Вёска Вяляцічы на Барысаўшчыне. Канец Вялікай Айчыннай вайны. Маленькая жанчына ў гімнасцёрцы, пілотцы, вярхом на кані спыняецца каля купкі дзяцей. Сэрца тахкае ад хвалявання перад сустрэчай з дачкой, якую пакінула паўтарамесячнай...
Марфа Паўлавец нарадзіла дзяўчынку перад самай вайной, 1 мая 1941-га — калі савецкая краіна святкавала Дзень інтэрнацыянала і Чырванасцяжная Беларуская ваенная акруга ладзіла «баявы агляд рэвалюцыйных сіл рабочага класа». Жонкі чырвоных камандзіраў здзяйснялі марш-кідок на дзесяць кіламетраў у процівагазах, жонкі малодшых афіцэраў дэманстравалі свае поспехі ў авалодванні баявой і палітычнай падрыхтоўкай, спецшкола ваенна-паветраных сіл пускала ў неба самалёты, грамадзянскае насельніцтва захаплялася паказальнымі выступленнямі фізкультурнікаў, а ваенурач 3-га ранга Марфа Паўлавец атрымала ад свайго камандзіра выгавар за адсутнасць рэменя паверх гімнасцёркі і… нарадзіла дзіця.
У паветры вісела пагроза вайны
Цяпер ужо ніхто не зможа адказаць на пытанне, чаму пасля заканчэння з адзнакай Мінскага медыцынскага інстытута Марфа Паўлавец не пайшла адразу лячыць людзей у сталічнай клініцы ці пасялковай амбулаторыі, а падалася працягваць вучобу ў Ваенна-медыцынскую акадэмію імя Кірава ў Ленінградзе. З іншага боку, адказ відавочны: у паветры вісела пагроза вайны. Пра яе гаварылі, да яе рыхтаваліся ўсе — ад вайскоўцаў да фізкультурнікаў. Гэты адказ тым больш відавочны, што выпуск Марфы, выдатніцы, палымянай камсамолкі і патрыёткі, прыпаў не на які-небудзь іншы, а менавіта на 1939 год, адзначаны падзеямі, якія стануць пачаткам Другой сусветнай вайны.
Прайшоўшы ў горадзе над Нявой спецыяльную ваенна-медыцынскую падрыхтоўку і прыняўшы там прысягу, 23-гадовая Марфа накіроўваецца на Далёкі Усход, у склад Першай Чырванасцяжнай арміі, у хірургічнае аддзяленне гарнізоннага шпіталя, размешчанага на станцыі Раздольнае. Праз год яе пераводзяць бліжэй да радзімы — у танкавы батальён на станцыі Баравуха пад Полацкам.
Не бывала задачы складаней
На даваенных фотаздымках яна вельмі прыгожая. Пяшчотныя, мяккія рысы пазней завострацца, загрубеюць.
Прыехаўшы з немаўляткам у родную вёску, Марфа спачатку дапамагала ў арганізацыі партызанскага руху, як пішацца ў прадстаўленні да ўзнагароды, і, з’яўляючыся сакратаром падпольнай камсамольскай арганізацыі ў вёсцы Вяляцічы, «выконвала заданні па разведцы ад дыверсійных груп». У верасні 1942 года Марфа «пакінула грудное дзіця і пайшла ў партызанскі атрад».
Што гэта значыць для маці — не цешыцца мацярынствам? Якая пачварная несправядлівасць — не бачыць усмешкі свайго дзіцяці, не назіраць, як прарэзваюцца зубкі, робяцца першыя крокі, прамаўляюцца першыя слоўкі, з’яўляюцца першыя сябры…
Вось яны гуляюць перад брамкай. Але як знайсці сярод гэтай дзятвы, дзе нельга адрозніць дзяўчынку ад хлопчыка, яе падрослую Люсю? Усе аднолькава коратка стрыжаныя, усе ў доўгіх кашульках з даматканага палатна... У начальніка санітарнай службы спецыяльнага атрада разведчыкаў Марфы Васільеўны Паўлавец не бывала задачы складаней…
«Хто з вас Люся?» — спытала яна. Адно дзіця падхапілася і пабегла ў бок хаты. Яна паўтарыла пытанне. Не таму, што не зразумела, што дзіця, якое ўцякло, і ёсць яе Люся. Проста трэба было неяк суцішыць сэрца, якое вырывалася з грудзей…
Марфачка, Кнопачка
Так яе называлі ў атрадзе: Марфачка — за дабрыню, міласэрнасць, сумленнасць і проста таму, што любілі, а Кнопачка — за маленькі рост.
Даўшы пацыенту самагонкі і ўзяўшы ў руку нажоўку, бо хірургічных інструментаў не хапала, абеззаразіўшы яе спіртам, а можа і самагонкай, маленькая прыгожая жанчына ўпэўнена і рашуча рабіла аперацыі па ампутацыі абмарожаных ног і рук, ратуючы партызан ад гангрэны ў аперацыйных, якія часам не мелі столі, з сонцам замест лямпы, на сталах з часаных жэрдак, накрытых абрусам або плашчом.
Нагнаенні ў гэтых «лятучых шпіталях» ліквідавалі растворам звычайнай солі або залівалі ў аперыраваныя поласці раствор чырвонага стрэптацыду — рэчыва, якое чалавецтва вынайшла, каб фарбаваць тканіны, але нечакана высветлілася, што яно смяротнае для стрэптакокаў. Сродкам ад высокай тэмпературы былі кветкі ліпы. Каб спыніць кроў, капалі на пашкоджаныя сасуды звычайны кіпень. Закарэлыя ад крыві бінты адмывалі, кіпяцілі, высушвалі, прасавалі і зноў накладалі на раны, зашытыя часам льнянымі ніткамі. «Мы яшчэ пазмагаемся», — гаварыла доктар Паўлавец — і пацыент, гэта чуючы, змагаўся са смерцю не толькі дзеля сябе, але і каб мілую доктарку не падвесці…
У суровай лясной рэальнасці
Што гэта значыць для маленькай жанчыны, нават калі яна і выбрала прафесію ваеннага ўрача, — змагацца за здароўе і жыцці людзей ва ўмовах, якія з жыццём не стасуюцца: пры адсутнасці не толькі элементарных лекаў, але і прадуктаў, і вопраткі… У вёсках паўсюдна лютуюць інфекцыі — тыф, шкарлятына, кароста, адзёр… Партызаны, выпраўляючыся ў разведку ў населены пункт, рызыкуюць заразіцца і прынесці заразу ў атрад, калі не будуць выконваць інструктаж строгай Марфы. У суровай лясной рэальнасці ў іх абвастраюцца хранічныя хваробы, якія няма як лячыць тымі метадамі, што вывучаліся ў інстытуце. Ад язвы страўніка тут, сярод асін і дубоў, няма паратунку, хіба што крухмал, завараны на вадзе, ды адвар ільнянога семя, згатаваны ў кацялку на кастры.
У штаб партызанскага руху трэба адправіць складзеную па правілах справаздачу — распісаць спецыяльную форму: колькі пацыентаў у стацыянары, з якімі дыягназамі, які працэнт параненых…
Адасобіўшыся ў куточку палаткі з гарачым ад кіпеню кубкам, у які ўкінула шчопаць назбіранага летам чабору, Марфа Васільеўна, паціраючы стомленыя вочы, піша: «20 стацыянарных, з іх 10 з дыягназам сыпны тыф, у аднаго грыпозная пнеўманія, у аднаго запаленне лёгкіх, астатнія — з раненнямі рознай цяжкасці, амбулаторна лечацца 62 чалавекі, з іх у 16 грып, у 7 эпідэрміт, у 6 фурункулёз, у 5 гастрыт, у 3 кан’юнктывіт, 2 флегмоны, 1 абсцэс, 1 стаматыт, 1 рожа і 20 чалавек з каростай».
Для апошніх фельчар штораніцы варыць кару крушыны — каб тройчы на дзень змазваць скуру. Марфа Васільеўна адкладае ўбок справаздачу і пачынае пісаць ліст да родных.
Калі яна ўбачыць сваю дачку?..
Чуйнае сэрца
Праз нейкую хвіліну дзяўчынка вярнулася за ручку са старэнькай бабуляй.
— Хадзем, хадзем, — прыгаворвае тая, — зараз мы гэтай маме пакажам за тое, што яна нас пакінула…
Гэта не сон, які сніцца ў партызанскім атрадзе, гэта жорсткая, гнятлівая рэальнасць, з якой сутыкаецца бедная маці, калі трапляе ў Вяляцічы, у родны дом. Дзяўчынка баіцца маму, апранутую па-салдацку, — не так, як прабабка з бабкай і ўсе жанчыны ў вёсцы. Мама прывезла мыла, сапраўдны скарб, — а дачушка падумала, што яго трэба есці, і спрабавала кусаць. Маме хочацца ўзяць яе на ручкі, паняньчыць, папесціць, здаволіць, нарэшце, мацярынскі інстынкт, загнаны на час вайны на самае дно душы, — а яна дзічыцца, хаваецца за бабчыну спадніцу. «Тут крыўдуй не крыўдуй, а я ж яе не гадавала», — скажа Марфа Васільеўна праз гады.
— Яна была чэсная, прамалінейная, заўсёды стаяла за праўду, — успамінае прафесар Наталля Нечыпурэнка, якая працавала з доктарам Паўлавец у адным інстытуце.
Яшчэ некалькі гадоў пасля вайны Марфа Паўлавец служыла ваенным урачом. А ў 1948-м памяняла гімнасцёрку на беласнежны халат, пад якім працягвала біцца чуйнае сэрца.
— Яна вельмі добра ставілася да людзей, з якімі разам вырасла, якія яе ведалі. Яна ўвесь час ім дапамагала, — працягвае Наталля Нечыпурэнка. — Не ведаю, праўда гэта ці міф, але даводзілася чуць, што Марфа Васільеўна дапамагла пабудаваць дарогу да сваёй вёскі. Што гэта за дарога, які ўчастак, якой працягласці — я не ведаю, але, паводле слоў калег, яна мала таго што прабіла пытанне яе будаўніцтва, дык яшчэ і ўклала ў гэту справу асабістыя сродкі і так пазбавіла ад бездарожжа аднасяльчан. Акрамя гэтага яны заўсёды маглі разлічваць на медыцынскую дапамогу, якую яна ім безагаворачна забяспечвала.
Ад былых вучняў і настаўнікаў школы ў Вяляцічах вядома, што Марфа Паўлавец, выпускніца 1934 года, любіла наведваць вечары сустрэчы аднакласнікаў, якія па даўняй традыцыі ладзяцца ў школах у лютым. І гэта сведчыць не толькі пра адкрытасць і кампанейскасць, але і пра жаданне дапамагаць.

Марфа Паўлавец на 150-годдзі роднай школы, 1995 г.
Смяротных выпадкаў не было
Зняўшы пагоны, Марфа Васільеўна прыйшла на працу ў нейрахірургічны аддзел Беларускага навукова-даследчага інстытута неўралогіі, нейрахірургіі і фізіятэрапіі. Чаму яна рашыла прысвяціць сябе ў мірны час такой складанай галіне медыцыны, у якой жанчын амаль не было?
Вайна яе моцна загартавала. Сэрца, што білася пад гімнасцёркай, не пераставала быць чуйным, але набыло браню, якая ў святочныя дні сімвалічна праступала паверх гімнасцёркі заслужанымі ўзнагародамі — двума ордэнамі Чырвонай Зоркі, двума ордэнамі Айчыннай вайны, 1-й і 2-й ступені, і медалём «За адвагу». Думаецца, што ў яе працаўладкаванні ў НДІ неўралогіі, нейрахірургіі і фізіятэрапіі сыграў ролю легендарны Іван Інсараў, які акурат у 1948-м сыходзіў з гэтага ж інстытута на пасаду міністра аховы здароўя.
У час вайны Іван Анісімавіч, як вядома, узначальваў санітарную службу штаба партызанскага руху, і гэта яму ваенурач Паўлавец пасылала інфармацыю пра колькасць параненых, хворых ды іх дыягназы. Зноў цытата з прадстаўлення да ўзнагароды:
«Многа сілы і асабістага ўмення прыклала ў справе арганізацыі медыцынскага абслугоўвання партызанскіх атрадаў. Санітарнае забеспячэнне трымала ва ўзорным парадку», «хірургічным умяшальніцтвам Паўлавец выратавала жыцці і вярнула ў строй больш 20 партызан і камандзіраў. Смяротных выпадкаў не было».
Ніхто не бачыў яе без халата
«Яна была з той пароды, што і мой тата, — палымяная патрыётка, перакананая камуністка, змагарка за справядлівасць, моцны, валявы чалавек. Мне расказвалі, як аднойчы на занятках па грамадзянскай абароне яна задала прысутным пытанне: калі раптам пачнецца бамбёжка, пачнуць вакол вас страляць, паляжа пад кулямі многа людзей — што ў першую чаргу вы зробіце, калі ўсё гэта скончыцца? Ніхто не мог адказаць, бо ўсе былі маладыя, вайну не прайшлі і не ведалі, што ў такой сітуацыі трэба рабіць. А яна сказала: у першую чаргу трэба прыбраць трупы».
— Прысутныя запомнілі гэтыя словы і пераказалі іх тым, хто на занятках адсутнічаў. Пра баявое мінулае Марфы Васільеўны нам, хто прыйшоў у інстытут у 1970-х, расказвалі старэйшыя калегі. І мы, маладыя ўрачы, слухалі гэтыя гісторыі з захапленнем. Яна была валявая і вельмі настойлівая, з тых, хто заўсёды свайго даб’ецца. У яе голасе гэта было чуваць. Ніколі не было ў ім прасіцельнага тона. Яна гаварыла цвёрда, упэўнена, гучна, бадзёра, з каманднымі ноткамі, але тэмбр быў прыемны. Любіла дакладнасць, — гаворыць Наталля Нечыпурэнка.
Марыя Паўлавец, стрыечная праўнучка, расказала карэспандэнтам гісторыю свайго дзеда, пляменніка Марфы Васільеўны, калі той быў пяцігадовым хлопчыкам. Праз траўму яму пагражала ампутацыя ручкі, і ні адзін урач не сумняваўся ў яе неабходнасці. Ні адзін, акрамя цёткі Марфы. Яна забрала дзіця пад распіску — і ўратавала руку.
Марфу Васільеўну ўспамінаюць падцягнутай, хоць і крыху паўнаватай. Зрэшты, ніхто не бачыў яе без халата. І без шапачкі яе не ўспомняць: у яе час урачы не здымалі шапачак. А з-пад шапачкі ніколі ў яе не прабівалася сівізна, угадвалася прыгожая кароткая стрыжка. Твар апісваюць як звычайны, а вось вочы… «Яны былі цёмныя і вельмі жывыя».
Тонкі дыягност
Яна аперыравала да 70 гадоў. Потым кансультавала ў дыягнастычным цэнтры. Колькі людзей старэйшага пакалення яе памятае, колькі чытачоў гэтага артыкула могуць дапоўніць яго сваімі ўражаннямі ад сустрэчы з доктарам Марфай Васільеўнай. Прафесар-афтальмолаг Марыя Мякіннікава, яе аднакурсніца, гаварыла: «Каб Паўлавец памылілася ў дыягназе — я такога не памятаю. Мы запрашаем яе кансультаваць самыя складаныя выпадкі. Яна вельмі тонкі дыягност».
— У нас не было агульных інтарэсаў і тэм, — гаворыць прафесар Нечыпурэнка, — але яна заходзіла да нас у эксперыментальна-марфалагічны аддзел. Нашы супрацоўнікі доўгія гады займаліся праблемай паталогіі перыферычнай нервовай сістэмы, а Марфа Васільеўна аперыравала на перыферычных нервах. 1980-я, вайна ў Афганістане, многа агнястрэльных раненняў канечнасцей. З такімі анамнезамі траплялі на лячэнне да нас. Марфа Васільеўна займалася гэтай паталогіяй, хаця доктарская ў яе на тэму гемарагічных інсультаў, якія яна прапаноўвала лячыць хірургічным метадам.
Ці ўвайшоў гэты метад у практыку, ці замацаваўся ў ёй? На гэта пытанне Наталля Нечыпурэнка дае вычарпальны адказ.
— Трэба разумець, як даўно гэта было. Тады не існавала ні КТ, ні МРТ — ніякіх метадаў нейравізуалізацыі. Быў рэнгтген, але ўжо можна было праводзіць кантрастныя даследаванні сасудаў галаўнога мозга. Уявіце, якія добрыя былі спецыялісты, калі не памыляліся з дыягназамі, пастаўленымі з дапамогай неўралагічнага малатка, і аперыравалі паспяхова. Гэта была медыцына, у якой над навукай стаяла мастацтва. Метады, канечне, паміраюць, як і іх стваральнікі, бо ўсё старое павінна памерці, памяняцца на новае. Але ідэя Марфы Паўлавец працуе: цяпер гематомы, выкліканыя гемарагічнымі інсультамі, адназначна апаражняюцца.
Ці была яна шчаслівая? Шчасце — складанае паняцце, каб на гэта пытанне адказаць і не памыліцца, — разважае Наталля Нечыпурэнка. — Яна адбылася як асоба, жанчына, вучоны і ўрач, і мяркую, яна была шчаслiвая…

З мамай і сёстрамі. Марфа першая злева.