Пра гэтага нараўлянскага доктара я даведалася ад прафесара Эдуарда Збароўскага. Расказваючы пра іншага чалавека, Эдуард Іосіфавіч раптам згадаў Казіміра Градзіцкага для пацвярджэння таго, што «і радавы можа трапіць на алею славы». Зрэшты, доктар Градзіцкі не такі ўжо і радавы…
Пацыент і ўрач
Казімір ГрадзіцкіПершы раз яны сустрэліся як пацыент і ўрач. Сямікласнік Эдзік, пасляваенны падлетак, які застаўся без бацькі, моцна недабіраў вагі, і гэтым тлумачыліся ўсе яго недамаганні, але доктар Градзіцкі перад тым, як параіць маці лепш карміць хлопца, доўга яго абследаваў, з галавы да ног аглядаў, нават у Мазыр накіроўваў. Каб не прапусціць нешта іншае, больш сур’ёзнае, ён, як гаворыць прафесар Збароўскі, «уключаў больш высокі ўзровень».
Збароўскія жылі за дваццаць кіламераў ад Нароўлі, у Ліхаўні. Цяпер ужо няма такой вёскі — выселілі ў 1986-м. А тады Эдзік Збароўскі, трапляючы з Ліхаўні ў Нароўлю па розных справах, часта бачыў, як высокі статны чалавек інтэлігентнага выгляду з акуратнай бародкай няспешна ідзе па вузенькім драўляным тратуарчыку, абапіраючыся на кіёк. Апрануты кожны раз проста, але разам з тым элегантна, летам — у нязменна светлы палатняны касцюм, ён быццам сыходзіў са старонкі аповесці. Зойдзе, бывала, у краму — і ўсе на яго там глядзяць як на нейкае боства. Хто не ведае — таму ў вуха шэпчуць: «Гэта Градзіцкі». Ён тут жывая легенда...
Дзве гісторыі
Казік Градзіцкі прыехаў у Нароўлю ў 1896-м пяцігадовым хлопчыкам. Бацьку, Франца Градзіцкага, запрасілі да сябе ў маёнтак садоўнікам самі Горваты. Некалі Казікаў дзед Андрэй па прозвішчы Ляневіч служыў у памешчыкаў Горватаў упраўляючым. Казік гэтага дзеда не ведаў: той памёр, калі дачка Тэкля, будучая Казікава мама, была падлеткам. Горваты да таго паважалі свайго ўпраўляючага, што пахавалі яго побач з магіламі ўласных продкаў. Слава пра Андрэя Ляневіча з часам не згасала і служыла ўнуку ўзорам. Гаспадаркай Горватаў пазней стаў кіраваць сын Андрэя Ляневіча, Казікаў дзядзька Юзаф. Ад яго і даведаліся Горваты пра яго новага родзіча Франца Градзіцкага — таленавітага знаўцу садова-паркавай справы. Яны акурат у той час задумалі пераўпарадкаванне сядзібы, і быў ім такі садоўнік вельмі дарэчы.
Другі Казікаў дзед — Аляксандр Градзіцкі — служыў ксяндзом у Гройцы, што пад Варшавай, дзе Казік і нарадзіўся ў 1891-м. Гісторыя гэтага дзеда не менш, а нават і больш захапляльная. У адзін з кастрычніцкіх дзён 1863 года на ганку свайго касцёла ён знайшоў немаўлятка. Не доўга думаючы, забраў хлопчыка да сябе, усынавіў, назваў Францішкам, выгадаваў, выхаваў, адукаваў. Гэты хлопчык, як вы здагадваецеся, і стаў знакамітым садоўнікам Францам Градзіцкім.
Унук не самых звычайных дзядоў і цалкам іх вартых бацькоў, хлопчык Казік рос у атмасферы любові, пяшчоты і суцэльнага хараства. Гады дзяцінства — як старонкі аповесці, якую яшчэ нехта напіша. Ёсць на гэтых старонках не толькі пасаджаны бацькам чароўны сад, дзе кожная кветка і кожнае дрэўца зведалі яго клапатлівыя рукі, але і казачны церам, аздоблены разьбянымі карункамі. Юзаф Ляневіч, гаспадар церама, пабудаванага Горватамі яшчэ для яго бацькі Андрэя, ахвотна аплочваў вучобу свайго вельмі здольнага любімага пляменніка спачатку ў Мазырскай, а потым у Бабруйскай гімназіі. І вось у 1911-м дваццацігадовы Казік Градзіцкі паступае вучыцца на ўрача ў Імператарскі ўніверсітэт Святога Уладзіміра ў Кіеве.
Alma mater
Тут даволі цікава, і персанажы як на падбор. Вось Васіль Парменавіч Абразцоў, прафесар па тэрапіі. Ён першы апісаў клінічную карціну трамбоза, падрабязна распісаў інфаркт міякарда, распрацаваў методыкі глыбокай пальпацыі органаў брушной поласці і перкусіі грудной клеткі адным пальцам.
Незадоўга да паступлення Градзіцкага на вучобу гэты прафесар, закахаўшыся на шостым дзясятку ў жонку калегі, атрымаў ад яго пальчатку прама на пасяджэнні савета ўніверсітэта. Калега быў заядлы паляўнічы, Абразцоў жа страляць не ўмеў. У распрацоўцы плана выратавання свяцілы айчыннай навукі ад вернай пагібелі ўдзельнічаў нават генерал-губернатар. Крокі адмерваў сваімі даўжэзнымі нагамі двухметровы прафесар хіміі, секундант Абразцова. Так адлегласць паміж дуэлянтамі ўдалося павялічыць супраць звычайнай ледзь не ўдвая. А секундант суперніка замяніў кулі на папяровыя пыжы. У выніку прафесар Абразцоў ажаніўся з каханай і пражыў яшчэ дзесяць шчаслівых гадоў.
А вось фтызіятр Феафіл Яноўскі. Адзін з найлепшых медыкаў Еўропы, сам Нобелеўскі камітэт звяртаецца да яго па рэцэнзіі на работы сваіх намінантаў. Прапанаваў метад перкусіі не пальцам па пальцы, а непастрэдна па целе. Паходзіць са старога шляхецкага роду Гогалеў-Яноўскіх. Мала што радня пісьменніку Мікалаю Гогалю (у іх адзін прадзед), дык яшчэ і доктар паэтэсы Лесі Украінкі. Пацыенты лічаць яго святым. Калі доктар Яноўскі, заснуўшы ад стомы ў трамваі, згубіў нататнік з адрасамі хворых, шукалі той нататнік усім горадам двое сутак, але знайшлі і доктару вярнулі і нават ад узнагароды адмовіліся.
А гэта прафесар-мікрабіёлаг Данііл Забалотны. Наўмысна выпіў жывую культуру халерных вібрыёнаў, каб даказаць, што вакцынацыю супраць халеры можна правесці per os. Раскрыў, паміж іншым, галоўную таямніцу чумы — паказаў, што яе пераносяць грызуны тарбаганы.
А вось аднакурснік і таварыш Градзіцкага Міша Булгакаў. Пасля атрымання дыпломаў абодва трапяць на Першую сусветную вайну і ў абодвух першым мірным месцам працы будзе N-ская бальніца. Як быццам яны героі аповесці. Часткова і так. Булгакаву выпадзе «аблупленая белая бальніца» сяла Нікольскае на Смаленшчыне. Ён апіша яе як N-скую ў сваіх «Записках юного врача». Асобнымі апавяданнямі яны будуць друкавацца ў сярэдзіне 1920-х у часопісе «Медицинский работник».
Сябра і калега Градзіцкі будзе чытаць іх у гэтым выданні ў сваёй N-скай — Нараўлянскай — бальніцы, размешчанай — дзе б вы думалі? — у экспрапрыіраваным савецкай уладай доме Ляневіча, упраўляючага памешчыкаў Горватаў. Там, дзе малы Казік бавіў дзяцінства, — у гасцінных пакоях дзеда Андрэя і дзядзькі Юзафа — доктар Казімір Францавіч Градзіцкі будзе прымаць першых сваіх пацыентаў. Зрэшты, ён яшчэ ў час вучобы працаваў там кожнае лета: сам сабе ператвараў канікулы ў студэнцкую практыку.
Выпадак з наркамам
З 1921-га і да 1936-га, пакуль не пачала адольваць хвароба, Казімір Градзіцкі быў галоўным урачом Нараўлянскай бальніцы і адначасова загадваў Рэчыцкім павятовым аддзелам аховы здароўя. У горватаўскім маёнтку тады размяшчалася школа, а на лета адкрываўся дом адпачынку.
Калі ў другой палове 1920-х наркамам аховы здароўя быў Міхаіл Барсукоў, ён па даручэнні ўрада перабіраў кнігі Горватаў на прадмет перадачы ў галоўную бібліятэку сталіцы. Знаходзячыся ў Нароўлі, рашыў як наркам завітаць у бальніцу, праверыць стан спраў. Час, відаць, быў непрацоўны, бо ў гэтай гісторыі, якую расказвае сам Градзіцкі, фігуруе дзяжурны фельчар. Ён ні за што не пагаджаецца прапусціць Барсукова, хоць той і прад’яўляе пасведчанне наркама. «Прад’явіце мне запіску ад Градзіцкага — тады прапушчу», — паўтарае як заклінанне.
Чым скончылася? Прыбыў у бальніцу Градзіцкі, і Барсукоў яе аглядзеў. Яны яшчэ доўга смяяліся, што так выйшла, і наркам добрым словам адзначыў дысцыплінаванасць дзяжурнага фельчара. Гэта гісторыя пра тое, што Градзіцкі для фельчара меў большы аўтарытэт, чым наркам.
— Усе акушэркі, хто працаваў з Градзіцкім, гаварылі, што ён надзвычайна патрабавальны не толькі да працы, але і да дысцыпліны, і да санітарных умоў, — канстатуе прафесар Збароўскі. — Не дай бог недзе з’явіцца муха. Пакуль тую муху не зловяць, не пачнуцца ніякія працэдуры.
Практыка ў N-скай бальніцы
Юны Эдзік Збароўскі трапіў да свайго колішняга доктара на дзяржпрактыку перад заканчэннем вучобы ў Мазырскім медвучылішчы, дзе атрымліваў адукацыю фельчара, у 1957 годзе. Бальніца была яшчэ тая самая — у доме Ляневічаў. Прафесар Збароўскі расказвае, што практыканты Градзіцкага павінны былі прысутнічаць і на ўрачэбным прыёме, і на ўсіх аперацыях, якія ён выконваў.
— Гэта была яго асаблівасць. Хаця мы фельчары, а не ўрачы, ён патрабаваў ад нас урачэбных ведаў. Гаварыў: «Калі трэба аказваць хвораму дапамогу, урача можа не быць, і таму вы павінны валодаць усім, чым валодае ўрач». Ён вельмі строга патрабаваў асабістага выканання кожным усіх маніпуляцый. А ў канцы практыкі кожнаму трэба было напісаць гісторыю хваробы. І мы доўга карпелі над гэтай працай, а потым ён вельмі ўважліва ўчытваўся ў кожны радок. Ну, і паставіў усім нам чацвёркі. Мы, здавалася, зрабілі ўсё, што толькі можна, а ён паставіў чацвёркі. Калі мы прынеслі свае справаздачы ў вучылішча і іх прачытаў адказны за практыку Генадзь Ільіч Лазюк, ён здзівіўся: «Чаму чацвёркі? Гэта лепшае з таго, што мне даводзілася чытаць па выніках фельчарскай практыкі. Мы такі аб’ём ведаў нават не закладалі ў праграму. Я вам пастаўлю пяцёркі».
Адказны за практыку Лазюк — гэта будучы вядомы прафесар-генетык, член-карэспандэнт Акадэміі навук. У далёкім 1950-м выпускніка-выдатніка Лазюка не прынялі ў аспірантуру з-за рэпрэсаванага дзеда і саслалі разам з аднакурсніцай-жонкай (стане прафесарам-рэнтгенолагам) у Мазыр. Генадзь Ільіч працаваў там патолагаанатамам у бальніцы і выкладаў у медыцынскім вучылішчы. Прыведзены Эдуардам Збароўскім прыклад ілюструе і ўзор вучнёўскай руплівасці, і трыумф вяртання парушанай справядлівасці, і эталонную патрабавальнасць.
На ўзроўні сталічных клінік
— У вольны час, калі канчаліся абходы, ён гаварыў: «А цяпер паглядзім, што пішуць калегі». У яго на стале заўсёды ляжалі стосы розных часопісаў. Там было і беларускае «Здравоохранение», у якім ён лічыў важным друкавацца. Меркаваў, што паведамленні пра рэдкія клінічныя выпадкі вельмі патрэбны кожнаму ўрачу, асабліва калі ён працуе ў сельскай мясцовасці. Тады ўвогуле было правіла: урач павінен дзяліцца вопытам. Ляжала на яго стале і ўсесаюзнае выданне «Акушэрства», якое выходзіла ў Ленінградзе і выпісвалася бальніцай. Ён і туды пасылаў свае назіранні. Як ён нам гаварыў: «трэба дзяліцца вопытам у імя наступных пацыентаў». Гэта быў стары парадак, якога ён трымаўся няўхільна.
Спачатку доктар Градзіцкі прамаўляў, разгортваючы «Акушэрства»: «Та-а-ак, паглядзім, што Ленінград нам піша». Потым, выцягваючы нейкі іншы часопіс: «А цяпер зазірнем у замежную прэсу».
— Былі ў яго і часопісы на французскай, польскай і нямецкай мовах, якімі ён добра валодаў. Іх ён выпісваў, відаць, ужо сам і прыносіў у бальніцу, каб чытаць у вольныя хвіліны і пераказваць калегам. Ён і нам, сваім практыкантам, прыводзіў кавалкі артыкулаў, перакладаў іх і каменціраваў.
У юбілейным артыкуле пра яго пісалі як пра ўрача, які ва ўмовах фактычна сельскай мясцовасці выконвае акушэрскія і хірургічныя аперацыі на ўзроўні сталічных клінік.
Асобае даручэнне
Праз дзесяць гадоў, у 1967-м, калі Казімір Градзіцкі ўжо не жыў, Эдуард Збароўскі як студэнт медыцынскага інстытута, збіраючыся на лета дамоў, на канікулы, атрымаў ад аднаго з выкладчыкаў, гісторыка медыцыны Рыгора Кручка, асобае даручэнне па лініі студэнцкага навуковага таварыства (якім студэнт Збароўскі акурат кіраваў): пабываць у доме Градзіцкага і сабраць як мага болей поўную інфармацыю пра жыццё легендарнага доктара.
— Тады, пагартаўшы паперы Градзіцкага, прадастаўленыя яго жонкай, я зразумеў, што ён самастойна вёў навуковую работу.
Яшчэ ў 1925 годзе ў «Беларускай медычнай думцы» ў артыкуле «Выпадак прадляжання паследу і разрыву цяжарнай маткі» доктар Градзіцкі апісвае не толькі гісторыю пацыенткі, акушэрскі анамнез, але і «дакладнае мікраскапічнае даследаванне», якое паказала «карціну глыбокага прарастання сценкі маткі харыяльным эпітэліем».
— І вось яшчэ чаму я думаю, што ён займаўся навуковай работай, — працягвае прафесар Збароўскі. — У яго ў бальніцы дзве сцяны займалі паліцы з сасудамі, запоўненымі кансерваванымі патолагаанатамічнымі матэрыяламі — макрапрэпаратамі розных адхіленняў у развіцці плода.
На Радаўніцу
Бадай найважнейшай практыкай доктара Градзіцкага, якую ён часта агучваў як абавязковую ці, прынамсі, вельмі пажаданую (але, на жаль, пасля часу Булгакава і Градзіцкага амаль немагчымую для рэалізацыі), была ідэя аб тым, што ўрач, асабліва акушэр-гінеколаг, павінен быць пастаянным для сваёй мясцовасці, як гэта было ў яго выпадку.
— Ён фактычна прыняў роды ў трох пакаленняў, і часта заўважаў паўторы адхіленняў у развіцці плода: што было ў маці, тое назіраў пасля і ў дачкі. У цяжкіх выпадках ён не выходзіў з бальніцы і не ішоў дадому па некалькі сутак: не хацеў пакідаць сваіх складаных пацыентак на дзяжурнага ўрача. Ведаючы, як ражалі маці і бабка, ён мог чакаць паталагічнага ходу родаў у ўнучкі і таму праяўляў асаблівую пільнасць. І вось вынік: за ўсе гады яго працы, а гэта ж былі вельмі няпростыя 1920–1950-я, ні адна жанчына ў яго ў родах не памерла. Я лічу, што такіх урачоў, якія ўсё жыццё аддалі адной бальніцы і прысвяцілі сябе жыхарам адной мясцовасці, варта помніць асабліва, — звяртае ўвагу Збароўскі.
Яго і помняць асабліва. Эдуард Іосіфавіч гаворыць, што на Радаўніцу на магіле Градзіцкага можна бачыць букет кветак, бутэльку каньяку і шакаладку «Алёнка». І гэта пры тым, што памёр ён у такім ужо далёкім 1959-м.
— Да гэтай пары людзі дзякуюць герою, які сваёй працай ратаваў адразу два жыцці, — гаворыць прафесар Збароўскі.
Зрэшты, можна толькі здагадвацца, хто пакідае на могілках гэты набор…
Казімір Градзіцкі памёр у бальніцы, у якой служыў гэтаксама аддана, як некалі служыў людзям і Богу ксёндз Аляксандр, яго дзед. Зусім незадоўга, літаральна за нейкі год да смерці, доктар Градзіцкі паўтарыў яго ўчынак.
— Да яго як да знакамітага доктара прыехала з Ленінграда жанчына на познім тэрміне цяжарнасці і папрасіла зрабіць аборт. Верны клятве Гіпакрата — абароне жыцця, а не смерці, — Казімір Францавіч ёй адмовіў. Але слёзы жанчыны расчулілі старога хворага ўрача — і ён пагадзіўся выклікаць дачасныя роды. Разважыў, што цяжарнасці сем месяцаў і дзіцятка павінна быць жыццяздольнае.
Нарадзілася цудоўная дзяўчынка. Маці, як і трэба было чакаць, збегла. Казімір Францавіч даў маленькай імя Валянціна. Акушэркі адзінагалосна пастанавілі, што па бацьку яна павінна быць Казіміраўна, бо не было б гэтага жыцця, калі б не іх любімы доктар Казімір.
А ён яе і ўдачарыў бы, калі б не быў такі стары і хворы. Дзяўчынку аддалі ў Рэчыцкі дом дзіцяці.
Алея славы
Пасля таго як студэнт Збароўскі сустрэўся з жонкай Градзіцкага, ён напісаў пра яго некалькі артыкулаў і праз нейкі час атрымаў ад яе ліст, у якім яна паведамляла, што разглядаецца пытанне аб наданні імя Гра-дзіцкага Нараўлянскай бальніцы. Але па нейкай прычыне пытанне станоўча не вырашылася. Мінулі дзесяцігоддзі, Збароўскі даўно стаў прафесарам, і ў ліпені 2009-га, роўна праз паўстагоддзя пасля смерці Гра-дзіцкага, быў запрошаны на цырымонію адкрыцця на будынку Нараўлянскай бальніцы памятнай дошкі ў гонар знакамітага доктара і меў сапраўднае шчасце ўрачыста зняць з яе на гэтай цырымоніі палатно. Па сутнасці, гэта быў вынік яшчэ той яго працы студэнта-гурткоўца, зробленай па заданні Кручка. Эдзік Збароўскі не проста «сабраў інфармацыю» пра свайго кіраўніка практыкі. Ён працягваў яе збіраць...
— І да гэтай пары збіраю, — кажа ён. — Варта даносіць да людзей, што клятва Гіпакрата даецца не тое што на ўсё жыццё — яна і пасля жыцця працягвае дзейнічаць. Чалавека на свеце ўжо няма, а яго словы і справы жывуць у нашчадках і вучнях.
Ёсць у Нароўлі алея славы. Размешчана побач з музеем — тым самым казачным церамам, аздобленым разьбянымі карункамі, помнікам драўлянага дойлідства 19-га стагоддзя. Партрэт доктара Казіміра Градзіцкага знаходзіцца ў самым цэнтры гэтай алеі, строга насупраць гэтага дома — колішняга жытла яго дзеда і дзядзькі, бальніцы, дзе ён пачынаў свой шлях у прафесіі...
— Вось я і кажу, што і радавы можа трапіць на алею славы, — працягвае сваю думку прафесар Збароўскі. — Не трэба думаць, што толькі праз высокую пасаду можна дасягнуць павагі, прызнання і пакінуць па сабе доўгую светлую памяць. Чалавек заўсёды становіцца тым, кім ён ёсць…