Вераніка Тушнова. Фота з адкрытых крыніц.
Вераніка Тушнова. Фота з адкрытых крыніц.

Калі пачалася вайна, Вераніка Тушнова пераехала ў Казань, каб працаваць у шпіталі. Параненыя байцы, якія знаходзіліся там на лячэнні, заўважылі, што яна заўсёды была са сшыткам, каб хутка запісваць… вершы. Так і сталі яе называць — доктар са сшыткам. Магчыма, там, у ваенным шпіталі, сярод крыві і болю, гэтая жанчына стала сапраўдным паэтам.

 

Tushnova 2Вераніка Тушнова нарадзілася ў Казані 14 (27) сакавіка 1911 года, хаця ў некаторых крыніцах ды нават і на помніку яе пазначаны 1915 год. Што ж, такою была апошняя воля гэтай надзвычай прыгожай жанчыны…

 

У школе лепш за ўсё ёй даваліся мовы: Вераніка добра ведала англійскую (у некаторых крыніцах, нямецкую) і французскую. Настаўнік літаратуры звярнуў увагу на яе выдатныя літаратурныя здольнасці… Але пад уплывам бацькі Міхаіла Тушнова, прафесара Казанскага ўніверсітэта, Вераніка вырашыла паступіць на медыцынскі факультэт.

 

Паколькі бацька па сваёй працы пераязджаў, працягваць вучобу давялося спачатку ў Ленінградзе, а потым у Маскве, дзе Вераніка паступіла ў аспірантуру пры Усесаюзным інстытуце эксперыментальнай медыцыны.

 

На мой погляд, гэта сведчыць не толькі пра жорсткі, нават дэспатычны (як часам адзначаюць) характар бацькі, якому дзяўчына вымушана была падпарадкоўвацца, але і пра наяўнасць у яе сапраўднай цікавасці да медыцыны. Уплывам бацькі можна было б абгрунтаваць вышэйшую адукацыю, але аспірантура — гэта ўжо сур’ёзна…

 

Нягледзячы на занятасць, Вераніка працягвала пісаць вершы і паказваць іх знаёмым паэтам. І вось аднойчы творы трапілі да патрэбнага чалавека — паэтэсы Веры Інбер, якая і ўгаварыла Вераніку Тушнову паступаць у Літаратурны інстытут. І яна паступіла!

 

Аднак паглыбіцца ў вучобу і літаратурнае жыццё не атрымалася, бо ішоў 1941 год. У цяжкія часы кожны робіць максімальна карысную справу — і Вераніка зноў усклала белы халат, працавала спачатку ў Казані палатным урачом нейрахірургічнага шпіталя для параненых байцоў, а з 1943 года — у Маскве ўрачом-ардынатарам. 

 

Тым не менш у 1944 годзе ў часопісе «Новый мир» з’явіўся яе твор «Хирург», а «Комсомольская правда» надрукавала цыкл «Стихи о дочери». І, нарэшце, у 1945 годзе выйшла першая кніга Веранікі Тушновай, якая так і называлася «Первая книга». Другі яе зборнік, «Пути-дороги», пабачыць свет толькі праз 9 гадоў…

 

Не палічыце гэта цынічным, але складанне вершаў (ці іншы творчы занятак) нярэдка мае для аўтара пэўны псіхатэрапеўтычны эфект, накіроўваючы самаразбуральную энергію ў творчае русла. Яшчэ Ліля Брык адзначала, разважаючы пра Маякоўскага: «Страдать Володе полезно, он помучается и напишет хорошие стихи».

 

У Веранікі былі два надзвычай нешчаслівыя шлюбы — з урачом Юрыем Разінскім (у іх нарадзілася адзіная дачка Веранікі Тушновай Наталля) і з калегам па літаратурным цэху Юрыем Цімафеевым. Першы муж кінуў сям’ю, растанне з другім і скасаванне шлюбу таксама было няпростым.

 

Поўная нерастрачанага кахання і пяшчоты, яна кінулася, як у вір, у новыя стасункі — з паэтам Аляксандрам Яшыным. Хаця, канешне, сучасны тэрмін «стасункі» ні ў якім разе не раскрывае трагічную веліч гэтага кахання.

 

Тут варта сказаць некалькі слоў і пра самога Яшына. Дарэчы, нарадзіўся ён у той самы дзень, што і Вераніка, толькі на 2 гады пазней — у 1913 годзе. Няблага складалася і яго літаратурная кар’ера: у 1934-м — першы зборнік вершаў, потым вучоба ў Літаратурным інстытуце, сябар Саюза пісьменнікаў СССР з 1939 года.

 

У час вайны Яшын працуе ваенным карэспандэнтам, пасля вайны шмат часу праводзіць у паездках па краіне. Усё ўбачанае і перажытае становіцца матэрыялам для новых кніг. Аднак неўзабаве памірае Сталін. Адліга яшчэ не пачалася, але на другім з’ездзе пісьменнікаў Аляксандр Яшын прызнае сваю долю віны за тое, што літаратура сталінскага часу не была шчырай. І з гэтага часу імкнецца да максімальнай шчырасці сваіх твораў. Сярод іншага заклікае вярнуць у літаратуру творчасць Сяргея Ясеніна.

 

Вельмі цяжка складвалася асабістае жыццё паэта. Яшын быў жанаты тройчы, маючы трох дзяцей з першаю жонкай і чатырох — з трэццяй, якая, як пісалі, пакутавала на псіхічнае захворванне.

 

Вось у такіх умовах і пачаліся стасункі Веранікі Тушновай і Аляксандра Яшына. Абодва знайшлі ў гэтым каханні і сваё шчасце, і сваё гора. Пасля некалькіх гадоў чаканняў, сустрэч і развітанняў Аляксандр Яшын вырашыў узаеміны скасаваць. Асабліва моцна паўплывала на паэта самагубства сына. Яшын лічыў сябе вінаватым, хоць потым і высветлілася, што прычына суіцыду была іншая. Ён вяртаецца ў сям’ю. А Вераніку забівае анкалогія, а яшчэ хутчэй — туга. Бо кахаць і чакаць Яшына яна не перастала. Тая ж хвароба праз 3 гады забрала і Аляксандра Яшына…

 

Дарэчы, адзін з самых вядомых вершаў Веранікі Тушновой «Не отрекаются любя» многія лічаць прысвечаным Яшыну, але па іншых крыніцах ён быў прысвечаны першаму мужу. А вось тое, што насамрэч было напісана пад уплывам такога доўгачаканага, здабытага і страчанага кахання, — гэта кніга «Сто часов счастья»...

 

***

Ад самоты душа заплача,

але ўсмешка — мой шчыт ад ран.

Я кахаю цябе,

а значыць —

я жадаю табе дабра.

Гэта значыць, мая ты ўцеха,

што не трэба казаць ды ехаць,

і не трэба смутку і жалю,

і не трэба жыць у трывозе,

і не трэба, каб у дарозе

разам ранкі мы сустракалі.

Вось і старасць ужо маячыць,

пра зямное забыць пара…

Я кахаю цябе,

а значыць —

я жадаю табе дабра.

Значыць, як мне цябе пакінуць,

як жа памяць мне з сэрца выняць,

як не грэць тваіх рук азяблых

з ношай, што аніхто не ўзяў бы?

Хто ж падкажа, мая ты ўцеха,

ці то ехаць,

ці то не ехаць,

на якіх нам спыняцца шляхах?

Нам пра гэта ніхто не скажа,

і дарогі ніхто не падкажа,

і вузельчык ніхто не развяжа…

Хто сказаў, што так лёгка кахаць?

 

***

Вось і час развітання

ля апошняй мяжы…

Можа, з новым каханнем

ты наважышся жыць.

Можа, райскім спакоем

дзесь атуліць яна…

Папрашу пра адно я —

мяне ўспамінай.

Калі раптам пад крокамі

хрусне ранішні лёд,

калі там пад аблокамі

прагрыміць самалёт,

адштурхне абыякава

вецер воблака ўбок,

ды ад суму сабака

заскуголіць у змрок,

калі лісце кружыцца,

калі лістапад

і ўначы аканіцы

загрукочуць не ў лад,

калі ранкам бялюткім

певень зноў запяе —

узгадай мае рукі,

слёзы, вершы мае…

Выціраць не старайся

мае з сэрца сляды.

Не спрабуй,

не змагайся —

я паўсюль, я заўжды!

 

Пераклад вершаў В. Тушновай з рускай мовы Я. Скібскага.