Адзін з іх, будучы акадэмік Ігнацій Антонаў, напісаўшы ў 1970-м артыкул для перадавіцы «Савецкага медыка», назваў яго «Мы былі першымі». «Мы былі шчаслівыя, радаваліся жыццю, нашай перамозе і таму, што гэты цудоўны інстытут, пра які мы марылі ўсе суровыя ваенныя гады, прыняў нас у сваю сям’ю», — згадваў аўтар артыкула, старшыня аргкамітэта па правядзенні сустрэчы ўрачоў 26-га выпуска Мінскага медінстытута, чые гады вучобы прыйшліся на 1945–1950-я.
Іначай не скажаш
Першы пасляваенны набор. Большасць трапіла на студэнцкія лавы з акопаў, зямлянак, палявых перавязачных і шпітальных коек. Кожны трэці прайшоў праз раненне, кожны другі мае ордэн або медаль. Пакаленне з суровым юнацтвам, як напісаў Антонаў.
«Мы, магчыма, сыходзілі з нейкага рамантычнага ўспрымання жыцця, але прынцып у нас быў такі: чым горш, тым лепш», — гаварыла мне калісьці адна з іх, легендарны хірург-анколаг Ірына Галубовіч. Расказваючы пра час, калі такія, як яна, «не выбіралі шляхоў нечым лепшых або лягчэйшых», пра час, у якім цяжкасці — сінонім рамантыкі, яна прызнавалася, што ім сорамна было добра жыць, любая раскоша здавалася амаральнай.
«Гэта рыса нашай эпохі, набытак нашага пакалення», — сказала тады яна. І з усёй уласцівай яе пакаленню шчырасцю дадала, што ў даваенны час яна і яе равеснікі ставілася да медыцыны з пагардай: урачамі, маўляў, становяцца толькі зубрылы, а яны — не зубрылы, яны — амаль геніі. Але вайна ўсё паправіла. І сама ўсім ім выбрала шлях…
Генеральнае выпрабаванне
Спрабую лічыць, колькі разоў даводзілася гартаць іх альбом. З дачкой Ігнація Антонава (вучыўся ў 14-й групе), з сынам Ірыны Галубовіч (вучылася ў 8-й), з дачкой Тамары Гурыновіч (з 15-й, стала дацэнтам, спецыялістам па ўрачэбна-працоўнай экспертызе), з дачкой Пятра Кузюковіча (з той жа 15-й, стаў прафесарам, таракальным хірургам)…
У Ганны Кузюковіч нават два такія альбомы: на адным курсе з бацькам, у той жа 15-й групе вучылася маці, будучы інфекцыяніст Аля Бжазоўская. І ў сям’і акадэміка-біяхіміка Юрыя Астроўскага два аднолькавыя выпускныя альбомы — яшчэ студэнтам ён ажаніўся з Ірай Сперанскай, якая прыйшла ў яго 12-ю групу ў 1947-м, на трэці курс (яе будуць ведаць пасля як выдатнага рэнтгенолага). І ў нашчадкаў акадэміка-генетыка Генадзя Лазюка, які вучыўся ў 7-й групе і ажаніўся з Інай Гурэвіч (стала прафесарам-рэнтгенолагам), павінна быць два альбомы… 26-ы выпуск даў не адзін сямейны саюз, гэтаксама як і не адну знакамітасць не толькі ў медыцынскай галіне. Адтуль і акадэмік Георгій Сідарэнка, зорка нашай кардыялогіі, і Анатоль Грыцкевіч, доктар гістарычных навук, культуролаг (абодва з 4-й групы), і заснавальнік школы вертэбранеўралогіі прафесар Барыс Дрывоцінаў (9-я група), і ўзнагароджаная медалём імя Боткіна прафесар-вітамінолаг Валянціна Борац (1-я група), і прафесар у галіне радыяцыйнай біялогіі Марк Тайц (12-я), і Сяргей Тумель (з 15-й), які ў прамым сэнсе слова паставіў на ногі траўматолага-артапедычную службу на Гомельшчыне. Будучы заслужаны ўрач БССР, ён не адразу пайшоў у медыцыну. Бацька яго быў свяшчэннікам, і сам ён спачатку вучыўся ў духоўнай семінарыі.
Калі Ігнацій Антонаў у 1970-м, рыхтуючыся да сустрэчы праз 20 гадоў, пісаў згаданы вышэй артыкул, было сярод іх ужо шэсць дактароў медыцынскіх навук, тры прафесары, 37 кандыдатаў, 18 дацэнтаў, 11 заслужаных урачоў Беларускай ССР.
Цяпер можна сказаць, што гэты неверагодны курс даў 47 прафесараў і 15 акадэмікаў!
Другі курс, 15-я група.Разам з Антонавым арганізацыяй юбілею 26-га выпуска, беручы ўсё складанае на сябе, займалася Дзіна Савелава з 4-й групы, якая на другім курсе, у 1947-м, выйшла замуж за Барыса Фінберга, вядомага мінскага адваката. Якраз у той год у яго нарадзіўся брат Міша, будучы дырыжор Міхаіл Фінберг.
Ігнацій Антонаў, наш будучы першы Народны ўрач, кожнаму задаваў пытанне пра самы цяжкі працоўны дзень, і кожны, адказваючы, успомніў свой самы першы дзень працы ўрачом, самае першае самастойнае дзяжурства, самую першую аперацыю. Гэта было, словамі Антонава кажучы, генеральнае выпрабаванне жыццём, якое ставіла самыя правільныя адзнакі.
Інстытут таксама прайшоў праз выпрабаванні. Разбураныя будынкі, выкладчыкі ў шынялях, па два падручнікі на групу, прафесура жыве ў лабаранцкіх пакоях, бо больш няма дзе, студэнты падпрацоўваюць грузчыкамі і качагарамі, каб хоць неяк зводзіць канцы з канцамі, анатамічка, дзе ад трупаў бяздомных ва ўсе бакі разбягаюцца вошы, і дзядзька-вартаўнік з вялікім веданнем справы раіць разгубленым студэнтам чакаць да раніцы, калі вошы з анатамічкі самі дадуць драпака, бо і ў чалавека там пальцы дубеюць і зуб не трапляе на зуб…
Анатомія жахаў
Кветачніца Лізавета Пятроўна, удава дарэвалюцыйнага начальніка чыгуначнага вакзала, цэлы дзень спрытна скручвала з гафраванай паперы ружы, вяргіні, півоні, касачыкі, шпажнікі. Лілеі ішлі асобна — іх трэба было рабіць з белых аркушаў і абмокваць у расплаўлены воск, пасля чаго яны набывалі высокі кошт. А на гронкі бэзу патрэбна была спецыяльная машынка, якую начальнік Дзіма нікому не давяраў — сам высякаў фігуркі ў чатыры пялёсткі з глянцавітай паперы, а кветачніцы да іх прымацоўвалі жоўтыя вочкі і кардонныя ножкі для злучэння ў пышныя гронкі. Гатовыя гронкі Лізавета Пятроўна садзіла на дрот, абгорнуты зялёнай паперай, і далучала папяровае лісце. Выходзіла цудоўна. Хоць гэты бэз так вымотваў, што пасля працы, прыйшоўшы дадому, хацелася толькі спаць. Але Лізавета Пятроўна пастанавіла, што спаць яна сёння не будзе, а зробіць уборку ў пакоі кватарантак. Тыя штовечар нешта муштруюць: то осы, то мускулюсы, то крыброзы — толькі гэтыя словы і чуеш. Цяжка дзяўчаткам даецца іх медыцына. А што ж? Хай стараюцца, будуць дакторкі. А Лізавета Пятроўна для іх пастараецца — забяспечыць ім хатнюю ўтульнасць. Днямі жаліліся: мерзнуць у анатамічцы. Дзіва што! Будынак разбіты бамбёжкаю, дагэтуль не ўзноўлены...
Жанчына ўзяла анучу, вядро з вадой і паклыпала ў пакой кватарантак. Яшчэ хвілінка — і яна выскачыць адтуль як абвараная…
«Займацца ў анатамічцы было вельмі холадна, таму мы бралі з сабой на кватэру косткі і хавалі пад ложкам», — пісала ва ўспамінах Тамара Гурыновіч.
І не толькі таму, што было вельмі холадна, яны збягалі з анатамічкі. Імі кіраваў страх застацца да цемнаты і потым ісці дадому па вуліцах, не асвечаных ліхтарамі, калі запраста можна натрапіць на банду «Чорная кошка» — яна тады трымала ў жаху ўвесь Мінск. У цяплейшы час Пеця Кузюковіч з Сярожам Тумелем, бывала, заставаліся ў анатамічцы на нач, але неўзабаве такую практыку кінулі: сярод ночы на іх, спячых, нападалі галодныя пацукі.
І яшчэ адзін страх быў звязаны з анатамічкай. Дакладней, ужо з анатоміяй. Тапаграфічнай. Тома Гурыновіч малілася: «Госпадзі, калі здам, то ніколі-ніколі не буду хірургам!» Не здаць было страшна не толькі таму, што зноў давядзецца вучыць і здаваць, але і таму, што няздача экзамена пазбаўляла стыпендыі.
Люба, Жэня, Тома.Аднойчы ў дзяўчатак, кватарантак Лізаветы Пятроўны, скралі хлебныя карткі. Як жыць! Ратавала толькі тое, што яны разам — сябровачкі-аднакласніцы, якія гуртам сабраліся і пайшлі ў медыцынскі: Тома Гурыновіч, Жэня Саўко, Ніна Зверава, Іра Дземянчук, Люба Чарвінская. Ніне мама высылала з Гродна амерыканскія пасылкі, Томе мама перадавала папутнымі грузавікамі сала і бульбу. Так і жылі. Удзень, у перапынках паміж заняткамі, харчаваліся на фабрыцы-кухні. Гэта там, дзе цяпер гасцініца «Мінск». Побач стаяў былы нямецкі кінатэатр, куды час ад часу хадзілі глядзець карціны. «Весна» захапляла, «Золушка» весяліла, «Небесный тихоход» і «Повесть о настоящем человеке» вярталі ў нядаўняе мінулае. Да сябровак неўпрыкмет далучылася яшчэ адна — Маша Бурачэнка з 11-й групы. Дачка віднага военачальніка, генерал-маёра Паўла Бурачэнкі.
А пра «топачку» хадзіў жарт, што яе на пяцёрку не здасць і Гасподзь, бо адна справа была ўсё прыдумаць і зусім іншая — прыдуманае дакладна пераказаць.
Акадэмік Голуб вучыў іх, канечне, вершыкам, якія называў мнематэхнікамі, з якімі осы з крыброзамі запомніць было лацвей, але ж Давід Маісеевіч сам бог анатоміі…
Скрозь рубяжы
Калі Давід Маісеевіч Голуб, кіраўнік студэнцкага навуковага таварыства, пісаў у газету «Советская Белоруссия» нататку пра першую студэнцкую навуковую канферэнцыю, якая прайшла ў сценах Мінскага медінстытута ў красавіку 1947-га, ён, перш чым пахваліць даклад студэнткі Галубовіч, не прамінуў падкрэсліць, што ў інстытуце «спраўна працуе» 14 навуковых гурткоў. На другі год пісалася, што ўжо ў 19 гуртках паспяхова займаецца 300 студэнтаў. «Распрацоўваючы актуальныя праблемы медыцыны, члены гурткоў праводзяць шматлікія доследы ў лабараторыях і клініках, на пацыентах і паддоследных жывёлах», — канстатавала інстытуцкая прэса. Паведамлялася, што студэнт 3-га курса Астроўскі, каб даследаваць фізіка-хімічныя ўласцівасці мазгавой тканкі, прарабіў 700 эксперыментаў у лабараторыі агульнай хіміі і што яго выступленне на канферэнцыі вылучалася «асаблівай глыбінёй пазнання і строгай аргументацыяй высноў». Не быў бы гэта будучы акадэмік, зорка біяхіміі. У гарачай дыскусіі пасля дакладаў бралі ўдзел «відныя дзеячы медыцынскай навукі», што сведчыла пра «вялікую карпатлівую працу, якую вядзе інстытут з мэтай выхавання паўнавартасных кадраў савецкай аховы здароўя».
Яны былі адначасова мэтанакіраваныя, задзірыстыя, смелыя і вясёлыя — у іх было лепшае, што ўласціва савецкай моладзі. Яны ўзбагачаліся ведамі і «як пры штурмах у барацьбе з ворагам, упэўнена ішлі скрозь рубяжы залікаў, сесій і экзаменаў».
«А хто не помніць наш нязменны квартэт Тумель-Астроўскі-Розін-Федчык», — піша далей Антонаў. Пераходны Чырвоны сцяг па выніках вучобы і пазавучэбнай дзейнасці гэты курс утрымліваў усе свае пяць гадоў вучобы і перадаў у рукі сакратара партбюро толькі на выпускным. «Мы любілі вучобу, працу, жыццё і адзін аднаго, аднак зрабілі б памылку, калі б сёння сказалі, што ўсё, чаго дасягнулі тады, — гэта наша заслуга». Аўтар артыкула «Мы былі першымі» аддае ўсе заслугі тым, хто «ляпіў» з іх урачоў. «Мы цудоўна памятаем, дарагі наш акадэмік Давід Маісеевіч Голуб, вашы яркія, бліскучыя лекцыі і гурбы лаціны, якія ў першыя дні абрынула на нашы галовы ўся ваша кафедра», — дасціпнічае прафесар.
Сярод тых, хто сядзеў у актавым зале на вечары сустрэчы ўрачоў 26-га выпуска, быў і дацэнт Бандарын, з чыйго хімічнага гуртка, як з рога дастатку, шчодра сыпаліся — уваходзілі ў айчынную медыцыну будучыя вядучыя вучоныя ў галінах біяхіміі, імуналогіі, генетыкі, фармакалогіі, лабараторнай дыягностыкі, гематалогіі…
Іх Леанарда да Вінчы
— Што, Вадзім Аляксандравіч, зноў юны талент?
— Вы будзеце ганарыцца гэтымі юнымі талентамі. Не толькі ж я іх адкрываю, але і вы.
Лабарантка дацэнта Бандарына, яго аднакурсніца па хімфаку, уклала ў сваё пытанне драбок іроніі, якую ёй складана было схаваць. Зрэшты, добрай іроніі. Нежанаты шэф, загадчык кафедры агульнай хіміі Вадзім Бандарын, адмаўляецца ад жытла, якое яму ўжо не раз прапаноўвалі, на карысць сваіх вучняў, тых самых юных талентаў, калі яны абзаводзяцца сем’ямі, і жыве ў пакоі пры кафедры, побач з кабінетам, у якім праходзяць заняткі яго гуртка. У гурток адбірае студэнтаў па выніках іспытаў: хто здае хімію на пяцёрку, таму ён сам прапаноўвае стаць гурткоўцам. І неяк гэты гурток усіх вабіць, але ты яшчэ паспрабуй здаць яму хімію на пяцёрку. Бандарын мае славу жорсткага экзаменатара. Асабліва не любіць, калі дзяўчаты прыходзяць нафарбаваныя. Любіць простую, сціплую прыгажосць, вітае яе і шануе. А як ён танцуе! Пасля канферэнцый у інстытуце ладзяцца танцы, і мара многіх дзяўчатак — з Бандарыным танцаваць. Ён яшчэ і ў фізкультурным інстытуце хімію выкладае, і адтуль перацягвае ў медыцынскі тых, каго лічыць вартымі іншага лёсу. Вось і Пётр Кузюковіч, будучы пачынальнік хірургічнай пульманалогіі ў Беларусі, перайшоў у медыцынскі па настаянні Бандарына, толькі пару месяцаў правучыўшыся ў фізкультурным. Яны з Бандарыным потым паселяцца ў адным доме: Бандарын на першым паверсе, а на другім Кузюковіч, кватэры іх будуць адна пад адной.
Ганна Кузюковіч — гісторык, і мо па гэтай прычыне час у кватэры Кузюковічаў спынены недзе там, дзе нумары тэлефонаў набіраюцца яшчэ дыскам. На пісьмовым стале Пятра Маркавіча ляжыць таўшчэзнае шкло, як гэта было прынята ў савецкі час, на ім — старэнькі «Вечерний Минск», нататнікі, кнігі… Маленькі музей. Збоку сціпла туліцца да кніжнай шафы чорны партфель з лагатыпам 21-й Міжнароднай канферэнцыі па туберкулёзе. Масква, 1971 год. У гэты час Пётр Маркавіч ужо доктар медыцынскіх навук, прафесар, працуе намеснікам дырэктара БелНДІ туберкулёза па навуковай рабоце.
— У вялікай сялянскай сям’і мой тата быў самы малодшы, — гаворыць Ганна Пятроўна. — І самы настойлівы, з прагай ведаў. Прыйшоў да бацькі і кажа: «Хачу вучыцца». Бацька яму: «Ідзі і вучыся, сынок». Пайшоў на фізкультурніка, а стаў урачом.
Была ў дацэнта Бандарына адна фраза, якую будуць пасля паўтараць: «Я ведаю, хто чым павінен займацца. У кожнага свая сцежка». Гэтае веданне наперад сцежкі кожнага і стварыла яму неўміручую славу. Ён сапраўды быў празорца. Студэнты пра яго гаварылі: «Наш Леанарда да Вінчы».
Хто яшчэ з легендарных у іх выкладае? На альбомнай старонцы з выкладчыкамі — спрэс знакамітасці. Барыс Эльберт, бацька нашай мікрабіялогіі, сусветная велічыня. Таццяна Бірыч, легенда афтальмалогіі. Гнеся Дазорцава, сур’ёзны спецыяліст дзяржаўнага маштабу, як пра яе казалі, яшчэ да вайны стала дырэктарам НДІ аховы мацярынства і дзяцінства Наркамата аховы здароўя БССР і галоўным гінеколагам сталіцы. Васіль Лявонаў, першы ў Беларусі вучоны-педыятр. Максім Выдрын, вядомы акушэр, вучань праслаўленага Булгакавым Дэдэрляйна. Юлій Мятліцкі, вучань знакамітага Паўла Дауге, арганізатар беларускай стаматалогіі. Член-карэспандэнт АН БССР Сяргей Мялкіх, той самы, які ў 64-гадовым узросце і пры такім статусе пайшоў на фронт ваяваць, бо «лепшага прымянення сабе не знайшоў». Дацэнт Міхась Кавалёнак, адначасова загадчык кафедры прапедэўтыкі ўнутраных хвароб і міністр аховы здароўя…
Не спасцігнуць Божых шляхоў
30 чэрвеня 1950 года яны атрымаюць дыпломы ўрачоў. Тома Гурыновіч вернецца ў Гродна, пачне працаваць у туберкулёзным дыспансеры, але неўзабаве сама захварэе на туберкулёз і дзеля ратунку пераселіцца ў Мінск, дзе яе жыццё, прафесійнае і сямейнае, складзецца па-жаночы шчасліва. Пеця Кузюковіч і Аля Бжазоўская праз тыдзень пасля атрымання дыплома распішуцца і паедуць як муж і жонка ў Свіслач. Юра і Іра Астроўскія з маленькай дачкой накіруюцца ў Полацк: ён — арганізоўваць біяхімічную службу, яна — працаваць педыятрам, пакуль не накіруюць яе ў Мінск на курсы вывучаць рэнтгеналогію, якая і стане справай жыцця. У адным дакуменце напісана: «Прашу дазволіць сумяшчальніцтва ўрачу Астроўскай І. А. на палову аклада, з тым каб яна штодзень аглядала 3–4 лішнія страўнікі».
У Полацк паедзе хірургам і Марк Тайц. Муж і жонка Лазюкі, Ільіч і Ільінічна, будуць накіраваны ў Мазыр: ён патолагаанатамам, яна ўчастковым тэрапеўтам. Выдатнікам Лазюку і Астроўскаму не знойдзецца месцаў у аспірантуры з-за рэпрэсаванай радні. Жора Сідарэнка застанецца на кафедры тэрапіі. На кафедры нервовых хвароб прыжывецца Барыс Дрывоцінаў. Ігнацій Антонаў адразу трапіць на працу ў НДІ неўралогіі, нейрахірургіі і фізіятэрапіі, дзе і дарасце да акадэміка. Іра Галубовіч пачне кар’еру хірурга-анколага ў 2-й клініцы, але неўзабаве яе запросіць да сябе ў НДІ анкалогіі сам Аляксандраў.
Фота з сямейных архіваў Марыны Юркевіч, Ганны Кузюковіч, Дзмітрыя Давідоўскага.