26 жніўня 1944 года ў вызваленым ад ворага Мінску загадчык артапеда-траўматалагічнага аддзялення 3-га клінічнага гарадка Юрый Ільіч Тайц гутарыў з членам камісіі па складанні хронікі Вялікай Айчыннай вайны таварышам Ліхтэрам.
«Усё трэба пераглядзець, усе метады лячэння», — даводзіў гісторыку доктар, апісваючы «лютую антысанітарыю», насуперак якой «чалавек вытрымліваў самыя цяжкія раненні і выжываў пры тых умовах і акалічнасцях, пры якіх у мірны час ён бясспрэчна загінуў бы». «Скажам, скразное агнястрэльнае раненне брушной поласці. Ускрываюць яму жывот. Няма ні пальчатак, ні мыла, ні спірту, няма чым нават рукі памыць — хворы павінен загінуць, так? Я прымяніў тактыку чакання — і чалавек выжыў. Мы з вамі ў мірнай абстаноўцы з’ямо нешта недабраякаснае — і што?
І атрымаем расстройства страўнікава-кішэчнага тракта. А там жа мы пілі балота! Не ваду, а ў літаральным сэнсе балота — зямлю, насычаную балотнай вадой. І толькі праз некалькі дзён узнікала раздражненне кішак, але і тады людзі ўсе выжывалі, не было такога выпадку, калі чалавек ад гэтага загінуў. Быў выпадак, што загінуў, але гэта таму, што крывёй сцёк...»
Камісія Мінца
Камісія па складанні хронікі Вялікай Айчыннай вайны, створаная на мяжы 1941–1942 гадоў стараннямі энергічнага Ісаака Мінца, члена-карэспандэнта Акадэміі навук СССР, загадчыка кафедр гісторыі СССР адразу трох маскоўскіх ВНУ, аўтара гісторыі Грамадзянскай вайны, працавала літаральна па гарачых слядах. Яе супрацоўнікі пад страхам страціць нават дробязную інфармацыю дзень за днём, месяц за месяцам да самага канца пераможнага 1945-га прагна збіралі пісьмовыя і вусныя сведчанні, палявалі на дзённікі, успаміны, лісты… Так гэтых рупліўцаў і называлі — камісія Мінца. Ужо праз месяц пасля нападзення Гітлера на СССР апантаны Мінц пісаў у газету «Народны апалчэнец»: «Потым чалавецтва будзе пытацца, як усё адбывалася» — і, быццам ведаючы, што вайна зацягнецца, заклікаў «не губляць час», «фіксаваць падзеі», «ствараць летапіс велічнай эпапеі».
Ад доктара Тайца тым жнівеньскім днём 1944-га патрабавалася расказаць усё, чаму ён быў сведкам і што перажыў ад першага дня вайны і да дня вызвалення — спачатку ў гета, у якім не загінуў толькі цудам, а пасля ў партызанскім атрадзе, куды ўдалося трапіць, здзейсніўшы смелы пабег.
Доктар пачаў здалёк: што бацька ў яго быў шаўцом, што сам ён, трохі павучыўшыся ў школе, да 16 гадоў працаваў краўцом, а пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі налёг на вучобу і ў рэшце рэшт у 1928-м скончыў медыцынскі факультэт БДУ.
Доктар Тайц прапусціў цікавыя падрабязнасці. Не сказаў, што яго не прымалі на вучобу ў БДУ як сына эксплуататара, хаця ніякім эксплуататарам яго бацька не быў, а проста час ад часу, каб паспяваць спраўляцца з заказамі, карыстаўся дапамогай дзяцей і жонкі ды яшчэ нейкага хлопчыка. Тым не менш, каб паступіць у БДУ, Іегуда Тайц (гэта потым ён стане Юрыем) павінен быў для пачатку перастаць быць «класава чужым элементам».
Дапамагла ў гэтым цяжкая атлетыка: юнак быў штангістам, чэмпіёнам Беларусі ў сваёй лёгкай вазе, і гэта дазволіла яму ўладкавацца трэнерам у яўрэйскі дзіцячы дом, дзе ён адпрацаваў тры гады, пасля чаго ўжо можна было паступаць на вучобу.
Пра гэта доктар Тайц Ліхтэру не расказваў — і не так істотна, і даўно было. Затое доўга тлумачыў, як «рэзервныя сілы арганізма мабілізуюцца нервовай сістэмай да такой ступені, што імкненне чалавека жыць бярэ верх над усімі нягодамі». Стэнаграфістка па прозвішчы Бандарэнка ўсё, што ён гаварыў, ад апісання страшных сцэн здзекаў над яўрэямі ў гета да разваг на медыцынскія тэмы, спраўна зафіксавала, каб пазней ператварыць у машынапіс, на апошняй старонцы якога амаль праз тры месяцы пасля гутаркі той самы Ліхтэр паставіць сваё прозвішча з тлустай кропкай. Гэтая кропка нібы аддзеліць змрочную ваенную гісторыю доктара Тайца і яго сям’і ад светлай, пасляваеннай.
Гартаючы навуковую прэсу
«Маю шмат навуковых прац. Падрыхтавана дысертацыя, але ўся згарэла», — не без гонару, хоць і са скрухай паведаміў тады доктар. Навуковымі працамі ён назваў публікацыі ў выданні «Медицинский журнал БССР», як з 1938-га пачаў называцца заснаваны ў 1924-м часопіс «Беларуская медычная думка». У артыкулах апісваліся цікавыя сваёй нетыповасцю клінічныя выпадкі, з якімі доктару Тайцу давялося мець справу. «Захворванне рэдка сустракаецца і мала вядомае шырокім масам хірургаў, што падштурхнула нас апублікаваць наш выпадак», — так суправаджаў ён свае паведамленні. Праз дзесяцігоддзі ў адным інтэрв’ю ён выкажацца пра гэту сваю даваенную дзейнасць больш аб’ектыўна і сціпла, абмежаваўшыся фразай «апублікаваў некалькі артыкулаў».
Гартаючы «Медицинский журнал БССР» перадваенных гадоў, натрапляеш на прозвішчы, якімі поўняцца і ваенныя ўспаміны Юрыя Тайца. І агортвае дзіўнае пачуццё ўрачыстай жалобы з дамешкам адчування сябе транзітным пасажырам машыны часу...
Вось член рэдакцыйнай калегіі прафесар М. А. Дворжац, дырэктар вочнай клінікі медінстытута. Тут жа яго артыкул пра тое, як уплываюць на вочы і зрок пашкоджанні мозга і чэрапа. Доктар Дворжац піша, што пры паражэнні цэнтральнай нервовай сістэмы вока амаль заўсёды мае прыкметы, якія пра гэта сведчаць, а калі яны раптам адсутныя, то гэта не значыць, што вока не зрэагавала, гэта значыць, што яны толькі «здаюцца адсутнымі на сучасным узроўні ведаў».
Макс Дворжац кіраваў шырока разгорнутай кампаніяй па барацьбе з трахомай, арганізоўваючы так званыя «вочныя атрады», вывучаў прафесійныя захворванні вачэй, шмат займаўся іх траўмамі, шырока абследаваў на прадмет стану зроку сельскае насельніцтва, пісаў прафілактычныя памяткі, прапанаваў метад лячэння пашкоджанняў зрокавага нерва пры атручванні дэнатуратам… «Дворжац загінуў у адным з пагромаў гета разам з жонкай, — расказвае Тайц. І прызнаецца ў тым, ад чаго робіцца вельмі прыкра: — Ён звяртаўся да мяне, хацеў пайсці ў атрад. Алё ён неяк не выклікаў такой прыхільнасці да сябе, каб я мог раскрыць яму сваю сувязь з партызанамі. І калі адказны за ахову здароўя ў акупіраваным Мінску немец Вебер прыйшоў у гета знаёміцца з урачамі, ён спыніўся каля Дворжаца са словамі: “Адкуль я вас ведаю?” “Ды мы вучыліся ў адным універсітэце ў Германіі”, — пачуў у адказ. Яны пагаварылі па-нямецку і… разышліся. А потым у пагроме Дворжац загінуў».
Падобным чынам загінуў і «вельмі вядомы да вайны ў Мінску доктар Чарно, пажылы чалавек з арыстакратычнымі манерамі». Калі ў гета наведаўся гаўляйтэр Кубэ, яны таксама пазналі адзін аднаго, бо ў адзін час вучыліся ва ўніверсітэце ў Марбургу, і таксама «пагаварылі», але гэта не дало падставы злітавацца над «аднакашнікам».
Вось член рэдкалегіі прафесар Д. В. Ліўшыц, вучоны-гігіеніст, загадчык кафедры сацыяльнай гігіены Мінскага медінстытута, аўтар прац па арганізацыі медыцынскага абслугоўвання насельніцтва. Даследаваў пытанні прафілактыкі ў сельскай мясцовасці і праблемы падрыхтоўкі спецыялістаў па медыцынскай статыстыцы. У жніўні 1941-га Давід Ліўшыц быў вывезены з гета за межы Мінска і расстраляны…
«Медыцынскія інструменты»
Яшчэ адзін член рэдкалегіі — заслужаны дзеяч навукі прафесар Л. Я. Сітэрман.
«Немцы, даведаўшыся, што гэта сусветна вядомы вучоны, прымусілі яго вычышчаць у двары прыбіральню», — расказвае Юрый Тайц.
У «Чорнай кнізе» Ільі Эрэнбурга і Васілія Гросмана дадзены падрабязнасці: «…гаспадаром над гета быў назначаны белагвардзеец Гарадзецкі — здраднік, гвалтаўнік, забойца. З Мінска не паспеў эвакуіравацца адзін з буйнейшых спецыялістаў БССР — доктар медыцынскіх навук, прафесар Сітэрман. Як толькі Гарадзецкаму ў гестапа стала вядома яго месцазнаходжанне, пачаліся здзекі з прафесара. Гарадзецкі ўрываўся да яго на кватэру, забіраў усё, што хацеў, збіваў… Да прафесара Сітэрмана прыязджалі гестапаўцы, забіралі яго з сабой, прымушалі працаваць на чорных цяжкіх працах — рукамі вычышчаць выграбныя ямы і прыбіральні… Сітэрмана паставілі ў прыбіральні з лапатай у руках і так сфатаграфавалі».
7 верасня 1941 года гестапаўцы прыйшлі да Лазара Сітэрмана, папрасілі апрануцца і ўзяць з сабой медыцынскія інструменты. Як успамінаў яго сын, якому тады было 12 гадоў, бацька зняў з рукі гадзіннік, развітаўся, сеў у легкавік — і больш яго ніхто не бачыў. Праз многа гадоў сын чытаў кнігу Сямёна Дубнова «Гісторыя яўрэйскага народа» і натыкнуўся ў ёй на падрабязнае апісанне арыштаў урачоў у розных гарадах Еўропы. Кожны раз фігуравала патрабаванне ўзяць з сабой «медыцынскія інструменты». Праз некалькі дзён гестапаўцы зноў ўварваліся ў кватэру Сітэрмана, каб паведаміць жонцы: «Мы забілі вашага мужа».
Стопрацэнтны здраднік
А вось яшчэ адно прозвішча, якое фігуруе і ў рэдакцыйнай калегіі галоўнага часопіса медыкаў БССР, і ва ўспамінах доктара Юрыя Тайца: В. А. Анішчанка. Да вайны — прафесар кафедры фармакалогіі, дэкан лячэбна-прафілактычнага факультэта, у пачатку вайны — загадчык аддзела аховы здароўя створанай немцамі гарадской управы. «Прафесар Анішчанка аказаўся стопрацэнтным здраднікам, калі б можна было так сказаць, то належала б напісаць, что стопяцiдзесяцiпрацэнтным здраднікам», — сказаў Тайц Ліхтэру, махнуўшы ў бок стэнаграфісткі: так, маўляў, і пішыце. У іншай гутарцы Тайц успамінаў, як гэты прафесар сказаў яму, што немцы раней ці пазней усіх яўрэяў знішчаць, але пакуль тое, дык Тайц можа трохі папрацаваць у паліклініцы на вуліцы Мяснікова. «Між іншым, Анішчанка наведаў Берлін і па вяртанні ў Мінск даў у мясцовую газету артыкул пра тое, што Берлін — квітнеючы горад і цэленькі, як яечка, і жыццё там райскае», — дадаў Тайц пазней. Немцы абвінавачвалі Анішчанку ў сувязі з партызанамі, а савецкая ўлада арыштавала яго па падазрэнні ў супрацоўніцтве з нацыстамі, прыгаварыла на дзесяць гадоў, але потым пасмяротна рэабілітавала.

На фотакартцы ўверсе старонкі з выявай членаў Дзяржаўнай экзаменацыйнай камісіі Мінскага медінстытута 1939 года можна бачыць Дворжаца, Сітэрмана і Ліўшыца. Анішчанкі няма.
У паліклініцы № 1 на вуліцы Мяснікова Юрый Тайц і пачаў працаваць, як і было яму сказана, загадчыкам аддзела аховы здароўя новастворанай гарадской управы, колішнім прафесарам і дэканам. Але гэта пасля таго, як Тайц яшчэ да ўтварэння гета спрабаваў па заданні наркамздрава, атрыманым літаральна ў першы дзень вайны, арганізаваць шпіталь для прыёму будучых параненых. «Мяне выклікалі ў гарздраў і прапанавалі гэта зрабіць. Сказалі, якія аб’екты. Я павінен быў разгарнуць шпіталь і быць намеснікам начальніка». Начальнікам быў прызначаны намеснік наркама аховы здароўя Савелій Эпштэйн. Яшчэ адно прозвішча з тытульнай старонкі часопіса: адзін з намеснікаў адказнага рэдактара ў асобе самога наркама. Але ў Мінску ў пачатку вайны ўсё адразу пайшло «не так»: і Эпштэйн недзе знік, Тайц не змог з ім звязацца, і гарздрава неўзабаве на месцы ўжо не было — не было ў каго Тайцу спытаць, што рабіць. Аб’екты, прызначаныя пад шпіталь, пацярпелі ў бамбёжцы, і дастаўленыя для яго арганізацыі ложкі не было ўжо куды паставіць. Застаўшыся без кіраўніцтва, толькі з падначаленым персаналам, адказны і руплівы доктар Тайц пачаў было разважаць, дзе яму ўсё ж разгарнуць шпіталь — у дамах, якія ўцалелі ў цэнтры, ці задзейнічаць маленькія драўляныя пабудовы на ўскраінах. Схіляўся да апошняга, але… Гэта вельмі хутка перастала быць магчымым.
Клінічны гарадок
«Па першым часе немцы дапусцілі існаванне клінічнага гарадка, у якім аказвалася дапамога савецкім людзям, — расказвае далей доктар. — Пазней яны эвакуіравалі адтуль усіх хворых і занялі памяшканні для ваеннага шпіталя, для немцаў». Размова ідзе пра «клінічны гарадок на Камароўцы» — цяперашні ваенны шпіталь: «Там былі дзве хірургічныя, дзве тэрапеўтычныя, кожна-венералагічная клініка, клініка гінекалогіі і акушэрства». Для савецкіх ваеннапалонных быў адведзены барак на ўскрайку клінічнага гарадка. Доктар Тайц, які перад вайной працаваў у НДІ фізіятэрапіі, артапедыі і неўралогіі, трапіў, як усе мужчыны ад 16 да 45 гадоў, у лагер. Трымалі іх там без ежы, а потым пачалі аддзяляць яўрэяў ад неяўрэяў і з першых адных расстрэльваць, другіх — спецыялістаў-вытворцаў, рамеснікаў, вадаправодчыкаў і электрыкаў — накіроўваць на працы. З урачоў запатрабаванымі былі спачатку толькі інфекцыяністы: горад, дзе на кожным кроку сустрэнеш забітага, дзе людзі слабеюць, не маючы магчымасці харчавацца, ужо апанавалі інфекцыі. Потым выпусцілі іншых урачоў-яўрэяў, дазволіўшы ім практыкаваць, але неўзабаве было ўтворана гета, з якога яны мелі права выходзіць на працу толькі па пропуску.
Яны ўзначальвалі клінікі, кафедры, факультэты, навуковыя лабараторыі і інстытуты, па публікацыях у навуковай прэсе іх ведаў свет, на іх маліліся пацыенты, якім яны ратавалі жыццё і вярталі здароўе, на іх лекцыі ў інстытуцкія аўдыторыі збіраліся не толькі студэнты, але і ўрачы, — а цяпер яны носяць на вопратцы «зорку Давіда» і нашыты побач нумар свайго дома на абгароджанай тэрыторыі.
Як яўрэя ператварыць у татарына
Як былы спартсмен, па-першае, і ўрач-артапед, па-другое, Юрый Тайц да вайны вечарамі падпрацоўваў спартыўным урачом на стадыёне «Дынама» і ў якасці ўрача суправаджаў спаборніцтвы веласіпедыстаў. Адзін з тых веласіпедыстаў па прозвішчы Вішнеўскі пачаў прыходзіць да яго ў тую самую паліклініку на Мяснікова пад відам хворага і прасіць выдаваць некаторым названым ім асобам бальнічныя лісткі, каб тыя маглі без ніякага падазрэння з боку немцаў часова не з’яўляцца на працы, бо трэба ім выходзіць на сувязь з партызанамі. Прыйшоўшы першы раз, Вішнеўскі без ніякага апасення прызнаўся Тайцу, што супрацоўнічае з партызанамі. Гэты давер і выратаваў сям’ю доктара ад немінучай гібелі, якая падступіла так блізка, што марудзіць ужо было нельга.
Як яўрэя ператварыць у татарына? «Я ўзяў вадкі гіпс, наклаў яго на натуральную фотакартачку з пячаткай і, калі ён застыў, уліў вадкае волава на гэта месца. У выніку атрымаў выяву металічнай пячаткі, якую і паставіў на фотаздымак пашпарта». З гэтага як след прадуманага і загадзя падрыхтаванага дзеяння пачалася партызанская эпапея медыцынскай сям’і Тайцаў. Дакументы аб тым, што яны татары, ім прынесла жанчына, якая да вайны працавала рахункаводам у пратэзнай майстэрні і добра ведала Юрыя Ільіча.

Юрый Ільіч, Ганна Маркаўна і Марк Тайцы ў 1948 годзе. Здымак з кнігі Леаніда Смілавіцкага «Вязень гета, партызан і вучоны».
Што сказаць, калі спыніць патруль
Жонка доктара Ганна Маркаўна была вопытнай медсястрой, мела здольнасць праводзіць перавязкі «асабліва далікатна і без болю», таму некаторыя партызаны давяралі свае раны толькі ёй. Сын Марк, падлетак, не захацеў быць пры бацьку памочнікам — забаяўся, што будуць называць яго баязліўцам, які схаваўся за бацькаў халат, і выбраў быць партызанскім байцом, як усе.
Пасля вайны Марк Тайц паступіць у медінстытут на той самы знакаміты першы пасляваенны курс, які выпусціць цэлы шэраг будучых акадэмікаў і зорак савецкай медыцынскай навукі і практыкі: Антонаў, Астроўскі, Сідарэнка, Лазюк, Кузюковіч, Галубовіч, Грыцкевіч, Тумель, Борац, Дрывоцінаў... Зоймецца радыёмедыцынай, стане прафесарам, дажыве да 95 гадоў.
А пакуль што яны дамаўляюцца, як будуць выходзіць з гета. Трэба далучыцца да адной з калон, якую выводзяць на працу. Першай будзе ісці Муся Ліпец, іх правадніца да партызан, жанчына з-пад Скірмантава, што ў Дзяржынскім раёне, за ёй на адлегласці ў 2–3 дзясяткі метраў — спачатку сын, потым жонка, потым сам Юрый Ільіч. Можна сабе ўявіць працягласць калоны — не менш чым сто метраў. «Калі некага з нас затрымаюць, астатнія не спыняюцца», — вучыць доктар. Адарваўшыся ад калоны, яны пойдуць далей і далей, трымаючы ў галаве, што сказаць, калі спыніць патруль: ідуць, маўляў, у вёску мяняць вопратку на прадукты. Пры кожнай сустрэчы з патрульнымі доктар Тайц будзе даставаць з кішэні насоўку і быццам высморквацца. А за плячыма ў яго будзе сумка з медыкаментамі, перавязачным матэрыялам і інструментамі…