Загадкавы і змрочны шпіталь Сальпетрыер.
Загадкавы і змрочны шпіталь Сальпетрыер.

Калі сядзіш у чытальні, якая — цябе папярэдзілі — павінна замкнуцца раней, чым сонечныя промні зменіць месячнае сяйво, і бачыш перад сабой негартанымі стосы кніг, спакусліва датаваных мінулымі стагоддзямі, відавочна, не можаш сабе дазволіць заглыбіцца ў кожную з іх аж па самы каптал. Але прачытанага прыхапкамі, як аказалася, можа быць дастаткова не толькі для адчування атмасферы эпохі…

 

«Год сем месяцаў жыцця сабакі...»

 

Прынамсі, з доктарскай дысертацыі лекара Аляксандра Чэшкава «Год сем месяцаў жыцця сабакі пасля адначасовага перасячэння абодвух блукаючых нерваў на шыі», выкананай у 1902 годзе ў Імператарскім інстытуце эксперыментальнай медыцыны і абароненай у Санкт-Пецярбургскай ваенна-медыцынскай акадэміі, я паспела прачытаць толькі першую главу, ды і тое зігзагамі, пераскокваючы з пятага на дзясятае. Тым не менш, яна выдала шмат усяго…

 

Вось традыцыйная для таго часу пазнака на першай старонцы: «Друкаваць дазваляецца з тым, каб па друкаванні…» Далей ідзе інфармацыя пра тое, колькі экземпляраў дысертацыі павінна трапіць у Канферэнцыю (у нашым часе — вучоны савет) і колькі ў бібліятэку. Колькасць крыху ўражвае: у Канферэнцыю — 125 (і туды ж яшчэ «300 экземпляраў асобных адбіткаў кароткіх высноў»), у бібліятэку акадэміі — 275. Ніжэй пазначаны подпіс вучонага сакратара акадэміі: ардынарны прафесар А. Дыянін. Ні многа ні мала той самы хімік Дыянін, якому мы ўсе абавязаны існаваннем у нашай рэальнасці эпаксідна-дыянавых (у яго гонар названых) смол, без якіх нічога б у нас не клеілася ні ў побыце, ні ў прамысловасці.

 

Вучоным сакратаром Канферэнцыі Санкт-Пецярбургскай ваенна-медыцынскай акадэміі прафесар Аляксандр Дыянін выбіраўся чатыры разы. Доўгія гады ён быў экспертам па судовай хіміі пры медыцынскім дэпартаменце Міністэрства ўнутраных спраў. І шырока папулярызаваў хімію. У зборніку дысертацый за 1902 год ўсе дазволы на публікацыю падпісаны ім, але тая, пра якую зайшла ўжо гаворка, прыцягвае асабліва.

 

jhgyyy767

Імператарскі інстытут эксперыментальнай медыцыны. Малюнак Г. Бролінга. Тут у эксперыментах з сабакамі здабываў сабе славу Паўлаў.

 

Яго звалі Вагус

 

17 верасня 1901 года на аперацыйным стале Імператарскага інстытута эксперыментальнай медыцыны (Санкт-Пецярбург, Лапухінская вуліца, дом 12) ад перытаніту, выкліканага прабадзеннем язвы страўніка ў зоне фістулы, загінуў сабака.

 

Гэта быў вялікі дварняк паважнага ўзросту: поўсць яго шчодра памеціла сівізна. У фізіялагічнай лабараторыі інстытута ён жыў цэлы год, перш чым надышла яго чарга ўдзельнічаць у эксперыменце, які для папярэднікаў завяршыўся трагічна. У адрозненне ад Разбойніка і Цыгана, загінулых пасля перарэзкі блукаючых нерваў ледзь не адразу, Вагус, якому nervus vagus перарэзалі адначасова з абодвух бакоў, працягваў жыць — быццам апраўдваючы мянушку, якую яму тут далі. Ён жыў і жыў і жыццём даказваў, што nervus vagus, гэты «самы распаўсюджаны ў арганізме нерв з шырокімі, але да канца не высветленымі кампетэнцыямі», хоць і важны, але не настолькі, каб без яго паміраць. Чаму гэта здарылася з Разбойнікам і Цыганам? Чаму гэта непазбежна здаралася з усімі сабакамі ва ўсіх еўрапейскіх фізіялагічных лабараторыях на працягу ўсяго 19-га стагоддзя? Загадка, якую трэба было разгадаць. Трэба было навуковым аналізам раскласці саму з’яву смерці ад вагатаміі на прасцейшыя складнікі і знайсці сярод іх такія, якія не ўскосна яе датычаць, а па-сапраўднаму ў ёй вінаватыя, і такім чынам выявіць яе механізм.

 

Сабака Вагус, які пражыў пасля вагатаміі адзін год і сем месяцаў (без трох дзён, як падкрэслівае аўтар) і памёр па зусім іншай прычыне, заслугоўваў, як мінімум, прысвечанай яму дысертацыі — і яна не прамінула з’явіцца. Лекар Аляксандр Чэшкаў распавёў гісторыю сабакі, пераплёўшы яе з аглядам сусветнай навуковай літаратуры, прысвечанай праблеме выжывання лабараторных жывёл пасля двухбаковай вагатаміі. Чытаеш — і перажываеш то за прыхільнікаў той або іншай тэорыі, якія стагоддзе біліся над разгадкай, то за жыццё сабакі, які ўжо на 24-ы дзень пасля вагатаміі перанёс першы вопыт, а ўсяго за гэтыя год і сем месяцаў вытрымаў іх каля сотні. Цела яго то разагравалі, то ахалоджвалі, ён то худзеў да знясілення, то набіраў вагу і ніводнага разу не атрымаў ніякага лякарства.

 

Чытаеш — і знакаміты помнік сабаку ў садзе Інстытута эксперыментальнай медыцыны становіцца для цябе помнікам, узведзеным менавіта яму, старому сівому Вагусу, які даказаў, што можна жыць і без таго, што лічыцца жыццёва неабходным, але само па сабе жыццё — вельмі крохкая штука.

 

Што да аўтара дысертацыі, то, як паказала маленькае расследаванне, доктар Аляксандр Чэшкаў нічым асаблівым далей не вылучыўся, яго навуковая біяграфія хутчэй шараговая, чым выбітная. На піку кар’еры ён узначальваў антырабічную лабараторыю ў Інстытуце эпідэміялогіі і бактэрыялогіі імя Луі Пастэра, у савецкіх медыцынскіх даведніках значыўся як ваенны ўрач, а жыў у будынку таго самага інстытута, у сценах якога адбылася гісторыя з Вагусам. Што яшчэ? На гэты адрас на Аптэкарскім востраве — вуліца Лапухінская, дом 12 — у  адзін з вераснёўскіх дзён 1911 года яму прыйшла паштовая картка ад авантурыста Матвея Галавінскага, якому прыпісваецца аўтарства «Пратаколаў сіёнскіх мудрацоў». Але гэта іншая гісторыя, якая тут недарэчы ўжо нават па той прычыне, што мяне зацікавілі неўзабаве трохі іншыя мудрацы…

 

jhuy777p0

Сабакарня Імператарскага інстытута эксперыментальнай медыцыны. Малюнак Г. Бролінга.

 

Крах кар’еры Джона Говарда, або Нарада гадліманскіх мудрацоў

 

Наступнай кнігай, якая прыцягнула маю ўвагу сярод вялікай колькасці старадрукаў згаданай бібліятэкі, стала выдадзеная ў Лондане ў 1727 годзе «Кароткая гісторыя незвычайнага нараджэння трусоў». Гэтыя старонкі ў свой час паставілі пад сумненне факт адукаванасці краіны, якая ўсяго праз некалькі дзесяцігоддзяў сваім прамысловым пераваротам змяніла аблічча свету.

 

Усё пачалося з таго, што жонка краўца Джошуа Тофта, цяжарная Мэры, пасля працы ў полі нарадзіла дачасна дзіця, якое не выжыла. Нехта ёй падказаў, што цяпер, пакуль дазваляе стан органаў, яна можа здзейсніць тое, што забяспечыць яе сям’і нябеднае існаванне. Хто ведаў, што яе ўчынак, падтрыманы сваякамі (ў змове ўдзельнічалі муж, свякроў і залоўка), забяспечыць ганебную рэпутацыю і буйныя штрафы цэламу шэрагу ўрачоў, у тым ліку і каралеўскіх, а саму яе давядзе да турмы?

 

«З Гілфарда прыйшла дзіўная, але правераная навіна пра тое, як хірург і акушэр Джон Говард месяц таму прыняў роды ў жанчыны з Гадалміна. Істота, якая ў яе нарадзілася, нагадвала труса, але сэрца і лёгкія існавалі асобна. Праз чатырнаццаць дзён яна нарадзіла нармальнага труса, якога прыняў той самы ўрач. Праз некалькі дзён нарадзіліся яшчэ чатыры трусы. І ў пятніцу, і ў суботу, і ў нядзелю, чацвёртага, пятага і шостага чысла бягучага месяца нараджалася па аднаму трусу, усяго іх было дзевяць і ўсе памерлі пры з’яўленні на свет», — пісала Mist's Weekly Journal, даволі скандальная сама па сабе. Жанчына, маўляў, клялася, што, працуючы цяжарнай у полі, яна спужала труса і пабегла за ім, пасля чаго не магла перастаць думаць пра трусаў — і вось што ў выніку атрымалася.

 

Хітрая гісторыя няхітрым чынам патурала моднай у пэўных колах тэорыі «мацярынскага адбітку», згодна з якой на дзіцяці адбіваюцца эмоцыі маці пад час цяжарнасці. Неўзабаве яна дайшла і да караля, які паслаў для праверкі ўсіх фактаў і акалічнасцей свайго хірурга Натаніеля Сэнт-Андрэ. Той, абследаваўшы жанчыну, прыйшоў да высновы, што трусы разводзяцца ў яе фалопіевых трубах...

 

Колькі ўрачоў графства Сурэй знішчыла сваю рэпутацыю з-за трусаў, якіх купляў для жонкі Джошуа Тофт, падлічыць немагчыма. Бадай што адзін толькі анатом Джэймс Дуглас не запэцкаўся ў гэтай гісторыі, адразу палічыўшы яе махлярствам, ды яшчэ Norwich Gazette назвала яе «дамскай плёткай». Мэры ў турме пратрымалі нядоўга: праз некалькі месяцаў яе выпусцілі на падставе таго, што ад свайго махлярства яна не атрымала ніякіх выгод, а схіліць яе да такога ўчынку было вельмі лёгка з прычыны неадукаванасці і нават разумовай адсталасці. У той жа год прыдворны хірург Сэнт-Андрэ напісаў «Кароткую гісторыю незвычайнага нараджэння трусоў», якую выдаў кнігай, пазначыўшы на тытульнай старонцы імя Джона Говарда. Экзэмпляр гэтай кнігі можна дзеля цікаўнасці пагартаць у Рэспубліканскай навуковай медыцынскай бібліятэцы. Трэба яшчэ дадаць, што на франтыспісе мінскага экзэмпляра ёсць надпіс чорным атрамантам на сумесі лаціны і нямецкай. Расчытаць яго, нягледзячы на першаглядную зразумеласць почырку, нікому з тых, хто спрабаваў, пакуль не ўдалося.

 

jnbh776

Карыкатура Уільяма Хогарда «Трусы, або Нарада гадліманскіх мудрацоў», 1726 год. Тут паказаны Мэры Тофт (F) і іншыя фігуранты гісторыі, сярод якіх муж Мэры (Е), яго сястра Маргарэт (G), урач Джон Говард (D) і той самы прыдворны хірург Сэнт-Андрэ (А).

 

Істэрычны рэпартаж

 

Трэцюю з разгледжаных тут кніг яднае з першай пачатак 20-га стагоддзя, а з другой — скандальнасць сюжэта. Гэтым разам мы апынаемся ў Францыі, у Парыжы, у знакамітым старым манастыры і адначасова змрочна вядомым шпіталі Сальпетрыер, а калі больш канкрэтна, то ў багадзельні для невылечна хворых жанчын, згаданай і ў раманах Віктора Гюго, і ў запісанай абатам Прэво гісторыі кавалера дэ Грыё і Манон Леско. «Сучасны стан пытання пра сутнасць істэрыі» апублікавала ў 1908 годзе ў Жэневе ўрач Аляксандра Дылёва, якая эмігрыравала з Расіі пасля таго, як паліцыя выкрыла некаторыя яе сувязі з нарадавольцамі. Кніга Дылёвай пра істэрыю — найпадрабязнейшы навуковы агляд і адначасова рэпартаж эксперта-прафесіянала з навуковага форума пачатку 20-га стагоддзя.

 

«За апошнія гады ў Францыі, — пачынае яна, — зноў стала ў чаргу пытанне пра тое, што такое істэрыя. Падняў яго доктар Бабінскі яшчэ ў 1901 годзе, прапанаваўшы сваю фармулёўку Парыжскаму неўралагічнаму таварыству. Спачатку здавалася, што ён не знайшоў сабе водгуку, але потым адзін за адным ледзь не ўсе знакамітыя французскія неўролагі пачалі выступаць са сваімі фармулёўкамі. У мінулым 1907 годзе па гэтым пытанні вяліся ажыўленыя спрэчкі на двух кангрэсах — на кангрэсе неўролагаў французскай мовы ў Жэневе — Лазане і на першым міжнародным з’ездзе неўролагаў у Амстэрдаме». Якія ж вынікі ўсіх гэтых спрэчак? — пытаецца Аляксандра Дылёва. Адказам, піша яна, можа служыць характэрны выкрык аднаго брусельскага доктара: «Раней я думаў, быццам ведаю, што такое істэрыя, а пасля Жэнеўскага кангрэса я, далібог, ужо не ведаю, што належыць называць гэтым словам. Уяўляю, у якое становішча мусяць патрапіць практычныя ўрачы». У адказ на такую бутаду, піша далей Дылёва, таварыства вырашыла сабрацца праз тры месяцы на экстраннае пасяджэнне з тым, каб «паспрабаваць згаварыцца, гуртам знайсці дакладнае вызначэнне істэрыі». Але і гэтага пасяджэння аказалася недастаткова…

 

«У істэрыі няма нічога больш пастаяннага, чым непастаянства», — гаварылі адны. «Істэрыя — штучны прадукт, узрошчаны ў Сальпетрыеры», — абураліся другія. «Істэрыя — душэўная недастатковасць, хвароба духоўнага развіцця», — даводзілі трэція. «Істэрыя — няправільная рэакцыя на патрабаванні жыцця», «гэта маральныя і сацыяльныя кайданы, якія перашкаджаюць нармальным праявам натуральных імкненняў асобы, што асабліва заўважна ў пралетарыяў і жанчын», — аўтарытэтна пераконвалі чацвёртыя.

 

У гэтым на першы пагляд даволі бязладным хоры праступаюць ідэі дзвюх школ — Парыжскай школы Сальпетрыер, заснаванай яшчэ ў 19-м стагоддзі Жанам-Мартэнам Шарко, які даводзіў, што прырода істэрыі псіхічная і лячыць яе трэба адпаведна, але прымяняць для абследавання пацыентак звычайныя клінічныя метады, і школы Нансі, паводле якой істэрыя з’яўляецца вынікам унушэння і якую Шарко «ігнараваў у таўшчэзных трактатах». Жазэф Бабінскі, вучань Шарко, пра ўнушэнне разважае наступнае: «Унушыць можна толькі кепскае, а пераканаць можна толькі ў добрым. Што выклікана ўнушэннем, тое трэба лячыць перакананнем». «Доктар Бабінскі ўнёс жывы струмень ва ўсе гэтыя развагі і тэорыі. Яго погляды пакрысе праклалі сабе шлях і цяпер вельмі распаўсюджаныя ў медыцынскім свеце Парыжа», — піша Дылёва.

 

Паўтарыўшы сваю фамулёўку істэрыі — асаблівы псіхічны стан, які можа выклікаць некаторыя расстройствы ўласцівым ім спецыяльным характарам, — доктар Бабінскі папярэдзіў калег, што не варта моцна захапляцца навамоднымі фізічнымі метадамі лячэння — такімі, да прыкладу, як токі Фарадэя, бо, з аднаго боку, арганізм атрымлівае карысць, але з другога боку, пацыентка пераконваецца ў тым, што яна хворая, і гэта запавольвае лячэнне. Апошнім сказам аўтарка кнігі, Аляксандра Дылёва, паведамляе, што сутнасць правільнага лячэння істэрыі павінна быць тэмай асобнай публікацыі.

 

І я ўслед за ёю паведамляю, што асобнай публікацыяй выйдзе яшчэ агляд нататніка нясвіжскага аптэкара 18-га стагоддзя, з якім тэма рукапісаў і старадрукаў Рэспубліканскай навуковай медыцынскай бібліятэкі і існуючага пры ёй Музея гісторыі медыцыны Беларусі будзе завершана.

 

Кнігі прадастаўлены Рэспубліканскай навуковай медыцынскай бібліятэкай.