Фота Таццяны Сталяровай, «МВ»
Фота Таццяны Сталяровай, «МВ»

Кацярына Георгіеўна Блыга з дзяцінства дакладна ведала, кім стане, калі вырасце. “У мяне не было іншага выбару”, - жартуе яна. Насамрэч, у іншым выбары не было патрэбы. Прафесія стала каханнем з першага позірку… Позірку ў акуляр мікраскопа.

 

 

«Нябачны» доктар

 

…Ад іншых медыцынскіх спецыяльнасцей прафесія ўрача-бактэрыёлага адрозніваецца істотна. У пэўным сэнсе менавіта яе можна было б ахарактарызаваць знакамітымі словамі: «Наша служба и опасна, и трудна, и на первый взгляд как будто не видна...». Бактэрыёлагі заўсёды ў цені клініцыстаў. Часам пацыент нават не здагадваецца пра іх існаванне, бо прамых стасункаў з імі не мае. Ды ўвогуле барацьба за жыццё чалавека больш адпавядае нашым уяўленням, калі адбываецца ў аперацыйнай, аддзяленні рэанімацыі, у карэце хуткай дапамогі ці хаця б каля ложка пацыента… А ніяк не ў мікрабіялагічнай лабараторыі.

 

Але для Кацярыны Георгіеўны гэта ніколі не мела значэння. Яе вабіў мікрасвет, што аднойчы ў дзяцінстве адкрыўся ёй праз акуляр мікраскопа. І дагэтуль, маючы 23 гады працоўнага стажу, яна не развучылася здзіўляцца і ўражвацца, шукаць, вучыцца і быць адкрытай да новага. Ей не трэба даводзіць, што часам менавіта вынік работы бактэрыёлага ратуе чалавеку жыццё, а сама прафесія не пазбаўлена пэўнай ахвярнасці, чуласці, эмпатыі… Яна цудоўна гэта ведае.

 

Насустрач мары

 

Кацярына нарадзілася ў медыцынскай сям’і: бацька быў ваенным эпідэміёлагам, маці — бактэрыёлагам. Адсюль, як не цяжка здагадацца, жарт пра «адсутнасць выбару». Але Кацярыне самой заўсёды падабалася медыцынская галіна, прычым менавіта лабараторная спецыялізацыя. Яна дакладна памятае свае ўражанні, калі мама на працы, куды часам брала з сабою дачку, дазволіла ёй першы раз паглядзець у мікраскоп. Дзяўчынка на ўласныя вочы пабачыла той мізэрны мікроб, што выклікаў у чалавека хваробу і, магчыма, кардынальна змяніў яго звыклае жыцце. Здаецца, тады пытанне з выбарам будучай прафесіі было вырашана канчаткова.

 

У школе Кацярына больш за ўсё любіла хімію і біялогію. А ў медінстытуце, куды без праблем паступіла ў 1993 годзе, — гісталогію, патанатомію, мікрабіялогію… То бок усе тыя прадметы, дзе праз мікраскоп адкрываўся іншы сусвет.

 

Пасля заканчэння медінстытута Кацярына трапіла па размеркаванні ў цяперашні РНПЦ эпідэміялогіі і мікрабіялогіі, потым пэўны час працавала ў Мінскім гарадскім скурана-венералагічным дыспансеры. Неўзабаве трапіла ўрачом-бактэрыёлагам у сталічную бальніцу хуткай медыцынскай дапамогі, а ўжо праз месяц узначаліла там бактэрыялагічную лабараторыю. У лютым Кацярына Георгіеўна адзначыла першае дзесяцігоддзе на гэтай пасадзе.

 

Кацярына Блыга:

 

Як прафесіянал я знайшла сябе менавіта ў бальніцы хуткай медыцынскай дапамогі. У пэўным сэнсе гэта маё месца сілы, як зараз модна казаць. Калектыў у нас невялікі, усяго 10 чалавек: урачы-бактэрыёлагі, фельчары-лабаранты і санітаркі. Але мы праводзім больш за 100 тысяч даследаванняў на год. Для такой лабараторыі, як наша, гэта даволі вялікі аб’ём.

 

Ручная праца

 

…Працоўны дзень у лабараторыі пачынаецца а сёмай гадзіне раніцы. Але калі ты заняты ў медыцыне, тым больш працуеш у бальніцы хуткай медыцынскай дапамогі, нарміраваны рэжым работы — паняцце адноснае. Тут усе сённяшнія справы — вынікі даследаванняў, дакладныя дыягназы, эфектыўнае лячэнне і г. д. — мусяць быць выкананыя ўчора.

 

Таму калі нечакана (а гэта заўсёды адбываецца нечакана!) прывозяць цяжкага пацыента і ёсць патрэба ў мікрабіялагічных даследаваннях, Кацярына Георгіеўна прыязджае ў лабараторыю і ў пазапрацоўны час, і ў свой выхадны дзень.

 

Кацярына Блыга:

 

Галоўная праблема класічнай клінічнай мікрабіялогіі ў тым, што яна вельмі павольная. На стандартнае мікрабіялагічнае даследаванне ў сярэднім патрэбна не менш за 48 гадзін. Часам — болей. У пэўных выпадках яно можа займаць нават тыдні.

 

18–24 гадзіны патрэбна, каб вырасціць мікроб. А калі ён мае этыялагічную значнасць, яшчэ столькі ж часу, каб даследаваць яго адчувальнасць да антыбіётыкаў. Менавіта гэта дае магчымасць доктару прызначыць найбольш эфектыўнае лячэнне.

 

Але час не на баку пацыента, калі яго жыццё пад пагрозай. Чаканне ў бяздзейнасці таксама непрыймальнае. Таму наколькі гэта магчыма, супрацоўнікі бактэрыялагічнай лабараторыі імкнуцца паскорыць працэс даследаванняў. У тым ліку не звяртаючы ўвагі на «ўсталяваны працоўны графік».

 

Акрамя таго ў клінічнай мікрабіялогіі, нягледзячы на несупынны навуковы прагрэс і дасканалыя лічбавыя тэхналогіі, застаецца вялікі адсотак, так бы мовіць, ручной працы. Бо яе складана, а часам немагчыма аўтаматызаваць.

 

Кацярына Блыга:

 

Мы ўручную рыхтуем спажыўныя асяроддзі. Біяматэрыял сеем у кубках Петры таксама выключна рукамі вось гэтай мікрабіялагічнай пятлёй. Роўна так, як пэўную колькасць гадоў таму рабіў Луі Пастэр, робім і мы ў наша аўтаматызаванае стагоддзе.

 

Галоўная адказнасць бактэрыёлага — на ўласныя вочы праз мікраскоп паглядзець, які мікроб і ці мікроб увогуле стаў прычынай хваробы чалавека, з якой ён трапіў у лякарню. То бок папярэдні мікрабіялагічны дыягназ заўсёды ставіць бактэрыёлаг. І только потым уключаецца аўтаматычны аналізатар…

Bakteriolog22 300322

Яе «крошкі»

 

Галіна медыцыны, у якой працуе Кацярына Блыга, вельмі спецыфічная, таму для большасці насельніцтва малавядомая. Шмат хто анічога не ведае аб урачах-бактэрыёлагах і па-дзіцячы здзіўляецца: як гэта, працаваць з мікробамі? А што з імі можна рабіць? Хіба гэта бяспечна?

 

Але для Кацярыны Георгіеўны абраная прафесія і праз гады не страціла сваёй прывабнасці, клінічная мікрабіялогія не перастала ўражваць і захапляць.

 

Кацярына Блыга:

 

Я дагэтуль вучуся. І ўпэўнена, што мне яшчэ вучыцца і вучыцца. Бо эвалюцыя ўласцівая не толькі чалавеку. Прычым мікробы шлях эвалюцыі праходзяць нашмат хутчэй за нас. Мяркуйце самі: спатрэбіліся тысячагоддзі, каб чалавек стаў хадзіць на дзвюх нагах, потым яшчэ столькі ж, каб узяў у рукі дубіну і навучыўся ёю карыстацца, і прыблізна столькі ж, каб прыстасаваць скуру маманта сабе на вопратку… Гэта вобразна, але мікробы адпаведную эвалюцыю могуць прайсці літаральна за некалькі гадоў.

 

Уласна гэты хуткасны шлях мы назіраем зараз з рэзістэнтнасцю мікробаў да антыбіётыкаў. Кацярына Георгіеўна ўспамінае, што калі яна прыйшла на працу ў БХМД, калістын-рэзістэнтная клебсіэла была з’явай накшталт цуду. Цяпер гэта суровая рэчаіснасць у медыцыне. Дарэчы, усяго за 10 гадоў такое адбылося не толькі з клебсіэлай і не толькі з калістын-рэзістэнтнай...

 

Кацярына Блыга:

 

Заўсёды шмат шуму і заклапочанасці выклікаюць успышкі захворванняў, узбуджальнікамі якіх з’яўляюцца асабліва небяспечныя бактэрыі: халера, ліхаманка Эбола, чума ці іншыя.

 

Насамрэч найбольш небяспечнымі для чалавека з’яўляюцца мікробы, з якімі ён жыве ўсё сваё жыццё. Так званая ўмоўна патагенная мікрафлора. Асабліва небяспечную бактэрыю яшчэ паспрабуй сустрэць! А нават калі такое здараецца, адразу ж прымаюцца ўсе магчымыя меры, каб спыніць распаўсюджванне заразы і ліквідаваць крыніцу небяспекі. Зусім іншая справа мікробы, якія ўвесь час жывуць унутры чалавека. Стафілакок, пнеўмакок, кішэчная палачка, клебсіэла…

 

Звычайна наша імунная сістэма кантралюе гэтыя мікробы, каб яны не наносілі шкоды арганізму. Але як толькі імунка дае збой ці бактэрыя трапляе ў незвычайны для яе локус (напрыклад, клебсіэла з «роднага» кішэчніка нейкім чынам апынулася ў лёгкіх), мікроб, не спаткаўшы звыклага супраціву, пачынае размнажацца і выклікае інфекцыйныя запаленчыя працэсы.

 

Дарэчы, ад сэпсісу ў свеце штогод гінуць каля 11 мільёнаў чалавек, і гэта толькі па афіцыйных дадзеных. Часцей за ўсё прычынай інфекцыі становіцца тая самая ўмоўна патагенная мікрафлора. Падобная гісторыя з бактэрыяльнай пнеўманіяй, інфекцыяй нырак і шмат якімі яшчэ інфекцыйнымі захворваннямі…

 

На жаль, гэта толькі вяршыня айсбергу, тое, што вядома дакладна, лабараторна пацверджана. Застаецца здагадвацца, колькі людзей памірае ад інфекцый пад маскай саматычнай паталогіі, бо не заўсёды ёсць магчымасць правесці мікрабіялагічныя даследаванні, ды, шчыра кажучы, не заўжды яны прызначаюцца.

bakteriolog16 300322Асабліва балюча, прызнаецца Кацярына Георгіеўна, калі чалавек сыходзіць літаральна за крок ад магчымага выратавання: ён памірае, а мікроб, што выклікаў яго хваробу, усё яшчэ павольна расце ў кубку Петры…

 

Кацярына Блыга:

 

Мікробы існавалі да нас, яны будуць існаваць і пасля нас. Нехта можа сказаць: ой, што вашыя мікробы, у іх жа няма вышэйшай нервовай дзейнасці. Насамрэч гэта вельмі разумныя істоты.

 

Даўно даказана, што яны камунікуюць паміж сабой, абменьваюцца сігналамі, арганізуюць суполкі. Яны здольныя ахвяраваць сабой дзеля іншых і перажываць стрэс. У пэўным сэнсе гэта неверагодныя крошкі з уласнай цывілізацыяй і ладам жыцця. Гэта цэлы мікрасусвет, які патрабуе адпаведнага да сябе стаўлення. Увогуле нармальна паважаць таго, з кім працуеш. Нават калі гэта мікроб. І я яшчэ не кажу пра тое, якія яны прыгожыя.

 

Клініцыст супраць лабаранта

 

Уласна ў бактэрыёлага дзве галоўныя ролі: дапамагчы клініцысту паставіць дакладны дыягназ і падказаць, якія антыбіётыкі, у якой канцэнтрацыі дзеючага рэчыва дадуць найбольшы ды найхутчэйшы тэрапеўтычны эфект.

 

Каб не марнаваць час, пакуль у лабараторыі ідуць мікрабіялагічныя даследаванні (калі яшчэ той мікроб вырасце і праявіць адчувальнасць!), доктар-клініцыст прызначае складанаму пацыенту папярэднюю тэрапію. Робіць ён гэта з большага эмпірычна, арыентуючыся на клінічныя пратаколы, уласны практычны вопыт, тэарэтычныя веды і скаргі пацыента. Але адразу дакладна сказаць, які мікроб выклікаў інфекцыю і як ён адгукнецца на прызначаную тэрапію, не можа ні адзін нават самы дасведчаны доктар.  

 

Таму адказ бактэрыёлага мае выключнае значэнне, асабліва калі стартавая тэрапія не спрацоўвае. А часам бывае так, што вынікі мікрабіялагічных даследаванняў кардынальна мяняюць дыягназ.  Напрыклад, прывозяць пацыента з папярэднім дыягназам «інсульт», а пасля даследаванняў высвятляецца, што ў яго бактэрыяльны менінгіт. Ці «інфаркт» аказваецца стафілакокавым сэпсісам… То бок радыкальна змяняецца не толькі дыягназ, але і падыходы да лячэння ды ўласна сама тэрапія.

 

Дарма, што тэхналогіі ў медыцыне не стаяць на месцы і амаль штогод з’яўляюцца новыя дыягнастычныя метады. Без той самай кансерватыўнай, часам занадта павольнай клінічнай мікрабіялогіі аб’ектыўна нельга абысціся. Здабыць, выпеставаць, вырасціць чыстую культуру жывога мікраарганізма, зрабіць аналіз на яго адчувальнасць да антыбіётыкаў застаецца залатым стандартам дыягностыкі.

 

Кацярына Блыга:

 

На жаль, у межах адукацыйнай праграмы вышэйшых медыцынскіх навучальных устаноў мікрабіялогія адарвана ад клінічных дысцыплін. Калі не памыляюся, яе вывучаюць на другім курсе. Пакуль студэнт скончыць вучобу і атрымае дыплом урача, ён можа нават і не памятаць, як выглядае той мікроб...

 

Мне падаецца, што мікрабіялогію трэба выкладаць паралельна з клінічнымі дысцыплінамі. Каб студэнт, праходзячы па праграме сэпсіс ці пнеўманію, меў магчымасць адначасова пад мікраскопам вывучаць мікроб, які гэтыя хваробы выклікае, дазнавацца пра асаблівасці яго адчувальнасці ці рэзістэнтнасці да антыбіётыкаў...

 

Калі на этапе навучання мікрабіялогія існуе сама па сабе, а клініка сама па сабе, некаторыя нюансы нашай працы бывае няпроста патлумачыць нават чалавеку з медыцынскай адукацыяй.

 

І справа не ў тым, каб нарэшце паставіць кропку ў вечнай спрэчцы, каму належыць першынства — спецыялістам лабараторнай дыягностыкі ці ўрачам-клініцыстам. Насамрэч ніякай спрэчкі няма, лічыць Кацярына Георгіеўна. Бальніца — гэта адзіны вялікі механізм, у якім шмат вінцікаў-складнікаў, дзе кожны на сваім месцы адыгрывае значную ролю, каб гэты механізм працаваў без збояў.

 

Кацярына Блыга:

 

Задача бактэрыёлага — дапамагчы клініцысту, — падкрэслівае Кацярына Георгіеўна. — І як бы я ды мае калегі-бактэрыёлагі ні ганарыліся сваёй прафесіяй і вынікамі працы, маўляў, без нас — супрацоўнікаў лабараторыі — мала што ў клініцыстаў атрымалася б, але ж, як ні круці, галоўны той доктар, што лечыць пацыента. Ён яго бачыць, з ім працуе, прызначае даследаванні, ставіць дыягназ, сочыць за зменамі стану…

 

У словах Кацярыны Георгіеўны шмат праўды. Аднак высвятляць, хто сярод занятых у медыцыне галоўны, а хто на падхваце, увогуле неяк нязручна. Бо аб’ектам намаганняў усіх медработнікаў — урачоў, лабарантаў, медсясцёр, нават санітарак — з’яўляецца чалавек, які апынуўся на бальнічным ложку, часам на мяжы жыцця і смерці. І ўся гэтая каманда разам, кожны на сваім месцы, працуе на тое, каб чалавек застаўся жыць, хутчэй пазбавіўся ад хваробы… Гэта самае галоўнае.

 

Нарэшце, калі ў тваёй рабоце выраз «вярнуць з таго свету» больш будзённасць, чым мастацкі вобраз, спрэчкі аб галоўных і другарадных ролях — недарэчная мітусня.
bakteriolog25 300322

Малюнкі на шкле

 

Кажуць, жыццё — гэта пазл, часцінкі якога чалавек сам выбірае. Які малюнак атрымаецца, такі чалавек і ёсць.

 

У Кацярыны Георгіеўны палатно атрымліваецца суцэльнае, дробка да дробкі кладзецца як улітая. У нечым пашчасціла, дзесьці ўдала склаліся абставіны. Але ў большасці выпадкаў свой выбар яна рабіла самастойна. 

 

Вось у гэтым куточку, адкуль кавалачкі пазла пачалі прыцягвацца адзін да аднаго, — адбітак бацькоўскага выхавання. Родныя заўсёды былі для Кацярыны прыкладам, арыенцірам, што ў прафесіі, што ў жыцці. Дзякуючы бацьку яна дасканала ведае родную мову.

 

Кацярына Блыга:

 

Тата быў сапраўдным патрыётам.  Куды б яго ні кідала вайсковая служба, ён усё адно прагнуў вярнуцца на радзіму. Калі бацьку перавялі ў Мінск, мне было 9 гадоў, я пайшла ў трэці клас, з якога ў той час пачыналася вывучэнне беларускай мовы. Як дачку вайскоўца мяне маглі вызваліць ад прадмета. Але бацька сказаў: ты беларуска, нарадзілася ў Навагрудку, сталіцы Вялікага княства Літоўскага, таму павінна ведаць сваё.

 

Дагэтуль Кацярына Георгіеўна памятае настаўніцу Людмілу Аляксандраўну Бысік, якая шмат зрабіла, каб укласці ў дзіцячыя сэрцы любоў і павагу да роднай зямлі і мовы.

 

 

…А вось на гэтым кавалачку пазла — баскетбол. Кацярына з дзяцінства займалася спортам прафесійна. Выкінь гэтую часцінку з суцэльнай карціны — і знікне тое, што дзень за днём выхоўвала ў дзяўчынцы звычку да дысцыпліны, уменне сачыць, аналізаваць, цярпліва і ўпарта, крок за крокам, ісці да мэты. Тое, што ў значнай ступені дапамагло ёй стаць прафесіяналам высокага ўзроўню.

 

…Калі прыгледзецца, няцяжка адшукаць і кавалачак з утульным Мінскам канца 1980-х — сярэдзіны 1990-х. Тут грукочуць рыжскія трамваі… Тут Камсамольскае возера, якое ўпадабалі для адпачынку гараджане ўсіх узростаў…

 

Кацярына Блыга:

 

Я наскрозь гарадская жыхарка. Жыццё тут больш хуткае, гэты рытм мяне і прываблівае. У вёску можна на дзень-другі: адпачыць, перавесці дух. Але энергію мне дае менавіта горад. Шчыра кажучы, я адчуваю розніцу нават паміж жыццём дома і жыццём на працы. Калі я заходжу ў лабараторыю, адчуваю, як паскараецца метабалізм. Гэта вельмі складана патлумачыць, але так яно і ёсць. На працы я жыву хутчэй, больш дынамічна, чым дома. Такі рытм, мабыць, не надта спрыяльны для здароўя, але жыццё ў ім больш насычанае, цікавае…

 

…А вось гэты фрагмент пазла з’явіўся зусім нядаўна, менш як два гады таму. Вялікі, вусаты-паласаты, вельмі прыгожы, крыклівы, галоўны кот у жыцці Кацярыны Блыгі. Галоўны, але не адзіны.

 

Пра хатняга гадаванца Кацярына марыла амаль усё жыцце. Спачатку супраць былі бацькі, потым — муж. Але мары мусяць здзяйсняцца, хай і наперакор. А яшчэ ў вольны час Кацярына Георгіеўна дапамагае ўладкоўваць у добрыя рукі кінутых жывёл. Жыццё мае сэнс, калі ты робіш добра не толькі сабе, але і навакольным, лічыць доктар.

 

Кацярына Блыга:

 

Ці шчаслівы я чалавек? Так! Не адразу, але ў мяне атрымалася дасягнуць пэўнага балансу паміж сям’ёй, прафесіяй, уласнымі інтарэсамі. У мяне вельмі цікавае, насычанае працоўнае жыццё. І яно толькі пачынаецца. Гэта, так бы мовіць, яшчэ толькі выхад на арбіту. Самае цікавае, я ўпэўнена, наперадзе.

 

Смотрите также на нашем Youtube канале видео: Кристина Ефименко о выборе профессии судмедэксперта и Татьяна Бич о том легко ли работать женщине патологоанатомом.