Фота з архіва Л. Верам’ёвай.

Аптэка № 136 Асіповіч адчыняе дзверы для жыхароў і гасцей горада штодзень з 11:30 да 22:00. За бесперапынную якасную працу гэтага падраздзялення Магілёўскага РУП «Фармацыя» ўжо амаль год адказвае маладая загадчыца Лізавета Верам’ёва.

 

Курс на прафесію

 

У дзяцінстве маленькая Ліза цвёрда гаварыла: «Буду стаматолагам». З часам мары пра медыцыну не зніклі, толькі ў больш свядомым узросце дзяўчына зрабіла выбар на карысць фармацэўтыкі.

 

— Магілёўскі дзяржаўны абласны ліцэй № 3, дзе я атрымлівала адукацыю ў старэйшых класах, выпрацаваў навык вучыцца. Там усе працавалі на якасць. Настаўнікі на занятках змаглі падрыхтаваць мяне такім чынам, што да паступлення я падыходзіла з 397 баламі (200 з іх атрымала за ЦЭ па хіміі і біялогіі, 100 — як алімпіядніца па беларускай мове, астатняе — бал атэстата), — кажа Лізавета Верам’ёва.

 

У нейкай ступені матыватарам у выбары прафесіі для ліцэісткі стала старэйшая сяброўка, якая паступіла на фармацэўтычны факультэт БДМУ. Кожны раз пры сустрэчы яна расказвала пра вучобу так зацікаўлена, што дадавала Лізавеце яшчэ больш упэўненасці ў правільнасці выбару.

 

З мовай ад калыскі

 

Прыхільнасць да беларускай мовы ў дзяўчынкі з’явілася, здаецца, з нараджэннем: філолагамі, якія шмат гадоў выкладалі прадмет у школе, былі бабуля і маці. Беларускую мову падхоплівала ўся сям’я. А з трэцяга класа пачаўся шлях Лізаветы ў алімпіядным руху: стала цікава не толькі размаўляць, але і вывучаць мову паглыблена. Доўгі час Ліза паралельна займалася рускай і беларускай мовамі, але ў 9 класе, калі пачаліся сур’ёзныя алімпіяды, зрабіла выбар на карысць апошняй. Удзел у алімпіядах значна паўплываў на светапогляд дзяўчыны, надаў упэўненасці ў сабе і значна павысіў узровень валодання мовай. Ды і практычныя вынікі не прымусілі сябе чакаць: на працягу трох гадоў Лізавета брала дыпломы на заключным этапе спаборніцтва. Поспехам паспрыяла і матуля Марына Верам’ёва, якая ў якасці настаўніка-прадметніка дапамагала ліцэістам рыхтавацца да ўсіх этапаў алімпіяды. 

 

hdfyydlyiКалі Лізавета стала студэнткай фармацэўтычнага факультэта БДМУ, яе захапленне беларускай мовай крыху змяніла напрамак. Пад кіраўніцтвам выкладчыка беларускай мовы Алесі Носік будучы правізар пісала навуковыя работы па лекавых раслінах у беларускай літаратуры. Так ці іначай, па словах дзяўчыны, яе жыццё ўжо доўгі час віруе вакол гэтай тэмы.

 

Клопаты маладога кіраўніка

 

Першым паўнавартасным працоўным днём Лізавета лічыць 1 жніўня 2024 года — час, калі пачалася інтэрнатура.

 

— Гэта было цікава, таму што раней, на практыцы, праца ў аптэцы не ўспрымалася як нешта сур’ёзнае. А тут нас адразу пусцілі да касы, і мы ўзаемадзейнічалі з пакупнікамі. Праўда, унутранае хваляванне не праходзіла яшчэ доўга. І гэта не дзіўна, бо праца правізара-рэцэптара не самая лёгкая. Адначасова патрэбна арыентавацца ў лекавых сродках, камунікаваць з людзьмі, быць зацікаўленым, умець выслухаць, а таксама запаўняць дакументацыю і падтрымліваць парадак. Па першым часе здараліся, канечне, і памылкі навічка — недачытала рэцэпт, недачула, што сказаў пакупнік, недалічыла колькасць таблетак… Але хібы хутка выпраўляліся і станавіліся вопытам, — дзеліцца Лізавета.

 

У 2025 годзе Лізавету Верам’ёву прызначылі загадчыцай аптэкі № 136 у Асіповічах. Але калі паступіла такая прапанова, дзяўчына сумнявалася: ці хопіць ведаў, ці справіцца? Першапачаткова аднеквалася. Аднак яе падтрымалі бацькі і блізкае асяроддзе: «Трэба! Паспрабуй!» Тады дзяўчына вырашыла развівацца не толькі як правізар, але і як кіраўнік.

 

Першы час магла тэлефанаваць бухгалтару і кіраўніку цэнтральнай раённай аптэкі некалькі разоў на тыдзень. Завяла сабе нават суперсшытак, дзе былі распісаныя алгарытмы дзеянняў для розных сітуацый. Не ведаю, як бы я без яго жыла.

 

— Зараз ужо добра ўлілася. Мне вельмі падабаецца, калі ў дакументах сыходзяцца лічбы. Бывае, папяровая праца стамляе, асабліва калі ты любіш камунікаваць з людзьмі, але цяпер яна ўспрымаецца як змена дзейнасці, — прызнаецца малады кіраўнік. 

 

Клопатаў у маладой загадчыцы нямала. Кожны дзень патрэбна запоўніць журнал прыходу, зрабіць запісы па тэмпературы і электрычнасці. У пэўныя дні даводзіцца замаўляць тавары. Гэты працэс займае ўсю змену: кіраўніку трэба прагледзець вялікія спісы лекаў і пасля вырашыць, якія з іх спатрэбяцца на бліжэйшы тыдзень. Таксама сярод абавязкаў Лізаветы Верам’ёвай — праверка рэцэптаў і падрыхтоўка справаздач.

 

Пад яе кіраўніцтвам працуюць два фармацэўты. Абедзве супрацоўніцы — равесніцы маладога спецыяліста, таму ў калектыве пануюць узаемаразуменне і ўзаемадапамога. Дзяўчына жартуе, што загадчыкам быць добра: за касай пастаянна стаяць не трэба, таму можна крыху пасядзець за сталом, выконваючы загадчыцкія абавязкі. Але да дзейнасці аптэкі Лізавета далучана нават у вольны час. Правізар пераканана: упусціў нешта ў выхадны — пасля шмат часу спатрэбіцца на выпраўленне.

 

— Думаю, што я лагодны кіраўнік. Мне не ўласціва павышаць голас. Бывае, мне нават кажуць, што трэба быць больш жорсткай. Так, я сачу за тым, што робяць дзяўчаты, і калі заўважу, што занадта раслабіліся, — выкажу за гэта. Аднак калі ўключаю кіраўніка дзеля прафілактыкі, дзяўчаты адразу разумеюць і не крыўдуюць, — кажа суразмоўца.

 

«Генералы» ад фармацэўтыкі

 

Наведвальнікам падабаецца камунікацыя з ветлівымі фармацэўтамі, яны ставяцца да маладых спецыялістаў з павагай: «Як добра, дзяўчаты, што вы ў нас з’явіліся». Вядома: лекі можна знайсці паўсюль, а добрыя адносіны — як пашанцуе. Таму і кампліменты на свой адрас супрацоўніцы чуюць нярэдка.

 

Аднойчы, калі загадчыца стаяла за касай, у аптэку завітаў мужчына сталага ўзросту, верагодна, звязаны з ваеннай справай. Правізар расказала яму, як і калі прымаць антыбіётык. Наведвальнік выслухаў і на развітанне казырнуў: «Так, мой генерал! Усё  зраблю». Супрацоўніцы потым доўга жартавалі, што генераламі іх раней ніхто не называў.

 

Сярод пакупнікоў аптэкі вылучаюцца дзве катэгорыі — людзі сталага веку і матулі немаўлят. Пенсіянеры часцей прыходзяць па лекі для сэрца, супраць халестэрыну ці ад ціску. Маладыя матулі набываюць сродкі догляду за малымі — бутэлечкі, сурвэткі ды інш. Узімку ў сувязі з павелічэннем сезонных захворванняў працы дадаецца, за ўсю змену не бывае хвіліны, каб у зале не было людзей. Здараюцца і нечаканыя запыты: самы незвычайны, напрыклад, батарэйкі.

 

Па словах загадчыцы, у большасці выпадкаў людзі ведаюць, які прэпарат ім трэба. Падказваць даводзіцца толькі тады, калі чалавек просіць знайсці больш танны адпаведнік. Канечне, пры ўзаемадзеянні з рознымі пакупнікамі часам здараюцца і непаразуменні. Напрыклад, чалавек прыходзіць па канкрэтныя лекі, а пасля аплаты і атрымання прэпаратаў раптам перадумвае. А лекавыя сродкі вяртаць нельга. Людзі нярэдка абураюцца (маўляў, «Я ж не выйшаў за межы аптэкі»), але супрацоўнікі стараюцца патушыць канфлікт і знайсці кампраміс. 

 

Самае вялікае натхненне

 

Па-за працай Лізавета Верам’ёва любіць культурныя актыўнасці — удзельнічае ў канцэртах, пастаноўках і прафесійных конкурсах. Для яе такія заняткі — спосаб знаёміцца з цікавымі людзьмі. Таксама дзяўчына дапамагае знаёмым ў падрыхтоўцы да ЦЭ па беларускай мове, шмат чытае, займаецца спортам і вядзе інтэрнэт-блог пра жыццё.

 

Малады спецыяліст прызнаецца, што шчаслівым чалавекам яе робяць родныя людзі. У Асіповічах яна знайшла сапраўдных сяброў, з якімі часта сустракаецца і абмяркоўвае прафесійныя навіны. Кажа, што калі сонца грэе і спяваюць птушкі, ужо дастакова, каб радавалася душа.

 

— Мне ніколі не даводзілася змагацца з асяроддзем. Бацькі і настаўнікі верылі ў мяне больш, чым нават я сама. Не забуду іх падтрымку перад паступленнем, — гаворыць Лізавета. — Калі здала ЦЭ па біялогіі, не адразу паглядзела балы, бо з’язджала на адпачынак і не хацела нейкім чынам азмрочваць яго. У настаўнікаў пыталіся: «Стабальнікі ёсць?» Ведаючы мой патэнцыял, адказвалі: «Пакуль няма. Верам’ёва яшчэ не глядзела». Гэта вера і зараз самае вялікае ў свеце натхненне!