«Вось ты лечыш, думаеш пра хваробу, дыягназ, прэпараты. А ў чалавека, якога ты лечыш, — сям’я, дзеці, бацькі. І ён для іх адзіны і непаўторны. І ўсё на ім трымаецца», — пісаў у 1980-х для кнігі серыі «Ученые — школьнику» кардыёлаг Яўгеній Чазаў, на той час начальнік 4-га Галоўнага ўпраўлення пры Мінздраве СССР. І на працягу кнігі не раз паўтарыў, што пацыент для ўрача заўсёды «нечая маці або дачка, нечы сын, бацька, муж, каханы», ды няхай сабе і адзінокі чалавек, але «чалавек, які можа тварыць, бачыць неба, дрэвы, людзей, чытаць кнігі», а значыць, за яго жыццё і здароўе трэба змагацца, «робячы магчымае і немагчымае».
Лёве Талстому не было трох гадоў, калі ў Пецярбургу памёр ад халеры («падши жертвой своего усердия», як сведчыць амаль ужо сцерты надпіс на магільнай пліце) знакаміты ўрач, прафесар, дырэктар клінічнага інстытута Маскоўскага ўніверсітэта Мацвей Мудроў (на фота). Праз тры дзесяцігоддзі, апісваючы хваробу Наташы Растовай, Леў Мікалаевіч назаве яго ў пераліку ўрачоў, якія яе лячылі: «Метивье и Феллер не поняли, а Фриз понял, и Мудров еще лучше определил болезнь». Ад немачы, якая «больше нравственная, но…», Наташа піла «пилюли из золотой коробочки», і «лето 1812 года Ростовы не уезжали в деревню». Восенню 1813-га ў той самай Маскве, дзе «в душном воздухе» жылі раманныя Растовы, непрыдуманы доктар Мудроў на цырымоніі з нагоды аднаўлення (пасля нашэсця Напалеона) медыцынскага факультэта і анатамічнай аўдыторыі прамовіў сваё «Слово о благочестии и нравственных качествах Гиппократова врача», агучыўшы ўпершыню перакладзены на рускую мову (ім жа і перакладзены) Corpus Hippocraticum — зборнік гіпакратавых павучанняў і настаўленняў.
Доктар Мудроў і быў тым самым «ідэалам Гіпакратава ўрача», пра які не стамляўся гаварыць студэнтам, упарта прывіваючы ім дух міласэрнасці і спачувальнасці. Бацька яго, бедны святар, аддаваў апошняе жабракам, адрываючы ад сям’і, і сам ён вёў жыццё ў поўным сэнсе ахвярнае, сцвярджаў, што ўрач для пацыента — слуга, і толькі тады ён становіцца ўладаром над хваробай.
Поверьте же, что врачевание не состоит ни в лечении болезни, ни в лечении причин ее. Я вам скажу кратко и ясно: врачевание состоит в лечении самого больного. Вот вам и вся тайна моего искусства, каково оно и есть! Вот весь плод 25-летних трудов моих при постелях больных, — прызнаваўся доктар Мудроў.
У 1812 годзе, калі хварэла на прыдуманую хваробу прыдуманая Наташа Растова, Мудрова ўжо называлі «першым маскоўскім медыцынскім свяцілам», таму дарэмна класік рускай літаратуры прычасаў усіх Наташыных дактароў адным грэбнем, сцвярджаючы, што карысць ад іх толькі ў тым, каб задавальняць адвечную патрэбу чалавека ў спачуванні, і саркастычна прыроўніваючы іх да «излечителей» і «ворожей». Талстоўскія кпіны з медыкаў — асобная тэма, але згаданы ім доктар Мудроў больш як хто іншы іх не варты.
Ён быў яшчэ студэнтам, калі па рэкамендацыі аднаго прафесара трапіў у дом да другога прафесара, чыя 11-гадовая дачка захварэла на воспу. Сафія, так яе звалі, стала праз гады яго жонкай, але пакуль яна была яго пацыенткай, ён з рызыкай для ўласнага жыцця, толькі дзеля таго, каб тварык дзяўчынкі не аказаўся знявечаным воспінамі, кожную пустулку акуратна ўскрываў ланцэтам і выдаляў з яе вадкасць губкай, змочанай сырадоем, выдатна ведаючы пра смяротна небяспечны «заразны пачатак». «Ты хлопотал о девочке больной, как лучший друг наш, как родной брат ей, так будь же ей, теперь твоими же попечениями исцеленной, женихом, а мне родным сыном», — сказаў Мудрову бацька вылечанай Сафіі. Так і стала.
А ў тым самым 1812-м, выязджаючы з горада перад нашэсцем Напалеона, доктар Мудроў, як і ўсе, браў з сабой самае каштоўнае. Толькі ў некага гэта былі дарагія талеркі, сукенкі ды абразы, а ў яго — гісторыі хвароб пацыентаў, якіх налічыліся тысячы. Яны былі патрэбны яму для будучай працы. Гэта былі не проста гісторыі хвароб — ён распрацаваў схему абследавання, на якую, як мышцы на шкілет, нарошчвалі потым свае напрацоўкі аўтары будучых падобных методык. Мудроў вучыў запісваць даныя абследавання так, каб «в описании твоем, как на некоем чертеже, одним взглядом по следам опустошений можно было видеть завоевание, сделанное болезнью».
Абследаваць хворага паводле Мацвея Якаўлевіча Мудрова трэба так: «Должно исследовать настоящее положение болезни, в больном искать, где она избрала себе ложе; и для сего нужно врачу пробежать все части тела больного, начиная с головы до ног, а именно первее всего надобно уловить наружный вид больного и положение его тела, а потом исследовать действия душевные, зависящие от мозга: состояние ума, тоску, сон; вглядеться в лицо его, глаза, лоб, щеки, рот и нос, на коих часто, как на картине, печатлеется и даже живописуется образ болезни. Надобно смотреть и осязать язык как вывеску желудка, спросить о позыве к пище и питью и к каким именно; внимать звуку голоса и силе ответов; видеть и слышать дыхание груди его и вычислить соразмерность биения сердца и жил дыханием; применяться к разному звуку кашля грудного, желудочного, простудного, воспалительного. Надобно уметь осязать живот, все его внутренности и сопредельные ему части; исследовать состояние рук и ног, их силу и крепость, худобу и полноту и по оным судить о силах жизненных; обратить внимание на кожу, сухость ее и влажность, теплоту и холод, цвет и сыпи; видеть и исследовать все извержения, кровь, мокроту, желчь и пр. Из всех явлений, коих сотую только долю показал я здесь и кои ты увидишь, услышишь и осяжешь при постели больного, из всех сих явлений должен ты извлекать заключение о вещах сокровенных, коих наружные чувства не постигают, постигает же чувство внутреннее, т. е. разум, просвещенный наукою и опытностью».
Чэхаўскі след
Медыцынскую дэанталогію можна вывучаць па творах Чэхава. Так сцвярджаў знаўца жыцця і творчасці гэтага пісьменніка наш вядомы ўрач-фцізіятр Яўген Меве. А Антон Чэхаў (на фота) якраз і марыў вучыць студэнтаў таму, як трэба адчуваць пацыента ў яго хваробе, і вельмі шкадаваў, што так і не дапісаў сваю распачатую дысертацыю, якая дазволіла б яму выкладаць. На сваіх лекцыях Чэхаў марыў так апісваць пакуты пацыента, каб студэнты міжволі іх адчувалі. «Вот я страдаю, например, катаром кишок и прекрасно понимаю, что испытывает такой больной, какие душевные муки переживает он, а это редко врачу бывает понятно», — пісаў Антон Паўлавіч. Мы ніколі не даведаемся, як бы ён гэтыя лекцыі вёў, бо з яго слоў вынікае, што выкладчыку трэба перахварэць на ўсе немачы запар, каб былі яны яму зразумелыя, але ў нас ёсць узор «урача чэхаўскага складу» — у апісанні асобы самога Чэхава адным з яго земскіх калег.
Вось Антон Паўлавіч нахіляецца сваёй стройнай фігурай да хворага, рыхтуючыся выслухаць яго стэтаскопам, але нібы застыў, паўсагнуты. Гэта пацыент працягвае гаварыць і скардзіцца то на боль у грудзях, то на тое, што праз хваробу ўсе яго справы спыніліся. Антон Паўлавіч глядзіць пацыенту ў твар сваім ласкавым позіркам, быццам можа заглыбіцца вачыма ў месца, адкуль, відавочна, якраз і сыходзяць скаргі і стогны — у навярэджаную душу, якая, відаць, дае ўскладненні хваробе.

Вясной 1892 года Чэхаў пасяліўся ў Меліхаве, у Серпухаўскім павеце — жыць у Маскве яму было шкодна для здароўя. А тут успыхвае халера, і земская ўправа запрашае яго ўдзельнічаць у барацьбе з эпідэміяй, і ён тут жа дае сваю згоду, але адмаўляецца ад платы, хаця добра ведае, што медыцынская практыка адбярэ ў яго час, які ён аддаў бы літаратуры, а значыць, і ганарараў за творы паменшае. «Медыцына — мая законная жонка, а літаратура — каханка», — жартаваў ён.
Доктар Чэхаў жадаў лячыць бясплатна. Брат Міхаіл успамінаў, што пісьменнік не раставаўся з тарантасам, ездзячы па ўчастку, дадому вяртаўся разбіты, але трымаўся так, быццам глупствам займаўся, і не пераставаў жартаваць і смяшыць. Сам Чэхаў расказваў пра гэта жыццё ў раз’ездах так: то ён мокне пад ліўнем, то не начуе дома, то ідзе пешкі па калена ў гразі. У красавіку 1893-га Серпухаўская земская ўправа на адным з пасяджэнняў заслухала паведамленне аб тым, што сёлета, як і летась, «врачом А. П. Чеховым, живущим в селе Мелихове, предложен земству безвозмездный труд по борьбе с холерой».
«Наши столичные товарищи, работающие в клиниках и огромных больницах-дворцах, где больной, по преимуществу пришлый из наших деревень мужик, служит, более или менее, интересным больничным материалом — интересным, даже подчас еще более после смерти, — я говорю, эти наши товарищи понятия не имеют, какие терзания должен испытывать земский врач, теряя больного, особенно родильницу, когда он знает всю подноготную ее семьи», — пісаў Чэхаву яго земскі калега.

Пятроўна — зубная фея
«Я веру, што прыйдзе такі дзень, калі чалавек, невядома на што захварэўшы, аддасць сябе ў рукі фізікаў. Гэтыя фізікі, ні пра што не пытаючыся, возьмуць у яго кроў, а потым, зверыўшыся з табліцай лагарыфмаў, вылечаць яго адной-адзінай пілюляй. І ўсё ж, калі я захварэю, я звярнуся да якога-небудзь старога сельскага доктара. Ён зірне на мяне кутком вока, памацае пульс і жывот, паслухае, затым кашляне, патрэ падбародак і адорыць мяне ўсмешкай, каб надзейней суцішыць боль. Ад навукі я, канечне, у захапленні, але мяне захапляе і мудрасць», — так разважаў пра перавагу чуйнасці і назіральнасці над сухой лічбай навукі рамантык Экзюперы.
У дзяцінстве я была баязліўкай. Адным з найвялікшых страхаў для мяне быў страх выдалення малочных зубоў. Даходзіла да таго, што зуб вісеў ужо літаральна на павуцінцы, а я ўсё ніяк не магла рашыцца яго тузануць, як, смеючыся, раіла бабка. Есці, пакуль зуб матляецца ў роце туды-сюды, было вельмі нязручна, але страшней было імгненне страты, якое магло надысці ў любы момант. Аднойчы бабка, каб надаць мне рашучасці, расказала выпадак з яе настаўніцкай практыкі. Вучань у сярэдзіне ўрока падняў руку і спакойна сказаў: «Людміла Ула-дзіміраўна, я зуб вырваў».
Яна назвала яго малайчынкай і дазволіла выйсці, каб выплюнуць кроўку. Насуперак бабчыным спадзяванням, смеласці мне яе расказ не дадаў. «Хадзем да Пятроўны», — сказала тады яна.
Пятроўна жыла праз дарогу, трошачкі наўскасяк. «Зубная пайшла», — можна было пачуць, калі Пятроўна ішла па вуліцы ў бальніцу або з бальніцы. Да гэтых слоў звычайна дадавалася нешта станоўчае — і як яна добра лечыць, і якая яна спагадлівая, і якая прыгажуня на свае гады і г. д. Пятроўну відавочна любілі і паважалі. Таму, пачуўшы «Хадзем да Пятроўны», я магла толькі ўзрадавацца: зубная Пятроўна дакладна параіць нешта такое, што адменіць мае пакуты.
Пятроўна, выслухаўшы бабку, памыла рукі і папрасіла мяне паказаць той зуб, якому няможна даць рады. І толькі я ёй яго паказала — як ён апынуўся ў яе руцэ. А я не адчула нічога.
Пра зубную фею тады яшчэ ніхто нічога не ведаў. А потым, калі малочныя зубкі выпадалі ў маіх дзетак, вобраз гэтай феі набыў для мяне рысы Пятроўны. Яе павінны помніць у вёсцы Старыца на Капыльшчыне.
Рукі хірурга, сэрца валанцёра
«Мы, хірургі, успрымаем іх часам як руціну, часам як місію па выпраўленні памылак прыроды, але, на жаль, яны нязводныя. Мы ператвараем непрыгожых дзяцей у прыгожых, але не здольныя паўплываць на генетыку», — гаворыць пра цяжкія прыроджаныя паталогіі развіцця твару ўрач-хірург, кандыдат мед. навук Дзмітрый Грычанюк, які летась атрымаў узнагароду «Рукі хірурга, сэрца валанцёра» ад міжнароднага гуманітарнага фонда «Адзін свет — адна сям’я». Залаты глобус і залатое сары, атрыбуты гэтай узнагароды, — сімвалы таго, што іх уладальнік бясплатна лечыць дзяцей з усяго свету.
Дзмітрый Грычанюк, які ўзначальвае кафедру сківічна-тварнай хірургіі і пластычнай хірургіі твару з курсам павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі БДМУ, з’яўляецца валанцёрам адразу некалькіх міжнародных арганізацый, дзейнасць якіх скіравана на лячэнне і рэабілітацыю пацыентаў з дэфектамі тварнага чэрапа, і ўжо 15 гадоў ездзіць па розных краінах і робіць аперацыі ў складзе зборных каманд прафесіяналаў самага высокага ўзроўню.
У дні такіх акцый у пэўным горадзе збіраюцца валанцёры з розных краін і кантынентаў, і гэта не толькі хірургі, але і анестэзіёлагі, педыятры, псіхолагі, лагапеды, рэабілітолагі, аперацыйныя сёстры… Усе, хто ўпісаў сябе ў графік, які складаецца на год. «І я, узгадніўшы з кіраўніцтвам, што буду адсутнічаць па тыдні ў пэўныя месяцы на працягу года, паведамляю ў офіс арганізацыі, што магу і жадаю выехаць у такія і такія гарады ў такія і такія месяцы для аказання бясплатнай хірургічнай дапамогі дзецям», — расказвае доктар Грычанюк. Ніколі яго кіраўніцтва ў гэтым яму не адмовіла, заўсёды глядзела на яго выезды вельмі станоўча. І ўзнагароду доктар Грычанюк успрыняў не як прызнанне яго асабістых заслуг, а як вялікі прэстыж для ўсёй нашай краіны і яе медыцыны.
***
«Чыста і бездакорна буду я праводзіць сваё жыццё і сваё мастацтва», — гаворыцца ў старажытнагрэчаскім медыцынскім трактаце, вядомым нам як клятва Гіпакрата. З той пары, як медыцыну ўпершыню назвалі мастацтвам, прамінула два з паловай тысячагоддзі, яна ўзброілася дасягненнямі многіх навук і сама ператварылася ў навуку, але пры гэтым не перастае быць, гаворачы словамі згаданага доктара Чазава, «мастацтвам праніклівай назіральнасці і чалавечых стасункаў».