Фота з архіва А. Косцінай.

Медыцынская сястра траўматалагічнага аддзялення Касцюковіцкай ЦРБ Алена Косціна на працы засярожданая, настойлівая і спагадлівая, а дома — пяшчотная і ўражлівая. Шчаслівай яе робіць здароўе блізкіх, а крылы за спінай умацоўваюць заняткі спортам.

 

Добра пацыенту — хораша медсястры

 

Колькі сябе памятае, Алена Косціна клапацілася пра жывёл, шкадавала іх. У дзіцячыя гады часта праводзіла лета ў вёсцы з бабуляй. Мяккасць і душэўная цеплыня праявіліся ў дзяўчынкі на ўлонні прыроды, побач са шчырымі і працавітымі людзьмі. У гэты ж час з'явілася пакліканне да медыцыны. Праўда, адбылося гэта не ў рэальным жыцці, а праз экран тэлевізара. Матулі падабаліся фільмы пра Вялікую Айчынную вайну, і дачка таксама не прапускала такія кінасеансы. Асабліва прыцягвалі моманты, дзе медыкі перавязвалі і аперыравалі параненых. Дзяўчынка ўсвядоміла, што хоча дапамагаць людзям. Узмацнялі жаданне і назіранні за медыкамі мясцовай паліклінікі. Прыходзячы на камісію, Алена бачыла, як дактары дапамагалі пацыентам, чула гісторыі людзей, якіх выратавалі, натхнялася іх словамі ўдзячнасці.

 

Захапленне школьніцы падтрымалі бацькі: «Вырашыла — дзейнічай». Яны дакладна ведалі: дачка павінна самастойна зрабіць выбар і несці за яго адказнасць. Неўзабаве Алена стала навучэнкай Аршанскага медкаледжа по спецыяльнасці «Сястрынская справа». Пасля выпуску ў 2013 годзе размеркавалася паставой медсястрой у траўматалагічнае аддзяленне Касцюковіцкай ЦРБ.

 

На працу малады спецыяліст вырашыла прыйсці на некалькі тыдняў раней: хацелася пастажыравацца і на самастойных дзяжурствах адчуваць сябе больш упэўнена.

 

Другая змена стала баявым хрышчэннем. Сярод пацыентаў апынуўся мужчына з сур'ёзнай траўмай галавы. Баючыся надоўга пакідаць яго без нагляду, медсястра заходзіла да яго праз кожныя паўгадзіны. Пацыент хутка ачуняў, але хваляванне за яго жыццё запомнілася назаўсёды.

 

— Было вельмі страшна, таму што я самастойна адказвала за здароўе людзей. Калегі, як маглі, дапамагалі мне асвойвацца на першых дзяжурствах, заставаліся даўжэй, каб нешта мне падказаць. Так, паступова, за некалькі месяцаў увайшла ў патрэбную каляіну, — дзеліцца суразмоўца. — З часам перажываць не перастала. Трывога крыху прытупілася, але цалкам не сышла. Заўсёды памятаю пра цяжкіх пацыентаў. Бывае, ужо іду дадому, а не перастаю думаць пра чалавека. Тады тэлефаную калегам, даведваюся пра яго стан…

 

Алена Косціна ўпэўнена, што прадстаўніку яе прафесіі патрэбна быць эмпатычным, актыўным, стрэсаўстойлівым і ўважлівым. А яшчэ — умець выслухаць і пры неабходнасці знайсці суцяшальныя словы.

 

— Здараецца, пацыент ляжыць у нас у аддзяленні, яму патэлефануюць з дома, растурбуюць. Чалавек хвалюецца, месца сабе не знаходзіць. Тады падыходзім да яго, гаворым, што ўсё нала-дзіцца. Варта толькі не забываць пра здароўе. Пацыент выдыхае, усміхаеццца. А калі яму становіцца лепей, то і нам добра, — дзеліцца Алена.

 

Хобі, якое аб'ядноўвае

 

Інтарэс Алены Косцінай да спорта таксама бярэ пачатак у дзіцячых гульнях. Кампанія трох братоў і сястры, з якімі яна часта бавіла час на свежым паветры, відаць, паўплывала на тое, што ў 6-м класе дзяўчынка запісалася на секцыю па футболе. Разам з аднакласніцамі нават прадстаўляла раён на спаборніцтвах у Мінску. Тады ж цікавасць да гэтага віду спорта перарасла ў заняткі бегам.

 

Да шматбор'я медык далучылася ў 2015 годзе. Аднойчы яна трапіла на заняткі па скалалазанні да трэнера Мікалая Cтарадуба: ён арганізоваў паласу перашкод і вучыў дзяцей і дарослых праходзіць выпрабаванні. Мікалая Віктаравіча Алена лічыць сваім настаўнікам у тэхніцы пешаходнага турызму, які натхніў яе займаццца спортам на больш высокім узроўні.

 

У тым жа годзе спартсменка выступала на абласным турзлёце прафсаюзных работнікаў аховы здароўя. Там каманда заваявала першае месца ў дысцыпліне «Тэхніка пешаходнага турызму», што дазволіла медыкам паехаць на рэспубліканскія міжгаліновыя прафсаюзныя спаборніцтвы. Адразу ўзнагарод заваяваць не ўдалося, але ўжо праз год на гэтых жа іспытах зборная стала другой. З таго часу ў скарбонцы гераіні з’явілася нямала раённых, абласных і рэспубліканскіх медалёў у камандным і асабістым заліку. Таксама нядаўна Алена атрымала нагрудны залаты знак ГТА Дзяржаўнага фізкультурна-аздараўленчага комплекса Рэспублікі Беларусь, здаўшы патрэбныя нарматывы.

 

— Дзякуючы шматбор'ю спартсмены могуць развівацца ў розных напрамках. І тут вельмі дапагаюць мясцовая і абласная арганізацыі галіновага прафсаюза. Заўсёды можна звярнуцца па дапамогу і ведаць, што тваё пытанне будзе вырашана, — кажа медыцынская сястра.

 

Самымі важнымі для сябе спаборніцтвамі Алена Косціна называе тэхніку пешаходнага турызму на Рэспубліканскім міжгаліновым злёце прафсаюзаў Беларусі. Там адказнасць узрастала ўдвая, паколькі даводзілася прадстаўляць не толькі бальніцу, але і спартыўныя дасягненні медыкаў краіны.

 

Медсястра расказвае, што вялікая падтрымка для яе — калегі. Дзякуючы ім Алена імкнецца паказаць найлепшы вынік. Таксама здараецца, што пра спаборніцтвы даведваюцца пацыенты. І пасля заканчэння падыходзяць да Алены з добрымі словамі: «Як вы? Напэўна, занялі першае месца? Мы перажывалі». Таксама апору медык знаходзіць у камандзе. У зборнай нават з'явіўся свой рытуал: перад спаборніцтвамі ўсе бяруцца за рукі, настройваюцца і толькі пасля гэтага выходзяць на старт.

 

Алена Косціна трэніруецца штодзень па паўтары гадзіны. Адна частка заняткаў адводзіцца лыжаролерам, другая — бегу і веласіпеду. Дарэчы, спортам захапляецца не толькі Алена, але і яе сям'я. Муж і сын — заўзятыя аматары футбола.

 

Спорт — мая аддушына, мой спосаб адпачынку. Нават стомленая імкнуся зрабіць хатнія справы і бягу на трэніроўку. Такая дысцыплінаванасць вучыць у паўсядзённым жыцці хутка прымаць рашэнні, арыентавацца ў экстрэмальных сітуацыях. А ў медыцыне, як і ў спорце, вядома, мае сэнс кожная хвіліна.

 

— І ўвогуле лічу, што спорт выратоўвае чалавека, — кажа Алена Косціна. Пасля трэніровак я заўсёды поўная сіл. А праблемы, якія хвалявалі да гэтага, забываюцца. І кожны раз на змену ты вяртаешся з усмешкай.

 

На практыцы гераіня неаднойчы пераконвалася, што часам стан чалавека паляпшае ўвага доктара да яго праблем ды пачуццяў.