Для сваёй эпохі яна відавочна звычайная. Але, аднойчы ўбачаная, успамінаецца зноў і зноў. І ўжо разважаеш: каму належала, хто выразаў фантазійныя кветкі на яе дзверцах, што за імі змяшчалася, каго ад чаго ратавала?.. Так пакрысе невялічкая аптэчная шафка ў экспазіцыі музея «Паляўнічы домік» у Гомелі абудзіла ўва мне цікаўнасць да тэмы сядзібных аптэчак, якую было ўжо не ўтаймаваць. Дзялюся даследаваннем...
Распараджэнне «Аб дамашніх аптэчках і падручных сродках» ад 1844 года стала ў пэўным сэнсе ўнікальным у нашай гісторыі прававым актам, які рэгламентаваў парадак уладкавання аптэчак у дамах, іх напаўнення і карыстання імі. Пазней адзін за адным пачалі выходзіць аб’ёмныя сачыненні, якія сухую літару закона ўцелаўлялі ў сотнях старонак жывога маляўнічага слова, фігуральна і вобразна раскладаючы па палічках усё, што хоць неяк датычылася дамашніх аптэчак: і як яны павінны выглядаць, і якія функцыі на іх ускладаюцца, і чым іх належыць запоўніць, і як гэта мусіць захоўвацца, і як гэтым карыстацца, і каму над усім валадарыць. Адны з такіх кніг пісаліся ўрачамі і найчасцей таксама называліся аптэчкамі. Вядомыя, да прыкладу, «Дамашняя аптэчка прафесара Нусбаума» — папулярны падручнік гігіены і адначасова «кароткі даведнік для асоб, аддаленых ад доктара», «Дамашняя аптэчка доктара Стумера» — «вопіс, далучаны да скрыначкі з лекамі», «Аптэчка для сядзібы і сельскіх жыхароў» доктара Сахацкага — найпадрабязнейшае тлумачэнне, як, калі і які сродак можа быць ужыты, як даглядаць хворых і якім чынам аказваць дапамогу «ў раптоўных выпадках пры адсутнасці лекара». Іншыя трактаты пра дамашнія аптэчкі ствараліся літаратурна адоранымі жанчынамі, вядомымі сваімі дыдактычнымі сачыненнямі на тэмы вядзення гаспадаркі і ўладкавання дома. Трэцяя катэгорыя крыніц інфармацыі для нас сёння — этнаграфічныя замалёўкі.
І першае, і другое, і трэцяе чытаецца вельмі цікава. Мяркуйце пра гэта хаця б па тым, што я тут прывяду.
«Чаго толькі не было ў гэтых сельскіх аптэчках»
Выраз «сядзібная аптэчка» ўжываецца найперш у дачыненні да аптэчкі, размешчанай у сядзібным доме дзе-небудзь у сельскай мясцовасці. Доктар Сахацкі ў сваім трактаце называе такую аптэчку «найважнейшым тыпам аптэчак». Бо гараджане маюць больш магчымасцей атрымаць урачэбную дапамогу, чым вяскоўцы, а тым часам вяскоўцы складаюць дзве трэці насельніцтва краю. Частка іх служыць у маёнтках, астатнія — працуюць на ўласных загонах. Вясковы ж чалавек, як вядома, здаровы пакуль здаровы. Хоць свежае паветра і фізічная праца яго загартоўваюць, піша аўтар, хоць просты лад жыцця і ўменне задавольваць патрэбы самым даступным чынам робяць яго здаравейшым за рамесніка, работніка фабрыкі і таго, хто заняты разумовай працай, а рэлігія заспакойвае душу і аблягчае трывогі, але ў час хваробы вясковы чалавек апынаецца акурат у найгоршых умовах: цемра, забабоны, прымітыўны ўзровень гігіены лёгка пазбаўляюць яго рэшткаў здароўя, а то і забіраюць жыццё. Вось чаму ў кожным шляхецкім доме, пры кожным панскім двары павінна існаваць аптэчка, напаўненне і памеры якой залежаць як ад таго, ці ёсць у мясцовасці доктар, так і ад заможнасці гаспадара.
Недзе аптэчка выглядала як асобнае памяшканне, а недзе яна была толькі шафай, змесціва ж у любым выпадку падпарадкоўвалася юрыдычнаму прадпісанню, захоўвалася пад замком і было з пункту гледжання нашага часу не зусім медыцынскім.
У апісанні старой сядзібы Нямцэвічаў, што ў Скоках пад Брэстам, чытаем: «З салона бакавыя дзверы вялі ў малыя сенцы, дзе па левую руку быў уваход у аптэчку, поўную гарэлак, лікёраў, пернікаў, аеру, канфіцюраў».
Гісторык і этнограф Зыгмунт Глогер пісаў: «Чаго толькі не было ў гэтых сельскіх аптэчках» — і называў сярод іншага і «дзясяткі гатункаў сушаных зёлак, пачынаючы ад ліпавага цвету, рамонкаў і мяты і канчаючы ягадамі і карэннем», і «тлушчы розных жывёл», якія выкарыстоўваліся ў якасці лекаў, і «дрыаквы з гадаў», і «ваду з марцовага снегу», якая нібыта кансервуе скуру, і ваду ружовую, якой «добра крапіць падлогу». У адным пераліку «ў шуфлядках і скрынках» — ваніль і цыкута, палын і разынкі, пернікі і сыры, парфума і сушаная рыба, мацярдушка для паляндвіцы і ладан, алеі і марцыпаны...
«Паставіш у кладоўцы шафу з аптэчнымі матэрыяламі»
Нягледзячы на наяўнасць у аптэчках складнікаў, далёкіх ад фармацыі, лекавы змест іх быў даволі істотны. Згаданы доктар Сахацкі, які працаваў у маёнтку графа Замойскага і лячыў сялян усіх прылеглых вёсак, прыводзіць у сваёй кнізе ў раздзеле «Сродкі аптэчныя» чатыры дзясяткі вельмі сур’ёзных пазіцый, сярод якіх і эфір, і камфара, і ляпіс, і борная кіслата… Карболка, касторка, хінін, каламель, магнэзія, сода, штучная карлсбадская соль, малочны цукар, кара крушыны, какаінавая вата, англійскі пластыр, амерыканскі вазелін... У той жа час у якасці абавязковага напаўнення аптэчкі называюцца яйкі, гарбата, мыла, крухмал, віно, алей, воцат…
«Паколькі ніхто не ўмее даглядаць парадзіх і немаўлят, — піша доктар Сахацкі, — раю набыць 2 брашуркі: 1) д-ра Куневіча «Як засцерагчы парадзіху ад пасляродавых хвароб», 2) д-ра Д. Поляка «Падказкі па догляду дзяцей на першым годзе жыцця», адна 15, другая 10 капеек, танныя і вельмі карысныя».
Дзе што лепш набываць, у якой колькасці і за якія грошы — пра гэта доктар таксама паклапаціўся паведаміць на старонках свайго выдання. Як і пра тое, што і як правільна захоўваць: у слоіку пад звычайным коркам ці корак хай будзе шкляны, бо «звычайны распусціцца ў лякарстве і пафарбуе яго ў жоўты колер», у паперы звычайнай ці цыратовай, у бляшанцы ці ў скрынцы.
Улічваючы колькасць, памеры і ўмовы захоўвання названага, вельмі лёгка зразумець, чаму аптэчка ў сядзібе была часцей асобным памяшканнем, чым шафай. Усё абумоўлівалася мэтамі: за дамашняй аптэчкай юрыдычна замацоўвалася місія быць патрэбнай не толькі сямейству гаспадара, але і прыслузе, работнікам, насельніцтву блізкіх вёсак.
«Паставіш у кладоўцы шафу з аптэчнымі матэрыяламі, — раіць маладым гаспадыням аўтарка «Сельскай сядзібы» Караліна Наквасная. — Гэта абавязковая і ўвесь час патрэбная рэч у мясцовасцях, дзе дапамогі ўрача занадта далёка шукаць, асабліва ў выпадках, якія надыходзяць раптоўна. Часта спешны ратунак засцерагае ад сумных падзей. Дапамагаць бедным, аблягчаць хваробы — самыя што ні ёсць жаночыя справы, хіба не так? Дам табе ніжэй падрабязнасці ўпарадкавання такой шафы і заадно спіс прадметаў, якія павінны яе напаўняць». Так аўтарка адразу папярэджвае маладую ці нават юную жанчыну (гэта 1857-ы — згодна са Зводам законаў Расійскай імперыі замуж дазваляецца ісці з 16-ці), што ёй давя-дзецца клапаціцца пра здароўе размаітага люду ўсёй ваколіцы, бо, па-першае, «не трэба быць Гіпакратам або Галенам, каб даць з гэтым рады», а па-другое, аказанне дапамогі калекам і хворым «будзе найболей пачэсным тваім заняткам».
Зрэшты, ключы ад аптэчнага памяшкання і шафак з лякарствамі будуць не ў яе…
«Ключык асобны няхай застаецца ў дамашняга лекара»
«Раю выклікаць лекара, як толькі ўзнікне патрэба, — папярэджвае Караліна Наквасная. — Акрамя лекаў, з якімі сама здолееш разабрацца, добра было б табе мець асобна трыманыя яды, якія пры хваробах патрэбны. Такія, напрыклад, як аканіт, беладонна, хлараформ і т. п. Ключык асобны ад іх няхай застаецца ў дамашняга лекара. Вялікая будзе яму выгода мець іх пад рукой, а не пасылаць па іх за некалькі міляў. Такую параду даў мне адзін вельмі дасведчаны і паважаны доктар». Гэтую параду яна, зразумела, адрасуе чытачцы, якой пашанцуе настолькі, што мецьме ў маёнтку лекара. Хоць, ясная рэч, гэта рэдкая з’ява, і таму пераважная колькасць парадаў даецца на выпадак яго адсутнасці. Далей аўтарка наракае на пануючую ў некаторых ваколіцах моду на пігулкі Морысана. Невядома, ды і няважна, ад чаго іх прапісвалі, але калі раздаваць іх бяздумна, піша яна, то будзе нямала шкоды, «бо не з’яўляюцца нявінным лякарствам». «Не давай гэтых пігулак ніколі акрамя выпадкаў, калі іншага ратунку не бачыш, а лекарскай дапамогі не можаш мець».
Усё гэта, безумоўна, карысна было ведаць маладой гаспадыні, якая толькі наладжвала дом і быт. Там жа, дзе ўсё ўжо было наладжана, панавала традыцыя, згодна з якой ключы ад аптэчных шафак належалі не гаспадыні, а іншай жанчыне, якую ў шляхецкіх дамах называлі паннай аптэкаркай, хоць мела яна звычйна яшчэ і іншыя абавязкі. «Панна аптэкарка, апякунка хворых пры двары, самая адданая сяброўка дома і сям’і, нястомная, старанная і ўмелая, была ў ранейшым грамадстве распаўсюджаным і прыемным тыпажом старой дзевы», — з вялікай сімпатыяй піша згаданы этнограф Глогер.
Звычайна аптэкаркай станавілася «далёкая сваячка, дзяўчына без пасагу ці сірата, якая замуж не выйшла, але ў заможным доме знайшла прытулак і сямейную цеплыню». Мяркуючы па творах мастацкай літаратуры, ледзь не ў кожным маёнтку была асоба, якая цалкам адпавядала такой «легендзе».
Хто ў нас пісаў раманы, з якіх можна чэрпаць веды пра побыт шляхты гарадской, засцянковай і сельскай? Канечне, Эліза Ажэшка. У яе рамане «Над Нёманам» згаданаму «прыемнаму тыпажу» адпавядае Марта, якая некалі не адважылася на шлюб з засцянкоўцам, бо пабаялася асуджэння. А ў навеле «Панна Ружа» гэта галоўная гераіня, прыгожая і разумная, да якой тройчы сватаўся самы зайздросны ва ўсёй акрузе жаніх і якая штораз адмаўлялася ад свайго шчасця, не жадаючы выдаліць з сэрца іншага чалавека, які па-геройску загінуў і быў для яе «як святы».
«Заўсёды павінна быць у цябе гатовае завяшчанне»
«Усё ўкладзеш як мага больш дакладна, каб не губляць час на шуканне, — не стамляецца павучаць аўтарка «Сельскай сядзібы». — Кожная бутэлечка, кожны слоічак павінны мець на сабе назву таго, што ўнутры. Тое самае і шуфлядкі. Напішаш на іх: парашкі, вадкасці, карэнне, кветкі, палатно для бінтавання і г. д.».
Дае яна і іншыя цікавыя парады, датычныя захавання і лекаў, і здароўя.
«Па заканчэнні абеду хай кожнаму будзе пададзена чарка з сапфіравага шкла з цёплай вадой, у якую дададзена пара кропель мятнага спірту або лімонная скурка. Паласканне роту такой вадой — гэта, як кажуць, дукат, выняты з кішэні дантыста».
«Заўсёды павінна быць у цябе гатовае завяшчанне, гэта нікога не забіла, і людзі нашмат часцей паміраюць без пазначэння апошняй волі, чым тыя, якія абдумваюць, як пазбегнуць сварак і спрэчак пасля іх сыходу. Мяркую, што ў часе хваробы думка пра тое, што справы маёнтка не ў парадку і многія могуць пакрыў-дзіцца, непараўнальна горш уздзейнічае на мозг, а пасля і на цела, чым супакаяльная ўпэўненасць у тым, што ўсё ў парадку!»
Цікава, колькі і чаго трэба мець у аптэчцы з лячэбнымі мэтамі!.. Напрыклад, казінага лою дастаткова маленькага слоічка, а вось мёду (рэкамендуецца трымаць яго ў растопленым стане) — не менш як вялікі слоік. «Воцату май запас і ведай, што згатаваны ў медным посудзе можа быць шкодны». Цікавая парада мець «для кадзення ў выпадку хвароб, барані Божа, заразных» кварту воцату чатырох злодзеяў. Паводле старой легенды, гэты сродак абараняў ад чумы чатырох злодзеяў, якія дзякуючы яму без ніякага страху заразіцца рабавалі дамы памерлых ад гэтай хваробы. Воцат настойваўся на розных раслінах, вядома, што выкарыстоўваліся часнок, размарын, гваздзіка, лаванда. Воцат чатырох злодзеяў выкарыстоўваўся і як антысептык, і як сродак для кампрэсаў.
Алей гваздзіковы дапамагае ад болю ў зубах, але ён іх і псуе. Камфарны спірт у аптэках гатуюць не надта старанна, трэба рабіць самой. Цэлы слоік трэба мець павідла з бузіны — пры прастудзе «для поту». Некалькі вялікіх галовак маку — бо добра суцішвае боль. Сушаных сунічак — торбачку. Белага воску — кружочак, жоўтага — круг. Вялікіх насовак з мусліну — паўтузіна, і некалькі ручнікоў, і захоўваць у сухім месцы. У аптэчцы раілі мець і сродкі для вывя-дзення плям ад атраманту ды іржы, такія, як, напрыклад, шчаўевая соль. Логіка простая: «хоць гэта не лякарства, а лепей трымаць пад замком, бо атрута».
«Павінна быць у доме»
А што тая маленькая шафка-аптэчка, якая распаліла такую цікаўнасць да тэмы? Яна сёння належыць Гомельскаму палацава-паркаваму ансамблю. Зроблена была на мяжы 19-га і 20-га стагоддзяў, належала сям’і былога начальніка чыгуначнай станцыі Навазыбкава, і там жа, у Навазыбкаве, яе набылі ў 1987 годзе для Гомельскага музея.
— Аптэчка адлюстроўвае інтарэс мастакоў да гістарычнага мінулага, — гаворыць загадчык мастацкага аддзела музея, кандыдат мастацтвазнаўства Таццяна Літвінава. — І характэрная трохграннавыемчатая разьба, у якой выкананы сланечнікі на яе дзверцах, — гэта даніна стылістыцы часу. Гаворачы сучаснымі тэрмінамі, гэта рэмікс народнай творчасці.
Таццяна Літвінава гаворыць, што гэту аптэчку нельга назваць толькі сядзібнай. Яна проста дамашняя.
— У дамах было прынята мець такія аптэчкі. І ў нас у доме, яшчэ ў бабулі з дзядулем, заўсёды была аптэчка. Дзядуля сам яе выразаў. — І дадае ў капілку даследавання: — Шафкі-аптэчкі, як правіла, размяшчаліся ў кухні, на самым відным месцы, і заўсёды ў іх стаялі нейкія флакончыкі. Так было прынята: аптэчка, як і насценны адрыўны каляндар, павінна быць у доме.