Артур Конан Дойл. Фота з адкрытых крыніц.

«І хворы нарэшце ўсведамляе: дэман, які яго апанаваў, ні за што не аслабіць хватку, і доўгія гады прамінуць у пакутах, перш чым цень смерці паўстане перад яго ложкам». Па прачытанні гэтых слоў выплываюць з памяці іншыя: «Боскай волі даручаю вас, дзеці мае, і заклінаю: асцерагайцеся выходзіць на балота ўночы, калі сілы зла валадараць непадзельна». Адна інтанацыя!

 

Пра балота і сілы зла ўсе ведаюць. Гэта сказаў доктар Морцімер з вёскі Грымпен, калі цытаваў у самай вядомай у свеце лонданскай кватэры (натуральна, на Бэйкер-стрыт) рукапіс 1742 года — фамільную рэліквію, якую яму даручыў захоўваць пацыент і сябар сэр Чарльз Баскервіль, чыя раптоўная і трагічная смерць усхвалявала ўвесь Дэваншыр. Было гэта зімой 1888–1889-га, калі верыць аўтару самага вядомага дэтэктыва ўсіх часоў і народаў. А радок пра дэмана і цень смерці напісаны тым самым аўтарам і ўзяты з яго… доктарскай дысертацыі. Артур Конан Дойл абараніў яе ў ліпені 1885-га ў Эдынбургскім універсітэце, сваёй alma mater, заснаванай у яго родным горадзе на тры стагоддзі раней. І па сёння дысертацыя там захоўваецца, можна ўзяць яе для чытання, калі раптам стане цікава, як 140 гадоў таму разглядалася тэма вазаматорных змен пры сухотцы спіннога мозгу. Але і працытаванага радка дастаткова, каб пераканацца: дысертацыя доктара Дойла не менш захапляе, чым тое, што напісана яго пяром ад імя прыдуманага ім доктара Ватсана.

 

Калі нельга падводзіць маці

 

Дзедам Дойла па матчынай лініі таксама быў урач. Зрэшты, да статуса дзеда ён не дажыў — памёр яшчэ ў маладосці. Яго ўдава, бабка Артура, ляжачая, як фігура з воску, на смертным ложку, — самы першы ў жыцці ўспамін будучага доктара і пісьменніка. Дзед з боку бацькі і сам бацька ўпісалі свае імёны ў гісторыю брытанскай карыкатуры. «Мой дзед быў джэнтльменам, які маляваў джэнтльменаў для джэнтльменаў», — пісаў Артур Конан Дойл, тлумачачы, што ў часе яго дзеда сатырычны малюнак прадугледжваў дасціпнасць карцінкі, а не знарочыстую няправільнасць твараў і фігур. Бацька быў добрым ілюстратарам і нават рабіў малюнкі да твораў сына, але пад канец жыцця спіўся і трапіў у інтэрнат для пазбаўленых розуму, а вось маці…

 

«Мая маці была такая цудоўная, што яе нельга было падводзіць», — прызнаваўся Дойл, расказваючы пра тое, як яны з маці рашылі, што яму варта стаць урачом. Галоўным чынам таму, што Эдынбург — вядомы цэнтр медыцынскай адукацыі, а Мэры Дойл, хоць і была небагатай, мела смеласць і амбіцыі, калі справа датычылася яе дзяцей. «Гэта ўсё азначала, што мне належыць атрымаць не проста медыцынскую адукацыю, а ўніверсітэцкую ступень, што было нечым большым, чым ліцэнзія на ўрачэбную практыку». Цікавасць да медыцыны падмацавалася кватарантам Дойлаў, трошкі старэйшым за Артура Браянам Чарльзам Уолерам, спачатку студэнтам, а потым выкладчыкам медыцынскага факультэта. Уолер, адначасова заіка і задавака, хваліў Артура за поспехі, даваў яму парады, дапамагаў рыхтавацца да паступлення і ўвогуле паводзіў сябе з ім так, нібы ўзяў на сябе ролю бацькі. Для Артуравай маці, чый муж прападаў у тракцірах, Уолер быў як святло ў вакенцы.

 

Такім чынам, перад намі паўстае высокі, моцна збіты, хоць яшчэ не да канца фізічна сфарміраваны малады чалавек, які пачынае пяцігадовы курс універсітэцкай вучобы.

 

З усёй дбайнасцю

 

Пачынаецца «доўгае нуднае зубрэнне: батаніка, хімія, анатомія, фізіялогія — поўны спіс абавязковых прадметаў, многія з якіх мелі вельмі аддаленае дачыненне да лекарскага мастацтва».

 

Што значыць аддаленае? Вось сэр Чарльз Уівіл Томпсан, акеанограф, старшыня Каралеўскага таварыства прыродазнаўства. Вышуквае па ўсім свеце новыя формы флоры і фауны, таму часта пускаецца ў экспедыцыі, а ў вольны час выкладае біялогію. Кватарант Уолер пераконвае Артура прачытаць кніжышчу па батаніцы, «вялікую і нецікавую»: «Я ўсім сэрцам жадаў бы, каб ты быў пазбаўлены неабходнасці яе штудыраваць, але паколькі такое немагчыма, ты павінен зрабіць гэта з усёй дбайнасцю».

 

«Дарагі доктар Уолер, — не без раздражнення справаздачыцца Артур. — Я практыкуюся ў лаціне і грэчаскай кожны дзень, вывучыў главу з Ціта Лівія і з «Кірапедыі» Ксенафонта, рашаю задачкі па алгебры і геаметрыі, рэдка калі выбіраюся з клеткі».

 

Дадаў яшчэ, праўда, што нейкім чынам паспявае чытаць і Эдгара Алана По. У духу гэтага пісьменніка і напіша ён першыя свае літаратурныя опусы, але апублікуе іх ананімна. Ён вельмі сціплы. Як доктар Ватсан.

 

Вось прафесар хіміі Аляксандр Браун. Жадаючы паказаць студэнтам выбух, які мусіць адбыцца пры змешванні пэўных рэчываў, ён, іх змяшаўшы, прысядае пад стол. У аудыторыі ўсталёўваецца мёртвая цішыня, якая сімвалізуе чаканне, але так нічога і не ўзрываецца. Тады прафесар высоўвае галаву — і радасныя студэнты выкрыкваюць: «Бум!»

 

Вось таксіколаг сэр Роберт Крысцісан, ён жа Боб Высокашаноўны. У вольны час ён лупцуе палкай пакойнікаў у празектарскай — вывучае эфект пасмяротнага ўзнікнення сінякоў.

 

А гэта той, каго чуваць раней, чым відаць, — эксцэнтрычны фізіёлаг Вільям Рэзерфорд, карантыш з гучным басам. Яшчэ не зайшоў у аудыторыю, а лекцыя ўжо пачалася — з калідора далятае: «У вен ёсць клапаны».

 

А вось бацька антысептыкі Джозаф Лістэр. Яго яшчэ крытыкуюць, яшчэ высмейваюць, крычаць: «Закрыйце дзверы, бактэрыі разбягуцца!»

 

А гэты худы, жылісты чалавек з вострым носам, падобным да дзюбы, з квадратным падбародкам і доўгімі-доўгімі пальцамі, з якімі ён абыходзіцца вельмі лоўка, што б ні рабіў, — хірург Эдынбургскай бальніцы Джозаф Бэл. Той, без каго не было б Шэрлака Холмса.

 

Навыкі назіральнасці

 

Новенькіх студэнтаў Бэл любіў разыграць такім трукам: даваў ім паспытаць са шклянога сасуда бурштынавай вадкасці — маўляў, моцны сродак, які трэба навучыцца распазнаваць, але такі горкі, што — б-р-р-р! — апускаў палец у вадкасць, аблізваў і ажно ўздрыгваў. Студэнты паслухмяна прароблівалі тое самае, скаланаючыся ад агіды, а потым ён паведамляў ім, якія яны няўважлівыя: у колбу ён апускаў указальны палец, а аблізваў сярэдні.

 

Па нейкай прычыне, якую Артур так і не зразумеў, доктар Бэл выбраў яго сваім памочнікам на амбулаторным прыёме. Так у Дойла з’явілася цудоўная магчымасць спасцігаць незвычайныя спосабы дыягностыкі — тое, што Шэрлак Холмс назаве сваім дэдуктыўным метадам.

 

— Ну што, мой дарагі, вы служылі ў арміі, — не пытаецца ў пацыента, а паведамляе яму доктар Бэл.

 

Той адказвае:

 

— Так, сэр.

 

— Выпісаліся нядаўна?

 

— Так, сэр.

 

— Шатландскі полк?

 

— Так, сэр.

 

— Малодшы афіцэр?

 

— Так, сэр.

 

— На базе Барбадос?

 

— Так, сэр.

 

А потым доктар Бэл паварочваўся да студэнтаў:

 

— Бачыце, спадарства, чалавек паважлівы, а капялюш не зняў. У арміі так не робяць. Але ён атрымаў бы такую звычку, калі б дэмабілізаваўся даўно. Уражанне ён стварае аўтарытэтнае, значыць яўна шатландзец. А што да Барбадоса, то ў яго слановая хвароба, якая мае заходне-індыйскія карані.

 

Бэл любіў уражваць сваім «яснабачаннем», але мэтай было не пазёрства. «Так ён прышчэпваў нам, наіўным Ватсанам, навыкі назіральнасці», — пісаў Дойл. «Пацыент хутчэй паверыць, што вы здолееце яго вылечыць, калі пераканаецца ў тым, што яго мінулае перад вамі як на далоні», — паўтараў ён словы прататыпа свайго героя.

 

«Увага да кожнай дробязі і ўменне разумна яе патлумачыць — вось залог правільнай дыягностыкі. Вочы, якія ўмеюць бачыць, а вушы — чуць, памяць, якая захоўвае ўсё і гатовая адгукнуцца ў патрэбны момант, і ўяўленне, здольнае сашчапіць усе звёны ў адзін ланцужок, — такія ў паспяховага дыягноста рабочыя інструменты».

 

Прыгоды ўсіх відаў

 

Пры належнай упартасці на ўрача можна было вывучыцца за чатыры гады, але ў старанні Дойла ўкліньваецца «непрыемны перапынак», які затрымлівае вучобу на цэлы год.

 

«Усё адбылося так, — расказвае ён. — У адзін халодны эдынбургскі дзень, калі я старанна рыхтаваўся да аднаго з тых экзаменаў, якія псуюць жыццё студэнту-медыку, да мяне падышоў нехта Кэры, мой аднакурснік, з якім я быў трошкі знаёмы». Тут не здзіўляйцеся: калі на першы курс паступае тысяча юнакоў, з якіх праз тыя экзамены, што псуюць ім жыццё, да апошняга курса іх даходзіць чатырыста (Эдынбургскі ўніверсітэт ва ўсе часы меў шалёную папулярнасць), можна некага і не ведаць. Паміж Кэры і Дойлам адбываецца такая размова:

 

— Ці вы не супраць праз тыдзень адправіцца ў кітабойны рэйс? Будзеце хірургам. Два фунты дзесяць шылінгаў за месяц і тры шылінгі за тону нафты.

 

— Адкуль вы ведаеце, што месца дастанецца мне?

 

— Таму што яно маё. У апошні момант я зразумеў, што плыць не магу, і шукаю сабе замену.

 

Карабель называўся «Хоўп», што азначала надзею. Медыцынскія веды на ўзроўні сярэдняга студэнта трэцяга курса дазвалялі Дойлу спадзявацца толькі на тое, што за сем месяцаў плавання з паўсотняй чалавек на судне не здарыцца нічога такога, што запатрабуе большага вопыту. У гэтую авантуру можна было ўвязацца толькі дзеля таго, каб дапамагчы любай маці — зарабіць грошай у сямейны бюджэт. А неўзабаве Артур зразумеў, што галоўны абавязак хірурга на гэтым судне — быць кампаньёнам для капітана. «Я б не вытрываў, калі б капітан аказаўся кепскім хлопцам, але Джон Грэй з “Хоўпа” паказаў сябе цудоўным чалавекам, выдатным мараком і сур’ёзным шатландцам», — прызнаўся Дойл у аўтабіяграфіі, у якой ад самага пачатку запэўніваў чытача, што жыццё яго было поўным прыгод усіх відаў і што па разнастайнасці і рамантыцы яго, бадай, цяжка пераўзысці.

 

«Я выпрабоўваў сябе ў розных відах спорту, уключаючы бокс, крыкет, більярд, аўтагонкі, футбол, авіяцыю, лыжны спорт. Я сем месяцаў вандраваў урачом на кітабойным судне ў Арктыцы, а потым на заходнім узбярэжжы Афрыкі. Я бачыў тры вайны: суданскую, паўднёваафрыканскую і нямецкую. У рэшце рэшт, я вымушаны прысвяціць апошнія гады свайго жыцця таму, каб расказаць свету пра вынікі трыццацішасцігадовага вывучэння акультызму і паспрабаваць данесці да чалавецтва ашаламляльную важнасць гэтага пытання», — паведамляе нам чалавек, які застаўся ў гісторыі не толькі адным з самых паспяховых пісьменнікаў, але і паспяховым доктарам.

 

Той, хто вельмі падобны да Ватсана

 

Пасля заканчэння трэцяга курса Дойл, каб набрацца досведу, уладкаваўся памочнікам да сельскага ўрача. У момант, калі ўсхваляваны ганец паведаміў, што ў суседа ўзарвалася нейкая пушка і параніла яму галаву, урач адсутнічаў, і Артуру давялося дзейнічаць самастойна. Прыбыўшы на месца, ён убачыў мужчыну з кавалкам жалеза, які тырчаў у яго з галавы. Стараючыся не паказаць страх, студэнт дастаў жалязяку і прыкмеціў пад ёю чыстую белую костку. Пераканаўшыся, што мозг не пашкоджаны, ён зрабіў усё так, што ўрачу, калі той прыехаў, нічога не засталося дадаць. Гэты выпадак надаў упэўненасці, так неабходнай таму, хто вельмі падобны да Ватсана.

 

Пасля атрымання дыплома ўрача 22-гадовы Артур Конан Дойл выглядаў як тыповы віктарыянскі джэнтльмен. Давайце ўявім над накрухмаленым каўняром шырокі сур’ёзны твар з даўжэзнымі бакенбардамі і нітачкамі вусоў. Такі ён быў, калі 1 ліпеня 1882 года даваў у раздзел «Рознае» вячэрняй газеты аб’яву хітраватага зместу: «Доктар Дойл паведамляе, што пераехаў на «Вілу ў кустарніку», Элм-гроўв, дом 1» — быццам ён не малады бакалаўр медыцыны, а доктар з саліднай практыкай, якую пакінуў у адным месцы і збіраецца працягваць у іншым. Гандляр скабянымі таварамі павесіў на яго дзверы медную шыльду: «Доктар Конан Дойл, тэрапеўт і хірург». Каб нацерці яе да бляску, доктар чакаў цемнаты — каб ніхто не бачыў, што ён гэта робіць сам, а значыць, прыслугі не мае. У крэдыт ён заказаў розных мазяў, парашкоў і мікстур, купіў на распродажы два столікі і тры стулы, падстаўку для парасонаў, занавеску і тры карціны — каб было відаць, што не бедны. На самай справе меў ён яшчэ толькі дарожную скрыню, якая была яму і шафай, і сталом, ложак, на голых спружынах якога ён спаў, закруціўшыся ў паліто і падклаўшы пад галаву «Асновы медыцыны», тазік, збанок і вялікую драўляную скрынку, знойдзеную ў садзе. Кухняй служыла патэльня, на якой часцяком не было чаго смажыць. «Пакуль што ніводнага пацыента, — пісаў ён сваёй дарагой маці праз тыдзень. — Затое натоўпы цікаўных спыняюцца, каб прачытаць, што напісана ў мяне на шыльдзе».

 

Першым зайшоў вікарый — спытаць, ці будзе доктар хадзіць у царкву. Потым з’явіўся барадаты дзядзька ў цыліндры. Ён няспынна пакашліваў, і доктар Дойл зрабіў выснову, што ў яго праблемы з бронхамі, але аказалася, што гэта нервовае: барадач павінен быў данесці да Дойла, што ён вінаваты газавай кампаніі 8 шылінгаў і 6 пенсаў. А потым прыйшла «анемічная старая дзева з хранічнай іпахондрыяй: трэба думаць, што замучыла ўжо ўсіх урачоў і дапяла да новенькага». Сказала, што прыйдзе яшчэ.

 

oytz5

Дом доктара Дойла ў нашы дні.

 

Як кожны сумленны ўрач

 

Такім быў пачатак. Нехта думае, што Дойл аддаўся літаратуры, бо як урач аказаўся непаспяховым. Але непаспяховым яго можна назваць толькі ў фінансавым сэнсе — за дзесяць гадоў медыцынскай кар’еры ён зарабіў няшмат. Затое ўрачом быў добрым. Ідэі, якія ён выказаў у дысертацыі, мелі мала прыхільнікаў, а пасля аказалася, што яны вельмі слушныя.

 

І не толькі апавяданні з аповесцямі ён пісаў, але і артыкулы ў сусветна вядомы навуковы часопіс «Ланцэт». Як кожны сумленны ўрач яго часу, ён ставіў на сабе эксперыменты — вывучаў уласцівасці гельземіуму (жоўтага язміну) у залежнасці ад дазіроўкі. І выступаў за абавязковую вакцынацыю войска ад воспы і брушнога тыфу. І прадбачыў, што «дзеці яго дзяцей» дажывуць да такога часу, калі вірусныя інфекцыі ўдасца калі не перамагчы, дык істотна абмежаваць.

 

У 1890-м нямецкі бактэрыёлаг Роберт Кох абвясціў, што ён адкрыў сродак ад туберкулёзу і будзе дэманстраваць яго на канферэнцыі ў Берліне. Дойла гэта не надта цікавіць: яго жонка захварэе на туберкулёз толькі праз тры гады. Цяпер жа яна гадуе дзіця і радуецца літаратурным поспехам свайго мужа. «Артур напісаў яшчэ адну кнігу, невялікую, прыблізна на дзвесце старонак, называецца «Эцюд у барвовых танах». Ён скончыў яе ўчора вечарам», — хвалілася яна ў лістах. Але, нягледзячы на адсутнасць цікавасці да адкрыцця Коха, Дойл зрываецца з месца і едзе на кантынент. Навошта? Развеяцца і падбадзёрыцца. А праз паўгода на кантынент едуць Шэрлак Хомс і доктар Ватсан — пішацца гісторыя пра смяротную схватку з прафесарам Марыярці ля Рэйхенбахскага вадапада.

 

Ён яшчэ і таму жадаў развейвацца і бадзёрыцца, што пацыентаў у яго заўсёды было нямнога. Хацеў быў заняцца афтальмалогіяй, арандаваў памяшканне для прыёму пацыентаў, уступіў у афтальмалагічнае таварыства, завёў знаёмствы з каралеўскай клінікай хвароб вачэй — але за цэлы месяц да яго ніхто не прыйшоў. Ён пасля жартаваў, што абодва пакоі арандаванага ім памяшкання былі заламі чакання: у адным чакаў ён, у другім не чакаў ніхто. Час, натуральна, у чаканнях не марнаваўся: доктар пісаў. Аднойчы ён вырашыў спыніць медыцынскую практыку і толькі пісаць. Зноў, праўда, схітрыў: даючы інтэрв’ю, сказаў, што яму прыйшлося закінуць медыцыну, бо яна моцна перашкаджала яго літаратурнай дзейнасці.

 

Вялікі, магутны, грузны, ён быў добры, як плюшавае мядзведзяня. Калі збіраўся галіцца, дзеці пыталіся: «Тата, дзе ты ўзяў гэтае футра?» Калі жонка, неасцярожна махнуўшы рукой, перакульвала на старонку яго рукапісу чарніла, ён, бачачы, як яна перажывае, пяшчотна ўсміхаўся і без ніякага абурэння браўся перапісваць старонку.

 

Нягледзячы на пісьменніцкую фантазію

 

У 1900-м, праз дзевяць гадоў перапынку, Дойл у медыцыну вярнуўся. Пачалася вайна ў Паўднёвай Афрыцы, і ён пажадаў мабілізавацца. Як напіша пасля біёграф, хацеў быць максімальна карысным у такіх умовах, якіх не мог сабе ўявіць, нягледзячы на пісьменніцкую фантазію. Калі ваенны карэспандэнт, які павінен быў напісаць пра яго працу, спытаў у яго, запырсканага крывёй, ці не збіраецца ён выдаць кнігу паводле атрыманых уражанняў, ён адсёк: «Я цяпер надта заняты, каб думаць пра літаратуру». Калі пацыент у шпіталі спытаў у яго, які твор пра Шэрлака Холмса ў яго любімы, доктар Дойл ці то ад стомы, ці то ад разгубленасці не мог успомніць назву. Сказаў: «Той, які пра змяю».

 

ccxrrrz5

Доктар Дойл у шпіталі.