Ці сам Іаан дэ Вітэ, палкоўнік артылерыі, зрабіў на тытульнай старонцы гэтага рукапісу пазнаку «Ex Catalogo Librorum…» і тым самым засведчыў прыналежнасць да ўласнай бібліятэкі, ці гэта здзейсніў які-небудзь яго памочнік, нязграбна ціснучы часткі слоў паміж элементамі арнаментнай рамкі?
У рамку, упрыгожаную півонямі, забраны доўгі, складзены ў поўнай адпаведнасці са сваім часам загаловак: «Пададзенае свету рэха падарожжаў і авантур майго жыцця. У гонар і славу Пана Бога, у Святой Тройцы адзінага, і Найсвяцейшай Маці Хрыста, майго Госпада, і ўсіх святых. Гэту кніжку выдала я сама, Саламея Рэгіна дэ Пільштынова, доктарка медыцыны і акулістка, у годзе 1760 у Стамбуле». Апошні сказ праўдзівы хіба напалову...
Не доктарка, але вучаніца
Спрэчкі наконт таго, ці правільна называць нашай першай жанчынай-урачом Саламею Рэгіну Пільштынову з Русецкіх, народжаную ў Навагрудскім ваяводстве ў 1718 годзе, могуць натуральна разгарацца вакол факта адсутнасці ў яе лекарскага дыплома. Хоць сама яна, як бачым, без ценю сумнення назвала сябе доктаркай медыцыны. Будзем справядлівыя: спрэчкі гэтыя лёгка ўлагоджваюцца той акалічнасцю, што ў яе часе, ва ўмовах недахопу дыпламаваных урачоў і ўстаноў для іх навучання (да прыкладу, медыцынская школа пад кіраўніцтвам доктара Жылібера ў Гродне адкрыецца толькі ў 1776-м), дапускалася практыка атрымання медыцынскіх ведаў шляхам вучнёўства — хоць і па-за студэнцкай аудыторыяй, але праз сапраўднага вопытнага ўрача, пад яго непасрэдным наглядам, пры ложку хворага.
Саламея Русецкая — дапытлівая, цікаўная, назіральная, з вялікай прагай да ведаў і фенаменальнай памяццю — была акурат такой вучаніцай.
Не доктарка, а дэтэктыў
Спачатку яна пераймала майстэрства лячыць людзей у свайго мужа-немца, урача-акуліста Якуба Гальпіра, «надзвычай добрага лекара медыцыны», як яна яго называе ў рукапісе. Відаць, паважала яго — чалавека, які быў старэйшы за яе ўтрая, за якога яе аддалі ў 14-гадовым узросце. Яна нават выратавала яму жыццё, якое ён акурат праз прафесію ледзь не страціў. З гэтай гісторыі, расказваючы яе падрабязна, Саламея і пачынае свой рукапіс, хаця прамінула ад той пары 30 гадоў.
Было гэта ў Турцыі, куды муж і жонка Гальпіры, Якуб і Саламея, паехалі адразу пасля вяселля. Трапіўся там ім адзін саноўнік — «сляпы на абодва вокі і калека на абедзве рукі і абедзве нагі ўжо гадоў сем». Доктар Гальпір «узяўся яго лячыць, ды так добра і шчасліва вылечыў, што мог той сам чытаць і пісаць вачыма і рукамі сваімі і хадзіць нагамі, куды хацеў, нават без кійка». Так Якуб Гальпір стаў знакаміты на ўвесь Стамбул, і нават султан засыпаў яго падарункамі. Але лячэнне таго саноўніка не было яшчэ скончана, трэба было тры месяцы піць «лекі вельмі добрыя і выпрабаваныя». Звярніце ўвагу, як аўтарка, якая на старонку раней назвала сябе доктаркай медыцыны, расказвае тут пра хваробы і лекі — быццам не маючы ніякага разумення ні пра першае, ні пра другое, быццам ад імя сябе той, 14-гадовай, якая сапраўды яшчэ нічога з медыцыны не ведала. «Аднаго дня даў яму мой муж лекі вельмі добрыя і выпрабаваныя, але таго ж дня, як выпіў гэтыя лекі, памёр наш пацыент, — расказвае Саламея. — Тады пачаліся нападкі і гвалт на майго мужа ад жонкі і дзяцей таго памерлага турка». Сваякі паскардзіліся візіру, а візір у той час «быў кепскі» — ён «туркаў і хрысціян душыў, як кот мышэй». Доктара Гальпіра «ўкінулі ў вязніцу, каб пасля пакараць смерцю».
Але Саламея здолела ўгаварыць сваякоў пагадзіцца на грашовую кампенсацыю, а сама ў жаданні дазнацца прычыну смерці мужавага пацыента распачала сапраўднае следства! Высветлілася, што пры гатаванні мікстуры прысутнічаў доктар Даніель Фансека, лейб-медык султана. Быў ён вінаваты на самой справе ці не, укінуў у ступку атруту ці не ўкінуў, але матыў ён, на думку Саламеі, меў — нашкодзіць пацыенту свайго канкурэнта. І ўсё павярнулася ў выніку так, што Фансека, а не Гальпір выплочваў кампенсацыю, баючыся суровых законаў Асманскай імперыі.
Вялікая маніпулятарка?
Гэты апісаны самой Саламеяй выпадак сведчыць найперш пра яе спрыт і выкрутлівасць. Многія даследчыкі, начытаўшыся пра яе прыгоды — у той іх версіі, якую яна сама выкладае ў сваім пісанні (а іншай версіі яе біяграфіі мы і не маем), — бачаць у ёй вялікую маніпулятарку і самую сапраўдную авантурыстку (а яна ім і не пярэчыць, называючы кніжыцу рэхам сваіх авантур).
Гісторыя з доктарам Фансекай на гэтым не скончылася: ён дамогся, каб Саламеі забаранілі лячыць мужчын, а сярод жанчын каб гэту практыку істотна абмежавалі — пакінуўшы ёй займацца выключна тым, што яна пераняла ад мужа, а гэта значыць, лячэннем толькі хвароб вачэй. Такое патрабаванне было, па ўсім відаць, справядлівае — бо, не маючы на тым этапе сваёй кар’еры грунтоўных ведаў, ні ў якім сваім дзеянні ў дачыненні да пацыента не ўпэўненая, Саламея на поўным сур’ёзе пакладаецца на «а раптам» і «хай дапаможа Бог». Але — дзіва ці не — ёй шанцуе. І хаця ў інтуіцыі ёй не адмовіш, але не ўсе яе поспехі на інтуіцыю можна спісаць. Калі да яе звяртаецца па дапамогу хворы з камянямі ў нырках, яна знаходзіць у мужавай шафе непадпісаны слоік, рашае, што гэта сіроп з браткаў, дае хвораму выпіць, потым шкадуе, што так зрабіла — дала небараку невядома што, баіцца, што ён памрэ, са слязьмі звяртаецца ў малітве да Святой Троіцы — і вынік не прымушае сябе чакаць: стан хворага паляпшаецца, а паколькі ў Стамбуле ён важная птушка, то з яго ўдачлівай лекаркі здымаецца забарона лячыць мужчын.
Тое, што магло абярнуцца бядой, ператвараецца ў шчаслівы выпадак, а замест навукі на будучыню выходзіць для лекаркі ўзнагарода. Можа, не такая ўжо яна безадказная недарэка, як сама сябе выстаўляе ў сваіх авантурах, пісаных, як адзначае гісторык нашай медыцыны Валянцін Грыцкевіч, «звычайнай побытнай мовай, з арфаграфічнымі памылкамі і стылёвымі хібамі, якія сведчаць пра тое, што ў аўтаркі не было грунтоўнай адукацыі і сістэматызаваных ведаў»?
Пазней яна будзе папаўняць свой медыцынскі досвед у доктара-турка з Вавілону і доктара-італьянца з Мальты. Апошні не толькі дасць ёй урокі лацінскай мовы і рэцэптуры, але і забяспечыць медыцынскімі кнігамі, што, безумоўна, ужо сведчыць пра пэўны ўзровень. Мальтыец яўна ацэньваў яго як высокі — бачыў, што яго настаўніцкія намаганні не сплывуць, як вада ў пясок, што зерне медыцынскай навукі кладзецца ў прыдатную глебу.
Першая акулістка
На лекцыях па афтальмалогіі ў нашы дні выкладчыкі расказваюць студэнтам адзін выпадак з практыкі Саламеі, які адбыўся ў 1738 годзе. Ёй у той час 20 гадоў, але яна ўжо не толькі ўмелая лекарка, але і ўдава.
Якуб Гальпір памёр, але паспеў яе шмат чаму навучыць у справе лячэння хвароб вачэй. І вось да яе звяртаецца сляпы бандурыст з двара яе мосці Лізаветы Пятроўны, «каб што можна дапамагла адной дзяўчыне, прачцы, з 14 гадоў сляпой». Саламея «ў гэты ж дзень інструментам зняла тую катаракту, і дзяўчына пачала бачыць на абодва вокі». У тым, што Саламея называе «зняццем катаракты», спецыялісты бачаць працэдуру рэклінацыі хрусталіка, а з ёю і гістарычны факт: яна першай з нашых урачоў выканала такую аперацыю.
Валянцін Грыцкевіч звярнуў увагу, што бандурыст, які папрасіў палячыць прачку, таксама названы сляпым, але пра яго лячэнне Саламея нічога не піша. «Лекарка, відаць, замоўчвае той факт, што бандурыст прасіў дапамагчы вярнуць і яму зрок, але, на жаль, цуда не адбылося», — адзначае Грыцкевіч і дадае, што Саламея «ні разу не абмовілася ў дзённіку пра свае медычныя няўдачы». І ўсё ж, як ні круці, а гэтага ўжо не адняць: Саламея — першая акулістка з нашай зямлі.
Год 1760-ы
Усялякімі такімі выпадкамі шчаслівых выратаванняў — то зроку, а то і жыцця, то ў гарэме турэцкага султана, то сярод ваенных падзей, то пры двары Анны Іаанаўны, то ў Лізаветы, дачкі Пятра, то ў Нясвіжы ў Міхала Казіміра Радзівіла Рыбанькі, то ў Лахве, куды гетман Радзівіл паслаў служыць яе другога мужа Фартуната дэ Піхельштэйна, прапаршчыка (Навагрудак, Нясвіж і Лахва бадай што адзіныя нашы лакацыі ў апісаннях яе авантур), 42-гадовая Саламея насыціла рукапіс, датавала яго 1760 годам і суправадзіла пазнакай, што збіраецца выдаць гэта «рэха падарожжаў і авантур» уласным коштам: «грошы, якія цяжка дасталіся, я з ласкі Божае выдаткавала на друкаванне гэтае кніжкі».
Павандраваўшы па свеце, яна вярнулася ў Турцыю, дзе пачынала сваю медыцынскую адукацыю пад кіраўніцтвам першага мужа, і вырашыла назаўсёды застацца «ў гэтай пустэльні, у спакоі, у ласцы Божай». Быў у яе яшчэ план «паехаць морам у Егіпет, каб адпачыць і паглядзець свету», а «вярнуўшыся з Егіпта, мела намер з дапамогаю Пана Бога быць у Ерусаліме». Нічога не вядома пра гэтыя вандроўкі. Як не вядома, куды знікла сама аўтарка прыгод, якія павінны былі выйсці кніжкай у 1760-м, але выйшлі толькі праз два стагоддзі.
Паміж 311-й і 367-й старонкамі

Яна іх нават не дапісала. Толькі-толькі пачала расказваць пра крывасмокаў — пра іх, маўляў, у розных мясцовасцях па-рознаму баюць, а яна не бярэцца ні сцвярджаць, ні пярэчыць, — як тэкст абарваўся. І далей паміж 311-й і 367-й старонкамі — пустата. А потым пачынаецца «Песня майго сачынення» — зварот да усемагутнага Бога з просьбай, каб хоць у апошнія дні даў ёй жыццё спакойнае, чаго яна ўсім людзям зычыць. Напісала яе, відавочна, раней, чым пра крывасмокаў.
Крыніцы падаюць гады жыцця Саламеі як 1718 — пасля 1760. Недзе трапляецца 1763, але на роўным месцы, без абгрунтавання. Колькі ж яна пражыла «пасля»? Недапісаны і так і не выдадзены рукапіс прымушае дапусціць, што ніколькі. Прынамсі, нешта з ёю здарылася такое, што не дазволіла дапісаць і выдаць. Яна магла згубіць рукапіс, ён мог быць у яе ўкрадзены, але калі б яна працягвала жыць, то хіба ж не паспрабавала б яго ўзнавіць — запісаць свае ўспаміны і думкі яшчэ раз?
Гэтае «рэха падарожжаў і авантур» было для яе вельмі важным, пра што яна сама паведамляе ў прадмове: пішу, маўляў, каб мяне зразумелі — чаму я падалася ў чужыя землі, з пабожнасці хрысціянскай — ды «ў край, дзе заўсёды пошасць». Тоўсты сшытак, які цяпер, прыгожа пераплецены, у выглядзе кнігі, захоўваецца ў Нацыянальным музеі ў Кракаве, уяўляе сабой не толькі апісанне вандровак і медыцынскіх практык, але і споведзь адзінокай душы, спустошанай шматлікімі расчараваннямі, пра што яна таксама не прамінае сказаць. Саламея, здаецца, знікла бясследна.
А можа, яе рукапіс нешта ведае і можа нам расказаць?..
Ex Catalogo Librorum
Рамантыка старых лацінскіх выразаў… У іх за кожнай літаркай хаваецца загадка. Іаан дэ Вітэ зрабіў на тытульнай старонцы рукапісу Саламеі пазнаку «Ex Catalogo Librorum…» і тым самым засведчыў прыналежнасць яго да ўласнай бібліятэкі. А можа, гэта здейсніў які-небудзь яго памочнік? У любым выпадку надпіс «Ex Catalogo Librorum Ioannis de Witte Colonelli Artilleriae», па-нашаму кажучы, «З кнігазбору Іаана дэ Вітэ, палкоўніка артылерыі», — адзінае, за што можна зачапіцца, каб распачаць следства.
Пад палкоўнікам Іаанам дэ Вітэ хаваецца аднаіменны генерал, «ключавая фігура рускай разведкі ў 1812 годзе». На гэту персону ўказвае Валянцін Грыцкевіч: маўляў, мяркуючы па ўсім, гэта ён, граф Іван Осіпавіч Віт (1781–1840), сын каменданта Камянец-Падольскай крэпасці, генерал ад кавалерыі расійскай службы. Далей за гэты кароткі каментарый, пададзены зноскай у прадмове да «Адысеі наваградскай лекаркі», Грыцкевіч не ідзе.
А мы пойдзем.
Указанне на палкоўніка падказвае нам, у які прамежак часу на рукапісе ўзнікла пазнака з імем дэ Вітэ. Гэта магло адбыцца не раней чым у 1801-м — тады ён якраз стаў палкоўнікам — і не пазней за 18 кастрычніка 1812-га — у гэты дзень яго ўзвялі ў генерал-маёры. Поле пошуку працягласцю ў 11 гадоў. Хочацца яго неяк звузіць, але на гэтым жа полі (ці трохі шырэйшым па часе) нас яшчэ больш цікавіць пытанне: як рукапіс Саламеі Пільштыновай мог апынуцца ў бібліятэцы рускага вайскоўца, які нарадзіўся праз 21 год пасля апошняй згадкі яе пра саму сябе? І вось якія на гэтым полі адшукаліся «ягады».
Акалічнасці месца і часу
У студзені таго самага 1760 года, калі, скажам так, Саламея разлучылася з сваім рукапісам, у Бурсе нарадзілася дзяўчынка Сафія, па адной з версій — праўнучка грэчаскага магната Чэлічэ, па другой — дачка грэчаскага гандляра жывёлай Канстанціна Гляванэ. Вырасла яна ў жанчыну небывалай красы і нечуванага інтэлекту, канстанцінопальскую куртызанку і шпіёнку, вядомую шматлікімі раманамі, спакуслівую, хітрую, бессаромную, пазбаўленую сумлення. Усё гэта, пералічанае ў агульнадаступных крыніцах, не так цікава, як тое, што яна — маці Іаана дэ Вітэ. Прыпынімся і на гэтай асобе.
«Витт, личность грязная во всех отношениях, лелеял далеко идущие честолюбивые замыслы, — піша пра яго савецкі даследчык, прафесар-культуролаг Юрый Лотман. — Зная о существовании тайного общества, он взвешивал, кого будет выгоднее продать: декабристов правительству или, в случае их победы (что он не исключал), правительство — декабристам». Па ўласнай ініцыятыве Віт шпіёніў за дзекабрыстамі і ў рашучы момант усіх іх здаў. «Предметом же особенных наблюдений его был Пушкин, к которому он подсылал шпиона даже в Михайловское, совсем уже удаленное от поля его служебной деятельности». Яблык ад яблыні, як мы ведаем, падае недалёка.
Што атрымліваецца? У 1760 годзе Саламею Пільштынову, як з яе ж слоў вядома, «узялі з ласкі Пана Бога ў вялікі гарэм султана Мустафы за прыдворную лекарку ў ягоны фраўцымер», і жылося ёй там вельмі добра, без усялякіх «але». Логіка меркаванняў падказвае, што рукапіс Саламеі ў гэты ж год нейкім чынам трапіў у сям’ю дзяўчынкі Сафіі, народжанай у Бурсе, якую ад Стамбула аддзяляе шматок вады. Саламея расказвае, як даводзілася ёй плыць да сваіх пацыентаў нават па некалькі дзён. «Калі хто мора баіцца, дык гэты дзіцячы страх смеху варты, — піша яна. — Я, жанчына, ужо колькі разоў на моры была, але са мной нічога з ласкі Найвышэйшага Бога не сталася». Яна магла калі не дапамагаць Сафіі нарадзіцца, дык лячыць яе або членаў яе сям’і. Бо піша, што часцяком пасялялася ў дамах сваіх пацыентаў на час лячэння, маючы там «значную пенсію, прадукты і пакой».
І вось у доме, дзе гадуецца маленькая Сафія, наша Саламея нейкім чынам губляе свой сшытак. Можа, проста забылася і не мела магчымасці па яго вярнуцца, можа, некуды яго там паклала і не магла знайсці, а можа, з ёй нешта здарылася такое, што не дазволіла ёй мець гэты рукапіс пры сабе. Магла адтуль і ў Святую зямлю ці Егіпет падацца, як намервалася...
У такім выпадку ніхто не можа ведаць, колькі яна яшчэ пражыла і якія мела новыя авантуры, але адно зразумела дакладна: сшытка свайго яна больш у рукі не брала, інакш паміж 311-й і 367-й старонкамі з’явіліся б новыя запісы. Магла даўгавата павандраваць, а па вяртанні ўжо не знайсці сям’ю, у якой сваё «Рэха…» пакінула. Магла і памерці ў любы час, пачынаючы ад таго самага 1760-га. У любым выпадку, можна думаць, што яна пакінула ў доме дзяўчынкі Сафіі сваё «Рэха…» — і яно адгукнулася праз гады ў бібліятэцы сына Сафіі, Іаана дэ Вітэ.
Фантастычная версія?
Самым цікавым падаецца тое, што рукапіс Саламеі нікуды не знік. Быццам яго наўмысна захоўвалі і бралі паўсюль з сабой. У 1770-я, калі Сафія з маці і сястрой жылі ў Стамбуле, іх тамтэйшы дом згарэў. А рукапіс — уцалеў. Ці толькі таму, што, як даводзіць Булгакаў, рукапісы не гараць?..
І пазней Сафія яго не згубіла, хоць вяла далёка не аселае жыццё. З бацькам Іаана дэ Вітэ яна пазнаёмілася ў Камянецкай крэпасці ў 1779-м, там жа і тады ж яны павянчаліся, потым паехалі ў Варшаву, дзе Сафія была прадстаўлена Станіславу Аўгусту, потым падаліся ў Берлін, дзе яе пазнаёмілі з каралём Прусіі Фрыдрыхам ІІ, потым трапілі на курорт Спа, дзе адбылося знаёмства з аўстрыйскім імператарам Іосіфам ІІ, пасля гэтага — у Малы Трыянон да Марыі-Антуанеты, потым — у Парыж, дзе ў лістападзе 1781-га і нарадзіўся хлопчык Іаан. Да таго як стаць яму палкоўнікам артылерыі, заставалася яшчэ 20 гадоў.
Канечне, усё магло быць зусім не так, і мемуары Саламеі маглі трапіць да палкоўніка дэ Вітэ аднекуль збоку, а не з лона яго сям’і. Але гэтая версія ці не больш фантастычная…