Доктар Фларыян Ажэшка.
Доктар Фларыян Ажэшка.

Яму дастаткова хвіліны, каб зразумець, хто перад ім: сапраўдны хворы, не здольны працягваць шлях, ці прытворшчык, які ўсё ж можа ісці далей, хоць і яго здаровым не назавеш. Здаровых тут наогул няма: у адных ліхаманка, у другіх сухоты, у трэціх ногі распухлі або расцерліся да крыві, у чацвёртых малакроўе, пятыя пакутуюць на цынгу… Доктар Ажэшка слухае лёгкія, мацае пульс, аглядае ногі — і, не знайшоўшы важкай прычыны дазволіць небараку ехаць, роўным голасам прамаўляе: «Ты можаш ісці».

 

Так некалі ішоў і ён…

 

Шлях у Сібір заняў васямнаццаць месяцаў. Калі па прадстаўленні Міністэрства ўнутраных спраў Расійскай імперыі Камітэт міністраў дазволіў часова замяніць пешае этапіраванне ссыльных на адпраўку іх пераменнымі коньмі, ён і Алена былі ўжо на месцы, у Томску. Перад гэтым у Цюмені, дзе размяшчаўся ўлікова-размеркавальны пункт з рознымі паўнамоцтвамі — ад  перапісу ссыльных і выбару стараст да вызначэння норм харчавання, — яны абвянчаліся.

 

lioqq231

 

Легенда нумар адзін

 

Алена Мількевіч была адной з тых шматлікіх дзяўчат і жанчын, якія пайшлі ў Сібір, каб дзяліць лёс з каханымі і мужамі. Ёй было 23. Фларыяну Ажэшку, выпускніку Санкт-Пецярбургскай медыка-хірургічнай акадэміі, — 28.

 

Пасля атрымання дыплома яго аднакурснік, зямляк і сябра Зыгмунд Свянціцкі паехаў стажыравацца ў Берлін, Фларыян жа, дарма што дыплом меў не горшы, таксама з адзнакай, вярнуўся на радзіму ў Кобрынскі павет, каб лячыць просты люд. І не толькі лячыў, але і школку арганізаваў для сялянскіх дзетак. Смуглы, барадаты, плячысты, ён хоць і шляхціц, і мае герб, але на выгляд прастак, ды яшчэ і падкрэслівае сваю простасць наўмыснай прымітыўнасцю мовы і знарочыстай грубаватасцю рухаў. А душу мае ўзнёслую, летуценную, якая глядзіць на свет лагодным, спагадлівым позіркам праз ясныя блакітныя вочы. Усе Ажэшкі маюць такія вочы.

 

ssee342Пётр Ажэшка.Неўзабаве наспее паўстанне, і ўсе як адзін Ажэшкі ў ім прымуць удзел. Стрыечны брат Калікст, былы прадвадзіцель дваранства Гродзенскай губерніі, другі чалавек пасля губернатара, — пазбегне пакарання, здолеўшы своечасова пакінуць межы імперыі.

 

Родны брат Пётр за тое, што падтрымае паўстанцаў грашыма і прадаставіць ім свой дом, будзе пазбаўлены маёмасці і пойдзе ссыльным у Пермскую губернію. Братавая Эліза спачатку збярэцца ісці разам з ім, але перадумае. Сама яна толькі цудам пазбегне прысуду. Фларыяна, лекара і агітатара, арыштуюць, знайшоўшы ў яго вершыкі «абуральнага зместу», канфіскуюць родавую сядзібу і прысудзяць жыць у Томску пад наглядам паліцыі без права на медыцынскую практыку. Нявеста Алена пойдзе за ім, каб дзяліць усю горыч становішча. Холад, хваробы, немагчымасць мець працу, якая пракорміць… Фларыян неяк здолее уладкавацца памочнікам у аптэку, але гэта дазволіць хіба што зводзіць канцы з канцамі.

 

І ўсё ж Сібір стане для яго домам, і ў Томску ён будзе жыць на Мільённай, а гэта нешта ды значыць. У дачыненні да яго будуць скасаваныя ўсе ранейшыя абмежаванні, у ліку якіх і права на атрыманне ўзнагарод, акрамя ордэна Святога Уладзіміра за выслугу гадоў і знака беззаганнай службы. Ён атрымае два ордэны — Святога Станіслава і Святой Ганны 3-й ступені — і стане для Сібіры легендай нумар адзін. Нават і дзіўна, што няма ў Томску вуліцы з яго прозвішчам.

 

Сумная практыка

 

Увосень 1865 года ў іх з Аленай нарадзілася першынка, дзяўчынка Стэфанія, але пражыць змагла толькі паўтара гадкі. Праз пяць дзён пасля яе пахавання бацькі мусілі развітвацца і з малодшай, з васьмімесячнай Марыяй. Народжаная ў 1869 годзе Сафія таксама памерла.

 

Да таго часу Фларыян ужо вярнуў сабе права на медыцынскую практыку, але гэта была сумная практыка. Урач у той час мог зайсці ў хату хворага — і заставалася яму толькі ўставіць свечку ў нежывую руку. Так, прынамсі, было, калі доктара Фларыяна Ажэшку запрасілі да калегі Дамініка Пацалаеўскага: небарака памёр, дачакаўшыся ўрача, але не дачакаўшыся жонкі, ад якой наўмысна з’ехаў у дальнюю вёску — каб яна не заразілася ад яго.

 

Смерць тады павадзілася зазіраць у Томску ледзь не ў кожную хату, і калі заставалася ў тых хатах яшчэ нешта светлае, дык толькі тое, што незагойныя раны стратаў пераставалі ныць пры ўсведамленні непазбежнасці хуткай сустрэчы са страчанымі.

 

Пройдзе не вельмі шмат часу, і здароўе Алены не вытрывае, яна памрэ ва ўзросце 27 гадоў, пакінуўшы каханаму мужу двухгадовага Уладзіслава і немаўлятку Браніслава, асірацелага праз чатыры дні пасля нараджэння, а да трох крыжыкаў з прозвішчам Ажэшка на томскіх могілках далучыцца чацвёрты.

 

Удава Дамініка Пацалаеўскага праз год пахавала двухгадовага сына, а яшчэ праз год — падлетка-дачку. Коця (так яе звалі) перад смерцю прасіла гаротную маці аддаць сястру Люцю за аўдавелага доктара Фларыяна, бо так прасіла, калі памірала, сама Алена Ажэшка: каб Люця, яе юная сяброўка, стала для яе мужа жонкай і мамай яе дзяцей. І паколькі гэта быў час, калі Каханне насіла вопратку Спачування і Міласэрнасці, Фларыян Ажэшка ажаніўся з Люцыяй Пацалаеўскай, маладзейшай за яго на сямнаццаць гадоў. А паколькі гэта быў яшчэ і час, у якім кожная адукаваная асоба запісвае падзеі і думкі ў дзённік, можна, мяркуючы па запісах, не сумнявацца ў тым, што Люцыя Ажэшка, у дзявоцтве Пацалаеўская, была ідэальнай маці для доктаравых сыноў. Адзін з іх, Браніслаў, пойдзе па слядах бацькі — таксама стане ўрачом.

 

ljkfkk212Фларыян і Люцыя Ажэшкі з дачкой Антанінай.У другім шлюбе, як і ў першым, будуць адзін за адным нараджацца дзеці і будуць яны паміраць. На могілках Томска ў 1870-х з’явіцца яшчэ адзін крыжык з прозвішчам Ажэшка: маленькі Фелікс-Люцыян пражыве толькі два месяцы.

 

Эпідэміі прымусяць Фларыяна Ажэшку цэлымі суткамі не з’яўляцца дома і зусім не думаць пра сябе. «Яны дагэтуль у Томску», — запіша ў свой дзённік пра мужа і жонку Ажэшкаў Эльжбета Табенская, былая ссыльная з Ліды, якая працавала ў Сібіры выхавацелькай Люці і Коці.

 

Магутны чалавек у слабы час

 

У 1872 годзе доктар Ажэшка стаў урачом турэмных бальніц. На гэтай пасадзе і заспеў яго амерыканец Джордж Кенан, які ў глыб Расіі трапіў па заданні рэдакцыі Century Magazine, бо «Сібір вельмі добра вядомая рускім, якім часткова належыць ужо тры сотні гадоў, але для амерыканцаў яна тая самая terra incognita, што і Цэнтральная Афрыка ці Тыбет».

 

Містэр Кенан аглядае бальніцу для ссыльных — двухпавярховую драўляную будыніну побач з царквой. Бальніца, разлічаная на паўсотні хворых, мусіла прытуліць іх значна больш. Кенан добра валодае рускай мовай (вывучыў, калі ў складзе каманды Western Union Telegraph Expedition даследаваў маршрут пракладкі тэлеграфа з Каліфорніі ў Маскву праз Аляску, Берынгаў праліў і Сібір), таму з драўляных таблічак, прыбітых над вузкімі ложкамі, разумее, якія хваробы апанавалі няшчасных, што і ляжаць, і сядзяць тут — і на ложках, і на падлозе. Больш як траціна хварэе на тыф. Кенан прыкмячае, што пры агульным кепскім стане бальніцы пасцельная бялізна ў хворых свежая, чыстая і што даглядаюць іх маладыя жанчыны з інтэлігентнымі, адухоўленымі тварамі. «Відаць, студэнткі-медычкі», — думае ён.

 

czddsr5Джордж Кенан пераапрануўся ў ссыльнага.У кнізе «Сібір і ссылка» Джордж Кенан згадае доктара Фларыяна Ажэшку некалькі разоў. Нібыта нейтральна, але не без сімпатыі. Апіша яго безэмацыйнасць падчас агляду ссыльных на прадмет выяўлення няздольных ісці, але факт ёсць факт. З яшчэ большай безэмацыйнасцю доктар Ажэшка прысутнічае пры цялесных пакараннях, дзе па стане здароўя вязня вызначае, колькі яшчэ разоў можна дазволіць кату ўдарыць яго. Кенан, несумненна, здагадваецца, што адчувае доктар, які павінен прысутнічаць пры такіх працэдурах, але доктар па-дзеліцца сваімі пачуццямі — горкім сорамам і гнятлівым цяжарам — не з Кенанам, а з рускім публіцыстам і даследчыкам Сібіры Мікалаем Ядрынцавым.

 

Да службы ў турэмных бальніцах далучылася праца ўрачом бальніцы пры духоўнай семінарыі. У час эпідэмій тыфу ў 1870-х і 1890-х гадах доктар двойчы хварэў сам, але паміраць яму было нельга: ён, акрамя ўсяго, член дабрачынных і асветніцкіх таварыстваў і міравы суддзя, чалавек, пра якога ўсе ведаюць, што ён не адмовіць нікому, усім дапаможа, усім параіць, і словам суцешыць, і змесцівам уласнай кішэні. «Натура Катона, сагрэтая цяплом веры, — так пра яго напіша князь Павел Сапега, назваўшы адзінай у Сібіры асобай з такой папулярнасцю ў самых розных колах, у тым ліку і ў асяродку бадзяжнікаў, разбойнікаў, бандытаў. — Ніхто на яго не нападае, бо ён дабрадзей».

 

Калі ў 1905 годзе, стаміўшыся (пенсію яму прызначылі ўсё ж нявартую яго дзейнасці, і ён вымушаны быў працаваць да апошніх дзён), доктар Ажэшка ў 70 год памрэ, газеты напішуць, што горад развітваецца «з магутным чалавекам, які бездакорна пражыў у Сібіры свае лепшыя гады і застанецца прыкладам урача ў нашым часе…»

 

Карункі памяці

 

Вуліца Мільённая ў Томску была ў той час самай прэстыжнай. Цяпер гэта праспект Леніна. Там на рагу з завулкам Чырвоным (які ў час Мільённай называўся завулкам Прасалоўскага) стаіць стары драўляны дом. Вельмі стары. Наўскасяк сцены, дах набакір. Каб ён не абваліўся, яго падпіраюць брусы. Нельга такі дом проста знесці, як звычайную пабудову, якая сваё аджыла. Дом гэты да рэвалюцыі належаў удаве Люцыі Дамінікаўне Ажэшка. Тут праходзілі дабрачынныя вечары, канцэрты са зборам сродкаў, аматарскія спектаклі з той жа мэтай, у гэтых жа сценах размяшчалася бібліятэка, тут жа Люцыя Ажэшка арганізавала пансіён для моладзі, якая прыяз-джала вучыцца ў Томск. Цяпер гэты дом — прадмет культурнай спадчыны, якая мае прыгожую назву «драўляныя карункі Расіі».

 

kcbvgcvvfВуліца Мільённая ў Томску таго часу.

 

Да гэтых карункаў далучыліся ў першай палове 20-га стагоддзя драўляныя дамы архітэктара Вікенція Ажэшкі. Малодшы сын доктара Фларыяна і высакароднай пані Люцыі быў гласным гарадской думы, выкладчыкам тэхналагічнага інстытута, членам камітэта па добраўпарадкаванні Томска, гарадскім архітэктарам і аўтарам такіх шэдэўраў, як каменны трохпавярховік Сібірскага таварыства друкарскай справы, «дом з драконамі», капліца на магіле старца Феадора пры Аляксееўскім манастыры і многіх іншых.

 

Пастскрыптум

 

Старэйшы брат Фларыяна Пётр прабыў у ссылцы ў Пермскай губерніі нядоўга — ужо ў 1867-м ён вярнуўся па амністыі, але быў вельмі слабы, увесь час хварэў і ў 1874 годзе памёр. Братавая Эліза стала вядомай пісьменніцай Элізай Ажэшкай і зрабіла Фларыяна адным з герояў сваёй навэлы «Яны». Да яе ў Гродна прыязджалі з Томска яго дзеці, і яна прымала іх як родная цётка. Браніслаў Ажэшка, які стаў урачом, пасля 1921 года цікавіўся ў архіве, якія маёнткі на нашай зямлі належалі яго бацьку і дзядзьку.

 

Вікенцій Ажэшка, архітэктар, з пачаткам Першай сусветнай вайны апынуўся ў Магілёве, далей яго лёс невядомы. Люцыя з унукам пры савецкай уладзе пераехала жыць у Польшчу. Мяркуючы па колькасці дзяцей Фларыяна, якія выжылі і сталі дарослымі, яго патомкаў сёння нямала. Калі б нехта з іх прачытаў гэты артыкул, аўтару было б вельмі прыемна.

 

sae453ffffdСын доктара Фларыяна архітэктар Вікенцій Ажэшка на фоне ўласнага дома, спраектаванага ім самім.