Для лаўрэата 2-й ступені конкурса «Урач года Рэспублікі Беларусь» у намінацыі «Урач агульнай практыкі», загадчыцы 2-га аддзялення агульнай практыкі Магілёўскай паліклінікі № 5 Алы Барысавай пры камунікацыі важна бачыць вочы суразмоўцы. Яна перфекцыяніст, які не па чутках ведае, як наладзіць эфектыўную работу калектыва, і умее знаходзіць ключы да сэрцаў сваіх пацыентаў.
«Буду спецыялістам у белым халаце»
Ала Барысава нарадзілася ў невялікай вёсцы Лідскага раёна Гро-дзенскай вобласці. Сталенне ў настаўніцкай сям’і пакінула адбітак на характары дзяўчынкі: за што б ні бралася, усё рабіла сумленна і па правілах. Да 9-га класа Ала хацела стаць настаўніцай рускай мовы і літаратуры. Аднак, нягледзячы на тое, што дактароў сярод сваякоў не было, разам з сяброўкай вырашыла паступаць у медвучылішча. Тут падказалі бацькі: падавай дакументы ў інстытут. І дзяўчына стала студэнткай Гродзенскага медуніверсітэта (спецыяльнасць «Лячэбная справа»).
— Мяне вельмі цешыла думка, што буду чалавекам у белым халаце. Выбар быў выпадковым, але ніколі не прывёў да шкадаванняў у адносінах да прафесіі, — адзначае Ала Казіміраўна. — Вучоба ў Гродна стала самым яркім і беспраблемным перыядам у маім жыцці. Вакол было шмат дастойных людзей, надзейных сяброў, з якімі падтрымліваем зносіны і зараз. Лічу, што асяроддзе, у якім існуеш, накладвае адбітак на будучыню. Таму зараз сваім дзецям імкнуся даць больш магчымасцей, датычных вучобы.
Доктар заўважае, што ва ўніверсітэце студэнтаў не толькі вучылі спецыяльным ведам, але і ненавязліва выхоўвалі. На думку Алы Барысавай, выпускнікі Гро-дзенскага медуніверсітэта маюць аднолькавы падыход у працы, па якім іх можна адрозніць сярод іншых прафесіяналаў. Усе яны працуюць па правілах і адначасова з душой.
Ала Барысава з самага пачатку не бачыла сябе ні хірургам, ні гінеколагам. Таму амаль адразу пераканалася, што стане тэрапеўтам. За гады вучобы студэнтцы запомніліся патрабавальныя выкладчыкі, якія навучылі галоўнаму — сур’ёзнаму стаўленню да прафесіі. Дзякуючы ім моладзь разумела, што працу патрэбна рабіць або добра, або не брацца за яе ўвогуле.
— Памятаю словы нашага педагога па біяхіміі: «Вось вы пішаце на дошцы цыкл Крэбса, прапускаючы рысачку. Я стаўлю за гэта тройку, вы крыўдуеце. А ўявіце, што здарыцца, калі прапусціць такую рысачку ў арганізме». Такім чынам права на памылку ў нашай свядомасці стараліся мінімізаваць на пачатковых этапах, — гаворыць Ала Казіміраўна.
Галоўныя спадарожнікі ўрача
Па размеркаванні Ала Барысава трапіла ў тэрытарыяльную медыцынскую ўстанову № 7 Магілёва. Першыя працоўныя дні запомніліся ёй надоўга. Дзяўчыну адразу ж адправілі на ўчастак. Спачатку ёй было незразумела, як можна на даму якасна лячыць людзей, абапіраючыся толькі на іх скаргі, часам вельмі суб’ектыўныя. Доктар, выключыўшы неабходнасць неадкладнай дапамогі і тэрміновай шпіталізацыі, пачынала слухаць людзей. І рашэнні знаходзіліся. А ўменне быць уважлівай і адчуваць настрой пацыента з часам стала пастаянным спадарожнікам маладога спецыяліста.
У 2002 годзе Ала Барысава стала ўрачом-тэрапеўтам Магілёўскай паліклінікі № 5.
Гераіня ўспамінае выпадак, калі яшчэ пасля дэкрэтнага адпачынку выходзіла на выклікі разам з дзіцячай каляскай. Асабліва часта наведвала анкахворага, якога турбаваў боль. Праз некалькі год на прыём да яе прыйшла жонка гэтага мужчыны:
«Ала Казіміраўна, я не пайду ні да каго, акрамя вас. Памятаю, як часта прыходзілі да нас з дзіцём і ніводнага разу не сказалі, што вам цяжка». Пацыенту і яго родным было важна такое праяўленне спагадлівасці, а для ўрача агульнай практыкі яно было звычайнай часткай работы.
Ала Барысава прызнаецца, што з пацыентамі ў яе склаліся дастаткова блізкія зносіны. Роднымі сталі і сцены паліклінікі, дзе яна працуе ўжо 24 гады.
— Думаю, тэрапеўту важна, калі яго ведаюць. Калі ён валодае сітуацыяй, у якой жыве той ці іншы пацыент. Як сысці ад людзей, сямейныя гісторыі якіх ты ведаеш нібыта свае ўласныя? Побач з імі адчуваеш сваю неабходнасць. Таму важна, каб на участках спецыялісты працавалі працяглы час, — упэўнена Ала Казіміраўна.
Доктар перакананая, што добрыя вынікі напрацоўваюцца гадамі. Толькі ў яе падраздзяленні 3 урачы, якія працуюць на сваіх участках больш за 15 гадоў. Блізкасць да пацыента дае сілы медыкам працаваць і пасля сыходу на пенсію.

Вобраз Хрыста ў чалавеку
У 2018 годзе Алу Казіміраўну прызначылі загадчыцай аддзялення агульнай практыкі № 2. Праўда, прапанову стаць кіраўніком пад-раздзялення Ала Барысава прыняла не адразу. Настаяла галоўны ўрач: «Хачу, каб карткі ў вашым аддзяленні былі такімі ж узорнымі, як зараз карткі пацыентаў з участка. Падумайце яшчэ». Праз суткі Ала Казіміраўна дала згоду.
— Кіраўніку не трэба выхоўваць калег. Патрэбна добра працаваць самому. Не чакаць вынікаў ад іншых, а найперш паказаць прыклад. Загады тут недарэчныя. Важна задаць планку, да якой будуць імкнуцца падначаленыя, — адзначае загадчыца аддзялення, адказваючы на пытанне пра тое, як заваяваць аўтарытэт. — Заўважаю, што зараз калегі некаторыя рэчы робяць таму, што хочуць мяне падтрымаць. Гэта вельмі каштоўна. Чалавечыя адносіны — тое, што дапамагае калектыву рухацца. Калі на працу не нясуць ногі, добрых вынікаў не будзе. Усе пытанні павінны вырашацца добразычліва, каб не адцягваць спецыялістаў ад іх асноўнай працы.
Як кіраўнік Ала Барысава стараецца бачыць у калегах найперш не працаўнікоў, а асоб з асаблівасцямі характара, сямейнымі гісторыямі, магчымымі непрыемнасцямі. Доктар дакладна ведае, што калектыў — гэта значная частка поспеху любога падраздзялення. Таму падбору кадраў кіраўнік надае асаблівую ўвагу. Па словах Алы Казіміраўны, сёння ў яе адзяленні пануе спагадлівая атмасфера, а ўсе яе падначаленыя (18 чалавек) — людзі высокіх прафесійных і чалавечых якасцей.
Ала Барысава прызнаецца, што доўга шукала адказ на пытанне, як бачыць у пацыенце, што звяртаецца па дапамогу, вобраз Хрыста. З часам доктар зразумела: гэта значыць прымаць людзей з іх слабасцямі і страхамі, усведамляючы прычыны іх паводзін. І з улікам гэтых ведаў заўважаць толькі лепшыя рысы пацыента.
Для гэтага на кансультацыях Ала Казіміраўна задае шмат дадатковых пытанняў.
— Калі гаворыш з чалавекам не толькі пра хваробу, многае становіцца зразумела. Успамінаю жанчыну, якая прыйшла на прыём. Я яе агледзела, прызначаю аналізы. Тут пацыентка гаворыць, што ўсё гэта раней зроблена ў іншых спецыялістаў. Пачынаю разбірацца і даведваюся: яна жыве ў аднапакаёвай кватэры з паралізаваным мужам і сынам, які выпівае. Становіцца відавочна, што візіты да ўрачоў у яе сітуацыі — адзіная магчымасць выйсці з той няпростай атмасферы, якая не мяняецца вакол яе гадамі. Такія выпадкі нагадваюць, што сутнасць хваробы можна зразумець яшчэ да агляду чалавека, — кажа загадчыца аддзялення.
Сёння за аддзяленнем агульнай практыкі № 2 замацавана каля 14 тысяч чалавек. На працягу змены загадчык вядзе прыём, адказвае на пытанні падчас гарачых ліній, займаецца адміністрацыйнай і дакументацыйнай работай, вырашае канфліктныя сітуацыі. Бясспрэчна, праца займае нямала часу. Але блізкія не ўшчуваюць Алу Казіміраўну: ведаюць, наколькі яе справа для яе важна. Аднойчы гераіня спытала сына: «Можа, я цебе ў нечым пакрыўдзіла?» Той адразу супакоіў: «Не хвалюйся, мам. Табе не было калі крыўдзіць».
«З матуляй можна свет перавярнуць!»
Гаворачы пра конкурс «Урач года», даведваемся, што мэтанакіравана за вынікамі Ала Барысава не сачыла. Доктару было прыемна ўжо ад таго, што яе кандыдатуру зацвердзілі, а значыць — заўважылі поспехі. Таму, калі ў клопатах яе заспелі добрымі навінамі, узрадавалася.
— Заўсёды прыемна, калі хваляць ад душы. Я той чалавек, які не любіць незаслужаных кампліментаў. Але найбольш за ўсіх радаваліся сын Іван і дачка Ілона, — дзеліцца лаўрэат. — Дзецям важна сачыць за поспехамі бацькоў. Гэта натхняе іх больш за ўсё. Хораша, калі дадому прыходзіць радасная дачка ці сын і гаворыць: «Матуля, мне незнаёмая жанчына сказала, што ты добры доктар!»
Самае прыемнае ў рабоце лепшага ўрача агульнай практыкі — бачыць, як мяняюцца вочы чалавека, якому дапамаглі. У такія моманты, на думку гераіні, медык бачыць сутнасць сваёй справы.
Ала Казіміраўна перакананая, што сапраўдны доктар — гэта той, хто вядзе за сабой. Такі спецыяліст не паддаецца на правакацыі і можа знайсці агульную мову з пацыентам.
— Калі чалавек паводзіць сябе некарэктна, не адказваю тым жа. Разумею, ці ён выкліча мяне на эмоцыю, ці я супакою яго. У такіх выпадках працаваць з пацыентам прасцей. Калі непрыемныя словы не ўспрымаць на свой кошт, на нуль сыходзіць любы канфлікт, — дзеліцца сакрэтам урач года.
Калі б жыццё Алы Барысавай можна было апісаць адной фразай, гэта былі б словы «Пакуль жыву — спадзяюся». Ала Казіміраўна — чалавек нястрымнай актыўнасці і вялікіх планаў. І гэта ва многім пацвярджаюць словы сына Івана: «З такой матуляй можна свет перавярнуць!»
