Над працоўным сталом выдатніка аховы здароўя загадчыка Любіжскай участковай бальніцы Горацкай ЦРБ Мікалая Грыбко вісіць ікона яго нябеснага заступніка — свяціцеля Мікалая Цудатворца. Урач агульнай практыкі верыць, што кожнага чалавека ва ўсім вядуць вышэйшыя сілы, і таму ўсё ў жыцці павінна быць зразумела. Медык доўга можа распавядаць пра сваю бальніцу, сям’ю, пацыентаў, праблемы вёскі, але вельмі мала гаворыць пра сябе.
«40 гадоў як адзін дзень»
Мікалай Грыбко не з медыцынскай сям’і. Аднак сярод родных дактары ўсё ж былі: дзядзька па бацькавай лініі служыў ваенурачом. З прафесіяй хлапчук не мог вызначыцца ажно да 9-га класа. Аднак пасля, дзякуючы настаўніцы-прадметніцы, адкрыў у сабе захапленне хіміяй. Таму пасля выпуску са школы, не раздумваючы, паехаў паступаць ў Віцебскі медыцынскі інстытут.
Актыўнага хлопца адразу прызначылі старастам. Так склалася, што з будучай жонкай Святланай ён трапіў ў адну групу. У хуткім часе студэнты пабраліся шлюбам і падчас інтэрнатуры ўпершыню сталі бацькамі. Месца размеркавання Мікалай мог выбіраць як выдатнік, таму сям’я паехала ў Магілёўскую вобласць, дзе патрабаваліся гінеколагі (па спецыялізацыі жонкі). Горацкі раён медыкі адправіліся скараць у складзе цэлай брыгады маладых спецыялістаў — сямей Маісеенка, Жодзік і Каразеевых.
Мікалай і Святлана Грыбко аддалі перавагу Любіжскай участковай бальніцы. Тут жа ў будучым яны разам перавучыліся на дактароў агульнай практыкі. Старшыня мясцовага калгаса Герой Сацыялістычнай Працы Іван Мельнік з задавальненнем прыняў сям’ю дактароў у сваю гаспадарку, аператыўна забяспечыў жытлом.
— Калгас на той час быў буйным, трапіць у яго можна было дзякуючы добрай рэпутацыі ці якім-ніякім заслугам. Тут ужо былі свая школа, бальніца, дзіцячы садок, басейн. Да таго ж аграгарадок знаходзіўся на скрыжаваннях дарог: да Магілёва — 60 кіламетраў, да Оршы — 50, да Горак — 22. Самі мы вясковыя, таму наладжваць быт было нескладана. А «заточаныя» на горад надоўга не затрымліваліся. Мы любілі прафесію, былі дактарамі-практыкамі, не баяліся вёскі, таму ўсё атрымалася. І 40 гадоў прайшлі як адзін дзень.
З часам Мікалая Грыбко неаднойчы клікалі на павышэнне — і ў раённы цэнтр, і ў сталіцу. Але доктар заўжды адмаўляўся. Кажа, што ўвесь час нешта трымала ў Аўсянцы. Да таго ж, перакананы суразмоўца, у кожнага ўрача свой шлях: нехта павінен займаць кіруючыя пасады, а іншаму варта падацца ў навуку ці займацца выключна медыцынскай практыкай. Таму і ўзнагарод доктар не любіць: кажа, што яны для яго — гісторыя.
У нашых адносінах да прафесіі і ўвогуле ў жыцці ўсё проста, па-царкоўнаму, як некалі вучылі бацькі. Мы ад нараджэння ведалі, што любы чалавек варты любві. Таму любім кожнага пацыента незалежна ад яго стану ці сацыяльнага статусу, шкадуем, калі гэта неабходна.
«Нос да носа ў прафесіі»
Больш за 40 год Мікалай і Святлана Грыбко поплеч на працы і дома. Ці, як кажа сам медык, «нос да носа ў прафесіі». Дактары не толькі не стамляюцца адзін ад аднаго, а наадварот, чэрпаюць у гэтым энергію.
— Увесь сакрэт у каханні і гармоніі. Калі Богам гэта закладзена — усё працуе, усё проста. Можна і спрачацца, і радавацца, але ў кожным дні варта знаходзіць сэнс жыцця. За столькі часу мы ведаем усё адзін пра аднаго, — дзеліцца Мікалай Грыбко.
Нярэдка сям’я Грыбко задаецца пытаннем «Можа варта ўжо заняцца сабой і пайсці на пенсію?» Але хутка гэта праходзіць: трэба весці прыём, наведваць пацыентаў, даваць лекі. Але Мікалай Францавіч і Святлана Пятроўна вырашылі, што калі скончаць практыку, пераедуць у Мінск, бліжэй да ўнукаў. А іх у сям’і медыкаў — шасцёра.
Аднак не толькі за медыцыну баліць сэрца доктара Грыбко. Не можа не думаць загадчык участковай бальніцы і пра праблемы вёскі.
Сяло зараз драбнее. Маладыя спецыялісты едуць сюды неахвотна. А тыя, што даязджаюць, маюць абсалютна іншы падыход. Яны працуюць у рамках: адбыў час — і тут жа сышоў, могуць не знаёміцца з акалічнасцямі жыцця пацыентаў. Мы працавалі па-іншаму. На абходы хадзілі толькі з адным сшыткам, але ўсё пра ўсіх ведалі. Цяпер нешта, мабыць, трансфармавалася ў свядомасці моладзі. Раней усё даставалася з цяжкасцю і вялікай працай, а зараз хочацца ўсяго і адразу. А каму захоўваць вёску, калі моладзі няма?
Мікалай Грыбко прызнаецца, што ў раёнах не моцна развіта культура аховы здароўя, хоць медыцына тут стала вельмі даступнай. Часта ад пацыентаў можна пачуць: «Доктар, вы мяне палячыце, а далей я сам». Але і ў такіх умовах многія праблемы ўдаецца вырашыць дзякуючы ўласнаму аўтарытэту. Напрыклад, калі доктар кажа, што трэба рабіць вакцынацыю, сяльчане прыслухоўваюцца і прыходзяць у бальніцу. Невыпадкова доўгі час працу ў бальніцы доктар сумяшчаў з дзейнасцю дэпутата раённага (а пасля і абласнога) Савета дэпутатаў.
На вёсцы мы працуем так, як зручна людзям, жывём прыярытэтамі сяла. Але белы халат насіць няпроста. Здаралася, нехта з вяскоўцаў у крыўдзе кіне: «Ды што там твая праца!» Адказваю па-добраму: «Я твой трактар з месца зрушу, а ты ці паносіш гэты халат суткі?»
Кожнаму дагадзіць нельга. Праўду часта не любяць, але ты павінен яе несці. Калі працаваць па-простаму, шчыра, зможаш весці за сабой. А каб за табой ішлі, ты павінен нешта ўяўляць і як асоба, і як прафесіянал.
«Выпадкаў — цэлая кніжка атрымаецца»
Кожны дзень з панядзелка па суботу Мікалай Грыбко вядзе прыём у бальніцы. Таксама ён наведвае пацыентаў дома, развозіць лекі, наглядае за сацыяльнымі хворымі — людзьмі з клінічнымі хваробамі, інвалідамі, адзінокімі састарэлымі, што знаходзяцца на стацыянары. Да таго ж мабільны нумар медыка ёсць у большасці жыхароў сельскага савета: людзі ведаюць, што яму можна патэлефанаваць у любы час.
Найбольш частыя «госці» Мікалая Грыбко — хворыя з радыкулітамі, артрозамі, гіпертаніямі. Але ў скарбонцы нестандартных сітуацый доктара Грыбко нямала здарэнняў. Неаднойчы яму разам з жонкай даводзілася прымаць роды, накладваць швы, суправаджаць пацыентаў у бальніцу. Нярэдка — у экстранным рэжыме.
— Раз суседцы карова рогам прабіла сківіцу. Прыйшлося зашываць. Тады ўсё абышлося. Таксама памятаю, як свінарцы храк разарваў сцягно — накладаў 17 швоў. Я паляцеў на выклік напрасткі з гарода. Таксама абмінула. Быў выпадак і больш складаны. Хлопец ля гаража распілоўваў метал. Дыск балгаркі сарваўся — і прайшоўся па касальнай каля шыі. Адкрыўся моцны крывацёк. Прыехаў — ён без свядомасці. Мы за хлопца — і на задняе сядзенне. Так, заціскаючы вену, прывёз яго ў прыёмны пакой. Выратавалі. Падобных выпадкаў — не злічыш. Пачнеш успамінаць — і цэлая кніжка атрымаецца.
На пытанне, ці не хацелася б яму напісаць пра жыццё сельскага доктара, Мікалай Грыбко аднекваецца. Кажа, што на гэта пакуль не стае часу. Хаця літаратуру ён любіць бязмерна, але болей як чытач. Любімы аўтар загадчыка ўчастковай бальніцы — Фёдар Дастаеўскі. За мінулы год медык перачытаў усе буйныя творы пісьменніка і шмат крытычнай літаратуры да іх, а на дзень медработнікаў яшчэ атрымаў у падарунак ад малодшай дачкі дванаццацітомнік творцы.
— Філасофія пісьменнікаў 19-га стагоддзя мне блізкая. Бывае, разважаеш пра сітуацыю па-свойму і думаеш: «Ну як жа так можна! Тут бы не прабачаць, а пакараць». А пасля чытаеш «Дзённік пісьменніка» Дастаеўскага з рознымі дылемамі выбару і разумееш, што ў яго светаўспрыманні дзейнічае нейкая звышмараль. Пачынаеш інакш глядзець на рэчы. Дастаеўскі вельмі дакладна апісвае жыццё. Чытаючы яго, усведамляеш, што чалавек павінен верыць у нешта святое. Стараюся рабіць гэтак жа, — рэзюмуе Мікалай Грыбко.