Прафесар Таццяна Бірыч і асістэнт Эмілія Краўцова разглядаюць здымак вока з іншародным целам.
Прафесар Таццяна Бірыч і асістэнт Эмілія Краўцова разглядаюць здымак вока з іншародным целам. Фотаздымак прадастаўлены Музеем гісторыі медыцыны БДМУ.

Пра легенду афтальмалогіі Таццяну Бірыч варта было б здымаць не дакументальныя пяціхвілінкі для кіначасопісаў, як гэта любілі рабіць яшчэ пры яе жыцці, а паўнаметражную мастацкую стужку. У ёй так эфектна можна было б падаць уступныя цітры… Толькі ўявіце, як літаркі з оптаметрычнай табліцы Сіўцава складаюцца на экране ў імёны ўдзельнікаў здымачнай групы!

 


Першыя кадры

 

Tatyana BirichТаццяна БірычРазбураны выбухам вугал будыніны прыёмнага пакоя 1-й Савецкай бальніцы і белая кушэтка ў пырсках раструшчанай цэглы. Побач дыміцца варонка. Гудуць бомбы, стогнуць параненыя пацыенты, мітусіцца разгублены медперсанал. Маленькая худзенькая жанчына з перакінутым цераз плячо процівагазам выкрыквае: «Расстраляю!»

 

За ўступнымі цітрамі

 

Доўг прадпісвае ім ратаваць хворых, але сэрцы рвуцца на часткі, свядомасць паралізуецца страхам за родных, якія цяпер невядома дзе.

 

— Мне б да дзяцей, Таццяна Васільеўна, — умольвае загадчыца бальнічнага прадуктовага склада.

 

— Таварыш Валько, якія дзеці?! Вайна! Хто будзе карміць хворых і параненых, калі мы з вамі сыдзем?

 

Здаецца, што ў гэтай трыццацішасцігадовай жанчыны няма сэрца, а замест нерваў вяроўкі. Але гэта не так. Яна сакратар партыйнай арганізацыі бальніцы, а цяпер на ёй яшчэ і абавязкі галоўнага ўрача, у яе падпарадкаванні шэсць дзясяткаў супрацоўнікаў, якім лепш не ведаць, што ў яе з сэрцам і нервамі насамрэч.

 

Дачушка Тамара ў бацькоў у Барысаве, але вайна — паўсюль вайна. Ужо трэці дзень вайна. Супакойвае толькі пагляд на доктара Клумава: нягледзячы на паважны ўзрост, ён не прыйшоў — прыбег у бальніцу, як толькі пачаліся бамбёжкі, і цяпер з усімі разам выносіць параненых. Насілак не хапае — нясе на руках. І такую праяўляе вытрымку, што моладзі даводзіцца падвойваць старанні.

 

Ноччу яна дабярэцца да штаба па эвакуацыі, дамовіцца аб эшалоне для сваіх пацыентаў, і калі яны будуць адпраўлены на ўсход, пойдзе ў Барысаў пешкі, не скеміўшы, што магла б пад’ехаць з імі.

 

Рэтраспекцыі

 

Доўгая хада абуджае ўспаміны пра далёкія гады дзяцінства, думкі лунаюць у вёсцы Лошніца, дзе ў маленькай бальніцы працуе акушэркаю мама Марыя Лявонцьеўна. Таня можа гадзінамі назіраць, як завіхаюцца медыкі, даючы рады хворым. Тады ж і нараджаецца ў яе мара лячыць людзей. І робіцца вельмі канкрэтнай, калі Таня даведваецца, што ўсе як адзін жыхары адной з вуліц Лошніцы хварэюць на трахому і ніхто не можа гэтую навалач перамагчы. Найболей шкада старэнькага дзеда Трахіма, чыё імя нават з назвай хваробы сугучнае. «Вылячыць, іх трэба вылячыць», — паўтарала яна сабе... 

 

У Барысаве бацька сустрэне Таццяну як дэзерцірку.

 

— Што гэта ты надумала?! Куды і нашто нам сыходзіць?! Нашы бамбяць Берлін, а ты, камуністка, паніку сееш?!

 

З бацькам не паспрачаешся. Ён перад гэтым выставіў з хаты роднага сына за такую ж самую прапанову: хутчэй збірацца і ехаць. Барадой і вусамі Васіль Самуілавіч нагадвае Кірава, свайго аднагодку, «усесаюзнага старасту», а характар мае такі, што з сына батрака ператварыўся ў дырэктара.

 

Выпускнік Нясвіжскай настаўніцкай семінарыі, у 1900-м ён узначаліў занядбанае Лошніцкае народнае вучылішча, а потым, вывеўшы яго на належны ўзровень і атрымаўшы званне Заслужанага настаўніка школ, быў запрошаны працаваць у Барысаў. Значна пазней, ужо пасля вайны, у 1951 годзе запатэнтуюць яго наглядны дапаможнік па навучанні правілам арыфметычных дзеянняў. Яго варыянт папулярных у той час так званых арыфметычных скрыняў будзе выглядаць як раз’ёмны футляр з аддзяленнямі для кубікаў, табліцай лічбаў і здымнай крышкай, разграфленай на квадраты. А пакуль што Васіль Самуілавіч па-настаўніцку строга глядзіць на дачку: бач, што надумала! Эвакуіравацца ўсёй сям’ёй. 

 

І ўсё ж такі яна ўгаворыць бацькоў перабрацца за Волгу. А там упросіць ваенкамат узяць яе на ўлік, нягледзячы на тое, што дачушцы Тамары ўсяго два гадкі.

 

Буйным планам

 

Яшчэ да вайны яна абараніла кандыдацкую дысертацыю. Цяпер у Саратаве яна і ў эвакашпіталі працуе, і загадвае аддзяленнем у ваенным шпіталі, і неўзабаве ўзначаліць кафедру ў медінстытуце. Ваенны ўрач другога ранга, зноў яна ўсімі камандуе. То ёй недастаткова чыста, то ў некага, на яе думку, дысцыпліна пакульгвае. Маленькая, худзенькая, а такая ўчэпістая, такая строгая… Аднаго разу нават прафесару запярэчыла!

 

Прывезлі ў шпіталь камісара, параненага пад Сталінградам. Прафесар пастанавіў выдаліць пашкоджанае левае вока, бо іначай камісар можа страціць і правае. А камісар яшчэ і не чуе — кантужаны. Таццяна піша яму на паперцы рашэнне прафесара — і сэрца яе заходзіцца ад жалю да няшчаснага: яна бачыць, як па яго шчаках слёзы коцяцца. Да вайны яна ў Мінску ўжо нават пластычную хірургію практыкавала, таму… А што, калі…

 

— Іван Афанасьевіч, гэта ж не тэрмінова. Можна ж дзён сем пачакаць. Дазвольце, я паспрабую…

 

І паспрабавала. Аперыравала так засяроджана, так зацята, што рукі не ўздрыгнулі нават тады, калі ў аперацыйнай бамбёжкай выбіла шыбы. Праз тры тыдні камісар прачытаў левым вокам ажно сем радкоў.

 

«От жа ўпартая беларуска», — гаварылі пра Таццяну Бірыч усе — і тыя, хто палюбіў яе за стараннасць прынцыповасць, і тыя, каму гэтыя яе рысы мулялі.

 

Яе ўпартасць памнажалася на прыроджаны аптымізм і злучалася з палымяным — ад бацькі — патрыятызмам. А ўсё гэта разам апынулася досыць «заразным», і вось ужо ў вольны час супрацоўнікі аддзялення шпіталя дружна робяць рамонт памяшканняў, атынкоўваюць сцены, беляць столь… Вось яна арганізоўвае гістарычны гурток і чытае цікавыя лекцыі… Вось яе выбіраюць парторгам…

 

А вось яна як парторг дамаўляецца са старшынёй калгаса пад Саратавам, той вылучае шпіталю пяць гектараў зямлі і стары няспраўны грузавік, спраўныя пацыенты яго рамантуюць, і ўсе, хто можа, — урачы, медыцынскія сёстры, санітары, акрыялыя хворыя — ездзяць працаваць на гэтай зямлі, каб мець свае бульбу, гародніну і кавуны. Дзіва што восенню 1945-га ўсе будуць плакаць: і доктар Бірыч, што прыняла рашэнне вярнуцца ў Мінск, і калегі з пацыентамі, яе право-дзячы… У кастрычніку яна ўжо ўзначаліць кафедру хвароб вачэй у Мінскім медінстытуце і будзе наводзіць парадак у разбуранай бомбамі 1-й Савецкай бальніцы, якая пасля вызвалення Мінска стала называцца 3-й гарадской клінічнай бальніцай. Там цяпер на шостым корпусе яе мемарыяльная дошка.

 

А табліцы Сіўцава для стварэння ўступных цітраў да фільма недастаткова: у ёй толькі сем літар, якіх не хопіць для напісання кароткага прозвішча Бірыч.

 

Professor i pacient

Прафесар і пацыент. 1973 год.

 

Паралельны сюжэт

 

У 1944 годзе ў лагер смерці «Азарычы» разам з роднымі і больш чым паўсотняй тысяч іншых няшчасных трапляе дзевяцігадовы Уладзік. Бабуля, бабулечка Волечка, як ён яе называе, спрабуе сагрэць сабою ўнука, але раптоўна памірае і літаральна саслізгвае па дзіцячым тулаве ў мокры халодны бруд, у якім яны, вязні, усе стаяць голыя, босыя. Паліцай прымушае Уладзіка валачы бабуліна цела, але хлопчык не можа, і тады ў яго твар ударае каваны бот. Да вызвалення Беларусі застаецца некалькі месяцаў…

 

Уладзік выжыве.

 

Пасля вайны яго бацька будзе працаваць дырэктарам школы. І будзе ў іх вёсцы шмат хворых на трахому, а хлопчык Сярожа апынецца ад нараджэння сляпым, і так яго будзе шкада, што Уладзік дасць сабе слова стаць урачом і хоць нешта зрабіць для Сярожы.

 

Цяпер Уладзіславу Бірану 88 гадоў. Я даведалася пра яго праз артыкул у старым часопісе «Камуніст Беларусі». Артыкул прысвячаўся 70-годдзю Таццяны Бірыч і пісаўся з нагоды прысваення ёй звання Героя сацыялістычнай працы. У тэксце яго імя названа ў пераліку «маладога папаўнення яе мірнай арміі». Ула-
дзіслаў Платонавіч з радасцю адгукнуўся на просьбу расказаць пра сваю  настаўніцу ў медыцыне.

 

— Бірыч — герой сапраўдны, — першае, што ён сказаў пры сустрэчы. —  Раскажу пра яе, раскажу…

 

Уладзіслаў быў школьнікам, калі яго бацьку Платона Бірана запрасілі ў Мінск, у Прэзідыум Вярхоўнага Савета рэспублікі, каб уручыць пасведчанне Заслужанага настаўніка БССР. У той жа дзень прафесар Таццяна Бірыч там жа атрымлівае пасведчанне Заслужанага ўрача БССР. Гэта быў 1948 год.

 

— Тату падарылі адрэз матэрыі на штаны, а Таццяне Васільеўне — на кофтачку. Тады гэта было ганарова і дорага. Тата і Таццяна Васільеўна пазнаёміліся і абмяняліся адрасамі. Яны і не заўважылі, што з-за сугучча іх прозвішчаў — Бірыч і Біран — адбылася блытаніна: татава пасведчанне трапіла да Таццяны Васільеўны, а ён паехаў дадому з яе пасведчаннем.

 

Памылка адкрылася пазней, і калі Біран прыехаў да прафесара Бірыч у Мінск абмяняцца пасведчаннямі, ён расказаў ёй, што сын збіраецца стаць акулістам. «Значыць, будзе вучыцца ў мяне», — усміхнулася Таццяна Васільеўна.

 

Лекцый Таццяна Бірыч Уладзіславу Бірану не чытала, афтальмалогію яму выкладалі іншыя. Але пасля атрымання дыплома ён прыйшоў да яе з просьбай даць яму тэму. У выніку навуковым кіраўніком у яго таксама была не яна, але ён справядліва называе яе настаўніцай усёй беларускай афтальмалогіі.

 

— Яе вучні працавалі ў кожнай паліклініцы, у кожным афтальмалагічным аддзяленні, — гаворыць ён. — Таццяна Васільеўна запачаткоўвала ў нашай рэспубліцы ўнікальныя аперацыі, а мы ў яе прагна ўсё пераймалі. Мы да яе ставіліся як да маці.

 

«Трэба бачыць твар Таццяны Васільеўны, калі яна гаворыць пра сваіх таварышаў па працы, — пішацца ў тым артыкуле ў часопісе «Камуніст Беларусі» за 1975 год. —
Ён так і свеціцца, так і выпраменьвае ласкавую радасць. Такі твар бывае толькі ў маці, калі яна гаворыць пра любімае дзіця».

 

— Мы яе вельмі падтрымлівалі і ва ўсім ёй дапамагалі, бо акрамя навукі яна займалася і грамадскай работай, і нагрузка па гэтай частцы ў яе была каласальная. Мала што загадчык кафедры і галоўны афтальмолаг рэспублікі, дык яшчэ і намеснік старшыні Прэзідыума Вярхоўнага Савета БССР, і член розных камісій і камітэтаў…

 

«Я закаханая ў сваю прафесію, але без грамадскай работы і дня не магла б пражыць», — сказала Таццяна Бірыч карэспандэнту, які пісаў пра яе той артыкул. 

 

Сам Уладзіслаў Біран пятнаццаць гадоў быў галоўным афтальмолагам Мінска, шмат аперыраваў і ўкладаў папулярныя кнігі для пацыентаў, збіраючы пад адну вокладку апісанні хвароб вачэй і методыкі іх аздараўлення. Невядома, ці паспела што зрабіць Таццяна Бірыч для лошніцкага дзеда Трахіма (хаця лячэнню трахомы яна прысвяціла пятнаццаць навуковых работ), а Сярожу, ужо даросламу чалавеку, Уладзіслаў Біран зрабіў-такі аперацыю. Паўнавартаснага зроку яна не забяспечыла, але дала земляку магчымасць, прынамсі, самому сябе абслугоўваць.

 

— Нельга пералічыць усё, што яна зрабіла для Мінска, Беларусі і нашай афтальмалогіі, — працягвае Уладзіслаў Біран. — Першай у свеце прымяніла для лячэння слепаты кісларод. Першай у нашай рэспубліцы пачала праводзіць аперацыі па выдаленні катаракты пры дапамозе нізкіх тэмператур. З яе рэкамендацыямі ішлі ў навуку ўпэўнена. Яе аўтарытэт быў вялікі не толькі ў Беларусі. Яна сябравала з усімі віднымі афтальмолагамі СССР, і кожны ведаў яе не толькі як выдатнага спецыяліста, у якога ёсць чаму павучыцца, але і як вельмі добрага чалавека. Самы чалавечны чалавек — гэта пра яе.

 

Яна ніколі нікога не пакрыўдзіла, ніколі ні на каго не насварылася, ніколі нікога не абгаварыла. Калі нешта ёй не падабалася, нешта было не так, яна на гэта ўказвала мякка і далікатна, пасля яе «ўшчуванняў» не рабілася ні сорамна, ні няёмка, а хацелася тут жа, адразу ўсё выправіць і рухацца далей. І што б ні гаварыла, гэта ўсё былі фразы, якія ператвараліся ў цытаты, а часам і ў лозунгі. Калі Таццяна Васільеўна так сказала, значыць, так і павінна быць. Мы былі рады таму, што яна ў нас ёсць.

 

Kollegi Birich

З маладымі калегамі. 1970 год.

 

Дакументальная хроніка

 

— На пяцімінутках мы спачатку разбіралі справы аддзялення і кафедры, прафесар распытвала пра стан хворых і распісвала аперацыі, а потым яна далікатна сыходзіла са словамі: «Цяпер давайце вы пра сваё». І надыходзіла ўжо сямейная пяціхвілінка. Мы коратка, хвілін дзесяць, не больш, абменьваліся навінамі пра свае сем’і: у каго дзіця пайшло ў садок або ў школу, у каго якія радасці і праблемы. Такой тактыкай прафесар спрыяла згуртаванасці нашага калектыву і душэўнасці нашай працы. Бо ў выніку мы адно пра аднаго ўсё ведалі... І яна пра нас усё ведала, хоць пры нашых размовах і не прысутнічала — трымалася этыкі кіраўніка. Яна ў працэсе працы ўсім цікавілася, задавала пытанні: і пра сям’ю, і пра дзяцей — пра ўсё. Магла гаварыць пра мастацтва. Яна вельмі любіла тэатр. Балет, оперу, пастаноўкі Купалаўскага… Прафесар была вельмі душэўная, з ёю было вельмі прыемна паразмаўляць.

 

Ларыса Іванкова быццам паўтарае заключныя словы таго артыкула: у іх прафесар, член-карэспандэнт Акадэміі навук БССР Таццяна Бірыч названа «простай і душэўнай беларускай жанчынай».

 

Ларыса Аляксандраўна такама з таго маладога папаўнення мірнай і дружнай арміі. На працягу ўсёй нашай размовы яна прамаўляе слова «прафесар»: відаць, так звыкла. Ёй пашанцавала працаваць з Таццянай Бірыч з 1968 года. Спачатку ардынатарам, потым загадчыцай мікрахірургічнага афтальмалагічнага аддзялення.

 

— Я мела стасункі з прафесарам не толькі на працы, але і дома, у яе сям’і, бо сябравала з яе дачкой Тамарай.

 

Тая двухгадовая дзяўчынка, да якой так спяшалася Таццяна Бірыч у чэрвені 1941 года, таксама стала прафесарам-афтальмолагам. Змяніла маці на пасадзе загадчыка кафедры і праявіла сябе вельмі таленавітым мікрахірургам, вялікім спецыялістам па лячэнні глаукомы. На пытанне пра стасункі маці і дачкі на працы і дома Ларыса Аляксандраўна адказвае так:

 

— Тамару яна магла ўпікнуць, калі тая не паспявала з дакладам на канферэнцыю або з нечым яшчэ. Не дзіва, што не паспявала: у Тамары была сям’я — цудоўны муж Яўген Пятровіч, інжынер-канструктар, якога прафесар вельмі паважала, і сын. Але маці з дачкой сябравалі, любілі адна адну. Проста на працы Таццяна Васільеўна ставілася да дачкі роўна так, як да іншых, як начальнік да падначаленага, не вылучаючы аніяк. Яна была, якрамя ўсяго, цудоўным педагогам і псіхолагам.

 

Birich s docheryu

Афтальмолагі Бірычы, маці і дачка. 1960-я.

 

Муж Таццяны Бірыч, партыйны дзеяч Андрэй Шынкевіч, быў рэпрэсаваны ў 1938-м, яшчэ да нараджэння дачкі. Загінуў у высылцы, пасля смерці Сталіна рэабілітаваны. Мо яшчэ і таму яна так аддавалася працы, што імкнулася жыць за дваіх. Уладзіслаў Біран расказаў, як яна памерла: зрабіла даклад у Акадэміі навук, потым пракансультавала хворых, потым прачытала лекцыю, пасля вярнулася дадому і легла адпачываць. Не прачнулася. Было ёй 88 гадоў…

 

— …А як супакаяльна яе словы дзейнічалі на пацыентаў! — працягвае Ларыса Іванкова. — На іх ад яе сыходзіла нейкая аура, усе былі ў захапленні. У той час шмат было траўматызму, асабліва сярод рабочых заводаў, якія працавалі і ў начныя змены. Уважлівасць прытуплялася — і ў вочы патраплялі стружкі, асколкі, розныя іншародныя целы. Шмат было і апёкаў. І калі пацыенты на перавязках пачыналі разумець, што яны будуць бачыць, што зрок да іх вяртаецца, — што тады з імі рабілася! І плакалі ад радасці, і ўскрыквалі. Мы назіралі самыя розныя рэакцыі шчасця. Голас у прафесара быў заўсёды спакойны, роўны. А мог быць і ўладным, калі трэба было. Але гэта нікога не крыўдзіла.


За кадрам

 

— А як яна апраналася?

 

— Як мы ўсе ў той час апраналіся? У штанах і куртках мы тады не хадзілі, насілі сукеначкі, паліто… Усе на абцасах, маладыя — на шпільках. Прафесар была ніжэй сярэдняга росту, таму заўсёды была на абцасіках. Нават у апошнія гады, на дзявятым дзясятку. І ў аперацыйнай: мы ўсе ў абутку на нізкім хаду і ў бахілах, а яна, хоць таксама ў бахілах, але ў туфліках на англійскіх абцасах. Гэта рабіла яе трошкі вышэйшай. Яна была не поўная, але і не зусім худая. Лёгкая прывабная жаночая паўната. Апраналася проста. У яе было некалькі строгіх касцюмаў: сіні, шэры. Пад пінжачок — нязменна белая кофтачка. На лацкане абавязкова прышпілена зорка Героя сацыялістычнай працы…

 

Фотаздымкі прадастаўлены Музеем гісторыі медыцыны БДМУ.