Хто хаця б зрэдку зазірае ў мінулае нашай медыцыны, той сустракаў там у Мінску 19-га стагоддзя доктара Зыгмунда Свянціцкага — то ў ваенным шпіталі, дзе ён займае пасаду старшага ардынатара, то ў бясплатнай лячэбніцы, арганізаванай па яго ініцыятыве, то на пасяджэнні Таварыства мінскіх урачоў, у якім спачатку быў сакратаром, а пасля кіраўніком… Урачом ён стаў, раўняючыся на брата Мечыслава, старэйшага на тры гады. Абодва вучыліся ў гімназіі ў Мінску, абодва з адзнакай скончылі Пецярбургскую медыка-хірургічную акадэмію, абаранілі доктарскія дысертацыі, папрацавалі ўрачамі ў пагонах, а потым жыццё аддаліла іх адзін ад аднаго на паўтары тысячы кіламетраў, якія праляглі паміж Сімбірскам і Мінскам, але атрымалася так, што Зыгмунд пасяліўся на Падгорнай вуліцы, дзе паміж усімі занятасцямі паспяваў весці прыватны прыём, а Мечыслаў адкрыў на аднаіменным спуску Падгорны прыёмны пакой.
Браты з Падгорных
Мінская Падгорная, якая некалі ператворыцца ў вуліцу Карла Маркса, — месца прэстыжнае, жыве тут багаты шаноўны люд. Бліжэйшыя суседзі Зыгмунда Свянціцкага — гаспадар каменнага асабняка купец другой гільдыі Юліус Моенке, уладальнік маёнткаў у Волме і Смілавічах, муж графіні Стэфаніі Плятэр, надворны саветнік Леў Львовіч Ваньковіч і поўны цёзка — таксама Зыгмунд, таксама Свянціцкі, але інжынер, саўладальнік архі-тэктурнага бюро «Гай, Свянціцкі і Ко», уладальнік шыкоўнага аўтамабіля маркі Minerva бельгійскай вытворчасці. Іншымі словамі, на Падгорнай у Мінску жыве эліта. А што з сябе ўяўляе Сімбірскае падгор’е?
«Город Симбирск расположен по обе стороны речки Волги в среднем ея течении. Лучшая и значительная часть города находится на правой, нагорной стороне Волги, на широком перевале между реками Волгою и Свиягою. Берег Волги здесь возвышается на 67 сажень и образует так называемую Симбирскую гору. У подошвы этой горы идет вдоль реки Волги узкая полоса земли, на которой расположена подгорная часть города», — так нам тлумачыць будову Сімбірска адна з краязнаўчых крыніц.
Зімой Падгор’е спіць, а вясной, з пачаткам навігацыі, ажывае, ператвараючыся ў мурашнік: бясконца прыбываюць параходы і пасажыры, бясконца ідзе прыём і адпраўка грузаў, разліваюцца шматлікія крыніцы, адна з якіх, Ісакіеўская, славіцца вадой асаблівага смаку, зацвітаюць і пладаносяць бясконцыя фруктовыя сады — адзін з галоўных прадметаў промыслу сімбірчан. Праз гэтыя сады давайце пройдземся да Успенскай Слабады, названай так у памяць аб маленькім закінутым манастыры. Цяпер гэта прыход Петрапаўлаўскай царквы. Тут стаяць дамы сімбірскіх беднякоў, утвараючы дзве вуліцы — Успенскую і Ніжне-Петрапаўлаўскую, перасечаныя двума завулкамі — Успенскім і Петрапаўлаўскім. Дзеля гэтых беднякоў і быў адкрыты пад асабістым кантролем доктара Мечыслава Свянціцкага прыёмны пакой, які, не доўга думаючы, назвалі Падгорным.

Вуліца Падгорная ў Мінску, сярэдзіна 19 ст.
Дзве бальніцы — дзве крыніцы
Памяшканне знайшлося недалёка ад прыстані. І гэта было ідэальна, бо ў пераліку мэт, агучаных Свянціцкім на нарадзе гарадскіх урачоў, сазванай ім напярэдадні для вырашэння ўсіх медыцынскіх праблем горада, што называецца, адным махам, была і праверка пасажыраў, якія сыходзілі з параходаў, на прадмет наяўнасці ў іх інфекцыйных захворванняў.
З пачаткам пасажырапатоку горад літаральна кішэў інфекцыямі, і трэба было іх выяўляць, а іх носьбітаў ізаляваць і лячыць.
Месца побач з прыстанню было ідэальным яшчэ і таму, што недалёка знаходзілася ратавальная станцыя. Тут танула нямала людзей, здаралася шмат няшчасных выпадкаў, але медыцынскага персаналу на станцыі не было.
Што да сімбірскай беднаты, то яна не магла лячыцца ў гарадской бальніцы, бо за гэта трэба было плаціць. Да таго ж кіраваліся там правілам: калі хворы паступіў на лячэнне пасля 9-й гадзіны раніцы, то карміць яго пачыналі толькі на наступныя суткі. Гэта ўсіх абурала, выклікала шматлікія скаргі і злосную крытыку ў «Волжскім весніку», але нічога не змянялася.
На іншых прынцыпах працавала Аляксандраўская бальніца, якая размяшчалася побач з гарадской і часцяком забірала сабе абяздоленых пацыентаў. Адкрытая яшчэ ў 1801-м і названая ў гонар Аляксандра І, які ў той год акурат заступіў кіраваць імперыяй, яна, відавочна, забяспечвалася з іншых крыніц. Пройдзе час — і гарадская з Аляксандраўскай аб’яднаюцца ў Сімбірскую губернскую земскую бальніцу. Адбудзецца гэта пры кіраўніцтве Мечыслава Свянціцкага.
Парушаючы правіла
Увогуле, ад статуса бальніцы залежала, плаціць пацыенту за лячэнне ці не плаціць і калі плаціць, то за што і колькі. Да прыкладу, у земскай бальніцы за стацыянарнае лячэнне бралі 40 капеек у суткі, амбулаторны прыём каштаваў 20 капеек. Гэта было нямала. Калі за спуск да прыстані прапанавалі збор памерам 1 капейка з каня, абурылася не толькі насельніцтва, але і афіцыйныя сферы. У выніку, каб мець сродкі на ўтрыманне ў належным стане спуску, які ўвесь час размывала дажджамі і паводкамі, дума пастанавіла, што даглядаць яго будуць за сродкі горада з даплатай з земскага збору. А тут — 40 капеек за суткі з хворага чалавека! Таму і былі ўрачы, якія лячылі бясплатна, парушаючы жалезнае правіла запісваць кожнага пацыента ў журнал.
У розных паветах з аплатай было па-рознаму: недзе бралі толькі за посуд, недзе — толькі за лякарства.
Медыкі за лячэнне не плацілі, а вось настаўнікі, хоць зарплата ў іх была не бо́льшая, чым у медыкаў, павінны былі. Дырэктар інспекцыі народных вучылішчаў Ілья Мікалаевіч Ульянаў, бацька чатырохгадовага Валодзі, будучага Леніна, у 1874-м звярнуўся ў губернскую ўправу з хадатайніцтвам аб вызваленні настаўнікаў ад платы за лячэнне. У снежні выйшла адпаведная пастанова, і хадатайніцтва задаволілі.
Мечыслаў Свянціцкі тады яшчэ не ведаў Ульянавых. Ён працаваў у Буінскім павеце і быў адным з тых земскіх урачоў, якія не бралі з бедных грошай. У 1876-м ён прыехаў у Сімбірск, у 1877-м узначаліў Аляксандраўскую бальніцу і фельчарскую школу адначасова, а ўжо ў 1878-м не без яго ўдзелу памочнік Ільі Ульянава выдасць кнігу «Школьная диететика». У 1880-м Мечыслаў Свянціцкі ачоліць Сімбірскае ўрачэбнае таварыства, змяніўшы на гэтай пасадзе паважанага доктара Гласана, заснавальніка і таварыства, і школы.

Аляксандраўская бальніца (горад Сімбірск) на здымку 1868 года. Від са званіцы храма.
«Недоброкачественный суррогат медицины»
Досвед арганізатара быў атрыманы Мечыславам Свянціцкім яшчэ на ўзмежку 1870-х на пасадзе галоўнага ўрача Казанскай земскай губернскай бальніцы. Тады ён арганізаваў першы ў губерніі з’езд земскіх урачоў. Пытанні на ім уздымаліся вострыя, галоўным чынам датычныя санітарнага стану, матэрыяльнага палажэння ўрачоў і дзіўнага супрацьстаяння паміж імі і фельчарамі.
На медыцыне земствы бязлітасна эканомілі, ашчаджаючы на яе, па словах аднаго з удзельнікаў з’езда, «возможный minimum». Праз гэта лячэннем у палове паветаў займаліся не ўрачы, а фельчары — «как лица, содержание которых земству стоит много дешевле содержания врачей». Узніклі два цячэнні — адно за тое, каб рыхтаваць болей фельчараў (бо яны і «танней» за ўрачоў, і ўрачоў не паўсюль хапае), другое за тое, каб фельчарскія школы пазакрываць, бо падрыхтоўка фельчараў таксама абыходзіцца дорага, яны атрымліваюць на час вучобы вопратку, жытло і харчаванне, пры гэтым не ўсе навучэнцы давучваюцца да атрымання дыплома і не ўсе давучаныя ідуць працаваць.
Стваралася нездаровае прафесійнае спаборніцтва фельчараў і ўрачоў, якое суправаджалася з боку апошніх пагардай і страхам. Узнялося «пытанне пра фельчарызм».
«Недоброкачественный суррогат медицины» — так определяют дипломированные доктора фельдшеризм. И так как в руках их находится администрация медицинского управления страной, то этот взгляд отражается практически нежеланием допускать открытие или развитие фельдшерских школ», — пісаў філосаф Васілій Розанаў пра гэтую з’яву, якая ўсталявалася ў імперыі на гады.
Сімбірскую фельчарскую школу кідала з аднаго цячэння ў другое. Натуральна, Мечыслаў Свянціцкі быў за тое, каб рыхтаваць фельчараў, і сам узначальваў фельчарскую школу пры Аляксандраўскай бальніцы, створаную Гласанам у 1869-м, на працягу пяці гадоў — з 1877-га да 1883-га, калі чарговай хваляй, з трэцяй спробы яе закрылі. Акурат у той самы год, калі дазволена было адкрыць на Падгорным спуску бясплатны прыёмны пакой. Натуральна, што ёсць паміж гэтымі падзеямі сувязь, і можа быць, Мечыслаў абмяркоўваў яе з Зыгмундам, чыя ініцыятыва з бясплатнай лячэбніцай у Мінску пацярпела паражэнне праз такія самыя фінансавыя праблемы.
«Суррогат медицины… — абураўся Розанаў. — Но ведь и дипломированный врач средних способностей и опыта есть “недоброкачественный суррогат” сравнительно с Боткиным и Захарьиным… Если отрицать фельдшеров, нужно отрицать и врачей, т. е. свести их к роли подручников и учеников около медицинских авторитетов».
Калі фельчараў у губерніі перастане хапаць, застанецца «довольствоваться отставными военными и ротными фельдшерами, как известно, плохо подготовленными». І толькі калі ў Сімбірску ўспыхне новая чарга эпідэмій халеры і сыпнога тыфу, губернскі сход, нарэшце, пераканаецца ў неабходнасці адкрыцця фельчарскай школы нанова. Яна адновіцца праз дзесяць гадоў, але доктара Мечыслава Свянціцкага ўжо не будзе…
Там, дзе няма будучыні
«Але ці мелі ўвогуле фельчары і ўрачы хоць якія падставы дабівацца для сябе земскай службы?» — пытаецца дэлегат з’езда казанскіх урачоў, прапануючы пазнаёміцца з патрабаваннямі, якія земства прад’яўляла тым, хто паступаў на службу «по медицинской части». Земскі ўрач абавязаны жыць у глушы і разлічваць толькі на тыя невялікія сродкі, якія яму плоціць земства. З гэтых сродкаў, не чакаючы ніякіх дабавак, ён павінен злаўчыцца нешта адкладваць на будучыню, бо «земство, как известно каждому, не назначает служащим ему лицам никакой пенсии». Калі чалавек жадае прысвяціць жыццё нейкай справе, то ён павінен мець на ўвазе, разважае далей дэлегат, што па меры паглыблення ў гэту справу можна разлічваць на паляпшэнне становішча, на ўзрастанне матэрыяльнай забяспечанасці.
«Всякая коронная, а в большинстве случаев и частная служба представляет такого рода довольно заманчивую перспективу, — піша дэлегат, — но ее не существует для земского врача. Что ни делай земский врач, он останется тем же, чем был до поступления на службу, — будет получать то же жалованье и будет пользоваться тем же положением в обществе, — одним словом, для него как бы не существует будущности».
Нават калі земства ашчаслівіць такі чалавек, які прыйдзе на службу не дзеля кар’еры або дастатку, а з мэтай аблягчаць пакуты чалавецтва, змірыўшыся з усімі нягодамі свайго існавання, то ён гэтай высакароднай мэты не здолее дасягнуць, бо чакацьмуць яго «постоянная гоньба из деревни в деревню, полное сознание невозможности выполнения того, что от него требуется».
«Ради более точного обсуждения дела»
Інспекцыя народных вучылішчаў Сімбірскай губерніі на чале з яе дырэктарам І. М. Ульянавым (сядзіць у цэнтры), 1870-я гг.«Мясцовая прафесійная ініцыятыва», як называюць тыя з’езды сённяшнія даследчыкі, мела на мэце ўсталяванне канструктыўных стасункаў паміж урачамі і органамі дзяржаўнай улады. Часам гэта ўдавалася. А вось стасункі паміж урачамі-братамі канструктыўнасць гарантавалі. У справаздачы аб дзейнасці Таварыства мінскіх урачоў за 1871–1872 гады, скла-дзенай сакратаром таварыства Зыгмундам Свянціцкім, у раздзеле F, азаглаўленым як «Главные предметы рассуждений и диспутов», ёсць пункт 15 «О разработке отечественной медицинской статистики». Скрозь яго змест вельмі добра прасвечваецца прафесійная сувязь Мечыслава і Зыгмунда, старэйшы з якіх у той час узначальваў Казанскую губернскую земскую бальніцу. Іначай ніякіх падстаў не было абмяркоўваць у Мінску пастановы ўрачоў Казані.
«На основании отзыва Казанского общества врачей, приславшего к тому печатную программу для медико-статистического съезда и комиссии, ради более точного обсуждения дела из среды Общества нашего была избрана специальная комиссия в лице 4 членов (3 врачей и 1 фармацевта): Головачева, Свенцицкого, Каплана и Габриловича. В докладе этой комиссии, составленном Свенцицким и формулированном под видом ответа Казанскому обществу, признана насущная необходимость такого начинания, предложены некоторые научные вопросы, сделаны указания на статистические сочинения и развита мысль об организации труда по медицинской статистике в России».
Так браты на вялікай адлегласці супольна ўдасканальвалі арганізацыю аховы здароўя не толькі ў сваіх гарадах, але і для ўсёй прасторы дзяржавы, у якой жылі.
Мне так і ўяўляецца, як яны праз ліставанне пераймаюць адзін у аднаго досвед, які даецца кожнаму з іх вельмі цяжка. Калі правадзейны стацкі саветнік Зыгмунд Свянціцкі, кіраўнік мінскага ўрачэбнага таварыства, дамогся адкрыцця бясплатнай лячэбніцы ў цэнтры Мінска, на Губернатарскай, да адкрыцця бясплатнага прыёмнага пакоя ў Сімбірску тамтэйшым кіраўніком урачэбнага таварыства Мечыславам Свянціцкім заставалася тры гады. Праіснаваўшы два гады, лячэбніца ў Мінску закрыецца — не атрымае фінансавай падтрымкі ў новага складу гарадской думы. Але досвед яе арганізацыі дакладна будзе прыменены ў Сімбірску.
Ведай нашых!
Гэта быў дом на чатыры пакоі. У адным размясцілася ардынатарская, дзе прыём вёў у строга адведзеныя гадзіны дзяжурны ўрач з Аляксандраўскай бальніцы, у другім — ізалятар на тры койкі, у трэцім неадлучна працаваў фельчар, які прымаў хворых у адсутнасць урача, а чацвёртае памяшканне было аддадзена «медыцынскай прыслузе» — вадагрэйшчыку і санітаркам, якіх у тым краі называлі хажаткамі, бо «хадзілі» за хворымі. Знайшоўся там і закуток для аптэкі, у якой сродкі мяняліся ў залежнасці ад пары года, як пішуць даследчыкі медыцыны таго часу. «Спецыяльная сядзелка» вяла ўлік пацыентаў і заводзіла на іх санітарныя карткі. У якасці дзяжурных прыхо-дзілі па чарзе ўсе ўрачы з Аляксандраўскай, у тым ліку і галоўны ўрач — доктар Свянціцкі. Новым для ўсіх было тое, што цяжка хворых трэба было падымаць на гару, і таму Падгорны прыёмны пакой быў аснашчаны рэсорным экіпажам з фурманам і спецыяльнымі насілкамі.
Усё ў доктара Мечыслава Свянціцкага было пад кантролем. Ведай нашых, што называецца. Усё было добра і ў асабістым жыцці. На генеалагічных рэсурсах ёсць звесткі пра сям’ю, хоць і няпоўныя. Па інфармацыі адрас-календара Казанскай губерніі на 1913 год у Чабаксарскім павеце жыве і працуе губернскі сакратар Карл Мечыслававіч Свянціцкі. У Уфімскай губернскай пракуратуры працуе адвакат, прысяжны павераны, калежскі сакратар Мечыслаў Мечыслававіч Свянціцкі. Вядома, што ў гэтых братоў ёсць дзве сястры. Імя адной гісторыя не захавала, хоць давяла да нашага часу інфармацыю, што гэта была графіня. Пра другую вядома больш: існуе дакумент, згодна з якім 20 ліпеня 1884 года ў Аляксандраўскай царкве Сімбірска дзявіца Марыя Мечыславаўна Свянціцкая, 20 гадоў, вянчалася з кандыдатам прыродазнаўства фізіка-матэматычнага факультэта Маскоўскага імператарскага ўніверсітэта дваранінам Андрэем Фёдаравічам Вінаградавым, 38 гадоў.
Роўна праз тры гады пасля гэтага, у ліпені 1887-га доктар Мечыслаў Свянціцкі, 54 гады, памёр. Зыгмунд Свянціцкі перажыў яго на 13 гадоў. Хочацца думаць, што на Падгорную вуліцу ў Мінску працягвалі прыходзіць лісты з Сімбірска…