Яўгеній Барысавіч Меве на лекцыі.
Яўгеній Барысавіч Меве на лекцыі. Гэты здымак зроблены ў 1965 годзе.

Асабовы склад трох шпіталяў пастроіўся, каб вітаць прадстаўніка ваеннай акругі. Ён павінен прыбыць з хвіліны на хвіліну, але затрымліваецца. У шынялях, туга перацягнутых рамянямі, урачам і медсёстрам горача — па спінах цякуць ручаі. Нарэшце паказалася «санітарка», спынілася метраў за дваццаць.

 

Прадстаўнік акругі выйшаў няспешна, паважна. Прызначаны не так даўно начальнікам эвакапункта энергічны, старанны ваенны ўрач другога ранга паспяшаўся насустрач, засяроджана адрапартаваў і ў канцы адчаканіў: «Меве». У адказ прагучала: «Абе». У страі засмяяліся. Прадстаўнік акругі на імгненне застыў, а потым і яму стала смешна: Абе прыняў рапарт ад Меве. Памацаўшы для саліднасці бараду, Меве прыжмурыў блізарукія вочы, зняў пенснэ, працёр шкельцы.

 

Anamnesis vitae

 

Meve2Кіраваць шпіталямі першай лініі, у прыфрантавой зоне, — значыць мець справу са стыхійнымі наплывамі соцень параненых, якім у палявым медыцынскім пункце ледзь паспяваюць накласці павязку: фронт няўстойлівы, трэба спяшацца. А ў шпіталях бракуе хірургаў, тэрапеўты, якія ёсць, у хірургіі неспрактыкаваныя, медыцынскія сёстры — учарашнія школьніцы. Але, здаецца, не існуе нічога, што магло б вывесці ваенурача Меве з раўнаважнага стану. Яму трохі за трыццаць, а яго жыццёвы досвед можна смела дзяліць на траіх. 

 

Яўгеній Барысавіч Меве нарадзіўся ў 1908 годзе ў сям’і зубнога ўрача і настаўніцы. Дзяцінства, у якім яго звалі Генікам, прайшло ў Адэсе. За ўсю Адэсу я вам не скажу, але Меве ў пачатку 20-га стагоддзя жывуць на вуліцы Екацярынінскай, у доме Шульца, вядомым японскай крамай, дзе гандлююць кітайскім чаем, майстэрняй капелюшоў, дзе прапануюць «каракуль спецыяльнага лейпцыгскага вырабу» і «сапраўднага коціка», а яшчэ «зубаўрачэбным кабінетам і лабараторыяй штучных зубоў». Бацька Меве не проста зубны ўрач, ён аўтар папулярнага выдання «Гігіена роту і зубоў». Па заканчэнні гімназіі яго сын

 

Яўгеній паступае ў хімічную прафшколу, потым — у медінстытут, падчас вучобы ў якім уладкоўваецца ў Чырвоны Крыж, каб хутчэй дзейнічаць, набірацца досведу. Акурат як Чэхаў, якога ў студэнцтве магнітам цягнула ў бальніцу: працаваць яшчэ нельга, але можна дапамагаць. Пасля інстытута Меве адразу ж праходзіць курс удасканалення па фтызіятрыі і працуе ў туберкулёзных дыспансерах Падмаскоўя і Далёкага Усходу.

 

«Чаму фтызіятрыя?» — спытае той, каму прозвішча Меве ні пра што не гаворыць.

 

«Бо Чэхаў», — будзе яму адказ.

 

Meve4Адна з кніг Я. Б. Меве пра А. П. Чэхава.Чэхавым Яўгеній Меве зачытваецца з юнацтва, залічыў яго ў свае пацыенты і рэтраспектыўна спрабуе ўратаваць — сварыцца ў думках з жонкай пісьменніка і яго залішне ўпэўненымі ўрачамі («паездку ў Бадэнвейлер нельга апраўдаць ні з урачэбнага, ні з агульчалавечага гледжання») і «ператварае пяшчотную чэхаўскую прозу ў матэрыял для медыцынскіх экзерсісаў», як упікне яго праз дзесяцігоддзі літкрытык, бо і кнігі пра Чэхава, а не толькі пра туберкулёз Меве яшчэ напіша.

 

У вайну ён здзейсніць некалькі гераічных учынкаў, будзе ўзнагароджаны трыма ордэнамі і шаснаццаццю медалямі. На аднагодку Уладзіміра Кованава, шпітальнага хірурга і будучага акадэміка, яго вобраз так моцна падзейнічае, што той увядзе яго ў свае кнігі, прысвечаныя падзеям Вялікай Айчыннай вайны і выдатным дзеячам медыцыны.

 

Мы бачым, як Меве ў той час выглядаў (на фота злева): і тая самая барада, да якой ён дакрануўся ў кніжным эпізодзе з правяраючым па прозвішчы Абе, і тое пенснэ, шкельцы якога працёр (насамрэч акуляры, і Кованаў не адзіны, хто так памыліўся, але гэта не дзіўна і нездарма), — усё відаць на яго «чэхаўскім» здымку. Можна падумаць, што гэта сам Чэхаў, але на адваротным баку фотакарткі пазначана: «У вайну Я. Б. Меве насіў бараду, і групу шпіталяў пад яго камандаваннем так і называлі — “шпіталямі барады”». Гэта Ніна Сяргееўна, жонка, пісала. Пакінула інфармацыю для таго, хто будзе пісаць пра яе знакамітага мужа.

 

Без штучнай значнасцi

 

— Калі вы будзеце, гледзячы ў столь, сачыняць нешта пафаснае, то ведайце, што гэта не пра яго, — папярэдзіла Ірына Каваленка, дацэнт кафедры пульманалогіі і фтызіятрыі з курсам алергалогіі, імуналогіі і прафпаталогіі Інстытута павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі кадраў аховы здароўя БДМУ, кандыдат мед. навук.

 

Хоць і са змененай назвай, але гэта тая самая кафедра колішняга Інстытута ўдасканалення ўрачоў, якую пры яе заснаванні ўзначаліў Меве. Пасля вайны Яўгеній Барысавіч доўга заставаўся ў арміі: спачатку быў урачом у санаторыі ў Эдліц-Грыменштэйне з Цэнтральнай групай савецкіх войскаў у Аўстрыі, потым у Ялцінскім клінічным санаторыі Міністэрства абароны СССР, апошнім месцам службы стаў Харкаўскі вайсковы шпіталь, дзе ён дванаццаць гадоў узначальваў туберкулёзнае аддзяленне. Сухоты ў той час былі навалай, і Меве не толькі лячыў вайскоўцаў, але і праводзіў даследаванні, пісаў навуковыя працы. У 1962 годзе ён звольніўся ў запас, а ў 1964-м, абараніўшы доктарскую дысертацыю, заняў па конкурсе пасаду загадчыка кафедры. Так настаў яго мінскі перыяд.

 

— Ён сапраўды вялікі чалавек, — працягвае Ірына Каваленка, — але веліч яго натуральная, без штучна нанесенай значнасці, як гэта часта бывае. Ён вольна адчуваў сябе ў любым таварыстве, ніколі не бянтэжыўся, не хваляваўся, ніколі ні да каго не паддобрываўся, не падлашчваўся, не імкнуўся спадабацца або дагадзіць. Яму гэта не трэба было. Чалавек вольнай думкі і вольнай свядомасці. Іранічны, заўсёды ў добрым гуморы. Я не памятаю, каб ён злаваў. Стасункі з людзьмі ў яго былі чыста чэхаўскія.

 

«Для чалавека яго размаху было натуральна сябраваць з сястрой Чэхава i пiсаць пра яго кнiгi. Для яго было натуральна быць нароўнi з самымi яркiмi свяцiламi савецкай фтызiятрыi — яны ўсе яго добра ведалi».

 

— Усё жыццё ён прысвячаў сябе справам узнёслым, — узгадвае кандыдат мед. навук, дацэнт Ірына Лапцева, якая, гаворачы агульнапрынятай формулай, стаяла ля вытокаў беларускай пульманалогіі, чвэрць стагоддзя была галоўным пульманолагам нашай краіны. — Побач з ім было вельмі прыемна знаходзіцца.

 

Хірург-фтызіяпульманолаг, доктар мед. навук, прафесар Анатоль Лапцеў і цяпер працуе на кафедры, да калектыву якой далучыўся ў 1977 годзе па запрашэнні Меве.

 

— У памяці кафедры Меве застаўся не толькі як вядомы вучоны, які прысвяціў фтызіятрыі жыццё, але і як вельмі харошы чалавек, — гаворыць Анатоль Мікалаевіч. — Ён меў ясны розум, шырокі кругагляд і, як бы высакамоўна ні гучала, быў адданы Айчыне, што часта падкрэслівалася ў яго ўчынках ды словах і дабратворна ўплывала на моладзь. Шмат разоў ён бываў у нашай сям’і — сябраваў з маім цесцем. Цікава было знаходзіцца ў іх таварыстве і слухаць успаміны пра час перад Другой сусветнай вайной і пасля яе.

 

— У майго таты і ў Меве адзін лёс, адна школа, адны ўмовы фарміравання асобы, — тлумачыць Ірына Міхайлаўна. — І калі мае бацькі, якія жылі ў Пінску, прыязджалі да нас, то муж і жонка Меве, Яўгеній Барысавіч і Ніна Сяргееўна, адразу спяшаліся ў госці. Разам яны ўзгадвалі былыя часы, спявалі старыя песні, ігралі мелодыі маладосці — і гэта ўспрымалася як свята. Нават калі не было ніякага свята, яно адчувалася, бо сустракаліся гэтыя людзі.

 

— Меве і мой дзед, онкарэнтгенолаг Міхаіл Аляксандравіч Пугач, разам вучыліся, — расказвае Алена Лапцева, доктар мед. навук, прафесар. — Выпадкова сустрэліся — і пасябравалі на ўсё жыццё. У размовах яны спакойна пераходзілі з рускай мовы на польскую, з польскай на нямецкую ці лаціну. Такое валоданне мовамі, асабліва лацінай, мяне захапляла.

 

Без пiнжака

 

Цяпер кафедру Меве ўзначальвае яна, Алена Анатольеўна Лапцева, якая ўбачыла яго першы раз дзесяцігадовай дзяўчынкай.

 

— Ужо тады ён быў прафесар, таму я глядзела на яго з заміраннем і была моцна здзіўленая, калі ён звярнуўся да мяне вельмі паважліва, як да дарослай, — на «вы». Дыстанцыя паміж прафесарам і дзіцём тут жа знікла. Я чула ад яго і жарты, і сур’ёзныя пытанні. А потым сустракалася з ім па працы — была ардынатарам на яго кафедры. Ён быў такі… абсалютна неамбіцыйны. Пры гэтым яму не былі ўласцівыя ні ідалапаклонства, ні жаданне, каб яму самому пакланяліся як ідалу. І ніякага фамільярнага панібрацтва, а здаровыя сяброўскія стасункі з калегамі.

 

Ён імкнуўся стварыць на кафедры менавіта такую — сяброўскую — атмасферу. Усе супрацоўнікі розныя, у кожнага свой статус, свае амбіцыі, свае ўяўленні пра жыццё, але Меве ўсіх аб’ядноўваў жыццярадаснасцю і весялосцю, і гэтыя якасці тым больш моцна ўплывалі на людзей, што былі памножаныя на не проста высокую, а высачэнную адукаванасць і такога ж узроўню прафесіяналізм. Гэта ў ім бачылі ўсе, яму не трэба было ні прыкладаць намаганні, каб яго паважалі, ні патрабаваць да сябе патрэбнага стаўлення. Ён ведаў сабе кошт і адпавядаў яму.

 

— А якія ў яго былі звычкі, манеры, любімыя словы ці жэсты?

 

— Калі нехта выступае на вучоным савеце або на якім іншым схо-дзе, нешта дакладвае, пра нешта расказвае і ў канцы няма да яго ніякіх пытанняў, але неяк трэба рэагаваць, абавязкова нехта з нашых аксакалаў, цяперашніх класікаў фтызіятрыі кідае слова, якое, паводле іх успамінаў, прамаўляў у такіх выпадках

 

Яўгеній Барысавіч: «Бліскуча!» Бліскуча — і кропка, і ўжо ні пытанняў няма, ні адказаў не патрабуецца, усім прыемна.

 

— Як ён чытаў лекцыі?

 

— Так, як і жыў. Было на іх многа жартаў, былі каментарыі з уласнага досведу, і гучала не нудна, і слухалася лёгка. На жаль, я не на многіх лекцыях была, але вельмі ганаруся тым, што іх чула. Гэта класік беларускай фтызіятрыі, што тут яшчэ сказаць. Яго заслугі перад навукай вялікія: ён адзін з пачынальнікаў фтызіятрыі ў краіне. Выкладанне яе пачалося раней, адразу пасля вайны, а фтызіятрычная служба і асобная кафедра вылучыліся акурат перад самым яго пераездам у Мінск. Ён распрацоўваў разам з іншымі фтызіятрамі праграмы дыягностыкі туберкулёзу і алгарытмы працы фтызіятрычнай службы. Напісаў адпаведную манаграфію.

 

— А ці можаце ўспомніць канкрэтны выпадак яго дасціпнага жарту? Бо пра гумар Меве казалі ўсе, хто пра яго прыгадваў, але ніхто не прывёў ніякага прыкладу. 

 

— Ведаеце, я таксама не магу ўспомніць нейкі канкрэтны выпадак. Але ён сапраўды ствараў атмасферу сваім пачуццём гумару і дасціпнасцю жартаў. Часам ён так выкарыстоўваў свой гумар, што нельга было зразумець: гэта ён проста жартуе ці незадаволены, сварыцца.

 

— Як думаеце, які артыст мог бы сыграць Меве, калі б пра яго здымалі кіно?

 

— Алег Янкоўскі або Андрэй Міронаў. Ад першага арыстакратызм, ад другога іскрыстая весялосць, бо патрэбна і тое, і тое. Думаю, што і адзін, і другі здолелі б яго сыграць, але Алег Янкоўскі хутчэй.

 

— Як ён апранаўся?

 

— Увесь час афіцыйна. Я не памятаю Меве без пінжака.

 

Два барытоны

 

— Меў ён яшчэ адну добрую якасць, — дадае да сказанага Анатоль Лапцеў. — Ён быў здольны разгледзець і вылучыць з кагорты ўрачоў тых, хто мог займацца навукай. Курсанты яго вельмі паважалі. Ім, акрамя іншага, падабалася яго слухаць, бо чым выразней выказваецца выкладчык, тым ясней раскрываецца тэма. У Меве быў зычны, магутны голас, яго было чуваць не толькі ў аудыторыі, але і за сценамі. У Беларусі на той час былі два фтызіятры, якія валодалі аднолькава гучнымі, яснымі галасамі: мінскі Меве і гродзенскі Гельберг. Калі яны сустракаліся, было цікава сачыць за тым, як спаборнічаюць іх барытоны.

 

Канечне! У каго проста нельга пра Меве не распытаць, дык гэта ў Гельберга!

 

— Меве спецыяліст па туберкулёзу, і таму не пазнаёміцца мы не маглі, — гаворыць прафесар Ілля Самуілавіч Гельберг. — І ён, і я загадвалі кафедрамі, таму сустракаліся на розных канферэнцыях, саветах, сімпозіумах і гэтак далей. Акрамя таго, ён сябраваў з маімі бацькамі. Падпісаў ім свой здымак: «Ад чэхамеда». Ён быў своеасаблівы чалавек, вельмі захапляўся літаратурай, а творчасць Чэхава ведаў асабліва глыбока. Высокі, худы, трохі сутулы, у пенснэ.

 

— У пенснэ?

 

Ілля Гельберг, чуваць у трубцы, задумваецца. Яму таксама здаецца, што Меве павінен быў карыстацца пенснэ. Гэта ўсё Чэхаў…

 

Meve3З візітовак Меве відаць, што жыў ён на Берасцянскай.— Не, ён насіў акуляры… І быў вялікім спецыялістам не толькі ў фтызіятрыі, але і ў сумежнай паталогіі органаў дыхання. Напісаў класічную кнігу «Туберкулінадыягностыка». Для педыятраў гэта быў падручнік. Вельмі добрая кніга, яго галоўная манаграфія. У Савецкім Саюзе такіх было яшчэ адна або дзве, не болей. Мы ўсе, канечне, чыталі Меве.

 

— Ці можна сказаць, што ў сваім часе ён быў фтызіятрам нумар адзін у Беларусі?

 

— Ну, як сказаць… Некаторыя лічаць, што рулявым фтызіятрычнай службы таго часу быў прафесар Міхаіл Мікалаевіч Ламака, галоўны фтызіятр рэспублікі, дырэктар інстытута туберкулёза і адначасова загадчык кафедры фтызіятрыі Мінскага медінстытута, вельмі ўладны, амаль дыктатар. Але навуковы ўзровень Меве высокі. Гэта салідны, сур’ёзны вучоны. І самы арыгінальны.

 

Нiна Сяргееуна

 

«Я радуюся, што магу працягваць жыць інтарэсамі свайго Яўгенія Барысавіча, якога вельмі любіла, паважала і цаніла. Адна з найцудоўнейшых рысаў яго характару — неабыякавасць.

 

Ён любіў людзей і ўмеў рабіць дабро. Ён і мяне навучыў любіць людзей і рабіць дабро. Ён напоўніў маё жыццё глыбокім зместам, ён зрабіў яго цікавым, прыгожым, шматгранным…»

 

«Калі мяне зваліў інсульт і я была прыкавана да ложка, Яўгеній Барысавіч даглядаў мяне, як маці даглядае дзіця. Калі мяне ахапіў адчай і я рашыла, што жыццё маё скончана, ён удыхнуў у мяне надзею, пераканаў мяне, што не ўсё страчана, што я магу яшчэ быць карыснай яму, сабе, людзям. І гэта падняло мяне на ногі…»

 

«Ён не ўмеў сюсюкаць, але я заўсёды адчувала на сваім плячы яго клапатлівую руку. За яго спінай я была як за каменнай сцяной. Без яго мне цяжка, неверагодна цяжка, але я чэрпаю сілы з успамінаў пра яго, пра тыя шчаслівыя хвіліны, гадзіны, дні, якія ён мне падарыў…»

 

«Усё сваё сумеснае з Яўгеніем Барысавічам жыццё я старалася дапамагаць яму ў творчай працы. У яго была свая манера працаваць. Ён любіў хадзіць па пакоі і дыктаваць, а я пісала. Потым ён чытаў напісанае, папраўляў і зноў дыктаваў. Пры гэтым ён прасіў мяне запісваць не аўтаматычна і любіў, калі я рабіла заўвагі…»

 

«Паплечнікі Яўгенія Барысавіча па вайне называлі яго чалавекам-легендай. А нехта з калег сказаў, што ён быў сувязным звяном паміж мінулым і цяперашнім і аказаўся несмяротным. І мне хочацца, каб памяць пра гэтага чалавека захавалася на доўгія часы».

 

Гэта радкі з ліста Ніны Сяргееўны Меве, адрасаванага Андрэю Майсяёнку, члену-карэспандэнту НАН Беларусі, прафесару, доктару мед. навук. Ён атрымаў гэты ліст у сакавіку 1993 года разам з фотаздымкамі Меве, яго кнігамі і візітоўкамі. Клапатлівы збіральнік легенд і скарбаў нашай медыцыны, Андрэй Георгіевіч перадаў іх мне як каштоўныя падарункі, якімі я магу і павінна дзяліцца.

 

— Яўгеній Барысавіч ніколі не думаў пра знешняе, — кажа Анатоль Мікалаевіч Лапцеў. — Як ён харчуецца, як выглядае — за гэтым сачыла жонка. Мы ведалі: калі яна побач, усё ў прафесара Меве будзе цудоўна. Ён у юнацтве таксама хварэў на сухоты, і астаткавыя праявы перыядычна яго непакоілі. Ніна Сяргееўна з яе клопатам пра яго лад жыцця, адпачынак і харчаванне была залогам яго даўгалецця. І калі б не той халодны пачатак зімовага маскоўскага дня...

 

Гэта быў фактычна няшчасны выпадак. У сярэдзіне студзеня 1990 года ў Маскве праходзілі Чэхаўскія чытанні, на якія Меве ехаў выступіць з дакладам. Было вельмі холадна — ветрана і марозна. Ён выйшаў з цягніка на перон, удыхнуў паветра — і захлынуўся, упаў непрытомны. Так і памёр на маскоўскім пероне.

 

— Я памятаю свой стан у дзень яго смерці і атмасферу, якая запанавала на кафедры: усё было напісана на тварах, — успамінае Ірына Міхайлаўна Лапцева. — Мы перажывалі сапраўдную вялікую страту, як ад сыходу роднага чалавека… Згадваем яго з цеплынёй і ўдзячнасцю. І столькі прамінула дзесяцігоддзяў, а кафедра, якую ён узначальваў, захоўвае традыцыі, якія фарміраваліся пры ім, — і ў стасунках, і ў мэтах, і ў спосабах іх дасягнення. Усё ім закладзенае — жыве.

  

Фота прадастаўлены аўтарам.