Фота аўтара.
Фота аўтара.

Асобы знахара, шаптухі, ведзьмака ў сучаснага чалавека выклікаюць хіба што ўсмешку. А ў старажытнасці іх баяліся, шанавалі, імкнуліся задобрыць і, безумоўна, верылі ў iх чароўную сілу. Зрэшты, у сілу замоў некаторыя вераць і па сёння. Чаму? Працягваем гутарыць з даследчыцай фальклору і народнай медыцыны Таццянай Валодзінай (пачатак у «МВ» № 7 за 18 лютага 2021 года).

 

Калі, да прыкладу, моцна баліць зуб, так хацелася б пашаптаць —  і пазбавіцца болю. Наколькі я ведаю, у нашых продкаў часцяком так і адбывалася — з дапамогай замоў?

 

Замовы запісваю часта. Гэта не проста праца. Замовы — маё хобі. І я шукаю бабуль, якія іх ведаюць. Але ў мяне жалезнае правіла — не патрабаваць расказаць. Бо калі нельга, значыць нельга. А калі можна… Бабулі ахвотна замовы пераказваюць. І колькі было такіх выпадкаў, калі чула: «Дзетка, вось я памру, а ніхто і ведаць не будзе. Вучы!»

 

І як — атрымлівалася пераймаць?

 

А вось тут мне Бог не даў. Мора ведаў, але на практыцы… Не дапамагае. Гэта па-першае. А па-другое, ёсць такое правіла, якое мне не аднойчы пераказвалі. Калі ты адразу ж запомніш замову — не будзеш завучваць спецыяльна, а табе расказалі і ты запомніў… Значыць, зможаш. Колькі я тых замоў пачула, сабрала, прачытала… Тысячы! А каб сказаць, што быў такі выпадак: мне пераказалі — і я адразу ж змагла паўтарыць. Не…

 

Адкуль жа самі бабулі ўзялі тыя замовы?

 

Камусьці іх пераказалі знахаркі, шаптухі. Кагосьці навучалі замовам у сне, калі з’яўляліся знахар, святы Мікола, Божая маці… І пра гэта распавядала шмат жанчын! Вось адна бабуля расказвае. Мела хворае дзіця. Што толькі ні рабіла — малілася, аброкі вешала… Нічога не дапамагала! І вось, кажа, ляжу — ці то сплю, ці то не. Адчыняюцца дзверы, заходзіць стары — барадаты, сівенькі: «Ну, хадзі сюды. Што ў цябе здарылася?» Яна кажа: «Так і так, дзіця хварэе». — «А ты палячы…» — «Я не ўмею…» — «Ну дык слухай…» І расказвае. І гэта не штосцьці кшталту: «Бег сабачка цераз мост, чатыры лапы, пяты хвост». Гэта вялікі тэкст. Кажа бабуля: «Прачынаюся, шапчу… І дзіця ўстала!» І якая навука гэта патлумачыць?

 

Абсалютна невытлумачальна…

 

Мы зараз можам толькі фіксаваць тыя выпадкі, сістэматызаваць іх, пакідаць для будучых даследчыкаў. Можа, праз стагоддзі хтосьці ўсё гэта патлумачыць.

 

Спадарыня Таццяна, ці карысталіся вы самі калі-небудзь сілай замоў? Ці дапамагло?

 

Я не буду казаць, дапамагло мне ці не… Але здараліся такія гісторыі, і не аднойчы. Вось сяджу я, ад бабулі запісваю замовы. Цэлы шэраг яна прыгадвае — 5–10 замоў. Каб больш, дык рэдка бывае. Прашу: «А раскажыце ад сурокаў». Яна: «Ад сурокаў не ведаю, а во ад зайздрасці». І пачынае...

 

16 володіна замовы

 

Не прыгадаеце тэкст?

 

Не. Я ж кажу, што не кладуцца мне на памяць. Мы з ёй гадзіну размаўлялі перад гэтым. Яна нармальна гаварыла! А тут… Пачынае мяне замаўляць: «У п-п-п-палі ст-т-т-т-таіць каме-ме-ме-нь…» Я на яе пазіраю. А яна кажа: «На табе, дзетка, дужа шмат зайздрасці. Я ажно не магу гаварыць».

 

Ці яшчэ быў выпадак. Бабуля сядзела, спакойна мне пераказвала. Пачынае ад сурокаў — коцяцца слёзы з вачэй! У мяне гэта і на відэа ёсць. Кажа: «Дзетка, табе трэба шаптаць»…

 

Ці не ўзнікае ў вас адчуванне, што некаторыя замовы не аўтэнтычныя, а сучасныя, прыдуманыя?

 

Вельмі часта такое бывае.

 

І яны таксама маюць сілу?

 

Пра сілу не скажу. А тое, што ў традыцыі трапіла вялікая колькасць сучасных прыдумак, — так. І, магчыма, гэта не разбурэнне традыцый, а заканамернасць. Як продкі хадзілі ўвесь час у ільняным, а тады крамное надзелі. Зараз існуе вялікая колькасць адпаведнай літаратуры. Ды я і сама выдаю кнігі. Напрыклад, у Расіі ёсць цэлы камерцыйны праект. Імя і прозвішча адно, але за гэтым псеўданімам — розныя людзі, якія пішуць на аснове народных замоў. Штосьці там трапляецца запісанае ад бабуль, але ў асноўным — прыдуманае.

 

Я чамусьці прыгадала гараскопы, якія часта бяруцца «са столі»…

 

Уявіце, я асабіста запісвала бабулю, якая лечыць па кнізе з таго расійскага праекта! І пацыенткі яе, суседкі, казалі: «Нам дапамагае…» Я сама часта пытаюся: «Як вы думаеце, што дапамагае, калі шэпчаш замовы?»

 

І што мне звычайна адказваюць. «Дух. У мяне дух такі. Трэба трапіць на дух. Вось гэтае Слова. Трэба абавязкова яго гаварыць. Малітва, якая была перад гэтым. Вера. Трэба верыць! Ты прыйшоў лячыцца. Калі ты не верыш, табе нічога не дапаможа, хоць я тут разаб’юся…» І гэта не адзінае тлумачэнне. Нават, кажуць, на кроў трэба трапіць. Што пацыент і лекар мусяць супадаць у крыві. Як гэта патлумачыць, я не ведаю. Можа, тая бабулька, якая шэпча прыдуманыя замовы з расійскай кнігі, дапамагае сваім духам. А слова тут толькі антураж. Ці таксама чула: «Не мае значэння, што ты будзеш, дзетка, казаць. Ты ж Бога просіш! Табе Бог дапаможа. А што ты там скажаш, гэта другасная справа».

 

Вяртаючыся да таго, што вам асабіста замаўляць не дадзена… Вы запісалі тысячы замоў, выдалі кнігі. Атрымліваецца, у вас такая місія?

 

Мабыць. Але, ізноў жа… Я не лічу абавязковым тыя ж замовы шырока папулярызаваць. Усё ж такі гэта сіла. Але калі гэтай сілай скарыстаецца чалавек, якому дадзена. І скарыстаецца няправільна… Гэта можа пайсці на шкоду.

 

Атрымліваецца, замовы ад зайздрасці таксама не для ўсіх?

 

Разумееце, мы можам проста чытаць замову і захапляцца яе вобразнасцю. Бо замова — гэта проста неверагодны свет логікі, фантастыкі, паэтыкі, дзівосаў. Агучыць яе… Гэта тое ж самае, што прачытаць назву лекаў і ўпэўніцца, што гэтага дастаткова, каб ацаліцца. Плюс тое, у чым перакананыя многія. Народны лекар — гэта ад Бога. Лекаваннем павінны займацца людзі, у якіх ёсць той Боскі дар. Калі вяртацца да папярэдняй гутаркі пра народную і сучасную доказную медыцыну… Бывае, дзеці знахарак ідуць у медыцыну і бачаць у гэтым сваё пакліканне. Магчыма, яны апрача прафесійных ведаў далучаюць і духоўны складнік. Я сустракалася з медсястрой, якая ўжо на пенсіі падключала і адны свае веды, і другія. Праўда, гэта было толькі аднойчы…

 

А тыя ж зёлкі? Лекаванне травамі? Выкарыстоўваюць іх многія…

 

Я не бачу ў гэтым вялікай бяды. Але калі мы закранаем пэўныя духоўныя катэгорыі… Як казалі мне бабулі: «Каму дадзена, таго знойдуць».