Фота Віталя Гіля, «МВ»,
Фота Віталя Гіля, «МВ»,

Адзначыў 80-годдзе прафесар 2-й кафедры ўнутраных хвароб ГрДМУ Васіль Вадаевіч. Ён прайшоў шлях ад урача вясковай бальніцы да прафесара, набыў багаты вопыт у практычнай медыцыне, выкладчыцкай і навуковай дзейнасці. У яго каля 300 друкаваных работ і больш як 100 рацыяналізатарскіх прапаноў. Урач-практык, псіхатэрапеўт, які валодае і нетрадыцыйнымі метадамі лячэння, прытрымліваецца прынцыпу «лячыць не хваробу, а чалавека». Мае першы разрад па класічнай барацьбе, не аднойчы скакаў з парашутам, а пасля 60 гадоў стаў чэмпіёнам па армрэслінгу сярод супрацоўнікаў ГрДМУ.

 

Васіль Пятровіч, вы нарадзіліся напярэдадні Вялікай Айчыннай вайны. Нешта памятаецца з тых часоў?

 

Я быў яшчэ вельмі малы, але нейкія адбіткі той рэальнасці засталіся ў памяці, пра многае даведаўся з расказаў бацькі. Жылі на тым часе ў вёсцы Кавалі, што ў Бабруйскім раёне: тата быў кавалём, маці — паляводам. З-за хваробы бацьку на фронт не забралі. У час акупацыі перабраліся ў лазню, бо ў нашай хаце гаспадарылі немцы. Аднойчы з 10-гадовым братам употай ад бацькоў прабраліся ў хату і праверылі кабуру нямецкага доктара, дзе той хаваў пісталет. А я з’еў яго павідла. Бацька старэйшага адлупцаваў. Мяне пашкадавалі… Калі ж аднойчы гэты доктар захацеў памыцца ў лазні, бацька яе як след напарыў і ўзяў мяне з сабою. Немец быў уражаны, калі пабачыў на палку чатырохгадовага хлопчыка: маўляў, ці ж можна такое малое весці ў лазню. Дарэчы, немец страціў прытомнасць ад нашага пару, а мы з бацькам — нічога.

 

Скончыў школу з сярэбраным медалём, марыў быць лётчыкам, як мой дзядзька Рыгор, што ваяваў з фашыстамі. Бацька запярэчыў: «Не, сынку, табе трэба вучыцца на доктара, якога ўсе паважаюць». На той час мая старэйшая сястра ўжо працавала акушэркай, і я падаўся ў Мінскі медыцынскі інстытут.

 

Цяжка было вучыцца?

 

У медыцынскіх ВНУ заўжды вучыцца няпроста. Складанасць была яшчэ і ў тым, што я, сялянскі хлопец, жыў у вёсцы і займаўся ў школе з беларускай мовай навучання. У такім становішчы быў яшчэ адзін мой аднакурснік, астатнія трыццаць — гарадскія. І калі я, прыкладам, казаў «рабы» замест «рябой», аднакурснікі смяяліся. Спачатку перажываў, а потым пачаў актыўна чытаць творы рускіх класікаў, хадзіў на мастацкія выставы, у кіно…с однокурсникомРазам з аднагрупнікам, будучым акадэмікам Ігарам Валатоўскім. 1958 год. Фота з архiва В. Вадаевiча

 

Спачатку вы загадвалі ўчастковай бальніцай у Жыровічах Слонімскага раёна, паводле сучаснай класіфікацыі — былі ўрачом агульнай практыкі. Як вам успамінаецца гэты час?

 

Гэта быў 1962 год. Трапіў у Жыровічы па размеркаванні, без клінічнай практыкі: інтэрнатуры тады не было. Дзесяць тысяч насельніцтва. Абслугоўвалі семінарыю, манастыр. Бальніца была разлічана на 15 коек.

 

Прыехаў у канцы верасня, а тут людзей процьма, чалавек 25: хто ў палаце, хто на калідоры. Урача накiравалi вучыцца ў Мінск, у аспірантуру. Застаўся толькі фельчар. Ён цяжка ўздыхнуў і кажа: «Відаць, не справімся і да новага года, бульбу ўсе выкапалі, а цяпер хочуць дружна лячыцца».

 

Раней шпіталізавалі не на 10–12 дзён, пацыенты маглі знаходзіцца ў бальніцы месяцамі. І раптам прывозяць паміраючага: ацёкі, адышка… Я пачаў праводзіць рэанімацыю, як нас вучылі на лекцыях: трэба было пакласці пацыента на падлогу, рукі і ногі на жывот. Чалавек не дыхае, а мы з санітаркай яго качаем… Ажыўляем. І ўсё гэта на вачах у пацыентаў. А назаўтра прыходжу на абход, дзядуля просіць, каб яго выпісалі, а за ім і іншыя. «Не, кажуць, няма чаго нам тут рабіць. Гэты доктар не дасць нам спакойна памерці…»

 

У бальніцы было тры койкі для радзільніц. І там на мяне спачатку глядзелі скептычна: маўляў, такі малы ростам, ці справіцца… Тады кесарава сячэння не рабілі. Калі цяжарная не магла разрадзіцца, бралі прасціну і рукамі літаральна выціскалі плод. Было, вядома, шмат разрываў мяккіх тканак, якія потым даводзілася зашываць. Я прыехаў без вопыту і роды ніколі самастойна не прымаў. Ратавала тое, што акушэрка была вопытная, і я шмат чаму ў яе навучыўся. Аднойчы яна мяне будзіць ноччу і кажа, што немаўля нарадзілася і плацэнта выйшла, але не цалкам: кавалачак застаўся. Трэба было яго ўручную дастаць. Гэтага я таксама ніколі не рабіў. Папытаўся ў акушэркі, як гэта робіцца, але найперш пацікавіўся, як трэба мыць рукі, бо тады не было ні аднаразовых пальчатак, ні аднаразовых шпрыцоў… У інстытуце нас вучылі мыць рукі па нейкай мудрагелістай аўтарскай методыцы: не меней як 15 хвілін…

 

У Жыровічах жыў у пакойчыку пры бальніцы. Акрамя мяне былі яшчэ два Васі — конь і кот. З канем Васем мы ездзілі на выклікі, а кот Вася чакаў нас дома. Пазней я купіў сабе матацыкл. Пасля трох гадоў работы ў Жыровічах у снежні 1965 года я паступіў у клінічную ардынатуру па тэрапіі на кафедру факультэцкай тэрапіі ГрДМІ.

 

Васіль Пятровіч, што, на ваш погляд, трэба для таго, каб стаць добрым урачом агульнай практыкі?

 

Пры падрыхтоўцы ўрачоў агульнай практыкі неабходна паглыблена вывучаць прапедыўтыку ўнутраных хвароб. Важна, каб доктар умеў правільна і хутка ставіць папярэдні дыягназ, не захапляючыся без патрэбы шматлікімі аналізамі, даследваннямі УГД, КТ і МРТ. А для гэтага трэба вельмі дакладна сабраць анамнез. Важна, каб паміж урачом і пацыентам былі давер і павага. Я прааналізаваў больш як 50 клінічных выпадкаў з урачэбнай практыкі, дзе былі дапушчаны памылкі ў дыягностыцы паталогіі ўнутраных органаў. У пераважнай большасці выпадкаў гэта адбылося з-за павярхоўна сабранага анамнеза і недаацэнкі фізікальных метадаў даследвання, асабліва аўскультацыі.

 

Успамінаю выпадак з практыкі: жанчына лячыла парушэнне сардэчнага рытму аміядаронам і кардаронам, якія маюць пабочныя ўласцівасці. Доктар не ўлічыў гэтую акалічнасць. Неўзабаве выставілі памылковы дыягназ — запаленне лёгкіх. Прапісалі антыбіётыкі. А жанчыне ўсё горш. Я пачаў аналізаваць. Прачытаў у навуковай літаратуры, што ў 5 % выпадкаў гэтыя прэпараты даюць ускладненне на лёгкія…

 

Яшчэ ў 1980-я гады вы авалодалі нетрадыцыйнымі метадамі лячэння: ігларэфлексатэрапіяй, карэкцыяй біяполя…

 

Пасля ардынатуры застаўся працаваць асістэнтам на кафедры факультэцкай тэрапіі. У 1970 годзе абараніў кадыдатскую дысертацыю пра ўплыў некаторых вітамінаў групы В на пацыентаў з артэрыяльнай гіпертэнзіяй і атэрасклерозам. Курыраваў палаты і працаваў са студэнтамі. У працэсе лячэбнай работы часта сустракаў пацыентаў з псіхасаматычнымі захворваннямі. Пры іх лячэнні неабходна ўздзейнічаць не толькі на хворы орган, але і на цэнтральную і вегетатыўную нервовую сістэму, на эндакрынныя органы. Псіхолагаў і псіхатэрапеўтаў тады не было, на прыём да псіхіятра ісці баяліся. А таму давялося прайсці падрыхтоўку ў Беларускім інстытуце ўдасканалення ўрачоў — па эндакрыналогіі, у Казані — па іголкарэфлексатэрапіі, ва Украінскай асацыяцыі нетрадыцыйнай і народнай медыцыны ў Данецку — па псіхабіяэнергатэрапіі і псіхатэрапіі ў саматычнай медыцыне.

 

Метад іголкарэфлексатэрапіі актыўна выкарыстоўваю і сёння. Ён дае добры эфект, асабліва пры лячэнні хвароб пазваночніка. Калі раптам прывозяць на насілках скручанага ад болю пацыента, раблю блакаду ў біялагічна актыўныя кропкі — і вельмі хутка ён ажывае, усміхаецца… Практыкаваў спачатку іголкі, а потым — гіпноз. Таксама эфектыўна.со студентамиСа студэнтамi ГрДМI. 1973 год. Фота з архiва В. Вадаевiча

 

Як ставіцеся да гірудатэрапіі?

 

Нармальна. Толькі раю, каб п’яўкі ставілі не хаатычна па целе, а менавіта на біялагічна актыўныя кропкі. Тады эфект будзе большы. Праўда, сам я імі грэбую: дужа несімпатычныя істоты.

 

Васіль Пятровіч, ведаем, што ваша доктарская дысертацыя мела назву «Вітамінакарэкцыя стрэсаў у клініцы ўнутраных хвароб». Якое ваша асабістае стаўленне да вітамінаў?

 

Станоўчае. Хаця для мяне найлепшыя вітаміны — пазітыўны настрой і гумар. А на стале — спрадвечны сялянскі пачастунак: шматок сала, квашаная капуста ды цыбуля.

 

 

З вуснаў калег

 

Таццяна Вінаградава,  дацэнт 2-й кафедры ўнутраных хвароб ГрДМУ, кандыдат мед. навук:

 

«Амаль дваццаць гадоў таму я прыйшла ў аспірантуру на кафедру факультэцкай тэрапіі, дзе ўпершыню сустрэлася з Васілём Пятровічам. Тады я займалася яшчэ і клінічнай работай: вяла пацыентаў у тэрапеўтычным аддзяленні, якое курыраваў Васіль Вадаевіч. Мы заўсёды абмяркоўвалі цяжкіх пацыентаў, запрашалі спецыялістаў сумежных спецыяльнасцей. Васіль Пятровіч вывучаў навуковую медыцынскую літаратуру, каб разабрацца ў няпростай дыягнастычнай сітуацыі і ўрэшце прыйсці да правільнай высновы. Не баяўся прыняць смелае рашэнне і несці за яго адказнасць.

 

Гэтыя якасці выклікалі давер і павагу ў пацыентаў і калег. Я вельмі ўдзячна Васілю Пятровічу за бясцэнны клінічны вопыт, чалавечнасць. Пакуль я вучылася ў аспірантуры, у мяне нарадзілася яшчэ адно дзіцятка і я не ўяўляла, як скончу работу над кандыдацкай дысертацыяй з двума малымі дзецьмі. Дзякуючы падтрымцы майго навуковага кіраўніка Васіля Пятровіча Вадаевіча ў мяне ўсё атрымалася. З ім раімся па сёння і ў прафесійных справах, і ў жыццёвых».

 

Зоя Лемяшэўская, дацэнт 2-й кафедры ўнутраных хвароб ГрДМУ, кандыдат мед. навук:

 

«Васіль Пятровіч — узор урача-клініцыста з нестандартным мысленнем, дзякуючы якому нават у самых няпростых абставінах, калі дыягназ не маглі выставіць «дзесяць кансіліумаў», ён яго абавязкова адшукае. Пры гэтым дэманструе вельмі тонкую прафесійную інтуіцыю і глыбокія веды, якія прымушаюць з іншага боку зірнуць на сітуацыю, зрабіць іншыя абследванні і знайсці тое рашэнне, што дапаможа пацыенту.

 

Васіль Пятровіч — выдатны псіхолаг: нават пра непрыемнае ён можа сказаць вельмі далікатна, не параніць чалавека. А яшчэ ён жыццялюб з цудоўным пачуццём гумару. З такімі людзьмі заўсёды хораша побач».