Урачы 19 стагоддзя
Фота носіць ілюстрацыйны характар. З адкрытых крыніц.

Самыя заблытаныя гісторыі з адлегласці часу выглядаюць даволі простымі. Так і з гісторыяй стварэння 105 гадоў таму Народнага камісарыята аховы здароўя ў толькі-толькі абвешчанай Беларускай Савецкай Рэспубліцы.

 

Наркамата аховы здароўя магло не быць

 

Прынамсі, па першым часе, адразу пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі, нічога такога не прадугледжвалася. Вы ўражаныя? Я таксама.

 

Савет Народных Камісараў, створаны па выніках з’езда Саветаў 25–27 кастрычніка 1917 года, склалі 13 камісарыятаў, але адказнага за ахову здароўя сярод іх не было! Ён нават не абмяркоўваўся, што, ясная рэч, не магло не здзіўляць. Пры Петраградскім Ваенна-рэвалюцыйным камітэце існаваў медыка-санітарны аддзел, якім кіраваў урач Міхаіл Барсукоў —  будучы наркам аховы здароўя БССР, заснавальнік беларускага Інстытута арганізацыі аховы здароўя і сацыяльнай гігіены, першы кіраўнік кафедры сацыяльнай гігіены на медыцынскім факультэцэ БДУ, галоўны рэдактар часопіса «Беларуская мэдычная думка» і старшыня медыцынскай секцыі

 

Інбелкульта (правобраза Акадэміі навук БССР), і ўсё гэта ў адзін час: яго «беларускі перыяд» уклаўся ў 1924–1930 гады. Ён быў тым, каго здзівіла адсутнасць намеру стварыць адказны за здароўе насельніцтва наркамат. Як так? Ленін жа столькі гаварыў і пісаў пра неабходнасць медыцынскага забеспячэння, санітарны нагляд, будучы агульна-дзяржаўны кірунак развіцця аховы здароўя… А цяпер правадыр рэвалюцыі адно толькі распарадзіўся, каб Барсукоў і яго аддзел арганізавалі ўрачэбныя калегіі пры іншых камісарыятах, якія найбольш «судакранаюцца» з насельніцтвам, — нар-каматах унутраных спраў, шляхоў зносін, асветы, дзяржаўнай апекі і школьнай медыцыны і гігіены.

 

Таварыш Барсукоў дзейнічае

 

Mihail BorsukovНа сумесным пасяджэнні прафесійных медыцынскіх арганізацый Міхаіл Барсукоў выкладае сваю ідэю заснаваць цэнтральны медыцынскі распарадчы орган як правамоцны дэмакратычны інструмент кіравання, які аб’яднае ўсю ўрачэбнасанітарную справу. У выніку Барсукоў і таварышы накіроўваюць у СНК не толькі праект стварэння Камітэта аховы народнага здравія і дакладную запіску, але і праект рашэння СНК аб прызначэнні членаў будучага камітэта. Было спадзяванне, што камітэт увойдзе ў склад Цэнтральнага ўрачэбна-санітарнага савета — па сутнасці, злучыцца з ім у адзін орган.

 

А што СНК? Ні тое, ні сёе: праект не адхілены, але яго аўтары павінны склікаць з’езд, які яго падтрымае, і часу на гэта — 7–10  дзён, а ў выпадку немагчымасці гэта здзейсніць пры-знаць, што і прапанаваны камітэт стварыць немагчыма.

 

Новы ўрад ведаў, што робіць

 

Палітыка ў справе фарміравання сістэмы аховы здароўя была асцярожнай і паступовай, залежала ад бягучай сітуацыі, а тая мянялася ўвесь час. Да таго ж, не было на што арыентавацца — не існавала хаця б прыблізнага ўзору: не знайшлося ні ў структурах царскай улады, ні ў Часовым урадзе. Дарэчы, Цэнтральны ўрачэбна-санітарны савет Часовага ўраду працягваў існаваць і пасля рэвалюцыі. Але, як і Цэнтральны ўрачэбна-санітарны савет, паводзіў сябе няўпэўнена. Кожная з дзвюх структур была, што называецца, ні рыбай, ні мясам: адна пазіцыянавала сябе як напалову грамадскі, напалову дзяржаўны орган, для якога ключавым словам было «часовы», другая адчувала сябе не як рэальна кіруючая структура, а як генератар думак і праектаў на перспектыву.

 

З’езд урачоў, які павінен быў вырашыць, «быць ці не быць Міністэрству народнага здравія», усё ж прайшоў, хоць і трохі пазней і па ініцыятыве Цэнтральнага ўрачэбна-санітарнага савета. Праект Барсукова і яго таварышаў ён раскрытыкаваў дашчэнту, як, зрэшты, і ўсю «савецкую медыцыну», за што быў прызнаны контррэвалюцыйным і ў выніку разагнаны.

 

Легендарны Мікалай Сямашка, бацька ўсёй нашай сістэмы аховы здароўя, потым пісаў, што ініцыятыву Барсукова не падтрымаў Ленін. Канечне ж, так і было…

 

Ленін думаў пра меншасць

 

Правадыр рэвалюцыі хацеў, каб ініцыятыва стварэння народнага камісарыята аховы здароўя ішла не зверху, каб завадатарам гэтага пачынання выступіў сам пралетарыят. Ленін хацеў, каб Барсукоў аб’яднаў вакол сябе ўрачэбную грамадскасць, для якой аўтарытэтам заставалася Пірагоўскае таварыства. Гэтая вельмі ўплывовая і па сёння існуючая арганізацыя ў 1917-м не прыняла рэвалюцыю аніяк і пісала ў сваёй перыёдыцы пра неабходнасць адмежавацца ад тых урачоў, якія спачуваюць бальшавікам.

 

Уладзімір Ільіч сканструяваў у галаве такую схему, у якой Пірагоўскае таварыства расколваецца знутры пад націскам пераарыентаванай урачэбнай грамадскасці — і рэвалюцыйна настроеная меншасць расце на вачах і сама скіроўвае намаганні на пабудову сістэмы аховы здароўя. Ленін апасаўся, што калі дзейнічаць іначай — калі зараз жа, неадкладна аб’яднаць усю медыцыну і адміністратыўным парадкам стварыць кіруючы ёю орган, — гэта непазбежна пракладзе ў галовах ворагаў новай улады асацыятыўную сцежку да праекта прафесара Рэйна, які прапаноўваў для Расійскай імперыі, акурат напярэдадні рэвалюцыі, нешта накшталт Міністэрства аховы здароўя, але такі гэта быў праект, што і Дзярж-дума яго адрынула, а потым і Часовы ўрад, каб разабрацца ў парушэннях заканадаўства, якія ён пацягнуў, вымушаны быў стварыць Надзвычайную следчую камісію. Прынамсі, доктара Рэйна арыштавалі і дапыталі.

 

Допыт прафесара Рэйна

 

Георгій Ермалаевіч Рэйн, лейб-хірург, акадэмік, быў старшынёй камісіі, закліканай царскім урадам пераглядзець урачэбна-санітарнае заканадаўства.

 

— Я ўбачыў там прама нейкі хаос, — сказаў ён на допыце. — Заканадаўства страшна састарэла. Некаторыя артыкулы трымаліся ледзь не з кацярынінскіх часоў. І тыя апошнія дробныя змены, якія былі праробленыя, не ўнеслі ніякай сістэматычнасці. Затым, тут жа, я сустрэўся з вялізнай смяротнасцю насельніцтва Расійскай імперыі, якая, як усім вядома, цяпер амаль удвая перавышае смяротнасць у іншых краінах. І ў гэты самы час у нас у Расіі, як і паўсюль за мяжой, з’явілася халера…

 

Старшыня следчай камісіі на пытанне Рэйна «Ці падрабязна загадаеце распавядаць?» адказаў: «Не, коратка», але прафесар гаварыў і гаварыў, падрабязна і доўга.

 

— І пакрысе склалася ў мяне меркаванне пра неабходнасць поўнага пераўтварэння ўрачэбна-санітарнай часткі… Тады з’явілася ў мяне думка ўтварыць спецыяльную камісію для перагляду. Камісій гэтых ужо было я не ведаю колькі, пачынаючы з Боткіна. А ўсё ж патрабавалася ўтварыць яшчэ апошнюю камісію, каб звесці ў адно ўсе намаганні папярэднікаў…

 

Нават па гэтых словах зразумела, наколькі бюракратычным быў падыход і ў Рэйна, і ў папярэднікаў. Прафесар Рэйн быў добрым акушэрам-гінеколагам, адначасова з італьянскім доктарам Пора і незалежна ад яго прапанаваў адну з методык кесарава сячэння, якая атрымала назву аперацыі Рэйна — Пора, яму належыць ідэя «карткі рэгістрацыі родаў», якая стала правобразам сучаснай «абменнай карты», ён шмат зрабіў для медыцыны як урач і кіраўнік медыцынскіх устаноў і нават укладаў свае грошы ў арганізацыю лазарэтаў, але не трэба было Сталыпіну запрашаць яго кіраваць Медыцынскім саветам у Міністэрстве ўнутраных спраў. Ды як выйшла, так выйшла: прывід праекта Рэйна, запаралелены з нафталінавым бюракратызмам, уласцівым старой уладзе, стаяў перад Леніным, гатовы адвярнуць ад яго і без таго нямногіх прыхільнікаў рэвалюцыі з медыцынскага асяроддзя.

 

Як перацягнуць урачоў на свой бок

 

kkjhjhj6jНайлепшая тактыка — дзейнічаць праз друкаваныя органы. Неўзабаве быў заснаваны першы савецкі медыцынскі «перыёдык» — газета Савета ўрачэбных калегій «Известия советской медицины». Друкавалі ў ёй пастановы Савета, ідэі развіцця медыцыны ў савецкім кірунку, метадычныя рэкамендацыі па арганізацыі аховы здароўя «на месцах», натхняльныя заклікі ўрачоў-бальшавікоў.

 

Пры спалучэнні з вялікай арганізацыйнай работай гэта дало жаданыя вынікі, і вось ужо знакамітыя Іван Паўлаў з Уладзімірам Бехцеравым супрацоўнічаюць з савецкай уладай, і Аляксей Абрыкосаў, які праз шэсць гадоў будзе анатаміраваць цела Леніна, і аўтар усім вядомага бальзамічнага лінімента Аляксандр Вішнеўскі. Эпідэміёлаг Данііл Забалотны ўжо становіцца старшынёй проціэпідэмічай камісіі пры Савеце ўрачэбных калегій, а хірург Мікалай Бурдэнка неўзабаве атрымае ганаровую прапанову напісаць шэраг артыкулаў у Вялікую савецкую энцыклапедыю.

 

Летам 1918-га правялі-такі з’езд, на якім галасавалі па пытанні арганізацыі наркамата. Называўся ён усерасійскім, хоць зарэгістравалася на ім 68 чалавек, а калі трэба было галасаваць, прысутнічалі ўсяго 38, з якіх 13 яшчэ і ўстрымаліся.

 

Барсукова ўвогуле на ім на было: яго на той час перакінулі арганізоўваць медыка-санітарны аддзел у Казані. Тым не менш першы наркамат аховы здароўя на тэрыторыі краіны Саветаў створаны. Пакуль што ён належыць РСФСР, але кіраваць ім прызначаны не хто іншы, як мудры Сямашка, а гэта значыць, што неўзабаве ўся савецкая ахова здароўя набудзе рысы стройнай сістэмы, якую дагэтуль немагчыма пераўзысці.

 

Намеснікам Сямашкі на тым з’ездзе прызначылі гігіеніста Зіновія Салаўёва, які нарадзіўся і першыя 5 гадоў, пакуль бацькі не перасяліліся ў Сімбірск, пражыў у Гродне.

 

На Заходнім фронце ўсё іначай

 

Так званы Паўночна-Заходні край Расійскай імперыі пасля лютаўскай рэвалюцыі 1917 года стаў называцца Заходняй вобласцю. Тут пра стварэнне Камісарыята народнага здравія гаворка ішла яшчэ пад самы занавес 1917-га. У студзені 1918-га на пленарным пасяджэнні Абласнога выканаўчага камітэта Саветаў рабочых, салдацкіх і сялянскіх дэпутатаў Заходняй вобласці і фронта ўзяў слова Ісаак Рэйнгольд, ураджэнец мястэчка Грозава Слуцкага павета, і сказаў, што медыка-санітарная справа «пастаўлена нездавальняюча: раскіданыя па вобласці і фронце медыцынскія ўстановы працуюць амаль што без аніякай сувязі між сабой, няма аб’яднаўчага пачатку, і для правільнай пастаноўкі медыка-санітарнай справы неабходна ўтварыць Камісарыят народнага здравія, куды пяройдуць усе медыка-санітарныя ўстановы грамадскіх арганізацый».

 

Rejngold

 

20-гадовы камісар фінансаў прамаўляў «за медыцыну» з поўным веданнем справы. Санітарна-эпідэмічная сітуацыя на тэрыторыі, ахопленай полымем рэвалюцыі, была вельмі складанай, але тут, у Заходняй вобласці, яна ў дадатак моцна абцяжарвалася блізкасцю фронту. Многія ўрачы былі мабілізаваныя, працаваць на ўрачэбных участках заставаліся фельчары, і гэта ў лепшых выпадках. Не хапала ні лекаў, ні харчавання, панавалі інфекцыі, а ў дадатак прысутны з-за вайны «армейскі кантынгент» актыўна спрыяў «сіфілізацыі», як пісала мясцовая прэса.

 

Выступленне таварыша Рэйнгольда вітаецца апладысментамі. Камісарам народнага здравія прапануецца Леў Грамашэўскі — эпідэміёлаг, ваенны ўрач, член франтавога камітэта Заходняга фронту, бальшавік з вялікім стажам. Яго шмат разоў арыштоўвалі, трымалі ў турмах, выпраўлялі ў ссылку, але ён вяртаўся ды працягваў і навукай займацца, і з эпідэміямі змагацца, і за справу рэвалюцыі ваяваць. Кандыдатура самая што ні ёсць адпаведная. Але першым будзе не ён.

 

Нешта пайшло не так

 

Планы разбураліся, не пачаўшы рэалізоўвацца. Бюракратычная цяганіна, блытаніна ў субардынацыі, цалкам натуральная пры такіх карэнных пераўтварэннях, разбурэнне камунікацый, з-за чаго сувязь з «цэнтрам» непастаянная, хісткаць савецкай улады на заходняй ускраіне, блізкасць фронту… У лютым немцы ўжо актыўна прасоўваюцца на ўсход, і кіраўніцтва вобласці вымушана перасяляецца з Мінска ў Смаленск…

 

Другі з’езд Саветаў Заходняй вобласці ў красавіку 1918-га адмаўляецца ад камісарыятаў і ўводзіць аддзелы. Таму што з «цэнтра» загадана ўзровень абласной улады панізіць, самастойнасць — абмежаваць, кампетэнцыі — «звузіць да неабходных».

 

Кіраўніком аддзела аховы здароўя становіцца фельчар Дзмітрый Вавер. Ён мог быць нашым першым наркамам аховы здароўя, калі б не іншая тэрміналогія структурных адзінак. Але не адбылося.

 

Гульня ў шахматы

 

Да канца 1918-га германскія войскі нашу зямлю пакідаюць. 31 снежня рашаецца лёс беларускай дзяржаўнасці: на наступную раніцу беларусы прачынаюцца ў БСР, якая пазней стане ССРБ, потым быльш звычнай нам БССР. Да Калядаў урад са Смаленска вяртаецца ў Мінск.

 

Будучыя народныя камісары нагадваюць фігуры на шахматнай дошцы. Кіраваць аховай здароўя спачатку выпадае загадчыку прытулку для бежанцаў Фальскаму, але ў апошні момант яму дастаецца кіраванне замежнымі справамі, а пасада наркама аховы здароўя адыходзіць Пузырову, які спачатку меркаваўся на месца «трудавіка». Іншымі словамі, першы наркам — фігура цалкам выпадковая. І да таго ж кароткачасовая: ужо ў наступным месяцы Савецкая Беларусь аб’яднаецца з Савецкай Літвой у так званую буферную дзяржаву пад назвай ЛітБел. Камісарам аховы здароўя зацвердзяць урача Уладзіміра Ленскага, які да гэтага кіраваў у Маскве справамі бежанцаў, а паходзіў са Слоніма. Пузыроў застанецца ў яго намеснікам. ЛітБел праіснуе толькі да ліпеня. 

 

Першы камісар

 

Якім бы выпадковым ні было прызначэнне першага наркамздрава, якім бы кароткім ні быў яго тэрмін на гэтай пасадзе, але факт застаецца фактам: Іларыён Ісаевіч Пузыроў — першы наш камісар аховы здароўя. Зрэшты, ён шмат зрабіў і на пасадзе намесніка, якую займаў не такі малы час.

 

Puzyryov

 

Ён паспеў сфарміраваць структуру камісарыята, размеркаваць пасады загадчыкаў аддзелаў і ўсталяваць жорсткую дысцыпліну, пільна сачыў, каб выконвалася правіла, згодна з якім сваякі не могуць працаваць разам, узяў на ўлік усе інструменты і матэрыялы зубных урачоў. Першыя ўдары камісарыят пад яго кіраўніцтвам нанёс па тыфу, прастытуцыі і п’янству. Значную ўвагу надаваў прапагандзе гігіены і здаровага ладу жыцця. 

 

Якім ён увогуле быў? Бацька яго нарадзіўся ў Чорнай Лужы пад Мінскам, а сам ён — у Пецярбургу. «Свет, у якім праходзіла маё дзяцінства, — свет рускай рабочай сям’і», — пісаў ён у біяграфіі. Ніякай адукацыі на час прызначэння наркамам (у свае 25) не меў, ды і потым атрымаць яе не ўдалося, хоць вельмі хацеў і зрабіў не адну спробу вучыцца па накіраванні партыі: «У канцы дваццатага года я, як чалавек без адукацыі, узняў пытанне… накіраваць мяне на вучобу, і гэта ў мяне атрымалася, я стаў студэнтам».

 

Спачатку вучыўся на медыцынскім факультэце Томскага ўніверсітэта, пасля ў Ленінградскім інстытуце народнай гаспадаркі, але не пацягнуў. Апраўдваўся: «Сумяшчаць вялікую працу з вучобай не хапала сілы». Прызнаваў, што правільней было б «спачатку пайсці на рабфак, і тады ў вышэйшай школе адчуваў бы сябе больш упэўнена». Зрэшты, упэўненасці ў тым, што не датычылася атрымання адукацыі, яму было не займаць. Кіраваў ён даволі смела: «арганізоўваў і ўзначальваў інстытуты», «распрацоўваў і ствараў сістэму завочнай адукацыі», «даводзілася прымаць удзел у газетах, часопісах і зборніках»...

 

Ён піша як умее, складаючы сказы з шаблонаў, парушаючы арфаграфію і дапускаючы стылістычныя ляпсусы: «Частыя перакідванні ў адстаючыя навучальныя ўстановы не палохалі перад цяжкасцямі». Па ўсім відаць, што гэты чалавек быў уладным і жорсткім, як, зрэшты, усе, хто здзяйсняў рэвалюцыю, але і дзіцячай наіўнасці не быў пазбаўлены. У 1937–1940 гадах, як ён піша, следчыя органы імкнуліся прыпісаць яму неіснуючую крамолу, «антысавецкі паклёп», але «з гэтых спробаў нічога не выйшла».

 

Ён яшчэ і органы абвінаваціў: «Лагічна выцякае: калі справа спыненая ў працэсе следства і няма саставу злачынства, то да нявінна пацярпелага трэба праявіць нейкае спачуванне, трэба прыняць удзел ва ўладкаванні яго жыцця, але гэтага, на жаль, не адбылося».

 

Памёр у 1974-м, пражыўшы 80 гадоў.