А ці чытае яшчэ хто-небудзь старыя кнігі? Бо медыцынскія старадрукі, як я ўпэўнілася, перагартаўшы іх не адзін дзясятак у Рэспубліканскай навуковай медыцынскай бібліятэцы, — гэта нешта такое… Хопіць сказаць, што нават самае ардынарнае, што трапіла пад іх вокладкі, у нашым часе заслугоўвае статуса «бестселер». Такім чынам, працягваем агляд выданняў прамінулых стагоддзяў, які пачыналі з копій, размешчаных у вітрынах бібліятэчнага Музея гісторыі медыцыны, і які непазбежна прыводзіць уласна ў бібліятэку, у сховішча арыгіналаў.

 

Прыгоды пылінак

 

«У паветры жылых памяшканняў увесь час носіцца маса тонкіх часцінак, ясна бачных у промнях сонца. Лёс гэтых пылінак разнастайны: адных патокі паветра выносяць праз шчыліны і яны развейваюцца ў прасторы, іншыя з-за вагі і здольнасці прыліпаць асядаюць на розных прадметах, а на вызваленае імі месца ў паветры штодзённасць няспынным рухам прыносіць новыя мірыяды драбнютных пылінак, і ўжо яны ўключаюцца ў бясконцы кругазварот».

 

Такі маляўнічы зачын мог мець раман, але гэта… пачатак доктарскай дысертацыі, паспяхова абароненай у 1888 годзе і ў 20-м стагоддзі ўсё яшчэ запатрабаванай. На першай яе старонцы над самым тэкстам навісае чорны кругляш саліднай пячаткі Дзяржаўнага санітарна-гігіенічнага інстытута Наркамата аховы здароўя БССР.

 

Калі пыл, што носіцца ў паветры, размяшаць у дыстыляванай вадзе, піша аўтар, можна выявіць у растворы мноства «вегетуючых ніжэйшых арганізмаў», з якімі, як з «бялковіннымі рэчывамі», звязаны пахі сырасці, затхласці і г. д. Гэтым ён і заняўся. Нехта Фёдар Гадзяцкі, назбіраўшы вясной 1887 года ў некалькі шклянак пылу ва ўласнай кватэры, у кватэры знаёмай сям’і, у памяшканнях шпіталя і ўніверсітэта, даследаваў уплыў некаторых умоў на вылучэнне гэтымі рознымі пыламі малекул вуглекіслаты. Сярод двух з паловай дзясяткаў дробных, як самі пылінкі, і вельмі прыватных высноў знаходзіцца істотная і агульная: выціраючы ў пакоях пыл і мыючы ў іх падлогу, трэба карыстацца не звычайнай вадой, а растворам для дэзінфекцыі.

 

starye med knigi 30.08Дэдыкацыя доктара С. Каліноўскага прафесару Отту. Дзмітрый Отт быў гінеколагам імператрыцы, а ў сакавіку 1902 года прааперыраваў з нагоды пазаматачнай цяжарнасці жонку пісьменніка Чэхава.

 

Што тоесна  цяжарнасці і калі ў кандытараў зубы лепшыя

 

«На вялікі мой жаль, я павінен сазнацца, што загаловак маёй работы не зусім адпавядае яе зместу». Ужо цікава. Так пачынае сваю дысертацыю, якую збіраецца абараняць у Імператарскім інстытуце эксперыментальнай медыцыны, лекар А. І. Кудрашоў. Ідзе 1894 год. Загаловак абяцае распавесці пра змены ў зубной пульпе, якія адбываюцца пры агульных захворваннях арганізма, але аўтар адхіляецца ўбок. І  нічога яму не скажаш: папярэдзіў жа.

 

Паводле даследавання, якое «абдымае» 1 488 асоб, на мужчын прыпадае па 5 пашкоджаных зубоў, на жанчын — па 7 з паловай. Вялікі ўплыў на якасны стан зубоў аказвае хімічны склад сліны. Да прыкладу, пры дыябеце яна ўтрымлівае малочную кіслату, а пры падагры — мачавую. Моцна мяняе рэакцыю сліны цяжарнасць, асабліва паўторная, але тут уся справа ў запушчанасці ротавой поласці, што, на думку даследчыка, цяжарнасці тоесна.

 

У кандытараў зубы кепскія, а ўсё ж лепшыя, чым у булачнікаў, бо цукар з зубоў змываецца лягчэй, чым крухмал. Селянін, пакуль не выберацца ў горад, пра кепскія зубы наогул не ведае, а салдат мае карыес ужо праз год ад пачатку службы ў войску, хаця яго ранейшая раслінная ежа мяняецца на мясную.

 

Тут, мяркуе аўтар, варта згадзіцца з прафесарам Скліфасоўскім, які прызнае «шкоднае ўздзеянне Пецярбурга». І як не згадзіцца, калі гэта «сырое месца» шкодна ўплывае на ўвесь арганізм. Калі Скліфасоўскі піша пра 73 працэнты карыесу ў светлавалосых, 70 працэнтаў у русых і 61 працэнт у брунетаў, ён не прамінае адзначыць, што светлавалосых у Пецярбургу больш, чым дзе.

 

Якая карысць ад нясціпласці

 

«Нішто так не сведчыць пра трываласць падмурку, на які абапіраецца медыцынская навука, як удасканаленне нашых даследчыцкіх метадаў, якое прагрэсіруе з дня ў дзень. Матэматыка, фізіка, хімія — усё спрыяе росту велічнага будынку». Гэта піша Dr. S. Jessner у сваіх «Анамаліях скуры пры ўнутраных хваробах», перакладзеных на рускую мову ў 1893-м.

 

Адзначыўшы, з якім імпэтам урачы вітаюць розныя «скапіі», ён бядуе, што, каб дагадзіць вынаходніцтвам, «на задні план адцясняюцца і часта нядбайна трэціруюцца прасцейшыя, больш непасрэдныя спосабы». Для прыкладу прапануе ўзяць «даследаванне вачыма».

 

«Мы ўдасканальваем зрок пры дапамозе розных люстэркаў, мікраскопаў, хімічных аналізаў, але ці дастаткова мы практыкуемся ў звычайным назіранні? Няўзброенае вока, макраскапічны пагляд часта слаба працуюць у юнага ўрача», — піша Джэснер. А скура, тым часам, «валодае вельмі карыснай для ўрача якасцю — яна вельмі нясціплая і раскажа нам шмат пра характар і стан здароўя, лад жыцця і ўнутраныя органы».

 

Калі лячыць acne rosacea едкімі цестамі, скарыфікацыямі і прыпяканнямі, то ўстойлівага паляпшэння не будзе да той пары, пакуль не будзе звернута ўвага на органы стрававання і шыйку маткі і не будзе прызначана адпаведнае выяўленым праблемам лячэнне. Змагацца з фурункуламі хоць бы і найлепшымі пластырамі, засяродзіцца як след на balanitis, але забыцца даследаваць на цукар мачу і ўпусціць дыябет — значыць, ператварыць свае намаганні ў працу Сізіфа. Таму што «скура — гэта не футляр для абароны цела і органаў ад знешніх шкодных уплываў, яна сама рэгулюе працэсы ў целе».

 

Што такое пячоначныя хворы, нефрытная анемія, гектычны румянец і якім павінна быць высыпанне, каб заслужыць называць сябе менструальным? Пра ўсё доктар Джэснер расказвае папулярна і вельмі грунтоўна.     

 

Тлушч і халодныя абціранні

 

А гэта доктар Іван Ерамееў піша: «Пачатак вільготна-халодных абціранняў губляецца ў глыбокай даўніне». І падсумоўвае словамі пра тое, што, наколькі яму вядома, такіх даследаванняў, як праведзенае ім, ніхто яшчэ не рабіў.

 

«Я заняўся вызначэннем засваення тлушчаў ежы ў здаровых і хворых атаніяй кішак пад уплывам вільготна-халоднага абцірання. Работа мая была зроблена ў лабараторыі 1-й паловы 2-га аддзялення клінічнага ваеннага шпіталя ў летнія канікулярныя месяцы ад 20 мая да 15 жніўня 1889 года», — справаздачыцца ён. Сярод членаў доследнай групы — фельчар Я., 19 гадоў, рост сярэдні, харчаванне нармальнае, купацца ў рацэ не прывык, баня штотыдзень, студэнт Б. Е. В., 24 гады, рост сярэдні, целасклад слабы, выгляд стомлены, сон недастатковы, баня штотыдзень, і іншыя. ёсць і сам аўтар: урач, 29 гадоў, рост сярэдні, харчаванне ўмеранае, нервовы і ўражлівы, сон перарывісты, недасыпае, стамляецца. Цікава фармулююцца асаблівасці стула: побач з выразам «стул нармальны», зусім як сёння, ужываецца нестандартнае «на ніз правільна, штодзённа».

 

«На падставе нешматлікіх назіраняў я з асцярожнасцю дазваляю сабе зрабіць наступныя высновы», — сціпла зазначае Іван Ерамееў, хаця прарабіў процьму лабараторнай працы, тонкай і карпатлівай, і паведамляе, што абціранні, складаючыся з двух агентаў, механічнага і тэрмічнага, маюць вельмі разнастайныя фізіялагічныя ўздзеянні. Прынамсі, тлушч ежы засвойваецца з імі лепей, чым без іх, апетыт павышаецца, агульны стан — паляпшаецца.     

 

Формула паталогіі

 

А вось Георгій Дурдуфі ў кнізе пад назвай «Задачы сучаснай медыцыны» згадвае «адзіную паруку карыснай дзейнасці на ніве служэння пакутнаму чалавецтву». Ёю, на думку аўтара, з’яўляецца «ўмова, без выканання якой усе вялікія практычныя звесткі і шматгадовая практычная вопытнасць абернуцца кардоннай будынінай, для знішчэння якой хопіць самага лёгкага подыху лагічнага мыслення».

 

Што ж гэта за парука? Якая гэта ўмова? Рыхтуемся да мудрагелістых сказаў, бо на выданні пазначаны 1893 год, а яго аўтар — вялікі арыгінал. Калегі адгукаюцца пра яго як пра ініцыятара «небывалага новаўвядзення» — спецыяльнага курса паталогіі і тэрапіі, на якім анатомія, этыялогія і патагенэз хвароб нервовай сістэмы разглядаюцца пад агульнапаталагічным вуглом, не выпускаючы з поля зроку неўрозы ўсіх іншых сістэм ад сасудзістай да стрававальнай. «Каб быць зразумелым, я павінен увайсці ў некаторыя падрабязнасці», — апраўдвае Дурдуфі, празектар і прыват-дацэнт, самабытнасць свайго аповеду, у якім пагружаецца яшчэ і ў «дэталі лінгвістыкі» і тлумачыць, прынамсі, розніцу паміж паталагічнай фізіялогіяй і фізіялагічнай паталогіяй, аргументуючы, чаму першае правільна, а другога быць не павінна, а да таго дадае, шо нават і тэрапеўтычная фізіялогія не павінна ўражваць наш слых.

 

Дык што ж гэта за парука і ўмова? Пастаяннае імкненне даць сабе справаздачу ў тых фактах, якія назіраюцца і даследуюцца, увесь час мець на ўвазе пытанні «чаму?» і «як?». «Чаму і як — гэта формула, што рэзюмуе змест паталогіі», — піша Дурдуфі. І як тут не пагадзіцца?

 

Вучэнне пра чужаедных

 

Так названа кніга А. Вейхсельбаўма, выдадзеная ў 1900-м. Змест дзеліць усіх чужаедных на раслінныя і жывёльныя, а тыя ў сваю чаргу падзяляюцца главамі: раслінныя — на бактэрыі, кокі, бацылы, спірылы, дрожжавыя і плесневыя грыбкі, жывёльныя — на прасцейшыя, глісты і членістаногія.

 

Ёсць, між тым, іншая цікавая праца, звязаная з «чужаеднасцю». «Хімічны склад чалавечага арганізма стварыўся выключна з пажыўных пачаткаў мацярынскага малака, і яго хімічныя злучэнні па задумцы самой прыроды скамбінаваны са складнікаў малака, — піша Роберт Карлавіч Копэ. — Калі мы харчуемся такавымі — гэта рацыянальнае харчаванне. Астатняе павінна разглядацца як чужароднае і мусіць ствараць недзе нейкія перамены ў нармальным хімізме нашага арганізма, а значыць, і адступленні ад нармальнай жыццядзейнасці тых тканак і органаў, якія падвергліся зменам у сваім нармальным хімічным саставе». Гэта пра тое, што эпітэты «ўмацавальны», «энергетычны», «дыетычны», «пажыўны» і г. д. не што іншае як «пачварныя абвяшчэнні», калі гаворка ідзе пра нібыта карысць умераных доз алкаголю. «Нельга казаць пра «ўмераны» прыём таго, чаму ў арганізме не вызначана прыродай наогул ніякай мінімальнай меры. Самапярвейшая мера — гэта ўжо нешта звышмернае», — абураецца аўтар. Так званая «звычка» арганізма прымаць іншароднае, піша ён, надыходзіць тады, «калі ўвядзенне гэтага рэчыва адбываецца ў адносна занадта вялікіх прыёмах і адносна занадта часта, каб было магчымым узнаўленне арганізма ў адносна занадта кароткі прамежак часу паміж прыёмамі». Пастаяннае спіхванне арганічнай машыны нашага цела з прызначаных яму прыродаю рэйкаў не можа ўмацоўваць здароўе і дадаваць сілы, азначае доктар Копэ. Гэта ж трэба, маўляў, — назваць алкаголь гігіенічным і дыетычным сродкам! «Дзе тут навуковая логіка?!! — люта сыпле вучоны, не шкадуючы клічнікаў. — Дзе яна?!!»

 

Кніга называецца «Алкагольная слабасць і недаўгавечнасць сучаснага чалавецтва» і чытаецца вельмі цікава, бо, расквечаная ў адпаведнасці з часам (1894-ы, яшчэ Мікалай ІІ не ступіў на трон), утрымлівае не толькі наіўныя параўнанні і вывады, але і неабвержныя аргументы.  

 

Кропля — гэта нешта фантастычнае

 

«Калі ў вас ёсць звычайны правацаўскі шпрыц, то не верце ўсім тым пазнакам і лічбам, якія на ім убачыце. Вы можаце надзвычай памыляцца ўжо толькі таму, што ў іх часта выкарыстоўваецца мера на кроплі, а кропля — гэта нешта фантастычнае. Што такое на самой справе кроплі? Яны бываюць такіх жа розных памераў, як людзі бываюць розныя ростам. Калі ўжо вы хочаце карыстацца вашым правацаўскім шпрыцам, вы павінны самі яго градуіраваць». Гэта вытрымка з лекцыі прафесара Эдуарда Эйхвальда, адной з многіх, надрукаваных у пасмяротным выданні.

 

starye med knigi 2 30.08Эдуард Эйхвальд

 

Зорка медыцыны свайго часу, Эйхвальд сцвярджаў, што майстэрства ўрачавання дасягаецца шляхам… гістарычнай адукацыі: нішто так не ўберажэ ад аднабаковасці меркаванняў, як гісторыя медыцыны, якая даказвае, што ў самых супярэчлівых тэорыях і самых дзіўных поглядах вельмі часта хаваюцца ісціны, а выявіць іх можна толькі праз бесстаронную ацэнку.