Ефрасіння Брэус (у ніжнім левым кутку) падчас аперацыі ў эвакуацыйным шпіталі № 2988. Фота прадастаўлена Музеем гісторыі медыцыны Беларусі Рэспубліканскай навуковай медыцынскай бібліятэкі.

Мініяцюрныя санітаркі, суровыя хірургі, засяроджаныя аперацыйныя медсёстры, санінструктары і фельчары партызанскіх атрадаў… Тыя, хто выцягваў з поля боя, перавязваў, транспартаваў, аперыраваў і выходжваў параненых байцоў. А пасля адной толькі прысутнасцю і ласкавай усмешкай падбадзёрваў, дарыў надзею і вяртаў іх да жыцця. Жанчыны-медыкі, якія не раз давалі адпор выпрабаванням ваеннага ліхалецця.

 

Кнопка, якая  ішла  забіць  вайну

 

Соф’я Кунцэвіч, санінструктар стралковай роты, камандзір санітарнага узвода. Санінструктар стралковай роты старшыня Соф’я Кунцэвіч у гады Вялікай Айчыннай вайны нярэдка змагалася з уласнымі страхамі і ўступала ў рукапашны бой са смерцю. Адбівала ў яе другіх і не паддавалася яе клічу сама. А ў 1981-м яна стала адной з шасці жанчын у краіне, каго «за сапраўдную міласэрнасць і клопат пра людзей» узнагародзілі залатым медалём імя Флорэнс Найцінгейл Міжнароднага камітэта Чырвонага Крыжа.

 

Соф’я Кунцэвіч нарадзілася 28 жніўня 1924 года ў сям’і селяніна на Капыльшчыне. Шасцігадовым дзіцём пераехала ў Слуцк да старэйшай сястры. Там яна стала вучаніцай гарадской школы і захапілася спартыўнай гімнастыкай. У пятнаццацігадовым узросце дзяўчына выпусцілася са школы, паралельна завяршыўшы двухгадовыя курсы медсясцёр. Затым Соф’я скіравалася паступаць у Мінскі медінстытут. Аднак там дакументы не прынялі: маўляў, маленькая яшчэ — нават шаснаццаці няма.

 

Пасля ў жыцці пайшла паласа выпрабаванняў. У 1940 годзе не стала бацькі, а праз год пачалася вайна. З вялікімі цяжкасцямі Соф’я эвакуіравалася ва Украіну, адкуль у складзе камсамольцаў стралковага батальёна выправілася на фронт. Мініяцюрную дзяўчыну (рост усяго 157 сантыметраў з вагой 46 кілаграм) байцы бераглі: хто сухарыкам пачастуе, хто кавалак цукру для яе зберажэ. І ласкава клікалі Кнопкай.

 

Усё жыццё яна памятала 19 ліпеня 1941 года: тады яе батальён атрымаў баявое хрышчэнне. Соф’я Кунцэвіч пасля прыгадвала, што, упершыню ўбачыўшы параненага, страціла прытомнасць. А калі паўзла на дапамогу байцу пад кулямі, крычала так, што, здавалася, заглушала рэха боя.

 

Моцныя баі працягваліся для медсястрычкі да снежня 1941 года: у адным з іх яна была цяжка паранена і адпраўлена ў шпіталь. У красавіку 1942-га яна зноў вярнулася да сваіх абавязкаў, аднак ужо як камандзір санузвода. Ва ўспамінах саслужыўцаў захаваўся такі эпізод. Пасля боя на ўзятай вышыні застаўся параненым малады лейтэнант.

 

Соф’я дабралася туды і вынесла камандзіра ў небяспечнае месца. Аднак там заставалася шмат зброі — аўтаматы, вінтоўкі, кулямёты. І санінструктар вярнулася, каб вынесці іх частку з поля бою.

 

У красавіку дзяўчыну параніла зноў. На той час байцы некалькі тыдняў вялі баі з фашыстамі ў гарах. У батальёне заставалася 18 чалавек, камандзір і камісар загінулі. Дзяўчына ўзяла камандаванне на сябе. Разам з астатнімі яна паклялася не аддаць вышыню і пад кулямі ў поўны рост павяла байцоў у атаку. Бой быў выйграны. За гэта дзяўчына была ўзнагароджана ордэнам Чырвонай Зоркі.

 

Пасля выздараўлення ёй прапанавалі застацца ў палкавой санчасці. Але Соф’я рвалася назад у батальён. У яго складзе дзяўчына прымала ўдзел у баях за вызваленне Каўказа, Украіны, Малдавіі, ваявала ў Польшчы.

 

Sofya Kuncevich2

 

Ды хто лічыў выратаваных… Мне гэтага і ў галаву не прыходзіла. Ідзе бой, людзі сцякаюць крывёй, а я буду сядзець і запісваць? Ніколі не чакала, калі скончыцца атака, поўзала падчас боя і збірала параненых. Калі ў чалавека асколачнае раненне, а я прыпаўзу да яго праз гадзіну-другую, то мне там ужо не будзе чаго рабіць. Памятаю, не хапае бінтоў. Такія страшныя кулявыя раненні, што кладзеш на рану пакет. З сябе бялізну паздымала, разарвала і хлопцам кажу: “Здымайце кальсоны, кашулі, у мяне людзі гінуць”. Яны распрануліся, парвалі бялізну на кавалкі. Я іх не саромелася, жыла сярод іх як паміж братоў.

 

Пра што толькі не марылі маладыя людзі на фронце: нехта — вярнуцца дадому, убачыць родных, нехта — дайсці да Берліна. А Соня вельмі хацела дажыць да васямнаццатага дня нараджэння. А яшчэ не верылася, што некалі зноў будзе магчымасць хадзіць на поўны рост, а не поўзаць. Але і да Берліна дзяўчына дайшла. Там на сценах рэйхстага яна напісала: «Я, Соф’я Кунцэвіч, дачка каваля, прыйшла ў Берлін, каб забіць вайну».

 

Я думала, калі мы ўвойдзем у Германію, у мяне ні да каго не будзе літасці. Столькі нянавісці назапасілася ўнутры! Чаму я павінна шкадаваць дзіця чалавека, які забіў маё дзіця? Чаму павінна пашкадаваць яго маці, калі ён маю павесіў? Чаму я не павінна чапаць яго дом, калі ён мой спаліў? Хацелася ўбачыць іх жонак і мацярок, якія нарадзілі такіх сыноў. Як яны будуць глядзець нам у вочы? Прыйшлі ў нейкае мястэчка, дзеці бегаюць — галодныя, няшчасныя. І я, якая клялася ў сваёй нянавісці да ўсіх, збяру ў сваіх хлопцаў, што ў іх засталося ад пайка, і аддам нямецкім малым. Канешне, я помніла пра ўсё, але глядзець спакойна ў галодныя дзіцячыя вочы не магла.

 

За чатыры гады службы Соф’я Кунцэвіч вынесла на сабе 147 байцоў, атрымала 22 баявыя ўзнагароды, была тройчы паранена і столькі разоў кантужана. Пасля вайны яна пераехала ў сталіцу і паступіла на бібліятэчны факультэт Мінскага педагагічнага інстытута. З 1951-га па 1958 год працавала загадчыцай аддзела камплектавання бібліятэкі Акадэміі навук БССР. Затым займала пасады дырэктара Рэспубліканскай медыцынскай бібліятэкі, старшага бібліёграфа Інстытута траўматалогіі і артапедыі Міністэрства аховы здароўя БССР, дырэктара бібліятэкі Беларускага дзяржаўнага тэхналагічнага ўніверсітэта. Не стала Соф’і Адамаўны ў 2012 годзе, у знакавы для яе дзень 9 мая.

 

 Аптэкар  «Дзяўчынка»

 

Фармацэўт, а падчас вайны кіраўнік аптэчнай падпольнай групы «Медык» і сувязная партызанскай брыгады «Народныя мсціўцы», старшы лейтэнант медслужбы Лідзія Густарнік-Ларына не аднойчы знаходзілася на волас ад арышту акупацыйнымі ўладамі. Аднак у розны час вынаходзіла спосабы, каб вынесці з-пад носа ў немцаў як мага больш медыкаментаў і дапамагчы партызанам. За гэта яна была ўзнагароджана ордэнамі Чырвонага Сцяга і Айчыннай вайны 2-й ступені.

 

Ліда нарадзілася 23 снежня 1916 года ў Мінску ў сям’і стрэлачніка і хатняй гаспадыні. Праз пяць год бацька памёр, таму дзяўчыну забрала на выхаванне цётка — матчына сястра. У дваццацігадовым узросце яна стала выпускніцай курсаў фармацэўтаў пры Мінскім медінстытуце. Паралельна працавала асістэнтам і фармацэўтам-рэцэптарам шостай гарадской аптэкі. У 1939 годзе як начальнік аптэкі ўдзельнічала ў пахо-дзе Чырвонай арміі ў Заходнюю Беларусь, а пазней працавала ў Лідскім ваенным шпіталі. 

 

Пачатак Вялікай Айчыннай вайны дзяўчына сустрэла ў Мінску. Яе падпольная работа пачалася з аказання дапамогі параненым салдатам у першы месяц акупацыі.

 

Я лячыла восем параненых байцоў і камандзіраў у вёсцы Коханаўшына Мінскага раёна. Патрэбны былі медыкаменты і перавязачныя матэрылы. Таму 30 чэрвеня 1941 года я вярнулася ў горад. Калі падышла да медінстытута, дзе працавала да вайны, убачыла, што там напоўніцу гаспадараць немцы.

 

Я вырашыла збіраць лекі. Забрала ўсё неабходнае: медыкаменты, саляную кіслату, бяртолевую соль, бялізну, медыцынскія халаты, хірургічныя інструментыі перавязачныя матэрыялы.

 

Пасля Лідзія па ўзгадненні з падпольшчыкамі ўладкавалася ў аптэку другой гарадской бальніцы. Хутка медык з пазыў-ным «Дзяўчынка» ўвайшла ў давер да акупацыйных улад і стала кіраўніком аптэкі. Пазней перайшла на пасаду кіраўніка аптэкі № 2 на тагачаснай вуліцы Мопраўскай. Дзякуючы такому прыкрыццю Лідзія дастаўляла медыкаменты ў партызанскія атрады, бесперашкодна расклейвала лістоўкі.

 

Неўзабаве з’явіліся звесткі, што на след падпольшчыцы напалі. Было прынята рашэнне пераправіць яе ў лес.

 

Афіцэры гестапа, якія ўварваліся, каб арыштаваць фармацэўта, вымушаны былі канстатаваць, што аптэка недалічылася лекаў і інструментаў на дзвесце тысяч рублёў. У атрадзе імя Суворава, куды сышла Лідзія, яна стала начальнікам санслужбы і шпіталя.

 

jsiwhgj3

Партызанкі брыгады «Народныя мсціўцы». Лідзія Густарнік-Ларына (старшы лейтэнант медслужбы, начальнік санслужбыі шпіталя партызанскага атрада) трэцяя злева. 1944 г.

 

Фроня  з  Глуска

 

Efrasinnya BreusЕфрасіння Брэус, хірург, заслужаны ўрач БССР, а ў гады вайны капітан медыцынскай службы. Хірург, заслужаны ўрач БССР, выдатнік аховы здароўя, а ў гады вайны капітан медыцынскай службы Ефрасіння Брэус, дайшоўшы да Берліна, напісала на рэйхстагу «Доктар з Глуска».

 

У Дзень Перамогі яна прымацавала да гімнасцёркі ўласныя баявыя ўзнагароды, а ў нагрудную кішэню, бліжэй да сэрца, паклала медалі каханага, які не дажыў да гэтай падзеі ўсяго некалькі месяцаў.

 

Доктарам Ефрасіння бычыла сябе з маленства, таму, скончыўшы ў 1936 годзе Мінскі медінстытут, стала ардынатарам у 2-й клiнiчнай бальнiцы. Адтуль разам з мужам інжынерам Фёдарам Вайткевічам яна як добраахвотнік атрымала накіраванне на фронт. Лёс распарадзіўся так, што маладых людзей не развяло па ваенных шляхах — плячо да пляча яны працавалі ў эвакуацыйным шпіталі № 2988. Узнагародныя дакументы таго часу сведчаць, што ў якасці начальніка сартыровачнага аддзялення, праз якое прайшло больш за дзве тысячы параненых, яна праявіла сябе энергічнай і здольнай арганізаваць працэс лячэння. Фёдар Вайткевіч, выконваючы абавязкі начальніка кватэрна-эксплуатацыйнай часткі шпіталя, праяўляў знаходлівасць і пастаянна забяспечваў патрэбы пацыентаў і персанала. А ў жніўні 1943 года праявіў мужнасць пры ліквідацыі пажара ад мінамётнага абстрэлу, за што быў прадстаўлены да ўзнагароды.

 

Ефрасіння Брэус нярэдка атрымлівала трохкутнічкі з розных франтоў ад пацыентаў, якіх яна паставіла на ногі. З многімі параненымі байцамі ў перапынках паміж аперацыямі доктар па-сяброўску размаўляла, падбадзёрвала, настройвала на добры лад. І поўныя добрых слоў лісты захоўвала.

 

Часта малады ўрач аперыравала падчас артылерыйскіх абстрэлаў ці авіяналётаў. Адзін з такіх выпадкаў захавалі ўспаміны Ефрасінні Рыгораўны:

 

У аперацыйнай без адпачынку напружана працавалі хірургі, у тым ліку я. І раптам паблізу разарваўся снарад, адзін, другі. З трэскатам паляцела шкло і рамы. А я толькі што ўскрыла брушную поласць параненага. Рашэнне прыйшло імгненна. Нават не рашэнне, а хутчэй неўсвядомлены штуршок. Нахіляюся над параненым, закрываючы сабой яго тулавішча і галаву. У гэты момант апякло патыліцу, але паспела крыкнуць: “Галя! Падтрымай наркоз!”. І адчула, што па шыі пацякла кроў. На шчасце, артабстрэл скончыўся, і я прадоўжыла аперацыю. Калі скончылі, Галя агледзела галаву і сказала, што ў патылічнай частцы асколачнае раненне. Пасля апрацоўкі раны і налажэння павязкі я зноў узяла скальпель — у ім было выратаванне для тых, хто яшчэ паступаў у шпіталь.

 

У лютым 1945 года Ефрасінню Брэус спасцігла самае вялікае няшчасце — загінуў муж. Загінуў імгненна ад асколка, калі ўсе навокал гаварылі пра Перамогу. Жанчына адразу ж вырашыла: трэба перавозіць цела каханага дадому, у Мінск. І дабілася свайго:

 

Усе падумалі, што я ад гора звар’яцела: уявіце самі, вайна працягваецца, неразбярыха, да радзімы — сотні кіламетраў. Я ішла ад аднаго генерала да другога і так дайшла да камандуючага фронтам Ракасоўскага. “Я вас разумею, — сказаў. — Але ён ужо мёртвы…” — “У мяне няма ад яго дзяцей. Дом наш згарэў. Нават фотаздымкі зніклі. Нічога няма. Калі я яго прывязу на радзіму, застанецца хаця б магіла. І мне будзе куды вяртацца пасля вайны”. Маўчыць. Ходзіць па кабінеце. “Вы калі-небудзь любілі, таварыш маршал? Я не мужа хаваю, а каханне”. Мне далі спецыяльны самалёт на адну ноч. Я зайшла туды, абняла труну. І страціла прытомнасць.

 

На помніку Фёдара Вайткевіча на Ваенных могілках Мінска як апошні зварот Ефрасінні захаваўся надпіс «Федзечка, я пахавала цябе на роднай зямлі. Жонка». Іх каханне, сапраўды, засталося для яе адзiным: надзвычай прыгожая, статная жанчына больш не пайшла замуж. І пасляваеннае жыццё яна прысвяцiла медыцыне.

 

Пачынаючы з 1946 года 4 гады Ефрасіння Рыгораўна працавала ў НДІ неўралогіі і фізіятэрапіі Міністэрства аховы здароўя БССР. Затым 26 гадоў узначальвала Рэспубліканскі псіханеўралагічны дыспансер. Доктар вырашыла скіраваць сваю ўвагу на псіхіятрыю, паколькі лічыла, што вайна прынесла за сабой не толькі гора і разруху, але і ментальныя хваробы. Многія франтавікі страцілі душэўны спакой: праз гады пасля вайны яны рваліся ў бой — да пушак, танкаў, самалётаў. З гэтай траўмай ішлі ў дыспансер да Брэус. Яе як франтавіка слухалі і паважалі, а лячэнне праходзілі гэтак жа адказна, як некалі неслі службу.

 

Доктар уваходзіла ў лік сяброў шматлікіх грамадскіх і ветэранскіх арганізацый: была членам Рэспубліканскага Савета ветэранаў і як удзельніца прадстаўляла Беларусь на сустрэчах у розных краінах па ўсім свеце. У 1948 годзе Ефрасіння Брэус адзначана нагрудным знакам «Выдатнік аховы здароўя», а ў 1960-м ёй было прысуджана званне «Заслужаны ўрач БССР». А да ваенных узнагарод — ордэна Чырвонай Зоркі, медалёў «За абарону Масквы», «За ўзяцце Берліна» — дадалася мірная — «За працоўную доблесць».

 

Ефрасінні Брэус не стала 5 снежня 1983 года. Баявое мінулае медыка знайшло адлюстраванне ў творчасці яе былога аднакласніка паэта Сяргея Грахоўскага, які прысвяціў ёй верш «Памяці франтавога доктара Ефрасінні Брэус». У ім творца называў школьную сяброўку Фроню «жывым праменьчыкам святла», «глытком жывой вады».

 

Фота прадастаўлены Музеем гісторыі медыцыны Беларусі Рэспубліканскай навуковай медыцынскай бібліятэкі.