Фото носит иллюстративный характер. Из открытых источников.

Падчас акупацыі Беларусі супраць нямецкіх захопнікаў аб’ядналіся людзі ўсіх узростаў, нацыянальнасцей і прафесій. У Баранавічах, дзе ў перыяд Вялікай Айчыннай вайны дзейнічала дзесяць падпольных арганізацый, нароўні з іншымі ў барацьбу ўключыліся медыцынскія работнікі.

 

Героі з гарбальніцы

 

Электрык Баранавіцкай бальніцы Пётр Ануфрыеў і вартаўнік мясцовай радыёстанцыі Іосіф Кавалеўскі пазнаёміліся яшчэ да вайны. У пачатку акупацыі Пеця слухаў перадачы Саўінфармбюро па дэтэктарным радыёпрыёмніку, употай збіраў зброю і хаваў дома пад падлогай. Іосіф наладзіў сувязь з партызанамі атрада імя Р. І. Катоўскага, стаў разведчыкам і падтрымліваў кантакты з сябрам. Хлопец ведаў, што той можа дастаць неабходныя партызанам медыкаменты. Для большай зручнасці сябры далучылі да гэтай справы частку персанала бальніцы, дзе працаваў Пётр. Ім дапамагалі медсёстры Ганна Крывапустава, Зінаіда Лапатка, Алена і Марыя Шапавалавы. Так, да пачатку лета 1943 года пад кіраўніцтвам сяброў сфарміравалася самастойная падпольная арганізацыя.

 

З цягам часу да работы далучалі і групу ваеннапалонных, якіх прывозілі з гарадской турмы і на ноч памяшчалі ў асобным бараку непадалёк ад бальніцы. Вязні калолі дровы, перавозілі торф, капалі магілы для памерлых, дапамагалі медперсаналу дастаўляць у нямецкі шпіталь параненых з цягнікоў. Па заданні партызан медыкі перадавалі ў атрад медыкаменты, аперацыйныя інструменты, перавязачны матэрыял, батарэі для радыёстанцый. Падчас выгрузкі ваеннапалонныя хавалі сабранае ў пазначаным месцы, адкуль яго пасля забіралі падпольшчыкі. Пасля гібелі Іосіфа Кавалеўскага сувязным стаў Сцяпан Адамчук, а потым — яго брат Канстанцін.

 

Падпольнай арганізацыі дапамагалі і мясцовыя падлеткі. Яны расклейвалі ўлёткі, падчас разгрузкі воінскіх эшалонаў выкрадалі і хавалі зброю. Акрамя таго, хлопцы выводзілі ваеннапалонных, якія працавалі ў бальніцы, да партызан.

 

У пачатку 1944 года становішча ў Баранавічах ўскладнілася ў сувязі з выкраданнем падпольшчыкамі бургамістра горада. Пракацілася хваля арыштаў і пераследаванняў. Гледзячы на гэта, Пётр Ануфрыеў вырашыў сысці да партызан, але перад гэтым хацеў узарваць гарадскую радыёстанцыю. Усё было гатова, аднак ў маі яго арыштавалі. Падчас вобыску дома пад падлогай знайшлі зброю. За месяц да вызвалення горада Пятра расстралялі.

 

Vera GarbylyovaУ складзе групы дзейнічала ўрач Вера Гарбылёва. Яна нарадзілася ў 1914 годзе ва Украінскай ССР. Пасля заканчэння школы паступіла ў Таганрогскі медтэхнікум, затым — у 2-і Маскоўскі медінстытут. На пятым курсе вучылася ў Ленінградскай ваенна-медыцынскай акадэміі імя Кірава. Пасля выпуску маладога спецыяліста накіравалі ў Беларускую ваенную акругу ў якасці ваенурача трэцяга рангу. Да чэрвеня 1940 года Вера Аляксееўна працавала ў Калінкавіцкім ваенным шпіталі, пасля была камандзіраваная ў ваенны шпіталь Бельска.

 

17 чэрвеня 1941 года, пасля курсаў павышэння кваліфікацыі, Вера Гарбылёва вярнулася ў горад. 22 чэрвеня населены пункт пачалі бамбіць. На чацвёрты дзень вайны шпіталь эвакуіраваўся, неаднойчы падвяргаючыся налётам варожых самалётаў. Пад Смаленскам медыкі і пацыенты трапілі ў акружэнне і палон. Веру кантузіла. Неўзабаве ваеннапалонных перавялі ў лагер.

 

У чэрвені 1942 года групу палонных медыкаў, куды ўваходзіла і яна, накіравалі ва ўстановы аховы здароўя горада. Вера стала працаваць у хірургічным аддзяленні гарбальніцы. Там праз медсястру Зінаіду Лапатка пазнаёмілася з Іосіфам Кавалеўскім. Ён пачаў часта прыязджаць за лекамі, для навакольных тлумачыў свае візіты зборам сродкаў для лячэння маці. Адчуўшы давер да Веры Гарбылёвай, паведаміў, што ён сувязны патрызан, і пачаў даваць ёй даручэнні.

 

У горадзе на той час ішлі арышты, начныя аблавы, моладзь вывозілі ў Германію, на плошчах ставілі шыбеніцы. Партызаны забілі гебіткамісара, у афіцэрскім казіно падарвалі міну, зрабілі шэраг замахаў на нямецкіх афіцэраў… Веру Гарбылёву пераправілі ў атрад імя Р. І. Катоўскага (брыгада «25 гадоў БССР»). Тут яна лячыла параненых і мясцовых жыхароў. Пазней трапіла ў Першамайскую брыгаду, дзе ўтвараўся шпіталь.

 

У 1943 годзе партызанам давялося перажыць блакаду Налібокскай пушчы. Успыхнула эпідэмія сыпнога тыфу. Доктар разам з групай дзяўчат клапацілася пра хворых. За мужнасць і самаадданую працу Вера Гарбылёва была прадстаўлена да медаля «Партызану Айчыннай вайны» 1-й ступені.

 

Пасля вызвалення Беларусі Вера Аляксееўна працавала ў пасёлку Гарадзішча Баранавіцкага раёна — узнавіла амбулаторыю і аптэку, пачала аднаўляць бальніцу. Урач ўваходзіла ў склад надзвычайнай камісіі па раследаванні ваенных злачынстваў у Калдычэўскім канцлагеры. З 1944-га па 1946 год працавала ў паліклініцы Баранавіч. Па стане здароўя Вера Гарбылёва вярнулася на Данбас. Далейшы яе лёс невядомы.

 

Сувязная з паліклінікі

 

Ganna KuketaМедсястра гарадской паліклінікі Ганна Кукета была сувязной спецгрупы Баранавіцкага падпольнага абкама КПБ. Калі пачалася вайна, Ганначцы, як называлі яе блізкія, ішоў васямнаццаты год. Сям’я дзяўчыны жыла на хутары каля вёскі Буйневічы Баранавіцкага раёна. Родныя Ганны дапамагалі хаваць дактароў, якім пры новай уладзе пагражаў расстрэл. Маці Лізавета Фёдараўна, каб накарміць вялікую колькасць людзей, тры разы на тыдзень пякла хлеб. У доме Кукетаў знайшла прытулак і падпольшчыца Клаўдзія Ліцкевіч, якая выратавалася пасля таго, як за сувязь з партызанамі яе сястры і брата фашысты спалілі маці і малодшую сястру.

 

Ганна дастаўляла ўрачу-падпольшчыку Пятру Смірнову медыкаменты і перавязачны матэрыял, перадавала яму партызанскія газеты і ўлёткі са зводкамі Саўінфармбюро. Частку з іх расклейвала ў горадзе — часам амаль навідавоку нямецкіх патрулёў. Аднойчы разам з бацькам Фамой Лявонцьевічам яна везла ў горад партызанскія газеты і ўлёткі. Дарогу перарэзалі 15 узброеных нямецкіх матацыклістаў. Салдаты скінулі з воза сена, каб праверыць, ці не перавозяць мясцовыя нешта забароненае. Бацьку з дачкой не сталі абшукваць толькі таму, што ўвагу матацыклістаў адцягнуў мяшок, дзе ляжалі масла, сала ды самагон. А хвілін за дваццаць да таго, як немцы пачалі прачэсваць лес, адчуўшы трывогу, дзяўчына ўгаварыла тату выняць улёткі з мяшка, які зараз апусташалі матацыклісты.

 

Другі раз абмінуць смерць удалося, калі іх разам з Фамой Лявонцьевічам пры перавозцы медыкаментаў для партызанскага шпіталя спынілі девяць паліцэйскіх. Патруль навёў адзін з мясцовых жыхароў, пазнаўшы свайго каня, раней рэквізаванага партызанамі. Выратавала імгенная рэакцыя дзяўчыны. Узяўшы чамадан, дзе ляжалі матэрыялы, Ганна саскочыла з воза і звярнулася да бацькі як да незнаёмага: «Дзякуй, дзядзечка, што падвезлі!» Ідучы ў бок вёскі Дамашэвічы, дзе жылі правераныя людзі, дзяўчына не ведала, ці ўбачыць Фаму Лявонцьевіча зноў. Той жа тлумачыў, што ездзіў у горад па справах, да партызан адносін не мае, а конь, сапраўды, чужы. Яго каня забралі, а гэтага пакінулі ў замен. Хто? Нейкія незнаёмцы! Паказаў і дакументы: налогі заплочаныя, аўсвайс у парадку. Апошняе стала самым пераканаўчым. Дакумент змяшчаў звесткі, што Фама Лявонцьевіч — інвалід з перабітымі яшчэ ў Першую сусветную вайну нагамі, бацька шасцёх дзяцей адзін аднаго меншы. Хіба тут да партызан?..

 

Maryya ShapavalavaЗ успамінаў Марыі Шапавалавай

 

«Я скончыла 3 класы. У 1927 годзе пачала працаваць санітаркай у гарадской бальніцы Баранавіч пад наглядам старэйшай сястры Алены (яна працавала ў бальніцы з 1917 года, а пасля скончыла курсы медсясцёр і перайшла на працу ў паліклініку). Калі пачалася Вялікая Айчынная вайна, бальніцу з вуліцы Шасейнай перавялі ў будынак школы № 2, а на яе месцы размясціўся нямецкі шпіталь. Частка супрацоўнікоў засталася на працы.

 

Спачатку наладзілі кантакты з сувязной Ганнай Крывашуставай. Па заданні партызан мы гатавалі лекі і збіралі медыкаменты. Ад Ганны таксама даведаліся, што існуе партызанскі атрад. Звязваліся з Іосіфам Кавалеўскім і Пятром Ануфрыевым. Калі Іосіф сышоў у лес, медыкаменты перадавалі Сцяпану Адамчуку. Пасля гібелі Сцяпана да нас пачаў прыязджаць яго брат Канстанцін. Так доўжылася да 12 снежня 1943 года. Пасля затрымання Пеці Ануфрыева мы сталі баяцца арышту, папрасіліся ў атрад Катоўскага, і Сцяпан Адамчук завёз нас у вёску Андрэеўцы. У атрадзе працавалі медсёстрамі да вызвалення Баранавіч».

 

Поделитесь мнением
о газете