ад прозвішча Сямашка ўжо не адлучыць. Хаця ён зноў сціпла напіша, што ў гэтай сістэме ўдзельнічаюць і прафсаюзы, і працоўнае заканадаўства, і жыллёвае будаўніцтва, і камунальная гаспадарка, і асветніцкая дзейнасць — ледзь не ўсе сферы грамадскага жыцця, а не адзін наркамздраў. Яно так, і ўсеагульная далучанасць напэўна адыгрывала вядучую ролю ў пераліку прынцыпаў, на якіх і паўстала сістэма Сямашкі. Але паводле яго слоў ніводзін з тых прынцыпаў не мог бы рэалізавацца без савецкай ўлады. «Толькі ва ўмовах савецкай рэальнасці магчыма было ажыццявіць прынцып участковага абслугоўвання», — заяўляе ён. Быццам земскай медыцыны не існавала. Зрэшты, з ёю ў яго былі яшчэ тыя рахункі.

 

Зусім ужо дзіўна гучыць яго заклік да ўрачоў старой школы «стрэсці з сябе руціну і коснасць, выйсці са сваіх душных майстэрань, ад малаточка і трубкі, на светлы шырокі шлях». Затое ў творах Маркса «рассыпаны цэлы шэраг указанняў, якія маюць непасрэднае і прамое дачыненне да сацыяльнай гігіены», — піша ён у артыкуле, які так і называе: «Карл Маркс і сацыяльная гігіена».

 

Буржазная медыцына пры падтрымцы «мендэлістаў-марганістаў» «імкнецца зрабіць адказным за здароўе насельніцтва біялагічны фактар, канстытуцыю, спадчыннасць, гены, тое, што прадпісвае біялогія, што рыхтуе для чалавека фатум, і ў барацьбе з ім, такім чынам, не могуць дапамагчы ні сацыяльныя рэформы, ні рэвалюцыя, ні сацыялізм, ні камунізм», — прамаўляе ён на канферэнцыі ў 1948 годзе, за год да смерці. «Ніхто не адмаўляе значэнне канстытуцыі, спадчыннасці, біялагічнага фактара ўвогуле, але рашаючую ролю ў развіцці хваробаў іграе сацыяльны фактар, умовы жыцця і працы», — сказана ў яго дакладзе «Савецкая біялагічная навука і ахова здароўя». Відаць, што лекцыі Эрысмана ён засвоіў выдатна, а вось цікава, хто яму выкладаў дарвінізм?..

 

Характэрны эпізод

 

«Гісторыя савецкай аховы здароўя вядомая ўсім, раскажу толькі адзін даволі характэрны эпізод», — піша Сямашка. Так ён называе выпадак пад час арганізацыі ў Крыме «ўсесаюзнай здраўніцы», калі вывеску «Аляксандр ІІІ» на будынку атэля перад прыездам Сямашкі спешна памянялі на «Інтэрнацыянал ІІІ». Маўляў, каб потым, калі бальшавікі сыйдуць, лягчэй было вярнуць «Аляксандр ІІІ». Тут жа расказвае пра тое, як яго смачна хацелі там частаваць, але ён адмовіўся ад усяго і харчаваўся кансерваванай зайчацінай.

 

Эпоха «збірання медыцыны», як назваў Сямашка першы час існавання наркамздрава, была, як ён піша, эпохай энтузіязма, гарэння, адданай працы. «Пайком быў мякінны хлеб, іржавыя селядцы, сахарын. Аднак жа ніхто не скардзіўся».

 

Эпілог шчаслівага чалавека

 

«Я шчаслівы», — піша Сямашка ў канцы жыцця. Шчалівы тым, што «бачыў заранкі рэвалюцыі, якія асвятлялі перадсвітальны туман, і сонца рэвалюцыі», але асабліва шчалівы на схіле дзён — тым, што «не толькі ўсё гэта бачыў, але і прымаў актыўны ўдзел у барацьбе за шчасце чалавецтва».