Фота прадастаўлена Віцебскай абласной арганізацыяй БПРАЗ.

У Шуміліне прайшла творчая сустрэча моладзі з урачом і паэтам Віктарам Улюценкам.

 

 

У Шумілінскай ЦРБ маладыя спецыялісты ўстановы, навучэнцы мясцовай школы сустрэліся з урачом функцыянальнай дыягностыкі, членам Саюза пісьменнікаў Беларусі Віктарам Улюценкам, вядомым пад псеўданімам Антон Параскевін. Мерапрыемства, арганізаванае прафсаюзным камітэтам пры падтрымцы адміністрацыі бальніцы, прайшло пад дэвізам «Кожны чалавек — паэт у сваёй прафесіі» і стала дыялогам пра прызванне, мастацтва і вернасць прафесіі.

 

Віктар Улюценка — узор адданага служэння медыцыне. Яго агульны стаж у ахове здароўя складае 54 гады. Працоўную дзейнасць у Шумілінскай ЦРБ ён пачаў у 1983 годзе і вось ужо 42 гады працуе на карысць жыхароў раёна. З 1990-га па 2014 год Віктар Васільевіч узначальваў тэрапеўтычнае аддзяленне, а сёння ён урач функцыянальнай дыягностыкі.

 

Віктар Улюценка распавёў пра свой шлях у медыцыну і літаратуру, пра тое, як творчасць дапамагае яму ў штодзённай працы, а таксама прачытаў творы, прысвечаныя малой радзіме, хараству беларускай прыроды і вечным каштоўнасцям.

 

Старшыня прафкама Шумілінскай ЦРБ Зінаіда Сцяржанкова адзначыла значнасць такіх сустрэч для выхавання новага пакалення медыкаў:

 

— Калі бачыш, як чалавек, валодаючы глыбокімі прафесійнымі ведамі, можа пры гэтым тварыць, знаходзіць натхненне ў сваёй працы і дзяліцца ім з іншымі, — гэта неверагодна матывуе. Такія імпрэзы дапамагаюць нашым маладым спецыялістам і школьнікам зразумець, што любая прафесія можа быць напоўнена творчасцю. Спадзяёмся, што гэта сустрэча стане для некага штуршком у адкрыцці ўласных талентаў і выбары свайго шляху.

 

Пазнаёміцца з творчасцю Віктара Улюценкі (Антона Параскевіна) можна на сайце Віцебскай абласной арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў аховы здароўя ў раздзеле «Нашы паэты».