Дзень 17 верасня 1939 года ён сустрэў у мястэчку Лужкі (націск у той час яшчэ падаў на першы склад) з чырвонай стужкай на грудзях і, абвясціўшы сябе доўгачаканай савецкай уладай, патэлефанаваў у казармы 5-га батальёна КАП — корпуса аховы памежжа — з патрабаваннем безагаворачнай капітуляцыі.
З усіх бакоў незвычайны
На мяжы 1920–1930-х гадоў на Дзісеншчыне з’явіўся незвычайны ўрач: гаварыў не па-польску, як калегі, а па-беларуску, на зварот «пан» крыўдаваў, радзіў сваім пацыентам не звысоку і не па-доктарску, а як роўны роўнаму, па-сяброўску, браў за лячэнне смешныя грошы, хаця сам насіў стаптаныя чаравікі, ды меў панібрацкую звычку здалёк махаць знаёмым рукой, усміхаючыся ад вуха да вуха.
Нейкімі незвычайнымі метадамі ён вылечваў тых, хто лічыўся ўжо безнадзейным, і не дзіўна, што неўзабаве яго пачалі называць чараўніком і знахарам, што было даволі экзатычна, калі ўлічваць медыцынскую адукацыю і нядаўнюю працу на кафедры ва ўніверсітэце Стэфана Баторыя ў Вільні, адкуль яго выгналі роўна за тое самае, за што тут, на Дзісеншчыне, «панкі і ўрадаўцы» іранічна называлі камуністам і цудатворцам. Зрэшты, з тымі, хто яго так называў, ён у адказ таксама не цырымоніўся, абыходзіўся на свой лад — строіў ім такія жарцікі, пра якія ў гэтай мясцовасці памяталі дзесяцігоддзі і яшчэ ўнукам расказвалі.
Іншымі словамі, чалавек ён быў з усіх бакоў незвычайны. Высокі і грузны сялянскі хлопец з наіўным дзіцячым тварам і светлымі кучаравымі валасамі ў 1925-м скончыў Навагрудскую гімназію, паступіў на медыцынскі факультэт згаданага ўжо ўніверсітэта і з трэцяга курса пачаў там падпрацоўваць. Калі б не выбрыкі гісторыі, імя яго магло б трапіць на яе скрыжалі. І хто ведае — мо і праўда менавіта з яго спісаў свайго прафесара-знахара Рафала Вільчура Тадэвуш Даленга-Мастовіч.
Імя гэтага незвычайнага доктара — Усевалад Шыран. Я раскажу вам яго гісторыю так, як расказаў яе мне сын таго, хто, атрымаўшы дыплом урача акурат у 1939-м, прыехаў у Лужкі з гэтым доктарам працаваць.
Як належыць выходжваць пацыентаў пасля аперацый
Георгій Майсяёнак, бацька члена-карэспандэнта НАН Беларусі, доктара медыцынскіх навук, прафесара Андрэя Майсяёнка, у пачатку восені 1939-га быў без пяці хвілін урачом — яму заставалася здаць два экзамены і атрымаць дыплом. З гэтай мэтай ён пасля канікул і паехаў у Вільню.
— Тата мой, прыязджаючы на канікулы да свайго бацькі ў Галубічы, адкуль да Лужак рукой падаць, канечне быў наслухаўшыся пра тое, што працуе тут такі незвычайны ўрач. Мог, зрэшты, чуць пра яго і ва ўніверсітэце, у якім вучыўся з 1933-га. Шыран тады ўжо не працаваў там, але тым не менш…
Калі слава пра яго тут хадзіла, то хадзіла яна і там. А слава пра яго была, мякка кажучы, легендарная. Цікава, што ў гэты ж час круцяць знятыя адзін за адным, у 1938-м і 1939-м, фільмы «Знахар» і «Прафесар Вільчур», і тата, іх гледзячы, лёгка распазнае на экране антуражы Глыбоччыны, аднолькава роднай яму і аўтару сцэнарыяў Тадэвушу Даленгу-Мастовічу. Тата быў вельмі дакладны ў сваіх успамінах, на кожным драбочку рабіў акцэнт. Звярнуў ён маю ўвагу на тое, што і аперацыі, якія паказаны ў кіно, робяцца ў сельскай хаце, а гэта акурат практыка Усевалада Шырана.
Ён тады прапаведаваў такі прынцып, ад якога адмовіўся пасля 17 верасня 1939-га: ніякіх клінік, ніякіх стацыянараў. Доктар Шыран з назіранняў зрабіў выснову, што варта толькі пацыенту трапіць у шпіталь ці бальнічку, як пачынаюцца ўскладненні. Ён прапагандаваў лячэнне ў прыватным доме — каб хвораму здымалі асобны пакойчык і каб даглядаў яго там сваяк. Так паводле Шырана належала выходжваць пацыентаў пасля аперацый. А аперыраваў ён вельмі часта. Гэта з яго падачы, асісціруючы яму, мой тата стаў першакласным хірургам.
Дыплом як дыплом
— Дык вось 1939-ы, восень. Тата здае экзамены і становіцца сведкам трыумфа: беларускія калоны на вуліцах Вільні, сталіцы Заходняй Беларусі! А неўзабаве накрыла іншая навіна: Вільня — не беларуская! Мяжа закрываецца, і мой тата, маючы свежавыпісаны дыплом урача, не ведае, што рабіць. Дома, у Беларусі, яго чакаюць нявеста і бацька, а ён, вобразна кажучы, заснуўшы ў Беларусі, прачнуўся ў Літве. Ён уладкоўваецца працаваць у шпіталь святога Якуба пры манастыры і падае дакументы на эміграцыйную візу, як яму раіць пасольства СССР у Каунасе. Толькі ў канцы студзеня 1940-га з Вільні выходзіць цягнік з такімі, як ён, эмігрантамі. На мяжы ім даюць па кавалку хлеба і каўбасы — і, не давёзшы да станцыі Маладзечна, выпускаюць у чыстым полі.
І тата, шчаслівы, дрыпае пешкі праз Вілейку і Будслаў дадому, у Галубічы. У пачатку лютага ён накіроўваецца ў райздраў, каб уладкавацца на працу. Заходзіць у кабінет да начальніка — і бачыць там Шырана! Тата, помню, сказаў, што пазнаў яго сходу. Значыць, раней усё ж недзе перасякаліся.
Шыран яму: «Паказвай дыплом». Тата паказвае. «Ну, дыплом як дыплом, — гаворыць Шыран. — А бацька ў цябе хто?» Тата адказвае: «Ён у мяне свяшчэннік». «І яшчэ служыць?» — пытае Шыран. Трэба разумець, што ён быў настроены па-савецку і, канечне, атэістычна. «Так, служыць», — адказвае тата. «Ну, гэта неістотна, — гаворыць Шыран. — Калі ты на платформе савецкай улады гатоў паслужыць працоўнаму люду…» Тата адказвае, што гатовы. «Такім чынам, — гаворыць яму Шыран, — месца працы — Лужкі, раённая бальніца Плісскага раёна. Савецкая ўлада прызначыла мяне там галоўным, бяру цябе да сябе». Так тата пачаў працаваць у Лужках, дзе з урачоў былі яшчэ сам Шыран і яго жонка Смольская.
Урок бацькі-доктара
На генеалагічным сайце знаходзіцца інфармацыя пра Браніславу Смольскую, якая каля 1930 года выйшла замуж за Усевалада Шырана. Яна з 1902-га — на 4 гады старэйшая за яго.
Браніслава СмольскаяУраджэнец і жыхар Лужак Васіль Стома-Сініца, які выехаў з Беларусі пасля Другой сусветнай вайны і напісаў поўныя каларыту ўспаміны «Маё мястэчка», прысвяціў доктару Шырану і яго сям’і два дзясяткі цікавых старонак. Толькі з іх цяпер можна ведаць, як гэтыя ўрачы гадавалі і выхоўвалі сына. «Кожнага дня амаль з першых тыдняў ад ягонага нараджэння вазок з дзіцём можна было бачыць на панадворку іх дому. I то не зважаючы на пагоду. Хіба ўжо ліў заліўны дождж або бушавала завея, тады вазок забіралі ў хату», — піша лужкавец.
А вось што было, калі доктару сказалі, што яго падшыванец спрабуе курыць: «Паклікаўшы яго ў пакой, бацька запытаў, ці гэта праўда. Тэй не запярэчыў, бо быў прывучаны казаць заўсёды толькі праўду. Тады бацька даў яму грошы і загадаў купіць пачак папяросаў. Калі тэй вярнуўся з папяросамі, бацька загадаў яму закурыць». Пасля некалькіх зацяжак хлопец сказаў, што яму ўжо досыць, але бацька загадаў не спыняцца, курыць далей. І так сын курыў аж да рвоты, пасля чаго бацька даў яму нейкі лек і адпусціў гуляць, нават не забраўшы папяросы. З таго часу доктараў сын, калі бачыў, што нехта з яго сяброў курыць, вырываў з зубоў папяросу, кідаў на зямлю і злосна таптаў.
Лісты з Масквы
З прыходам у Заходнюю Беларусь савецкай улады ў распараджэнні Шырана і Смольскай аказваецца палац графа Зіберг-Плятэра ў Гарадцы.
— І яны разгортваюць там самую сапраўдную клінічную базу, — працягвае расказваць Андрэй Майсяёнак. — Сто коек! Уявіце сабе! Усе аддзяленні, усё як мае быць: і хірургія, і тэрапія, і інфекцыйнае, і нават, сённяшняй мовай гаворачы, афтальмалагічны цэнтр. Такі неверагодны гэта быў чалавек, не проста вясковы ўрач, а даследчык, вучоны, нягледзячы ні на што.

Сядзіба графа Зіберг-Плятэра, дзе ў 1939 годзе доктар Шыран разгарнуў бальніцу.
Бацька майго суразмоўцы расказваў: нехта з Лужак паехаў у віленскую клініку рабіць аперацыю на вачах, а яму там вопытны доктар, мясцовы свяціла, гаворыць: «Чаго вы прыехалі? У вас жа там у Лужках ёсць Шыран».
Чытаю копіі дакументаў, прысланыя прафесарам Майсяёнкам у працяг нашай размовы. Абодва — лісты з Масквы на афіцыйных бланках. Першы — адказ доктару Шырану з рэдакцыі газеты «Медицинский работник», датаваны 10 ліпеня 1940 года, падпісаны загадчыкам аддзела навукі прафесарам Эдэльштэйнам: «Ваша корреспонденция о лечении гипертрофии предстательной железы направлена на заключение проф. Эпштейна (Б. Пироговская 2/6 Урологич. клиника). Второе Ваше сообщение направлено в институт офтальмологии». Другі дакумент — адказ на згаданае другое паведамленне, дадзены на бланку Цэтральнага навукова-даследчага і клінічнага інстытута афтальмалогіі імя Гельмгольтца: «Центральный Институт Офтальмологии им. Гельмгольтца сообщает, что ответ на Ваше предложение «Лечение некоторых инфильтратов роговицы глаза» задерживается ввиду того, что председатель и некоторые члены Экспертной Комиссии Института в настоящее время находятся в отпуске». Дата — 15 жніўня 1940 года.

Адказ з газеты «Медицинский работник».
Доктар Шыран выпісваў айчынную і замежную навуковую літаратуру, адсочваў медыцынскія навіны і сам, маючы лабараторыю з паддоследнымі жывёламі, дасягаў пэўных вынікаў у даследаваннях і паведамляў пра іх у навуковую прэсу.
Паддоследныя жывёлы доктара Шырана згадваюцца ў Васіля Стомы-Сініцы: «Аднаго разу яму спатрэбілася некалькі катоў для даследчай лабараторыі, у якой перад гэтым ужо былі трусы, марскія свінкі і белыя мышы. Дык вось ён агаласіў пацыентам, што будзе плаціць па пяць злотых за здаровага і добра адкормленага ката. Хіба не трэба мець вялікай фантазіі, каб уявіць сабе, што дзеялася на нашай вуліцы некалькі наступных дзён!»
— Бацька расказваў, што доктар Шыран выпрабоўваў методыкі папулярнай у той час лактатэрапіі як спосаба стымуляцыі імунапратэкцыі. Верагодна, на лактатэрапіі грунтавалася яго прапанова па лячэнні прастаты. А афтальмалагічным вопытам доктар Шыран дзяліўся і з калегамі ў Мінску, куды ездзіў дакладаць пра свае поспехі. Знахарам жа яго нават жонка ў сваіх успамінах назвала. На гэта былі падставы.
Непадуладнае ўрачу
— Мой тата быў сведкам такіх выпадкаў у практыцы Шырана, якія непадуладныя звычайнаму доктару. Ён мне іх расказваў, калі ўжо я быў студэнтам. Найперш заўважу, што ў Шырана была надзвычайная хірургічная тэхніка: нічога не кранаць і не рабіць пальцамі — толькі інструментамі. І настолькі добра ён ведаў тапаграфічную анатомію — а ў Вільні на кафедры ён да выгнання акурат яе выкладаў, — што разрэзы ў яго амаль не крывавілі.
І вось выпадкі, якія тата дакладна запомніў, бо асабіста пры іх прысутнічаў.
Прывозяць жанчыну ў родах. Бязводны перыяд, выпадзенне ручкі, разрадзіцца не можа. Сітуацыя, якая ў той час магла скончыцца толькі плодаразбуральнай аперацыяй. А Шыран сваёй маленькай рукой з прыгожымі тонкамі пальцамі робіць паварот плода на ножку. Пры «сухой матцы»! І нараджаецца здаровае дзіця. Гінеколагі, якія гэту гісторыю чуюць, гавораць, што так не бывае. Але ж было! Тата ў сваіх успамінах педант. Ён расказваў, якія вузенькія далонькі былі ў доктара Шырана. Галава вялікая — як тата сказаў, двайны лоб, відаць, што разумны, — а ручкі маленькія.
Яшчэ адзін вельмі цікавы вынік, у які таксама не верыцца. Пацыентку прывезлі з вялікай флегмонай на назе. Што зрабіў бы на месцы Шырана іншы хірург? Неадкладную аперацыю, каб як мага хутчэй ліквідаваць гнойны ачаг. Шыран жа дзейнічае ў межах сваёй інтуіцыі. Ён бярэ на аналіз кроў — і нечакана выяўляе паніжаны ўзровень лейкацытаў. Ставіць пацыентцы дыягназ «лейкоз», а флегмону аперыраваць не спяшаецца — разглядае яе як фактар, які павінен стымуляваць вытворчасць лейкацытаў. У выніку жанчына была выратавана ад лейкозу. Як вам такое? Цуд!
Рэцэпт алоўкам на вушаку
Перш чым перайсці да сумнага фіналу жыцця доктара Шырана, варта прывесці ў дадатак да яго партрэта, прафесійнага і чалавечага, яшчэ бадай адну гісторыю, каб тым самым падоўжыць яго жыццё хаця б тут, у артыкуле.
«Аднэй начы, — піша аўтар «Майго мястэчка», — паліцыя арыштавала яго, даслоўна выцягнуўшы з пасцелі. Не дазволілі нават як след апрануцца і зашнураваць чаравікаў. Калі ён папрасіў дазволу напісаць рэцэпт на ўколы для маёй сястры, якой у тэй час было пагоршала, дык яму нават не дазволілі сесці за стол, каб гэта зрабіць. Тады ён падышоў да дзвярэй, паданым гаспадыняй алавіком напісаў на вушаку гэты рэцэпт і сказаў ёй, каб перадала аб гэтым камусь з нас, г. зн. маёй маці ці мне. Праз якойсь паўгадзіны ягоная гаспадыня была ўжо ў нас, а мы папрасілі аптэкара Вайнбэрга, каб прыйшоў на месца і прачытаў рэцэпт, што тэй і зрабіў».
Тым часам жыхары Лужак і ваколіц склалі петыцыю да судовых уладаў, у якой сцвярджалася, што доктар Шыран — ахвяра інтрыг несумленных людзей. У дакуменце, пад якім падпісалася 500 чалавек, выказвалася просьба аб вызваленні доктара з турмы хаця б да суда — «каб ён мог апекавацца некалькімі напраўду цяжка хворымі пацыентамі». Петыцыя дапамагла ці не, але праз некаторы час доктара выпусцілі. «Прыехаўшы назад у Лужкі, — працягвае Стома-Сініца, — ён адразу з аўтобуса прыбег у нашу хату і, агледзеўшы хворую, сказаў, што страчана шмат часу, але не трэба губляць надзеі. Праз пapy тыдняў ёй і ўзапраўды палягчэла, яна пачала памалу прыходзіць да здароўя і хутка выздаравела зусім».
Ёсць яшчэ два цікавыя факты, якія дадаюць гэтай асобе аб’ёму: Усевалад Шыран пісаў вершы і спрабаваў выдаваць часопіс. Максім Танк пісаў Андрэю Майсяёнку: «Пазнаёміў мяне з ім адзін з кіраўнікоў камуністычнага падполля вясной 1932 года. Шыран тады збіраўся выдаваць «Часопіс для ўсіх».
У ім змяшчаліся і мае апавяданні і вершы. Часопіс быў адразу зліквідаваны польскай цэнзурай».
Калі наляцелі нямецкія самалёты
Перад пачаткам Вялікай Айчыннай вайны ў доктара Шырана здарыўся канфлікт з кіраўніком райздрава. Жонка гэтага кіраўніка працавала ў бальніцы ў Плісе і нібыта мела дыплом урача, але доктар Шыран западозрыў, што ніякі яна не ўрач.
— Некага яна загубіла, і Шыран на яе накінуўся: як так? Былі і іншыя выпадкі, калі ўжо сам кіраўнік райздрава паводзіў сябе несумленна. Але ж ён начальнік, ды і ў райкаме партыі нейкую пасаду займаў. І стаў ён Шырана прыціскаць. А калі прыйшоў дзень 22 чэрвеня 1941 года, гэтага кіраўніка прызначылі ваенным камісарам. Пачалася мабілізацыя, Шыран атрымаў павестку, але па прыбыцці ў ваенкамат у Глыбокім быў нечакана схоплены і кінуты ў турму ў Беразвеччы. Праз 3 ці 4 дні, следства яшчэ не было, пад наступам нямецкіх захопнікаў арыштантаў пачалі эвакуіраваць. Мой дзед-свяшчэннік быў сведкам таго, як іх гналі міма Галубіцкай царквы, дзе ён служыў. Разам з доктарам Шыранам у калоне ішоў і ўрач па прозвішчы Гушча. Людзі прасілі аддаць ім іх ратавальнікаў, але дзе там… Калі наляцелі нямецкія самалёты, начальнік канвоя, баючыся, што арыштанты разбягуцца, аддаў загад іх расстраляць. Пазней яго таксама расстралялі — за самавольства. Загад быў незаконны, а людзі, якія ішлі ў калоне, былі яшчэ не асуджаныя…
Доктару Усеваладу Шырану было 35 гадоў.
«Так загінуў патрыёт свайго народу, слынны лекар і нязвыклы чалавек», — завяршае главу пра яго Васіль Стома-Сініца. Паводле інфармацыі на генеалагічным сайце Браніслава Смольская памерла ў 1986-м. Пра лёс сына не вядома нічога.
Фота прадастаўлены аўтарам.