Валянцін Грыцкевіч
Валянцін Грыцкевіч

Браты Луцкевічы, браты Гарэцкія, браты Грыцкевічы… Герой артыкула — з трэціх, адметных сярод іншага тым, што атрымалі тры адукацыі: Анатоль і Валянцін Грыцкевічы скончылі медыцынскі інстытут, лінгвістычны і гістфак БДУ.

 

Агмень па імені Гнэся

 

Адказы трэба шукаць, відавочна, у скрыжалях іх ДНК. Дарэчы, неардынарнай асобай была і іх маці. Праз год пасля нараджэння старэйшага (Анатоль  прыйшоў у свет у пачатку 1929-га) яна заняла пасаду дырэктара НДІ аховы мацярынства і дзяцінства Наркамата аховы здароўя БССР, а на час нараджэння малодшага (Валянцін з’явіўся ў 1933-м) была галоўным гінеколагам Мінска.

 

У вайну Гнэся Львоўна Дазорцава, так яе звалі, загадвала хірургічным аддзяленнем эвакашпіталя, была дацэнтам кафедры акушэрства і гінекалогіі Белдзяржмедінстытута, эвакуяванага ў Яраслаўль, а ў год перамогі абараніла доктарскую дысертацыю (кандыдацкая была абаронена ў 1937-м) і стала прафесарам. Яна і навукай займалася, і практычныя манаграфіі выдавала, і загадвала рознымі медыцынскімі інстытуцыямі. Яе інтарэсы ў навуцы — мікрафлора жаночай палавой сферы і яе біяхімічныя ахоўныя фактары, праблемы дыягностыкі і прафілактыкі ў акушэрстве і гінекалогіі, бяспечныя роды і магчымасці гарманальнай тэрапіі.

 

Востры пагляд Гнэсі Львоўны з-за акуляраў у круглай тонкай аправе, тонкія падціснутыя вусны і сур’ёзны, строгі выраз твару прымушаюць думаць пра яе як пра ўладную і валявую жанчыну, гэткага байца навукова-арганізацыйнага фронту. Але далікатнасць рысаў гэтага сур’ёзнага твару, жаноцкасць прычоскі і, у рэшце рэшт, спецыяльнасць даюць падставы меркаваць пра яе як пра ўвасабленне дабрыні і пяшчоты.

 

— Сур’ёзны спецыяліст дзяржаўнага маштабу, — гаворыць пра яе Алесь Госцеў.

 

Яго называюць летапісцам роднага горада, жывой скарбонкай ведаў пра Гродна. Мы размаўляем з Алесем Госцевым пра Валянціна Грыцкевіча як пра яго сябра, якога цікавіла ў жыцці вельмі многае, што і стала адной з прычын іх сяброўства на мяжы духоўнай роднасці. На маё пытанне пра ролю маці ў лёсе сына Алесь Госцеў адказвае:

 

— Як я зразумеў, уся іх сям’я такая была. Мы можам дапускаць, што існавалі нейкія важныя пабуджальныя матывы, але я называю гэта пасіянарнасцю.

 

Абодва сыны Гнэсі Львоўны галоўнай справай жыцця зрабілі не медыцыну, а гісторыю і культуралогію. Анатоль стаў доктарам гістарычных навук і загадваў кафедрай у Мінскім інстытуце культуры. Валянцін хоць і дасягнуў у медыцыне ступені кандыдата навук, дысертацыю напісаў на гістарычную тэму — пра ахову здароўя ў Беларусі пры феадалізме. Гэта было ў 1963-м. А ўжо ў 2003 годзе 70-гадовы Валянцін Грыцкевіч стаў доктарам культуралогіі праз дысертацыю «Гісторыя музейнай справы ў свеце». Яшчэ праз пяць гадоў яму прысвоілі званне прафесара.

 

Яго цікавілі гістарычныя крыніцы, музеі і старажытны турызм. На пытанне Адама Мальдзіса, адрасаванае яму ў 2008-м у інтэрв’ю з нагоды 75-годдзя, ці выйшла нешта з яго лекарскага занятку ў мінскім дыспансеры, ён адказаў: «А як жа! Манаграфія «З факелам Гіпакрата». І дадаў, што калі б пачынаў жыць нанова, больш часу прысвячаў бы любімай культуралогіі.

 

Але хто ведае, ці атрымалася б тады манаграфія «З факелам Гіпакрата», прысвечаная дзейнасці ўрачоў мінулых стагоддзяў, праграмнай і культавай кнігай для кожнага, хто вывучае гісторыю медыцыны на землях старой Беларусі?

 

Чалавек няроўны

 

— Вось тут у мяне запісана, што 20.12.1987 быў дзень нашай сустрэчы на канферэнцыі ў Гродне, прысвечанай 300-годдзю першай аптэкі на Беларусі. Я чытаю яго дэдыкацыю на кнізе «З факелам Гіпакрата»: «Андрэю Георгіевічу Майсяёнку, калезе па спецыяльнасці і пошуках». Пад дэдыкацыяй пазначана гэтая ж дата. Першае маё ўражанне ад яго: чалавек выключнай адукаванасці. Пры знаёмстве ён падарыў мне сваю кнігу — і я зразумеў, што з ім можна мець справу як з прафесіяналам у галіне гісторыі медыцыны.

 

Андрэй Георгіевіч Майсяёнак, член-карэспандэнт НАН Беларусі, доктар біялагічных навук, прафесар, па тэлефоне распавядае пра свае першыя і наступныя ўражанні ад сустрэч з Валянцінам Грыцкевічам і гартае, як мне на слых падаецца, нейкі свой кандуіт, адначасова перабіраючы дакументы асабовай справы Грыцкевіча, здабытыя некалі ў архіве Акадэміі навук.

 

— У мяне перад вачыма яго аўтабіяграфія. Згодна з ёю ў 1957 годзе Грыцкевіч працаваў урачом Рэспубліканскага проціваллёвага дыспансера. У пачатку 1960 года быў вызвалены ад гэтай пасады. Відаць, хацеў займацца нечым іншым, тым больш, што меў такую адукацыйную базу, з якой лепш займацца навукай.

 

«Моўная падрыхтоўка, атрыманая ў мінскім ін’язе, вельмі спатрэбілася пры рабоце як з гістарычнымі крыніцамі, так і з замежнай літаратурай, недаступнай для большасці выпускнікоў гістфакаў савецкіх ВНУ па празаічнай прычыне няведання замежных моў», — піша ў артыкуле для маскоўскага часопіса «Музей» доктар гістарычных навук, прафесар Аляксандр Гужалоўскі. У размове ён падкрэслівае, што дзякуючы веданню некалькіх моў у малодшага з Грыцкевічаў лёгка атрымлівалася карыстацца крыніцамі ў лепшых бібліятэках еўрапейскіх краін. Зрэшты, гэта будзе пазней, ужо ў 1990-я.

 

— Дакладна вядома, што ён прайшоў па конкурсе на пасаду малодшага навуковага супрацоўніка аддзялення геранталогіі Акадэміі навук БССР, арганізаванага знакамітым акадэмікам Ляонавым, — працягвае Андрэй Майсяёнак. — Праца на гэтым месцы дала яму магчымасць падрыхтаваць дысертацыю, і ў 1963 годзе ён абараніў яе ў Вінніцы. А потым, як бачна па дакументах, ён зноўку звальняецца!

 

З 2 снежня 1963 года Грыцкевіч ідзе на пасаду галоўнага ўрача таго самага дыспансера, адкуль сышоў амаль чатыры гады таму. Працуе да 1 верасня 1967-га, затым яго бяруць асістэнтам кафедры шпітальнай хірургіі ў alma mater. І адначасова ён вядзе заняткі ва Усесаюзным інстытуце эксперыментальнай эндакрыналогіі ў Маскве.

 

— Грыцкевіч быў чалавек няроўны. Яго часта кідала ў бакі, — падсумоўвае Андрэй Майсяёнак.

 

Gryckevich2

Андрэй Майсяёнак і Валянцін Грыцкевіч (справа)на Міжнароднай навуковай канферэнцыі «Рым ІV» у Гродне.

 

Блізарукі ў жыцці, дальназоркі ў навуцы

 

На кафедры шпітальнай хірургіі медыцынскага інстытута Грыцкевіч адпрацаваў толькі год: звольніўся па ўласным жаданні. З 24 жніўня 1968-га ён ужо загадвае кабінетам медыцынскай статыстыкі ў 7-й бальніцы Мінска. Выглядае даволі дзіўна, але далейшы пошук па дакументах тлумачыць і прычыну звальнення з кафедры напярэдадні навучальнага года, і непрацягласць працы ў кабінеце статыстыкі: 26 лютага 1969-га Грыцкевіч вызваляецца ад пасады ў Мінску па сямейных абставінах. У дакуменце пазначана: у сувязі з пераездам у Ленінград.

 

У горадзе шэрых дажджоў ён спачатку ўладкоўваецца ў хуткую дапамогу, але ўжо з 6 красавіка 1971 года ён старшы навуковы супрацоўнік Ваенна-медыцынскага музея. Шлях пройдзены, мара дасягнута! А з 1980 года ён яшчэ і выкладае ў Ленінградскім інстытуце культуры. Так браты Грыцкевічы чарговы раз дублююць лёсы адзін аднаго: Анатоль на той час выкладае ў інстытуце культуры ў Мінску.

 

Адным са студэнтаў Анатоля быў бібліятэкар і бібліёграф Дзмітрый Давідоўскі, яшчэ адна жывая легенда. Цікава, што маці Дзмітрыя — хірург-анколаг Ірына Галубовіч — вучылася з Анатолем на адным курсе. І вось Анатоль Грыцкевіч выкладае сыну сваёй аднакурсніцы гісторыю СССР.

 

— Слухаць яго было вельмі прыемна. Усё чыталася з памяці і абавязкова з гумарам, таму, канечне, запаміналася. І цішыня стаяла класічная, як у выслоўі пра муху, — расказвае Дзмітрый Давідоўскі. 

 

Прафесар Аляксандр Гужалоўскі таксама звяртае ўвагу на тонкі гумар старэйшага Грыцкевіча. Ён ведаў абодвух. Анатоль быў апанентам на абароне яго дысертацыі, а з Валянцінам ён працаваў над стварэннем навучальнага дапаможніка «Гісторыя музеяў свету». Гэта было ў час поўнай адсутнасці падручнікаў і дапаможнікаў па музеязнаўстве і ахове помнікаў, а дысцыпліна такая ўжо існавала, і трэба было выпраўляць сітуацыю.

 

За яго акулярамі, успамінае Аляксандр Гужалоўскі, не было відаць вачэй — такі ён быў блізарукі. Але ў навуцы — самы што ні ёсць дальназоркі. І вельмі прыгожы.

 

— Так, ён быў вельмі прыгожы. Яны абодва прыгожыя, Валянцін і Анатоль. Вялікія, моцныя, дужыя. Нават проста глядзець на іх было задавальненнем.

 

З ліхтаром Нарбута

 

«На вяршыні вала Замкавай гары, над азёрамі, паміж якімі размясціўся тысячагадовы беларускі горад Браслаў, стаіць высокі абеліск, увянчаны ліхтаром. Тумановымі вечарамі ліхтар запальваюць, і ён асвятляе рыбацкім лодкам шлях дамоў».

 

Такі пачатак добра пасуе прыгодніцкаму раману, але Валянцін Грыцкевіч не пашкадаваў яго для публіцыстычнай кніжкі. І не прайграў. Назваўшы яе «З факелам Гіпакрата», ён пачаў з апісання іншай свяцільні — ліхтара, усталяванага на помніку доктару Нарбуту, які жыў і працаваў на Браслаўшчыне ў 19-м і 20-м стагоддзях. Хоць мог пачаць з любога іншага памятнага знака, датычнага медыцыны, бо паўсюль іх расшукваў дзеля ўвекавечвання ў якасці мемарыяльных каштоўнасцей, звязаных з той або іншай легендарнай асобай.

 

З іншага боку, выпадковасцей не існуе. У прасторы стварэння згаданай кнігі існавалі асобы і акалічнасці, якія скіроўвалі часам строгае, а часам даволі гарэзлівае пяро у бок апраўданай прадвызначанасці: такой самай справай — вышукваннем памятак аб сівых легендах — займаўся прафесар Вітольд Бржэскі, які ўзначальваў у Гродзенскім медыцынскім інстытуце кафедру сацыяльнай гігіены і арганізацыі аховы здароўя і вёў працу па абароне імёнаў выдатных медыкаў ад забыцця (як напісаў пра яго яшчэ адзін слаўны гісторык нашай медыцыны Фёдар Ігнатовіч, таксама гродзенец).

 

Прафесар Бржэскі дабіваўся прысваення імёнаў медыкаў вуліцам і ўстановам, усталявання ў іх гонар памятных знакаў і мемарыяльных дошак — і дамогся такім чынам вяртання ў нашу памяць дзясяткаў імёнаў. І ў тым самым месцы — у Гродне — у той самы час пра тое самае рупіўся Андрэй Майсяёнак. Усе яны, як і згаданы Алесь Госцеў, уваходзілі ў склад гродзенскага таварыства інтэлектуалаў «Паходня ісціны». 

 

— У Гродне ў 1986 годзе пачалі займацца падрыхтоўкай да круглай даты: 400 гадоў з дня анатаміравання цела караля Стэфана Баторыя — першага анатаміравання на тэрыторыі Усходняй Еўропы. І вяліся тады такія размовы: ёсць, маўляў, Валянцін Грыцкевіч, працуе ў Ленінградзе, але актыўна далучаны да беларускіх спраў. У той самы час я зацікавіўся абеліскам у Браславе, дзе жывуць мае родныя, і ўдалося мне высветліць з дапамогаю дакументаў, што гэта не проста памятны знак, а магіла ўрача, які заслужыў у мясцовага люду свайго часу вялікую любоў і пашану. Браслаўскі музей вельмі зацікавіўся такім паваротам, а кансультантам у іх быў акурат Грыцкевіч. Потым арганізавалі Браслаўскія чытанні і прысвяцілі іх Станіславу Нарбуту. Значыць, можна сцвярджаць, што з Грыцкевічам мяне пазнаёміў Нарбут.

 

Прыцягальная сіла

 

— Ён быў выдатнейшым метадыстам, — успамінае Алесь Госцеў. — І такім патрабавальным да фактаў, што мы ўсе патрохі гэтага ў яго набіраліся. Возьмем як прыклад выпадак з удакладненнем даты анатаміравання Баторыя. У літаратуры замацавалася як факт, што цела караля было ўскрыта на трэці дзень пасля смерці. Кароль памёр 12 снежня, значыць, анатаміравалі яго 15-га. Але ж трэцім днём, калі правільна палічыць, будзе не 15-га, а 14-га. І мы з Валянцінам Пятровічам доўга біліся над правільнай датай. Я тэлефанаваў яму ў Пецярбург, ён звяртаўся да рэдкіх крыніц — і ў рэшце рэшт мы пераканаліся, што анатаміравалі Баторыя 14-га. Такая дакладнасць не кожнаму будзе цікавай і патрэбнай, але для навукі драбязы не бывае, і Грыцкевіч гэта чарговы раз даказаў. Такіх прыкладаў пра Грыцкевіча можна прывесці нямала.

 

Іх сяброўства пачыналася з супрацоўніцтва. Што лучыла Валянціна Грыцкевіча з горадам над Нёманам? Нічога і ўсё.

 

— Нейкая прыцягальная сіла, — гаворыць Алесь Госцеў. — Тое, што з ім звязвае многіх. Прадмет майго даўняга даследавання — акурат гэты феномен. Многія, ледзь апынуўшыся тут, хацелі назаўсёды застацца. Венгр Баторый завяшчаў, каб тут яго пахавалі! Але з Грыцкевічам пра Гродна мы не гаварылі. У маім жыцці ён узнік за некалькі месяцаў да канферэнцыі 1987 года, прымеркаванай да 300-годдзя аптэкі. Ён быў запрошаны на адно з пасяджэнняў «Паходні», створанай у сакавіку 1986-га. Толькі з’явіўся — і я адразу пачаў чапляцца да яго з пытаннямі. Бо пісаў ён пра тых людзей, якія мяне цікавілі. Ён вельмі жыва адгукнуўся на мае пытанні, даў свой дамашні адрас, прапанаваў напісаць яму. Гаварыў: «Задавайце любыя пытанні, я на іх вам ахвотна адкажу». Літаральна праз пару дзён я напісаў яму — і ліставанне наша як пачалося, так і працягвалася доўгія гады.

 

«Спяшаюся адказаць, бо не варта перарываць сувязь — дзесяці хвілін для ліста нельга шкадаваць», — чытаю ў лісце Грыцкевіча да Госцева ад 22 чэрвеня 2005 года. Уражвае цеплыня і паважлівасць звароту — «дарагі Алесь» і на «вы», хаця адрасат маладзейшы за карэспандэнта на пятнаццаць гадоў і столькі ж ці нават больш іх знаёмству…

 

Інтэлігент у поўным сэнсе слова

 

—  Я не меў магчымасці назіраць яго манеру выкладання, але часта чуў яго на канферэнцыях і магу засведчыць своеасаблівасць яго выступленняў. Ён заўсёды грунтоўна рыхтаваўся, слухаць яго было дужа цікава, — распавядае далей Алесь Госцеў. — Калі ён не валодаў тэмай на глыбокім узроўні, то проста не браўся па ёй выступаць, а выступаў толькі там, дзе быў моцны і гэтую моц у сабе адчуваў.

 

Галоўнымі якасцямі Валянціна Грыцкевіча Алесь Госцеў называе дабрыню і душэўнасць, але заўважае пра катэгарычнасць, бескампраміснасць. Яго нельга было збіць з меркавання, а з іншага боку, і закасцянелым назваць яго нельга. А яшчэ яго было лёгка параніць, выпадковае неасцярожнае слова магло вельмі моцна яго зачапіць.

 

— У мяне такія неасцярожныя словы праскоквалі. Ён тады гаварыў: «Ну што з табой зробіш» — і толькі па бездапаможнасці яго выгляду было зразумела, што нешта сказана не так. Найбольш трапнае слова, якое яго характарызуе, — абаяльны. Росту ён быў высокага, але за Анатоля ніжэй. І трохі драбней. І голас больш мяккі, прыемны. Інтэлігент у поўным сэнсе слова.

 

Нельга было не спытаць пра яго «Адысею наваградскай лекаркі» — кнігу пра Саламею Русецкую. Нават не так пра кнігу, як пра яе гераіню: у якой якасці Саламея Русецкая цікавіла Валянціна Грыцкевіча больш — як лекарка ці як падарожніца? Алесь Госцеў канстатаваў перавагу цікавасці Валянціна Грыцкевіча да Саламеі як падарожніцы. Зрэшты, яно і не дзіўна: Грыцкевіч і сам аддаў перавагу гісторыі з геаграфіяй, а не медыцыне. Дарэчы, быў членам Рускага геаграфічнага таварыства.

 

— Я не злоўжываў яго добрым стаўленнем да мяне, — гаворыць Алесь Госцеў. — Проста нам было цікава размаўляць, а лёс нам у гэтым падыгрываў. Аднаго разу я спецыяльна прыехаў у Мінск, дзе ў яго была нейкая дзелавая сустрэча, і пайшоў правесці яго на вакзал, бо ленінградскі цягнік адыходзіў раней, чым гродзенскі. Дык уявіце сабе: мы затрымаліся на вакзале больш чым на дзве гадзіны — спазняўся яго цягнік. Так лёс падарыў нам яшчэ трохі часу, каб мы маглі пра многае пагаравыць. Я з ім паспеў развітацца, калі ён ляжаў ужо ў коме. Прыехаў у Піцер дапамагчы яго жонцы за ім даглядаць. Больш не было каму…


 
Mashyna chasu

 

Пытанне

 

У якім горадзе з'явілася першая на тэрыторыі Беларусі медыцынская акадэмія?


Правільны адказ

 

У Гродне з'явілася першая на сучаснай тэрыторыі Беларусі медыцынская школа (акадэмія)


Пераможца конкурсу

 

Юлія Бабіцкая, г.Барысаў.


Прыз

 

Экскурсія ў музейны комплекс старажытных народных рамёстваў (з адкрытай датай, на дваіх).


Партнёр

 

Log TravelAgency by nov

 

Положение о проведении конкурса можно скачать тут.