Фота з архіва Н. Лысянок.

Галоўнымі рысамі, якія ва ўсе часы рухаюць медыцыну наперад, фельчары выязной брыгады аддзялення хуткай медыцынскай дапамогі Рагачоўскай ЦРБ Ніна Лысянок і Яўген Фурс адзінагалосна называюць чалавечнасць, дабрыню, цярплівасць і гатоўнасць дапамагчы. Яны перакананыя, што пацыента, якому баліць, можа зразумець толькі спагадлівы чалавек. Таму галоўнымі прыкметамі добрага доктара для абодвух фельчараў з’яўляюцца ўвага і павага медыка да ўсяго, што яго акружае.

 

Ад злузаных кален да чвэрці стагоддзя ў прафесіі

 

Ніна Лысянок заўсёды ведала, што пойдзе ў медыцыну. З дзяцінства яна слухала аповеды цёці-медсястры і сястры-доктара пра выпадкі ў бальніцы. Жаданне дапамагаць іншым у дзяўчынцы падтрымлівалі і бацькі: матуля-бухгалтар і тата-пажарны. Не менш спрыяла развіццю эмпатычнасці школьнае жыццё. Маленькая Ніна, будучы старастай класа, не магла не праяўляць арганізатарскія здольнасці і часта брала адказнасць за сяброў. Ёй нярэдка даводзілася апрацоўваць пабітыя калені аднакласнікаў ці суправаджаць сяброў да фельчара.

 

А аднойчы на сельскагаспадарчых работах школьніцы давялося бінтаваць аднагодка, які глыбока параніўся. У падахвочванні лідарскіх якасцей і эмпатычнасці не адставалі нават настаўнікі: «Табе падыдзе прафесія доктара!».

 

У вёсцы нашымі суседкамі былі бабулі, што перажылі вайну. І мы, піянеры, хадзілі да іх узімку, калі завеі намяталі шмат снегу, — чысцілі сцяжынкі, насілі ваду, цягалі дровы. Трэба было дапамагаць, і гэта яшчэ больш наблізіла мяне да медыцыны.

 

Скончыўшы Чарнігаўскае медвучылішча, Ніна Лысянок паехала ўслед за мужам — размеркавалася ў Рагачоў. Тут яна стала фельчарам і ў службе хуткай дапамогi працуе ўжо 24 гады з невялікім перапынкам на паліклінічную службу.

 

— Супрацоўнікі ў нас падтрымліваюць адзiн аднаго, клапоцяцца. Незалежна ад складу брыгады у парах, што выязджаюць на выклікі, складваецца ідэальны тандэм. Мы па адным позірку можам зразумець, хто чым будзе займацца, — кажа суразмоўца. — Асабліва гэта адчуваецца, калі сутыкаешся са стыхіяй, як сёлета. Здараецца, на выездах снег б’е ў твар, сумёты стаяць па калена, але мы можам разлічваць адно на аднаго. У такія моманты ганарышся сваім калектывам. На змене не ўзнікае сумненняў, што ў няпросты момант калегі падставяць плячо.

 

Нягледзячы на тое, што на дзяжурстве медыкі праводзяць разам шмат часу, па-за працай брыгада таксама часта ўзаемадзейнічае — то ў конкурсах удзельнічае, то далучаецца да спартыўных мерапрыемстваў, арганізаваных Беларускім прафсаюзам работнікаў аховы здароўя. А яшчэ малодшыя калегі час ад часу прыходзяць да Ніны Пятроўны па параду. Пра іх, дарэчы, вопытны фельчар гаворыць з цеплынёй.

 

Фельчар пераканана: калі маладыя спецыялісты адчуваюць радасць за свае поспехі і падтрымку ад старэйшага пакалення, яны хутчэй уліваюцца ў калектыў. І што самае галоўнае — шануюць яго.

 

Яўгена Фурса Ніна Лысянок апісвае як адкрытага і шчырага чалавека, за якім любы медык на змене знаходзіцца як за мураванай сцяной. А яшчэ ён той фельчар, які на выездах ва ўсім стараецца палегчыць працу калегам.

 

Спецназавец з медыцынскім чамаданчыкам

 

Яўген Фурс у камандзе з Нінай Лысянок — трэці год. Малады спецыяліст прызнаецца, што рады з першага дня працаваць поплеч з вопытнымі фельчарамі. Перакананы, што калі медык-пачатковец сутыкаецца з рэальнасцю, яна звычайна моцна адрозніваецца ад тэорыі. Таму яго неабходна правільна скіраваць. Сваю старэйшую калегу ён таксама лічыць прафесіяналам, які заўсёды прыкрые спіну.

 

— Калі працую з Нінай Пятроўнай, ведаю: сёння нічога дрэннага не здарыцца, — адзначае Яўген.

 

Прыход у прафесію маладога чалавека звязаны з захворваннем у дзіцячыя гады. У школе хлопец лячыўся ад хваробы нырак і тры гады правёў у бальніцах Гомеля. Там ён неаднойчы назіраў за працай медыкаў. Калі падрос — сачыў за фельчарамі хуткай дапамогі. У будучым гэты інтарэс прывёў Жэню ў лік навучэнцаў Рослаўльскага медыцынскага тэхнікума (Смаленская вобласць, Расійская Федэрацыя).

 

Пасля выпуску хлопец пайшоў служыць у спецназ. Там ён атрымаў маральную загартоўку, якая яго неаднойчы выручала. Адслужыўшы ў арміі, Яўген вярнуўся ў родныя мясціны. Радавала тое, што тут жылі блізкія. Да таго ж Рагачоў быў няшумным мястэчкам, як і хацелася хлопцу. Сам фельчар — аматар цішыні, а служба ў Мінску паказала, якім мітуслівым можа быць жыццё ў вялікім горадзе.

 

Яўген Фурс заўважае, што кожны тыдзень на хуткай адбываецца хаця б адзін выпадак, які застаецца ў памяці надоўга. Аднак гісторыя, якую ён будзе памятаць заўжды, здарылася з ім у яго першае дзяжурства.

 

— Гэта адбываецца зусім не так, як у фільмах паказваюць: маўляў, дактары прыехалі, значыць, усё абавязкова будзе ў парадку. У той дзень была начная змена, нам паступіў выклік. Нягледзячы на рэанімацыйныя дзеянні, чалавека не стала. Я ўпершыню ўбачыў енк і слёзы сям’і. Адчуў, наколькі фізічна няпроста праводзіць рэанімацыю. Пасля гэтага яшчэ доўга адыходзіў. Пачаў задумвацца над тым, што такое чалавечае жыццё і чаму мы жывём, — дзеліцца малады чалавек. — Калі назапашваецца вопыт, рэагуеш інакш. Але з таго выпадка я памятаю і імя чалавека, і яго адрас.

 

Фельчар кажа, што выгарання ў яго не бывае. У няпростыя моманты пачынае дзейнічаць правераная армейская ўстаноўка «толькі наперад!». Яшчэ добрую службу служыць яго фізічная сіла, дзякуючы якой Яўген Фурс паспеў праславіцца на станцыі хуткай дапамогі. Гэта асабліва карысна пры рабоце ў непагадзь ці ў экстраных выпадках.

 

Калі прыйшоў цыклон Улі, мы выехалі да бабулечкі, якая не магла ісці самастойна. Яе трэба было шпіталізаваць, таму я ўзяў пацыентку на рукі і панёс. Іду і думаю: «Як добра ўсё ж, што я плячысты», — усміхаецца Яўген Фурс.

 

У дарозе да пацыента

 

Першае, што робяць фельчары, прыходзячы на працу, — прымаюць змену ў начной ці дзённай брыгады. Затым яны чакаюць выклік ад дыспетчара і, не мару-дзячы, выязджаюць да пацыента.

 

sdgjjreaeryhsryМедыкі прызнаюцца, што раней у некаторыя месцы можна было праехаць з цяжкасцю, паколькі двары застаўляліся машынамі. Сёння такіх выпадкаў значна меней дзякуючы добрай інфармацыйнай падтрымцы. Гэтак жа і з фізічнай нагрузкай. У былыя часы пацыентаў нярэдка патрэбна было спускаць з чацвёртага-пятага паверха, калi няма ліфта. Цяпер значна прасцей: машыны хуткай дапамогі сталі больш аснашчанымі — і транспартаваць пацыента можна на сядзячай каталцы.

 

Найбольш часта брыгада хуткай ліквідуе наступствы сардэчнасасудзістых захворванняў, гіпертаній, прыступаў стэнакардыі, выязджае на інфаркты ды інсульты. Даводзiцца бываць i на аварыях, пажарах, бытавых здарэннях. У самую гарачую пару за дзень фельчары могуць наведаць да 12 выклікаў.

 

— Да выезду гатовы пастаянна. Пакуль мы ў дарозе, дыспетчар агучвае скаргі людзей, таму, прыбываючы на месца, ужо разумеем алгарытм дзеянняў і ўяўляем магчымае развіццё падзей. Напрыклад, выязджаем да рожаніцы. Тэрмін 39–40 тыдняў. Звязваемся з гінеколагам — і праз лічаныя мінуты разумеем, куды яе везці — у Рагачоў, Жлобін ці ў Гомель, — заўважае Нiна Лысянок. — Спецыфіка працы ў нас такая, што час нельга губляць, таму дапамога аказваецца па маршруце следавання ў бальніцу. Помню выпадак, калі транспартавалі хлопца з цяжкай траўмай. Ён мяльчыў кармы для свойскай жывёлы на самаробным станку — і туды нечакана закруціла яго адзенне і руку. Мы аператыўна стабілізавалі яго і даставілі ў Мінск, паралельна знаходзячыся на відэасувязі са сталічнымі спецыялістамі.

 

Брыгада Лысянок і Фурса часта чуе словы падзякі. Асабліва ад людзей сталага ўзросту, якія складаюць пераважную колькасць пацыентаў. Здараецца, што фельчары, імкнучыся палегчыць стан чалавека і даць яму болей увагі, даўжэй затрымліваюцца на выкліку, некалькі разоў перамяраюць ціск. Пасля змены, аналізуючы такія моманты, дактары разумеюць: калі чалавеку стала лепш, дзень пражыты недарма.

 

— Калі-нікалі ў складаных сітуацыях людзі паводзяць сябе эмацыйна, а з часам прызнаюцца, што не мелі рацыі. Аднак у момант камунікацыі фельчарам трэба захоўваць спакой, цвяроза ацэньваць сітуацыю і хутка прымаць узважаныя рашэнні. Для нас гэта выклік, але мы свядома прымаем такія ўмовы, — пераканана Нiна Лысянок. — Чалавек заўсёды чакае дапамогі. Сутыкаючыся з цяжкасцямі, мы памятаем, што патрэбныя. Любы страх адступае перад пачуццём абавязку. А за нашымі спінамі заўсёды ёсць людзі, якія вераць у тое ж, што і мы.

 

Замест эпілога

 

У вольны час Яўген Фурс займаецца самаразвіццём і падтрымлівае спартыўную форму. Для такой фізічнай «перазагрузкі» схільны да медытатыўных відаў спорту доктар набыў бегавую дарожку. А галоўная роля Ніны Лысянок па-за працай — быць бабуляй. Гэты занятак яна называе «справай для душы»:

 

Сямейнае шчасце — гэта калі ты патрэбны. Хочацца многае паказаць унучцы, падзяліцца тым, што мы з мужам ведаем. А шчасце ў прафесіі — гэта адданасць працы, якую любіш.